Вы тут

Мінск 1941. Як гэта было


19 мая 1956 года на імя Хрушчова паступіў дакумент, якому адразу прысвоілі грыф «Сакрэтна», хоць гэта быў праект выступлення Георгія Жукава на Пленуме ЦК КПСС, які павінен быў адбыцца. Але з чым была звязана такая канфідэнцыяльнасць, здавалася б, радавога даклада маршала, якіх на пленумах гучала нямала? Як сведчыць нядаўна рассакрэчаны тэкст, ён датычыўся аналізу памылак і пралікаў, дапушчаных у першыя гадзіны, дні вайны, і ніяк не ўпісваўся ў агульнапрынятыя ў СССР ацэнкі таго перыяду. Факты, якія там прыводзіліся, не проста непрыемныя — яны страшныя, асабліва тыя, што датычыліся сітуацыі ў Заходняй асобай ваеннай акрузе.


Неба пачарнела ад самалётаў

У праекце выступлення гаварылася не толькі пра тое, што «...Узброеныя Сілы не былі своечасова прыведзены ў баявую гатоўнасць і да моманту ўдару саперніка ... ім не ставілася задача быць гатовымі адбіць удар, каб не справакаваць немцаў на вайну». Жукаў па хвілінах расказвае пра дзеянні кіраўніцтва 22 чэрвеня. «У 3 г. 15 хв. немцы пачалі баявыя дзеянні на ўсіх франтах. У 3 г. 25 хв. Сталін быў мною пабуджаны, і яму было даложана аб тым, што немцы пачалі вайну. ...Мы з тав. С. К. Цімашэнкам прасілі дазволу даць войскам загад аб адпаведных дзеяннях у адказ. Сталін, цяжка дыхаючы ў тэлефонную трубку, на працягу некалькіх хвілін нічога не мог сказаць, а на паўторныя пытанні адказаў: «Гэта правакацыя нямецкіх ваенных. Агню не адкрываць, каб не развязаць больш шырокіх дзеянняў». Як сведчыць дакумент, дазволу на дзеянні ў адказ войскам не давалі практычна да 6.30 раніцы 22 чэрвеня. Цана — вялізныя чалавечыя ахвяры ў войсках, сярод мірнага насельніцтва. Толькі авіяцыя Заходняй асобай ваеннай акругі фактычна была знішчана ў першыя гадзіны вайны — з 1200 самалётаў 22 чэрвеня над Беларуссю страчана 738, немцамі было атакавана 26 аэрадромаў (у Прыбалтыцы — 11), у памежжы гарэлі беларускія гарады і вёскі. Але ў Мінску ў першы дзень вайны сітуацыя была некалькі іншая. Гучныя заявы кіраўніцтва краіны аб непераможнасці Чырвонай Арміі, аб тым, што «ваяваць будзем на чужой тэрыторыі», рабілі сваю справу. Горад жыў звыклым жыццём, і ўсе былі ўпэўнены, што ворага вось-вось адгоняць за межы граніцы. Аптымізму дадавала і паведамленне ТАСС, апублікаванае ў друку 14 чэрвеня 1941 г., г. зн. за тыдзень да нападзення фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз. У ім гаварылася: «...па даных СССР, Германія таксама няўхільна выконвае ўмовы савецка-германскага пакта аб ненападзенні, як і Савецкі Саюз, з прычыны чаго, на думку савецкіх колаў, чуткі аб намеры Германіі парваць пакт і распачаць нападзенне на СССР пазбаўлены ўсякай глебы».

