Вы тут

​У Магілёве можна даведацца, як пошукавікі вяртаюць зніклых без вестак чырвонаармейцаў


Хто наогул гэтыя добраахвотнікі, якія ў вольны ад работы час садзяцца ў машыну і едуць на месцы былых баёў Вялікай Айчыннай вайны, угрызаюцца ў зямлю і прасейваюць яе скрозь пальцы ў пошуках запаветнага салдацкага медальёна? Пошукавікі часцей за ўсё расказваюць пра тых, каго яны вяртаюць, і вельмі рэдка пра сябе. Цяпер зроблена выключэнне. Музейныя вітрыны замянілі вокны магілёўскай Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя К. Маркса. На іх фотаздымкі з рабочымі момантамі найбольш буйных ваенных раскопак, прадметы, знойдзеныя ў стыхійных пахаваннях, — усё тое, з чым былі звязаны апошнія хвіліны жыцця невядомых герояў вайны. Пошукавікі прыўзнімаюць заслону і вяртаюць нас на амаль 80 гадоў таму, туды, адкуль не вярнуліся мільёны чырвонаармейцаў.


Клуб «Віккру» запрашае моладзь у сваё брацтва.

На прэзентацыю выставы запрасілі будучых гісторыкаў, студэнтаў МДУ імя А. Куляшова і навучэнцаў магілёўскага сацыяльна-гуманітарнага каледжа. Ім сёння столькі ж, колькі было некаторым байцам клуба «Віккру», калі яны толькі пачыналі займацца гэтай справай. З 1994 года, дня заснавання клуба, у ім Мікалай Барысенка, Сяргей Бяспанскі, Ягор Шчанаў, Аляксей Міроненка, Андрэй Швайкоў. Сёння клуб аб'ядноўвае розных па ўзросце і прафесіі самаадданых пошуку людзей, якія ахвяруюць не толькі вольным часам, але і асабістымі грашыма. Бо дарога, амуніцыя, правіянт — усё за свой кошт. Але не займацца гэтай справай яны ўжо не могуць. Яна, як выказаўся Ягор Шчанаў, у крыві і менавіта дзякуючы ім на сённяшні дзень з зямлі паднятыя астанкі 1436 чырвонаармейцаў, па медальёнах, баявых узнагародах і асабістых рэчах устаноўлены імёны 91 героя, па архіўных звестках адноўлены імёны 26,5 тысячы зніклых без вестак салдат і камандзіраў.

— Зямля неахвотна аддае імёны. І апошняя асіповіцкая экспедыцыя таму сведчанне. З пяці знойдзеных медальёнаў прачытаць атрымалася толькі адзін, — кажа кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага клуба «Віккру», гісторык, ваенны пісьменнік Мікалай Барысенка.

Па апошніх даных, за гады вайны загінула болей чым 27 мільёнаў савецкіх грамадзян, сотні тысяч чырвонаармейцаў зніклі без звестак. Родныя дагэтуль чакаюць іх з вайны, на адрас клуба прыходзяць лісты, дзе пошукавікам перадаюць словы падзякі за тое, што яны робяць дзеля памяці загінулых. Байцы клуба заўсёды працуюць на мяжы адкрыццяў. Акрамя імён, вернутых з небыцця, гэта яшчэ і цалкам новыя звесткі пра Вялікую Айчынную вайну. Штогод па выніках пошукавых работ клубам рыхтуецца часопіс «Пошукавы веснік». Нядаўна пабачыла свет ужо чатырнаццатае выданне. На 300 старонках — напрацоўкі не толькі па раскопках, але і навукова-даследчыя артыкулы, усё, што датычыцца невядомых або малавядомых старонак ваеннай гісторыі Магілёўшчыны. Ёсць там і матэрыялы, якія друкаваліся на старонках «Звязды».

Удзельнікі клуба праводзяць велічэзную работу, але, на жаль, ахапіць усё не магчыма. Сёння ёсць патрэба ў энтузіястах.

— Яшчэ ў 90-я гады была магутная рэспубліканская арганізацыя «Пошук», у шэрагах якой працавалі тысячы людзей, — кажа кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага клуба «Віккру», пісьменнік, гісторык Мікалай Барысенка. — Зараз грамадскі пошук практычна згорнуты. Асобныя пошукавыя групы ёсць у Мінскай, Гомельскай і Віцебскай абласцях. Як абласное масавае аб'яднанне засталіся толькі мы. У кожным раёне Магілёўскай вобласці ёсць нашы падраздзяленні або прадстаўнікі. Клуб аб'ядноўвае паўтары сотні чалавек, але гэтага недастаткова. Зараз вельмі не хапае масавага арганізаванага пошукавага руху.

Кіраўнік «Віккру» лічыць, што ў аснове патрыятычнага выхавання павінна быць менавіта пошукавая работа. Нельга зводзіць усё да прыбірання брацкіх пахаванняў, экскурсій, флэшмобаў, хоць гэта таксама важна.

— Пошук прыцягвае моладзь магчымасцю памацаць рукамі тое, што было 80 гадоў таму, — адзначае Мікалай Барысенка. — Нават гільза або фрагмент стралковага ўзбраення раскажуць больш, чым фільм або кніга.

Працаваць на раскопках школьнікам забаронена, але ўжо стала традыцыяй прывозіць іх на месцы правядзення пошукавых работ. Яны затрымліваюцца на зусім кароткі час, але і гэта важна. Бо нават калі з 30 чалавек загарыцца пошукам адзін, можна лічыць, што гэта робіцца недарэмна. Сумесны праект з бібліятэкай — яшчэ адна спроба звярнуць увагу на важнасць пошукавай справы.

Метадыст Магілёўскага абласнога Цэнтра дзіцячай творчасці, член клуба «Віккру» Святлана Барысенка з мноства фотаімгненняў, на якіх зафіксавана работа пошукавікаў, выбрала найбольш уражальныя і эмацыйныя. Магчыма, нехта з магіляўчан пад іх уплывам таксама прыйдзе ў клуб і знойдзе сябе ў пошуку.

— Май асацыюецца з Перамогай, таму мы вырашылі запусціць гэты праект менавіта зараз, -- кажа дырэктар цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя К.Маркса Вольга ВОЛКАВА. — Мы часта выкарыстоўваем вокны бібліятэкі для выставак. У нас ёсць праект «Памяць», які мы дагэтуль прысвячалі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Сёлета вырашылі звярнуць увагу на пошукавую дзейнасць. Клуб «Віккру» робіць вялікую работу дзеля памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны. А выстава цікавая яшчэ і тым, што ўсе яе экспанаты звязаныя з Магілёўшчынай.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Імгненні пошуку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.