Вы тут

Лісты чытачоў


Прывітанне, шаноўны дружа Вожык!

Падкажы, чаму жыхары г. п. Плешчаніцы ці навакольных вёсак не могуць набыць мужчынскія гумавыя боты ў мясцовым магазіне? Няма іх у продажы і ў лагойскім універмагу. Недалёка ж у вёсцы Мятлічыцы знаходзіцца прадпрыемства па вытворчасці такога абутку. Раней боты спачатку везлі ў Мінск, а потым адпраўлялі ў Лагойск ды Плешчаніцы. Толькі цяпер, пасля шэрагу пераўтварэнняў у абласной спажывецкай кааперацыі, гэтыя вырабы, няйнакш, згубіліся недзе ў сталіцы… Можа, адказным асобам варта нешта зрабіць, каб людзі не чакалі пятніцы, калі на кірмаш прыедзе прыватнік з гумавымі ботамі?

Сяргей ЛАПЦЁНАК, г. Мінск


Добры дзень, калючы братка!

«Ніхто нікому ў гусце не ўказчык: адзін любіць гарбуз, другі — свіны храшчык», — кажуць у народзе. Узгадаў гэтую прыказку, калі выпадкова звярнуў увагу ў магазіне на прадукцыю ЗАТ «Дзяржынскі мясакамбінат». Пра густы, вядома, спрачацца не будзем, бо марная справа. А вось пра маркетынг хочацца крыху паразважаць. Мясакамбінат выпускае пад гандлёвай маркай «Родныя мясціны» сасіскі з адметнымі назвамі: «Сасісачкі кролікі», «Сасісачкі качачкі», «Сасісачкі цялячыя», «Сасісачкі індзюшыныя з сырам». Па-першае, «кролік» па-беларуску — гэта трус: значыць, сасіскі трусіныя. Па-другое, калі ўжо адны мясныя вырабы называюцца памяншальна-ласкальна, дык тады крыўдна за іншыя (ды і серыя ў іх адна). Яны павінны гучаць няйнакш як трусікавыя, цяляткавыя, індзюшаняткавыя… Прадаецца яшчэ і вяндліна «Курино». Нават не ведаю, як правільна паставіць націск і што ўвогуле азначае такая назва. Альбо каўбаса «КОЛБАСА.BY». Гэта як зразумець? Вядома, што .by — нацыянальны дамен для Рэспублікі Беларусь, асновай з’яўляецца код BY. Таму цікава: такая назва каўбасы патрабуе рэгістрацыі даменных імён альбо не?
Асабліва ж мяне заінтрыгавала яшчэ адна пазіцыя — прадукт са свініны «Сальчічон». Ніводны слоўнік беларускай мовы не змог патлумачыць значэнне гэтага слова. Здаўна ведаю сальцісон — каўбасны выраб са спрасаваных вараных субпрадуктаў, ды тут нешта іншае, больш эксклюзіўнае…

Мабыць, нечага не разумею, ды ўсё ж падаецца, што любы крэатыў павінен адпавядаць нормам правапісу, заканадаўства і ўвогуле цвярозаму розуму. Ці маю я рацыю?..

Юрый ВЯРБІЦКІ, г. Паставы


Сардэчна вітаю, паважаны Вожык!

Як толькі пачынае цяплець, гараджане ўцякаюць ад тлуму і шуму на прыроду… Нядаўна ў лесе каля Магілёўскага абласнога супрацьтуберкулёзнага дыспансера людзі распалілі мангал на сухой траве паміж маладых хвойных дрэў. У выніку агонь знішчыў насаджэнні на плошчы 7 тысяч квадратных метраў. На месцы пікніка засталіся непагашаныя вуглі, пластыкавыя бутэлькі, рэшткі ежы, упакоўкі ад прадуктаў. Калі ўжо некаторыя людзі перастануць быць эгаістамі і навучацца расслабляцца так, каб прыродзе не даводзілася адпачываць пасля знаёмства з імі?

Ірына КАРАСЬ, г. Чавусы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.