Упэўненасць, што ўсё хутка скончыцца і немцаў далей прыгранічных раёнаў не прапусцяць, была настолькі вялікая, што жыхары горада працягвалі жыць у звыклым рытме. Шмат народу прыйшло на ўрачыстае адкрыццё Камсамольскага возера: штучны вадаём стаў падзеяй для 300-тысячнага горада. Хтосьці збіраўся ў Дом афіцэраў на спектакль МХАТ імя Горкага, што гастраліраваў тады ў Мінску. Працаваў транспарт, рынак, крамы. І нават выступленне па радыё ў 12 гадзін дня Вячаслава Молатава, намесніка старшыні Саўнаркама, пра тое, што пачалася вайна, не выклікала асаблівай занепакоенасці. Немцы 22 чэрвеня горад не бамбілі. Не выклікалі панікі і першыя бамбардзіроўкі ваколіц Мінска раніцай 23 чэрвеня. (Некалькі нямецкіх знішчальнікаў, якія прарваліся, ажыццявілі налёты на чыгуначную таварную станцыю і аэрадром.) Людзі працягвалі верыць, што гэта выпадковасць, што ўсё хутка скончыцца. Але драма разгулялася зусім хутка, 24 чэрвеня. Горад бамбілі ўжо раніцай 24 чэрвеня, а дакладней, першы налёт 47 нямецкіх самалётаў ажыццявілі ў 9.40. Затым былі яшчэ тры налёты, масіраваныя бамбардзіроўкі запальнымі, фугаснымі бомбамі. Вялізныя разбурэнні, практычна адразу знішчаны цэнтр горада, пачаліся пажары, перастаў хадзіць транспарт, зачыняліся крамы, шмат параненых, забітых. Як успаміналі відавочцы, пасля чарговай бамбардзіроўкі Мінска ад вуліцы Валадарскага засталіся адны руіны, руіны засталіся і ад бальніцы, якая там знаходзілася. І страшная карціна: зачапіўшыся за перакрыццё трэцяга паверха разбуранага будынка, боўтаўся ложак, на якім на расцяжцы вісеў загінулы пры налёце хворы. І такія карціны паўсюль, як і ні з чым не параўнальны пах пажарышча. Што датычыцца чыгуначных пуцей, то яны падвергліся бамбардзіроўцы ў першую чаргу і былі моцна разбураны, частка рухомага саставу знішчана, а Мінск працягвалі бамбіць і 24-га, і 25-га.

Пратакол пасяджэння Бюро ЦК КП(б) Беларусі. 22.06.1941

Аб бамбёжцы немцамі сталіцы сказана нямала, але незаслужана абыходзіцца ўвагай іншы факт. Разбурэнняў магло быць значна больш, калі б не супрацьдзеянне савецкай авіяцыі. Нягледзячы на велізарныя страты, за Мінск біліся адчайна. Экіпажы ўзляталі з аэрадрома Балбасава, што недалёка ад Оршы, дзе базіравалася 43-я знішчальная авіядывізія пад камандаваннем генерал-маёра Георгія Захарава. Толькі адзін прыклад. Камдыў на сваім знішчальніку асабіста ацэньваў становішча над горадам. А яно было цяжкае. Гарэў не толькі Мінск, але і аэрадромы, на якіх знаходзілася незамаскіраваная тэхніка і самалёты. На гранічна нізкіх вышынях над горадам кружылі «юнкерсы», прыцэльна скідаючы бомбы на будынкі. Баі завязваліся прама над цэнтрам. Адзін такі паміж самалётам камдыва і чарговым «юнкерсам» адбыўся над дахам штаба Заходняй Асобай акругі. У выніку самалёт саперніка нахіліўся і ўпаў у раёне Опернага тэатра. Яшчэ адзін самалёт быў збіты над ускраінай горада. Сам жа камдыў садзіўся на пляцоўку ў Лошыцы, дзе таксама ўсё вакол гарэла. Рабілі, што маглі, каб адагнаць немцаў і мінімізаваць разбурэнні. Толькі лётчыкі аднаго 160-га палка дывізіі збілі больш за 20 нямецкіх самалётаў. «У небе было чорна ад фашысцкіх самалётаў, і якую б задачу мы ні ставілі лётчыкам, усё, па сутнасці, зводзілася да аднаго: збіваць! ...У тыя дні ні адной задачы — на штурмоўку, на прыкрыццё, на разведку — нельга было выканаць, не правёўшы паветранага бою. 24 чэрвеня 163-і полк збіў 21 варожы самалёт. Такую колькасць баявых машын нам не заўсёды ўдавалася збіваць нават усёй дывізіяй у другую палову вайны», — так пазней успамінаў генерал арміі Захараў.

