Вы тут

Пункты кліматычнага бедства


Больш чым 24 мільёны чалавек на поўдні Афрыкі сутыкаюцца з голадам, недаяданнем і недахопам вады з-за засухі і паводак. Эксперты з Oxfam звяртаюць увагу, што сітуацыя рызыкуе перарасці ў найцяжэйшую «гуманітарную сітуацыю», адзначае CNN. Папярэджанне ад міжнароднага аб'яднання прагучала ў той момант, калі Зімбабвэ далучылася да іншых паўднёваафрыканскіх краін, абвясціўшы засуху нацыянальнай катастрофай. Раней з падобнымі заявамі выступілі Замбія і Малаві.


Прэзідэнт Зімбабвэ Эмерсан Мнангагва адзначыў, што сёлета больш за 2,7 мільёна чалавек у краіне будуць галадаць. Для нацыянальных мер рэагавання краіне спатрэбіцца дапамога ў памеры звыш двух мільярдаў долараў. Галоўным прыярытэтам краіны «з'яўляецца забеспячэнне харчаваннем усіх зімбабвійцаў», заявіў ён. Неўраджай з-за практычна поўнай адсутнасці ападкаў з лістапада адбыўся на 80 працэнтах тэрыторыі краіны. Гуманітарныя арганізацыі, у тым ліку Сусветная харчовая праграма ААН, якая са студзеня па сакавік забяспечыла харчаваннем 270 тысяч жыхароў Зімбабвэ ў чатырох акругах краіны, лічаць сітуацыю з голадам катастрафічнай і заклікаюць урады краін, а таксама прыватны сектар нарасціць аб'ёмы дапамогі.

Поўдзень Афрыкі Oxfam называе «гарачым пунктам кліматычнага бедства». Шырокія часткі рэгіёна, уключаючы Анголу, Батсвану, Дэмакратычную Рэспубліку Конга, Малаві, Мазамбік, Намібію, Замбію і Зімбабвэ, ужо сутыкнуліся з працяглай засухай. Яна выклікана феноменам Эль-Ніньё, пры якім адбываюцца ваганні тэмпературы паверхневага пласта вады ў Ціхім акіяне. Ён здольны прыкметна ўплываць на клімат, правакаваць экстрэмальныя з'явы надвор'я ад лясных пажараў да трапічных цыклонаў і працяглых засух. Эль-Ніньё прывяла да неўраджаяў у паўднёвым паўшар'і, з-за якіх скарачаюцца сусветныя пастаўкі і растуць цэны на многія віды харчавання.

Паводле звестак Oxfam, у Замбіі, Малаві і Цэнтральным Мазамбіку моцная засуха пашкодзіла больш як два мільёны гектараў пасеваў. 29 лютага Замбія аб'явіла засуху катастрофай. Потым 23 сакавіка прэзідэнт Малаві аб'явіў стан стыхійнага бедства на большай частцы тэрыторыі краіны. У Мазамбіку, як адзначаюць у Oxfam, тры мільёны чалавек сутыкаюцца з голадам. Сталіца краіны Мапуту перажыла разбуральную паводку ў мінулым месяцы пасля таго, як на яе тэрыторыю абрынуўся трапічны шторм «Філіпа», за якім праз некалькі тыдняў былі новыя інтэнсіўныя дажджы.

Паўднёвая Афрыка асабліва ўразлівая да змены клімату, нягледзячы на тое што на яе прыходзіцца толькі невялікая частка глабальнага забруджвання, якое выклікае награванне планеты. Дырэктар праграмы Oxfam па поўдні Афрыкі Мачында Маронгве заявіла, што рэгіён «знаходзіцца ў крызісе», і заклікала донараў «неадкладна вызваліць рэсурсы», каб прадухіліць скочванне да найцяжэйшай гуманітарнай сітуацыі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.