Вы тут

Андрэйчанка: Дзякуй расійскім калегам за паслядоўную і ўзважаную пазіцыю


Юбілейная, 60-я, сесія Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі прайшла ўчора ў фармаце відэаканферэнцсувязі. Удзельнікі абмеркавалі пытанні перспектыўнага будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, выканання бюджэту бягучага года і яго фарміравання на 2022 год. Вялікая ўвага аддадзена пытанням фарміравання саюзных праграм і стварэнню мадэльнага заканадаўства Саюзнай дзяржавы. Не абышлі ўвагай і пытанне абароны інфармацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы, традыцыйных каштоўнасцяў нашых народаў, маладзёжнай палітыкі.


Фота: БелТА

Як адзначыў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка, сёння, на жаль, у міжнародных адносінах па-ранейшаму дамінуюць палітыка нацыянальнага эгаізму, імкненне да сілавога прасоўвання геапалітычных інтарэсаў асобных краін.

— І Беларусь зноў, як у далёкім 1941 годзе, прымае на сябе ўдар. Гэтым разам так званага калектыўнага Захаду, нацэленага на падрыў суверэнітэту і незалежнасці краіны, разбурэнне эканомікі, а ў канчатковым выніку — развал Саюзнай дзяржавы, — сказаў Уладзімір Андрэйчанка. — Хачу падзякаваць нашым расійскім калегам за паслядоўную і ўзважаную пазіцыю, палітычную і інфармацыйную падтрымку на фоне знешняга ціску на беларускае кіраўніцтва і спроб дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне.

Ён адзначыў нядаўнія станоўчыя моманты ў беларуска-расійскіх узаемаадносінах:

— У першым квартале гэтага года тавараабарот вырас на 20. Такая дынаміка дае ўсе падставы меркаваць, што да канца года мы выйдзем на дакрызісны ўзровень 2019 года. Важкім укладам у ажыўленне эканомікі стала барацьба з каранавіруснай інфекцыяй. Мы ўдзячныя Расіі за аказаную дапамогу і арганізацыю вытворчасці вакцыны «Спадарожнік V», гэта рашэнне высока ацанілі беларусы. Паступова знімаюцца абмежаванні на беларуска-расійскай граніцы, аднаўляюцца рэгулярныя адносіны. Грамадзянамі запатрабаваны паслугі хуткаснага цягніка «Ластачка», новых авіярэйсаў у рэгіёны Расіі. Мяркую, што лагічным працягам гэтай работы павінны стаць найхутчэйшая адмена ўсіх абмежаванняў па перасоўванні праз граніцу і поўнае аднаўленне ўсіх відаў транспартных стасункаў. Нам неабходна падумаць над пашырэннем геаграфіі маршрутаў, павелічэннем колькасці рэйсаў у авія- і чыгуначных стасунках. Гэта важна і для далейшага ўмацавання міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, якое было і застаецца залогам поспеху саюзнага будаўніцтва.

Пракаментаваў Уладзімір Андрэйчанка і рэалізацыю саюзных праграм:

— Апошнія гады, на жаль, намецілася тэндэнцыя скарачэння саюзных праграм і іх недафінансаванне. Будзем прама казаць: гэтыя праграмы часам няякасна рыхтуюцца і, акрамя таго, з вялікімі затрымкамі па ўзгадненні. Мы дамовіліся паскорыць гэтыя працэсы і ўнесці змены ў пэўныя заканадаўчыя акты, каб змяніць працэс узгаднення нашых праграм.

Спікер падкрэсліў, што саюзныя праграмы мусяць насіць стратэгічны характар, каб у іх межах выраблялася высокатэхналагічная прадукцыя з высокай дабаўленай вартасцю, якая будзе запатрабавана на сусветных рынках.

Таксама было абмеркавана пытанне, якое наўпрост датычыцца грамадзян Беларусі і Расіі — распаўсюджанне дзеяння страхавых полісаў транспартных сродкаў Расіі і Беларусі на ўсю тэрыторыю Саюзнай дзяржавы. Гэта аблегчыць расіянам і беларусам паездкі ў суседнія краіны.

— Беларусы, калі ўязджаюць на тэрыторыю Расіі, афармляюць такі страхавы поліс на пяць дзён, расіяне — на пятнаццаць. Гэта першы крок, дзе нарматыўныя дакументы трэба наблізіць. І далей ёсць над чым папрацаваць кампетэнтным органам. Перш за ўсё, мы хочам выдаць мадэльны закон, у адпаведнасці з якім можна будзе пасля ўнесці змены ў заканадаўства Беларусі і Расіі. Гэта сур'ёзнае пытанне, і, мяркую, яно будзе вітацца нашымі грамадзянамі.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.