Дакументы пад грыфам «Асобы сектар»

Можна толькі ўявіць, якой яшчэ драмай для Мінска маглі аказацца налёты нямецкай авіяцыі, калі б ім не супрацьстаялі савецкія асы. Кіраўніцтва рэспублікі знаходзілася ў Мінску, і, нягледзячы на тое, што Панцеляймон Панамарэнка, першы сакратар ЦК ВКП(б) Беларусі, быў членам ваеннага савета акругі і ведаў, што пачалася вайна, ужо з першых хвілін не пераставала верыць, што ўсё хутка скончыцца. Пастаянныя званкі, указанні з Крамля не паддавацца паніцы, не паддавацца на правакацыі таксама рабілі сваю справу. Пра тое, як дзейнічала беларускае кіраўніцтва, існуе нямала супярэчлівых даных. Нехта абяляе, хтосьці вінаваціць яго ва ўцёках. Ісціна, як заўсёды, пасярэдзіне. А адказ — у дакументах, многія з якіх доўгія гады захоўваліся пад грыфам «Асобы сектар» — найвышэйшай ступені сакрэтнасці. Яны сведчаць, што элементы ўсіх гэтых з'яў прысутнічалі: быў і гераізм, і жаданне змяніць сітуацыю, як і дзеянні, якія не паддаюцца логіцы, маральным ацэнкам. Але факт застаецца фактам: у поўнамаштабную вайну ў першыя гадзіны і нават дні сапраўды верылася з цяжкасцю, таму ўсе дзеянні беларускага кіраўніцтва былі накіраваны не на эвакуацыю, а на аднаўленне Мінска пасля бамбёжак, забеспячэнне нармальнага функцыянавання горада: сувязь, водазабеспячэнне, работа прадпрыемстваў.

Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, фонд 4, вопіс 33 а, справа 4. Тут захоўваецца рассакрэчаны «Дзённік работы ЦК КП(б) Беларусі». Пачата 22 чэрвеня 1941 года, скончана 19 жніўня 1941 года». У ім літаральна па гадзінах распісаны ўсе зробленыя беларускім кіраўніцтвам крокі. Фактычна да дзвюх гадзін ночы 25 чэрвеня, да таго часу, пакуль улада заставалася ў Мінску, акцэнт рабіўся на аднаўленчыя работы. Пункт 1 запісу ад 24 чэрвеня 1941 года абвяшчаў: «Прыняты меры па ліквідацыі наступстваў бамбардзіроўкі, адноўлены тэл. сувязь, водаправод у гор. Мінску». З 22 да 25 чэрвеня ажыццяўлялася эвакуацыя сакрэтных архіваў, дакументаў ЦК партыі і камсамола, дзяржбанка з усімі каштоўнасцямі і архівам, дзіцячых устаноў». Толькі 23 чэрвеня дадзены ўказанні аб падрыхтоўцы да эвакуацыі наркаматаў, прадпрыемстваў, абсталявання, трактароў, жывёлы. Часткова эвакуацыя пачалася ўжо 22 чэрвеня, але масавай яшчэ не было, ды і падрыхтаваць да адпраўкі абсталяванне толькі 332 прамысловых прадпрыемстваў за дзень — два нават у стабільны мірны час — задача архіскладаная, а гаворка ішла пра нявызначанасць сітуацыі: 24 чэрвеня ўсё яшчэ даваліся ўказанні «па падтрыманні парадку ў гор. Мінску пасля бамбардзіроўкі».

Эвакуацыя ў Мінску і эвакуацыя ў іншых гарадах — гэта зусім не раўназначныя працэсы. У іншых гарадах яна праходзіла кардынальна ў іншых умовах, калі гэта з'яўлялася першачарговай задачай, калі сумненняў, што пачалася поўнамаштабная вайна, ні ў кога ўжо не было. Найбольш арганізавана і планамерна праводзілася эвакуацыя прадпрыемстваў і насельніцтва з Палескай і Гомельскай абласцей, якія былі пазней за іншыя акупіраваны нямецка-фашысцкімі войскамі. У Мінску ж усе намаганні зноў кінуты на аднаўленне сталіцы, вяртанне да нармальнага функцыянавання ўсіх сістэм жыццядзейнасці.

Варта адзначыць, што ў дзённіку пазначаны толькі час і пытанні, якія вырашаліся ў першыя гадзіны, дні вайны. Увесь драматызм сітуацыі — у матэрыялах ЦК КП(б)Б, аб'яднаных у Пратакол № 69, якія дайшлі да нас. Сапраўды ўнікальныя дакументы. Яны захоўваюцца таксама пад грыфам «Асобы сектар», і ў іх рашэнні бюро ЦК КП(б)Б за 22.VІ—
6. VІІІ 1941 г. (НАРБ. Ф. 4П. Оп. 3. Д. 1214. Л. 1—252). Перагортваючы старонку за старонкай, можна прасачыць паслядоўнасць дзеянняў беларускага партыйнага кіраўніцтва. Першае пасяджэнне 22 чэрвеня 1941 года. На ім прысутнічаюць члены бюро ЦК КП(б)Б Панамарэнка, Калінін, Былінскі, Ванееў, Цанава, Наталевіч, Эйдзінаў, Крупеня.

