Вы тут

Работы па аднаўленні глядацкага ўспрымання. У Мінску праходзіць фестываль «Манумент»


Мастацтва атачае паўсюль, куды б мы ні пайшлі. Наколькі яно бачнае — залежыць ад наладак успрыняцця самога чалавека.

Для кагосьці будынкі ў горадзе — проста будынкі, проста каменныя здані, аб прысутнасці якіх ведаеш, але зважаеш на іх толькі калі трэба знайсці канкрэтны адрас. Для іншых архітэктура — безумоўнае мастацтва. Ёсць тыя, хто пачынае бачыць прыгажосць архітэктуры, толькі вандруючы па замежных краінах, а на свой горад глядзіць як на звыклыя дэкарацыі. На самай справе гэта дзейнічае з любым мастацтвам і гісторыяй: той, хто ведае і цікавіцца, бачыць іх паўсюль.


Фестываль

Тое, як мы глядзім на мастацтва і гісторыю, залежыць ад нас. Але тое, як мастацтва і гісторыя выглядаюць, — справа рук незвычайных творцаў, майстроў манументальнага мастацтва.

У звыклым уяўленні справа мастака складаецца са стварэння карцін і выстаўлення іх у галерэях. Мы мала ведаем пра манументальны кірунак у выяўленчым мастацтве, бо ён рэдка і мала прадстаўляецца ў музеях. Справа рэстаўратараў, тых, хто распісвае будынкі, складае мазаіку, рэдка трапляе ў поле зроку звычайнага чалавека.

Але гэтым летам магчымасць глыбей пазнаёміцца з манументальным мастацтвам ёсць. Гэта фестываль, які сабраў некалькі розных экспазіцый у розных выставачных кропках Мінска, пад назвай «Манумент».

«Мастак-манументаліст займаецца не толькі жывапісам, але і роспісам, фрэскамі, вітражамі, рэстаўрацыяй. Сёння гэта шчаслівы кірунак мастацтва, бо тыя, хто ў ім працуюць, маюць магчымасць дакранацца да сакральных рэчаў. І калі жывапісец зарабляе карцінамі, то мастак-манументаліст мае магчымасць пісаць для сябе, для свайго ўнутранага свету. І гэта вялікая каштоўнасць, бо калі адыходзіш ад рынку, ты найбольш шчыры з самім сабой і сваім мастацтвам.

Гэта ўнікальны фестываль, бо дае магчымасць судакрануцца з сакральным мастацтвам, якое нараджалася ў келлях, майстэрнях», — распавёў старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай фестывалю «Манумент».

Галоўная частка мерапрыемстваў пачынаецца ў сярэдзіне чэрвеня: 17-га ў Палацы мастацтваў адкрылася асноўная экспазіцыя фестывалю і персанальныя выстаўкі Валянціна Нуднова і Уладзіміра Клімушкі. У межах фестывалю таксама запланаваны творчыя сустрэчы, абмеркаванні, прысвечаныя захаванню спадчыны манументальнага мастацтва ў Беларусі. Сярод іншых экспазіцый, якія будуць паступова адкрывацца на працягу наступнага тыдня, — выставачныя праекты Алеся Сушы, Каміля Камала і Сямёна Дамарада, Віктара Нямцова, зборныя выстаўкі маладых мастакоў-манументалістаў і студэнтаў кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Усяго ў межах фестывалю «Манумент» запланавана не менш за дзесяць розных імпрэз, нагод для сустрэчы з аматарамі мастацтва. Яго мэта — прадставіць шырокаму гледачу розныя аспекты творчасці манументалістаў.

«Магчыма, калі сабраць найлепшае ад жывапісцаў, мастакоў-графікаў, архітэктараў, усё разам будзе мастак-манументаліст. Яны — „універсальныя салдаты“, бо даводзіцца валодаць мноствам тэхнік: ляўкас, графіт, мазаіка, вітраж, і, канешне ж, жывапіс. Справа ў тым, што гэта вельмі адказна. Людзі глядзяць на вынікі нашай працы штодня: спускаючыся ў метро, праязджаючы каля станцыі „Усход“ (мазаікі Кішчанкі), наведваючы музеі — Мірскі, Нясвіжскі замак... Цяпер мы вядзём работу над Гродзенскім замкам. Мастакі-манументалісты фарміруюць знешняе і ўнутранае аблічча архітэктуры. А на выстаўцы мы вам пакажам, чым мастакі жывуць у майстэрнях, адкрыем таямніцу, унутраны свет гэтых творцаў», — адзначыў Васіль Зянько, куратар фестывалю, старшыня секцыі манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў.

У айчынных архітэктуры і мастацтве савецкага перыяду сфарміравалася моцная традыцыя манументальнага мастацтва. Сёлетні фестываль дае магчымасць ацаніць сучасныя тэндэнцыі і прасачыць уплыў традыцыі. Многія элементы манументальнага мастацтва — мазаіка, вітраж — былі непарыўна звязаны з індустрыяльным падыходам да архітэктуры. Гэта адлюстроўваецца і на жывапісных работах мастакоў-манументалістаў: выкананы ў вялікім памеры, канструктыўнай стылістыцы, у свабоднай пластычнай манеры.

