Вы тут

«Гэ­та му­ха- га­ру­ха!»


Гулялі неяк з малодшай па вуліцы. Яна ўвесь час прасілася дадому: вельмі ўжо холадна. Раптам у двор выйшаў мужык і запусціў... квадракоптар. Ксенія ўбачыла, абамлела і сказала захоплена: «Гэта муха-гаруха!» і адразу перастала прасіцца дамоў.


(Як удалося высветліць у далейшым, муха-гаруха — гэта такі адыёзны персанаж у адной з версій «Церамка».)

А квадракоптар, дакладней, муха-гаруха, працягваў гудзець і лётаць, і, па праўдзе кажучы, вельмі хацелася ўжо дадому, бо было рэальна холадна. Але Ксенія з яго не спускала вачэй. Таму мы разам назіралі за яго перамяшчэннем і чакалі, калі ён, нарэшце, зваліцца на зямлю або ўрэжацца ў дом.

У выніку мужык нагуляўся з дронам, узяў яго пад паху і пайшоў у свой церамок. А я цяпер квадракоптары інакш як мухай-гарухай называць не змагу.

P. S. Вы спытаеце: што значыць «гаруха»? Калі папраўдзе, уяўлення не маю. Але, улічваючы, што гэта «муха» лётае пры дапамозе рухавіка, якому ў сваю чаргу трэба гаручае, то, відаць, адсюль і такая дзіўная назва.

* * *

Адвозіў сёння двайнятак на гурток па англійскай. Адвёз, вярнуўся дадому: там незвычайная цішыня. Пытаюся ў старэйшай дачкі:

— А дзе Ксенія?

— Спіць.

— А Арсеній?

— Робіць урокі.

— А Вера з Поляй?

Марта, паглядзеўшы на мяне як на звар'яцелага:

— А ты, тата, зараз каго на англійскую адвозіў?

Гэта, дарэчы, добрае пытанне, каго я адвозіў. Учора, напрыклад, я чатыры разы адвозіў-прывозіў дзяцей на розныя гурткі. У мяне ў самога галава кругам пайшла. Я ўвогуле ўжо не гляджу, каго куды вязу: мне ўручаюць нейкіх дзяцей і кажуць, куды іх везці. І ўсё, я вязу.

І чаму я пры гэтым павінен памятаць, якіх менавіта дзяцей я адвёз на гурток, а якія засталіся дома?

Павел ХОЛАД

Прэв’ю — pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.