Першае пытанне — «Аб нападзенні Германіі на СССР». Прапанаваныя экстранныя меры пакуль яшчэ ў духу інструкцый: «Даручыць членам бюро ЦК і сакратарыяту неадкладна звязацца і падтрымліваць няспынную сувязь з абласцямі і раёнамі, у першую чаргу з абласцямі і раёнамі паласы распачатых ваенных дзеянняў. Перадаць указанні ЦК КП(б)Б: аб неадкладнай перабудове работы партарганізацый на ваенныя рэйкі; устанавіць сувязь з вайсковымі часцямі; аб арганізацыі ў гарадах і раёнах баявой СПА». І далей — «узмацненне аховы прамысловых прадпрыемстваў, чыгуначных вузлоў, транспарту, складоў, сродкаў сувязі, барацьба з авіядэсантамі сіламі створаных груп з ліку камуністаў, рабочых і сялян».

А яшчэ абавязковы комплекс ідэалагічных мер — «шырока папулярызаваць прамову тав. Молатава ў народзе, мабілізуючы ўвесь беларускі народ на барацьбу і разгром нямецкага фашызму, склікаць у Мінску і іншых гарадах партыйныя актывы для мабілізацыі на рашэнне задач, якія вынікаюць з ваеннай абстаноўкі, на ўсіх прадпрыемствах, у калгасах і саўгасах, установах правесці мітынгі». Тут жа адпаведныя даручэнні рэдакцыям газет «Советская Белоруссия» і «Звязда». Аддзелу прапаганды і агітацыі даручалася «да 12-й гадзіны ночы вырабіць лістоўкі, плакаты са зваротамі і лозунгамі да насельніцтва Беларусі». У прынятых рашэннях, у прапановах членаў ЦК — трывога, заклапочанасць, але ні ў кога пакуль няма сумнення, што ўсё пад кантролем арміі, таму ўсе дзеянні кіраўніцтва ажыццяўляюцца згодна з інструкцыямі на выпадак ваенных дзеянняў.

Не да лозунгаў і заклікаў

Але, мяркуючы па тым, як хутка мяняецца рыторыка пасяджэнняў бюро ЦК, па тых рашэннях, якія прымаюцца на наступны дзень, кіраўніцтву станавілася зразумела, што ўжо не да лозунгаў і заклікаў, а тым больш не да мітынгаў і партактываў — вораг імкліва наступае. Пратакол ад 23 чэрвеня 1941 года ставіць канкрэтныя задачы — аб эвакуацыі дзяцей, каштоўнасцяў і грашовых знакаў Дзяржаўнага банка БССР, аб кантролі за работай усіх відаў транспарту, прамысловых прадпрыемстваў. З пратаколаў відаць, што сітуацыяй кіруюць. Але, мяркуючы па колькасці прынятых у дадатак да асноўнага парадку непапулярных рашэнняў, у Мінску пачыналася спачатку блытаніна, а затым і паніка. У горад прыбываюць часці Чырвонай Арміі, якія адступаюць, шпіталі з прыфрантавой паласы, шмат параненых. Насельніцтва ўсё гэта бачыць, разумее неадпаведнасць рэальнасці лозунгам і заклікам не паддавацца паніцы. Але і дакладнай інфармацыі няма. І на гэтым фоне — узмацненне рэпрэсіўных мер.

Той жа пратакол ад 23 чэрвеня, ліст 5, пункт 9. «Аб арганізацыі ўзброеных рабочых атрадаў для ўзмацнення аховы прадпрыемстваў і парадку ў горадзе». Пастанавілі: «1. У мэтах узмацнення аховы прадпрыемстваў і парадку ў горадзе абавязаць Мінскі абкам і гаркам КП(б)Б стварыць па раёнах атрады ўзброеных рабочых і працоўных. 2. Прасіць Ваенны Савет Заходняга фронту вылучыць для гэтай мэты 5.000 вінтовак і адпаведную колькасць патронаў».