Рэстаўрацыя

Фармат фестывалю «Манумент» незвычайны. Адкрыццё самога мерапрыемства прайшло за тыдзень да пачатку асноўнага выставачнага праекта. Выстаўка, якой распачаўся ўнікальны фестываль, мае назву «Зандажы і міражы рэстаўрацыі». У вялікай выставачнай зале Нацыянальнага гістарычнага музея можна пабачыць розныя аб’екты, над якімі працавалі рэстаўратары. Гэта вынікі дзейнасці творчага аб’яднання Bastalija: прадстаўлены матэрыял даследаванняў па роспісах Вялікай сінагогі ў Слоніме, сядзібы ў Лошыцы, Мінскага Свята-Петра-Паўлаўскага сабора, капэлы Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Палацава-замкавага комплексу ў Нясвіжы.

Працэс рэстаўрацыі аб’ектаў мае два складнікі: зандажы і міражы, і гэтае словазлучэнне выпрацавана на працягу шматгадовай практыкі і з’яўляецца асноўным правілам творчага падыходу да кожнага аб’екта даследаванняў, адзначана ў апісанні выстаўкі.

Дзіўная назва ўжо прыадкрывае для звычайнага наведвальніка практыку рэстаўрацыі, майстэрню, у якой працуюць тыя, хто аднаўляе, адкрывае твар гістарычнай спадчыны. Зандажы — навукова-практычнае раскрыццё аб’екта і міражы — яго міфалагічная надбудова. Толькі калі збяром разам усе факты і міфы, у нас з’явіцца магчымасць скласці праўдзівую карціну даследаванняў. «Каб зрабіць зандаж, трэба стварыць для сябе міраж, каб ведаць, што шукаць. А спалучэнне зандажу і міражу — гэта і ёсць наша гісторыя. Яна ствараецца ў прапорцыях і з часам крышталізуецца. Адсюль і дэвіз, і назва нашай выстаўкі», — распавёў на адкрыцці кіраўнік творчага аб’яднання Bastalija Фёдар Сарока. Дарэчы, дэвізам сталі радкі з оперы Джузэпэ Вердзі «Набука»: va, pensiero, sullali dorate! — ляці, думка, на залатых крылах!

Кампазіцыя выстаўкі базіруецца на канцэпцыі чатырох ключавых аб’ектаў, якія характарызуюць беларускае мястэчка: царква, касцёл, сінагога, сядзіба ці палац. Велічныя вынікі працы рэстаўратараў можна ўбачыць у старажытных храмах і сядзібах, помніках архітэктуры і гісторыі.

Гэта не прэзентацыйная экспазіцыя, на якой аўтары дэманструюць сваё майстэрства, паказваючы творы, а запрашэнне ў майстэрню ці на аб’ект рэстаўрацыі. Па ўсёй зале на звычайных прышчэпках для бялізны развешаны аб’екты — фрагменты фрэсак, розныя слаі роспісаў, фотаздымкі, накіды, чарцяжы. Стваральнікі экспазіцыі імкнуліся перадаць працу рэстаўратараў у дынаміцы, у працэсе, у незавершанасці, паказаць этапы: копіі, графічную фіксацыю страт, праекты аднаўлення страчанага, распрацоўку графічнай падачы.

Стваральнікі выстаўкі адзначаюць, што ўспрымаюць рэстаўратарскае мастацтва не толькі праз візуальны складнік — гэта даследаванне суцэльнага гісторыкакультурнага пласта, які ўключае і рознае выяўленчае мастацтва, і музыку, песенны фальклор, традыцыі, мову... Бо візуальныя аб’екты, асабліва ў сакральных будынках, шыфруюць і іншыя пласты культуры: святы, песні, легенды. Для звычайнага наведвальніка гэтая выстаўка стане своеасаблівай вандроўкай углыб, тым, што прымушае паглядзець на свет, на горад, на тое, што бачылася звычайнымі будынкамі, як на мастацтва, напоўненае сваімі кантэкстамі.

Рэстаўрацыя, як і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва, — комплексны, шматаблічны і шматэтапны пласт выяўленчага мастацтва. Візуальнае мастацтва, якое мы звыклі ацэньваць у першую чаргу па эстэтычным складніку, па катэгорыях прыгажосці, насамрэч працуе абсалютна па іншых законах. У працы мастака шмат кантэкстаў, унутраных сэнсаў. У любой мастацкай працы ёсць свой міраж — міф, каркас з думак, асацыяцый і гісторыі. І зандаж — навукова-практычная база, тэарэтычны бок і майстэрства работы з матэрыялам. Наведаць экспазіцыю «Зандажы і міражы рэстаўрацыі» ў Нацыянальным гістарычным музеі можна да 4 ліпеня, а астатнія актыўнасці і экспазіцыі фестывалю «Манумент» будуць паступова адкрывацца на працягу наступнага тыдня.

Ганна ІВАНОВА

Фота Юліі Андрэевай з сайта sb.by

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.