Вы тут

У Будславе з-за пажару абрынуўся дах аднаго з найпрыгажэйшых касцёлаў краіны


Пажар у касцёле ў Будславе патушаны. Паведамленне аб задымленні ў будынку касцёла ў Будславе ў Мядзельскім раёне паступіла ратавальнікам у 7.47. Пра здарэнне паведаміў ксёндз. На момант узгарання ў касцёле прыхаджан не было.


На месцы пажару працуавалі 13 аўтацыстэрнаў, 4 аўталесвіцы, 2 аўтакаленчатыя пад’ёмнікі, паветразапраўшчык і помпава-рукаўны аўтамабіль. У ліквідацыі ўзгарання ўдзельнічалі ратавальнікі Мядзельскага, Вілейскага, Докшыцкага, Астравецкага раёнаў і Мінска, ратавальнікі пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада Мінскай вобласці.

Як паведамляецца на сайце Рыма-каталіцкай царквы ў Беларусі, над цэнтральным нефам касцёла абрынуўся дах. З дапамогай валанцёраў з храма вывезлі ўсё магчымае: богаслужбовыя прылады, абразы, кнігі і іншыя пераносныя рэчы. Найвялікшая святыня — абраз Маці Божай Будслаўскай — перавезены ў бяспечнае месца.

У 16 гадзін стала вядома, што пажар патушаны. «Высновы пазней, але відавочна, што ўдалося прадухіліць куды больш сур’ёзныя наступствы. Частка тэхнікі МНС застаецца на месцы, частка вылучаецца ў свае месцы дыслакацыі», — распавялі ў МНС.

Як паведамлялася, інфармацыя аб пажары ў касцёле паступіла выратавальнікам сёння ў 7.47. На месца прыбыла спецыяльная і аварыйна-выратавальная тэхніка, была арганізавана эвакуацыя каштоўнасцяў. «Праз 4 хвіліны падраздзяленне ўжо было на месцы пажару. Па прыбыцці было ўстаноўлена, што гараць драўляныя канструкцыі ў схаваных паражнінах. Адразу была арганізавана эвакуацыя матэрыяльных каштоўнасцяў, усё атрымалася выратаваць. У будынку застаўся толькі арган, які немагчыма было вынесці. Каля яго дзяжурылі ратавальнікі і засцерагалі яго ад агню», — сказалі ў МНС. Лакалізацыя пажару ўскладнялася тым, што першапачаткова гарэлі драўляныя канструкцыі ў схаваных пустэчах паміж элементамі перакрыцця і пакрыцця.

Мядзельскі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу па ч.2 арт. 304 КК (парушэнне правілаў пажарнай бяспекі асобай, адказнай за іх выкананне, што пацягнула па неасцярожнасці ўзнікненне пажару, які прычыніў шкоду ў буйным памеры), паведамілі ў СК.

Па дадзеных следства, задымленне даху заўважыла мясцовая жыхарка, якая расказала пра гэта служыцелю храма.

Следча-аператыўная група ў цяперашні час аглядае месца здарэння з выкарыстаннем магчымасцяў перасоўнай крыміналістычнай лабараторыі. Працу на месцы здарэння каардынуе намеснік начальніка УСК па Мінскай вобласці Аляксандр Зямніцкі.

Для ўстанаўлення прычыны інцыдэнту прызначаная комплексная пажарна-тэхнічная экспертыза.

Аператыўна быў распачаты збор ахвяраванняў на аднаўленне касцёла ў Будславе. Такая інфармацыя размешчана на сайце Рыма-каталіцкай царквы ў Беларусі.

Каталіцкія біскупы заклікалі вернікаў далучыцца да аднаўлення касцёла і аказаць пасільную дапамогу. «Любы ахвотны можа адгукнуцца і пералічыць ахвяраванні на рэканструкцыю святыні на бягучы кошт прыходу Успення Найсвяцейшай Багародзіцы ў Будславе», — гаворыцца ў звароце.

Фота і відэа catholic.by


Вось як зараз выглядае касцёл з вышыні. Фота апублікаваў тэлеграм-канал @natbelographic.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Не параўноўвайце сябе з іншымі. Як таксічныя людзі атручваюць наша жыццё?

Не параўноўвайце сябе з іншымі. Як таксічныя людзі атручваюць наша жыццё?

У нашым акружэнні практычна заўсёды знойдзецца песіміст, нечым пакрыўджаны, запальчывы чалавек, вакол якога заўсёды скандалы і звадкі. 

Грамадства

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Скідкі, растэрміноўкі і шырокі асартымент

Грамадства

Ча­му зні­кае ва­да з кра­наў

Ча­му зні­кае ва­да з кра­наў

Спё­ка — час для эка­но­міі ці па­лі­ву ага­ро­даў?