І зброя страляла, у першую чаргу ў тых, хто спрабаваў рабаваць крамы, фабрыкі, заводы — за марадзёрства, па законах ваеннага часу. Не разбіраліся і са зняволенымі, якія знаходзіліся ў следчых ізалятарах, многія па неабгрунтаваных даносах. Пункт 11 усё таго ж пратакола «Аб зняволеных, якія ўтрымліваюцца ў турмах Заходніх абласцей, асуджаных да ВМП (вышэйшай меры пакарання)». Яго фармулёўка не давала ім ніякага шанцу. Пастанавілі: «Даручыць тт. Цанаве і Мацвееву перадаць дырэктыву пра выкананне прыгавораў у дачыненні да асуджаных да ВМП, якія ўтрымліваюцца ў турмах Заходніх абласцей БССР» (Л. 5). Дакументы сведчаць, што людзей расстралялі, выканаўшы ў дакладнасці дырэктыву, і не толькі датычна заходніх абласцей, дзе ўжо былі немцы, яе выкарысталі і ў дачыненні да іншых турмаў рэспублікі. Лічбы назваць складана. Усё рабілася прыхапкам, немец наступаў, а даручэнне нельга было не выканаць. Гэта асобная драма першых дзён вайны, прадмет асаблівага вывучэння.

Інакш чым драмай нельга назваць яшчэ адно рашэнне бюро ЦК. Сітуацыя відавочная, сталіцу немцы ўжо не толькі бамбяць — яны вось-вось увойдуць у горад. Рэпрэсіўныя рашэнні толькі ўзмацняюцца. Фонд 4п, вопіс 3, справа 1214, ліст 10: «Слухалі: Аб мерах стрымання панікі і арганізацыі інфармавання насельніцтва (Пастанова СНК БССР і ЦК КПБ(б)Б)». Чытаем: «Варожыя савецкай уладзе і нашаму народу элементы, агенты фашызму, у імкненні пасеяць разгубленасць і выклікаць паніку ў насельніцтва нашых гарадоў і вёсак распаўсюджваюць усякага роду правакацыйныя чуткі, хлусню і небыліцы. У мэтах спынення падрыўной дзейнасці ворагаў савецкага народа Савет Народных Камісараў Беларускай ССР і Цэнтральны Камітэт Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі пастанаўляюць: 1. Абавязаць пракурора Беларускай ССР т. Ветрава, абласных і раённых пракурораў неадкладна арыштоўваць і аддаць пад суд Ваеннага Трыбунала асоб, якія распаўсюджваюць рознага роду правакацыйныя чуткі. 2. Асоб, якія самавольна пакінулі свае пасады (далей ідуць канкрэтныя прозвішчы): арыштаваць і аддаць пад суд Ваеннага Трыбунала як баязліўцаў і дэзерціраў».

І людзі заставаліся на сваіх працоўных месцах да асобага распараджэння, а яго ўсё не было і не было. 25 чэрвеня кіраўніцтва рэспублікі пакідае Мінск, прычым не робіць гэта тайна, не бяжыць, ратуючыся ўцёкамі, як гэта растыражавана ў шэрагу публікацый, а па ўказанні Ваеннага Савета фронту пераязджае ў Магілёў. Пра гэта — адпаведнае рашэнне таго ж Ваеннага Савета і апошні запіс у Дзённіку ЦК, зроблены 25 чэрвеня ў 1.45. Тое, што пра гэта забыліся паведаміць насельніцтву, знаходзіцца ў плоскасці не толькі маральна-этычных катэгорый, але і адказнасці за лёс тых, хто заставаўся ў горадзе і ўсё яшчэ працягваў выконваць рашэнні партыі, якія ніхто так і не адмяніў.

Пра тое, што кіраўніцтва рэспублікі ўжо пакінула сталіцу, жыхары даведаліся з чутак, якія распаўсюджваліся па горадзе. Для Мінска, куды ўжо ўваходзілі немцы, гэта была сапраўдная драма — многія ж маглі выратавацца. Пры гэтым у апошнім пратаколе пасяджэння бюро ЦК у Мінску ёсць яшчэ адзін пункт, у ім даручэнне чыгунцы з прычыны эвакуацыі: «Абавязаць начальнікаў чыгунак тт. Гарныка, Краснабаева, Бурыкіна, Бадунова прадстаўляць неабходную колькасць вагонаў, у першую чаргу для членаў сем'яў начсаставу». Але і яны ўжо не змаглі скарыстацца гэтым запісам, многія так і засталіся ў горадзе, выбрацца з якога было практычна немагчыма. Пажарам быў ахоплены Барысаўскі, Даўгінаўскі тракт. Тыя, каму ўдалося выйсці з горада, вымушаны былі вярнуцца — вакол ужо былі немцы...

