Вы тут

Беларусь гатова пераарыентавацца і замясціць імпартную камплектацыю тэхнікі і ўзбраення — Галоўчанка


Беларусь гатова пераарыентавацца і замясціць імпартную камплектацыю тэхнікі і ўзбраення, заявіў журналістам прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. Сёння ён прыняў удзел у адкрыцці міжнароднай выстаўкі ўзбраення і ваеннай тэхнікі MILEX-2021, перадае БелТА.


«Сёння апраўдваюцца ўсе прагнозы, якія мы рабілі ўжо даволі даўно і аб чым неаднаразова гаварыў Прэзідэнт, што ў нейкіх крытычных галінах, як бы ні было цяжка, трэба разлічваць на ўласныя сілы, таму што любая залежнасць заўсёды можа быць выкарыстана ў якасці элемента націску, асабліва ў такой важнай сферы, як абарона і бяспека. З гэтым жа сутыкнулася, мы ведаем, не так даўно Расійская Федэрацыя. Дзякуючы моцы сваіх канструктараў, праекціроўшчыкаў яна змагла своечасова пераарыентавацца і замясціць тую камплектацыю, якая раней пастаўлялася з-за мяжы», — сказаў Раман Галоўчанка.

Паводле яго слоў, Беларусь да гэтага таксама гатова. «Такія задачы перад абаронна-прамысловым комплексам ставіліся — максімальна абапірацца на ўласныя сілы і на сілы нашых стратэгічных партнёраў і саюзнікаў, такіх як Расійская Федэрацыя, КНР. Мы гэтым курсам ішлі, і сёння тое, што бачым тут, — пацвярджэнне правільнасці выбранай тактыкі, — адзначыў прэм’ер-міністр. — Калі б мы не займаліся гэтым раней, цяпер, напэўна, не ўбачылі б тут такой колькасці сучасных узораў. Таму што мы свядома ішлі па шляху самастойнага, незалежнага развіцця. Як я ўжо сказаў, у тых галінах, дзе ў нас няма кампетэнцый у прынцыпе або занадта доўга іх ствараць, мы абапіраемся на нашых саюзнікаў».

Прэм’ер-міністр падкрэсліў, што цяпер агульны выклік для ўсіх краін АДКБ — самастойнасць у галіне вытворчасці электроннай кампанентнай базы і мікраэлектронікі. «Тут ёсць над чым працаваць. Астатнія сферы ў прынцыпе ў нас хвалявання не выклікаюць. Не выклікае хвалявання і мікраэлектроніка. Пастаўшчыкоў вельмі шмат у свеце і неабходна нарошчваць тут уласныя кампетэнцыі. У Беларусі, як і ў Расіі, хапае распрацоўшчыкаў. Таму гэты напрамак будзем абавязкова ўзмацняць».

Выстаўка MILEX па маштабах вырашаемых задач, складзе і ўзроўні ўдзельнікаў, інфраструктуры лічыцца адной з буйнейшых ва Усходнееўрапейскім рэгіёне. З 2001 года гэты маштабны зброевы агляд традыцыйна прыцягвае ўвагу вядучых айчынных і сусветных вытворцаў прадукцыі ваеннага прызначэння. Яе галоўныя мэты — шырокае прадстаўленне прадукцыі беларускай абароннай прамысловасці, азнаямленне з новымі распрацоўкамі ў галіне высокіх тэхналогій, дэманстрацыя магчымасцей прадпрыемстваў, якія займаюцца мадэрнізацыяй, рамонтам баявой тэхнікі і аказваюць паслугі Узброеным Сілам.

На выстаўцы MILEX-2021 прадстаўлена больш за 300 узораў найноўшых відаў узбраенняў, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі ад Беларусі, 177 з іх — упершыню, а 88 — новыя мадэрнізаваныя ўзоры.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.