Вы тут

Больш за 2 тыс. чалавек прынялі ўдзел у даследаванні папуляцыйнага імунітэту супраць COVID-19


Больш за 2 тыс. чалавек прынялі ўжо ўдзел у даследаванні папуляцыйнага імунітэту супраць COVID-19, паведаміла журналістам намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Глінская, паведамляе БелТА.


Фота: БелТА.

Паводле даных на 12:00, ужо 2238 чалавек прыйшлі ў пункты здачы крыві і прынялі ўдзел у даследаванні, адзначыла Ірына Глінская. Усяго плануецца задзейнічаць 12 тыс. чалавек. Набор добраахвотнікаў ужо завершаны.

Даследаванне папуляцыйнага імунітэту супраць каранавіруснай інфекцыі стартавала ў Беларусі сёння. Як адзначыла намеснік дырэктара РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Аліна Дроніна, першы этап прысвечаны ўстанаўленню постынфекцыйнага імунітэту. Выкарыстоўваюцца тэст-сістэмы, прадастаўленыя Расіяй. На другім этапе ў вакцынаваных удзельнікаў будзе ацэнены поствакцынальны імунітэт.

«Само даследаванне будзе праводзіцца ў лабараторыі вакцынакіруемых інфекцый РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, якая мае шматгадовы вопыт планавання і правядзення шырокамаштабных папуляцыйных даследаванняў па ацэнцы імунітэту супраць адру, эпідэмічнага паратыту, поліяміеліту, ветраной воспы. Гэта дасць магчымасць выканаць даследаванне аднымі рукамі, каб атрымаць найбольш рэпрэзентатыўныя і супастаўныя даныя», — растлумачыла Аліна Дроніна.

Лабараторыі, куды прыходзяць здаваць кроў добраахвотнікі, атрымліваюць сываратку з проб і дастаўляюць у лабараторыю РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі. На працягу сутак будзе праведзена даследаванне, вынік практычна адразу будзе ўведзены ў базу даных і ўдзельнікі змогуць атрымаць яго ў электронным выглядзе.

У канчатковым выніку плануецца атрымаць звесткі па кожнай узроставай групе аб тым, якая доля людзей мае постынфекцыйны імунітэт супраць каранавіруснай інфекцыі. Па выніках даследавання, магчыма, будуць унесены карэктывы ў правядзенне санітарна-проціэпідэмічных мерапрыемстваў. «Хутчэй за ўсё размова будзе ісці не аб узмацненні гэтых санітарна-проціэпідэмічных мерапрыемстваў, а, хутчэй за ўсё, асабліва па некаторых рэгіёнах, аб іх аслабленні», — удакладніла Ірына Глінская.

Яна падкрэсліла, што атрыманыя вынікі аб узроўні постынфекцыйнага імунітэту ніякім чынам не павінны паўплываць на рашэнне аб вакцынацыі супраць каранавіруснай інфекцыі. «Незалежна ад таго, які ўзровень імунітэту ў вас супраць каранавіруса ёсць, неабходна прымаць рашэнне на карысць вакцынацыі», — сказала яна.

Ірына Глінская нагадала, што мінімальны інтэрвал паміж увядзеннем першага і другога кампанента вакцыны «Спадарожнік V» — 21 дзень. Пры ўзнікненні некаторых сітуацый (напрыклад, вострае захворванне, абвастрэнне хранічнай хваробы, камандзіроўка і г.д.) гэты інтэрвал можа быць павялічаны. У прыватнасці, даследаванні расійскіх калег паказваюць, што павелічэнне інтэрвалу максімальна да 90 дзён дае магчымасць сфарміраваць дастатковую ахову ад каранавіруснай інфекцыі. «Калі мы гаворым аб вакцыне кітайскай вытворчасці, там мінімальны інтэрвал 21-28 дзён. І калі нейкія абставіны вымушаюць гэты інтэрвал павялічыць, то, як толькі стан здароўя дазваляе, неабходна зрабіць другую прышчэпку», — рэзюмавала Ірына Глінская.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.