Непапраўныя страты, каласальная шкода

Вынік — амаль 85 працэнтаў пабудоў у горадзе было знішчана ў першыя дні вайны, моцна пацярпеў жылы фонд. Пасля дзяржкамісія па ацэнцы нанесенай шкоды ацаніла яго ў 70 працэнтаў. Акрамя чыгуначнага вузла, у Мінску было знішчана 45 кіламетраў трамвайных шляхоў, а гарадскі транспарт спынены цалкам. І самае страшнае — выведзены са строю каналізацыя і водаправод, узарваны рэзервуары і напорныя вежы. Пагроза эпідэміі станавілася рэальнасцю. Нават немцы, якія ўвайшлі ў горад, не маглі стрымаць абурэння дзеяннямі свайго камандавання. Перад імі паўстала праблема не толькі размяшчэння, але і арганізацыі работы абслуговых арганізацый, прадпрыемстваў, якія таксама моцна пацярпелі ад бамбёжак. Мінскі дрэваапрацоўчы імя Молатава, маторарамонтны, аўтазборачны, кіслародны заводы... Страты непапраўныя. Для размяшчэння немцы выкарыстоўвалі ўсё, што можна было прыстасаваць. Так, трансфарматарныя кабіны цягавай падстанцыі № 1 выкарыстоўвалі для конскіх стойлаў, машынную залу — пад казармы. Немцам прыйшлося нямала папрацаваць, каб хоць неяк наладзіць жыццядзейнасць горада: трэба было элементарна карміць, абслугоўваць войска. У першыя дні акупацыі пачалося разрабаванне і нацыянальных каштоўнасцяў рэспублікі: з Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР знікла, як потым было ўстаноўлена дзяржкамісіяй, амаль 1700 твораў жывапісу, сярод якіх палотны Айвазоўскага, Левітана, Сурыкава, Мікеланджэла, Растрэлі, абразы, скульптуры. З фондаў Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя Леніна з 2 мільёнаў тамоў прапала 1,5, сярод якіх унікальныя старадрукі. Шкода каласальная. А ў горадзе заставаліся людзі, якім трэба было перажыць страшныя гады вайны, калі баі над сталіцай працягваліся практычна ўвесь перыяд да вызвалення 3 ліпеня 1944-га.

Як удалося выстаяць і адрадзіць разбураны Мінск, нягледзячы на прапановы пачаць яго будаўніцтва на новым месцы, бо аднаўляць ужо практычна не было чаго, гэта асаблівая старонка гісторыі.

Тады ж, у першыя дні вайны, асабістую драму, мяркуючы па дакументах, перажываў і Сталін. У цэнтральным архіве Міністэрства абароны Расіі захаваўся арыгінал Першай зводкі Галоўнага камандавання Чырвонай Арміі, апублікаванай 23 чэрвеня 1941 года. Над тэкстам ён працаваў асабіста. Рукой Сталіна зроблены кароткія, лаканічныя праўкі, словы старанна падбіраюцца, па ўсім відаць, што ён вельмі хацеў супакоіць краіну. З гэтай прычыны зроблена ўстаўка: «Сапернік адбіты», але яна выкраслена. Сталін разумеў, што адбылося нешта страшнае. Упершыню за шмат гадоў на карту пастаўлены лёс СССР.

Урад з 25 чэрвеня працаваў ужо ў Магілёве. І гэта — іншыя рашэнні, пра што сведчаць матэрыялы пратакола № 69. У іх рэальная занепакоенасць пра лёс народнай гаспадаркі рэспублікі: жорсткія пастановы аб эвакуацыі прадпрыемстваў, навуковых, навучальных устаноў, сельгастэхнікі, жывёлы ў тыл краіны. У Магілёве зацвярджаюцца ключавыя дырэктывы «Аб пераходзе на падпольную работу партыйных арганізацый раёнаў, занятых ворагам», «Аб разгортванні партызанскай вайны ў тыле ворага», «Аб стварэнні спецыяльных атрадаў знішчальнікаў танкаў», «Аб арганізацыі атрадаў народнага апалчэння», прымаюцца іншыя найважнейшыя дакументы. Гэта ўжо былі тыя рашэнні, калі стала ясна: пачалася поўнамаштабная вайна.

Наталля ГОЛУБЕВА, кандыдат гістарычных навук

Загаловак у газеце: Мінск 1941

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.