Вы тут

Раім схадзіць


«Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі культуры», «Купалле», «Май Данцыг. Унутры ідэі», Беларускі вечар і іншае — афіша «Звязды».


«Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі культуры»

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей, г. Мінск, вул. К. Маркса, 12

Калі: да 31 снежня

Беларусь — суверэнная краіна з тысячагадовым мінулым, са слаўнымі і драматычнымі старонкамі. Яна беражліва захоўвае нацыянальныя традыцыі, натхняецца лепшымі здабыткамі сусветнай цывілізацыі і пераасэнсоўвае іх.

Ці ведаеце вы, калі першыя людзі з’явіліся на нашых землях? Калі на Беларусь прыйшла пісьменнасць і якім алфавітам запісвалася? А тое, што нашая зямля — краіна замкаў і незлічоных скарбаў? Што апраналі нашыя продкі, з чаго складваецца нацыянальная кухня і як гучаць «галасы» Беларусі?..

Выставачны праект «Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі і культуры» распавядае пра асноўныя этапы гістарычнага развіцця Беларусі, дае кароткую характарыстыку культурным здабыткам, прадстаўляе беларускую нацыю як неад’емную частку сусветнай супольнасці, дапамагае зразумець, што такое Беларусь і хто такія беларусы.

Праект прапануе выправіцца ў захапляльнае падарожжа, згадаць важныя даты, натхніцца нашай спадчынай, а праз інтэрактыўныя элементы — літаральна дакрануцца да гісторыі.

Выстава складаецца з дзвюх частак — «Гісторыя» і «Культура». Першая паказвае лёсавызначальныя падзеі, асноўныя працэсы, этапы гістарычнага развіцця Беларусі (ад старажытных часоў да сучаснасці); наступная адлюстроўвае асобныя тэмы, прысвечаныя адметнасцям самабытнай беларускай культуры.

Праект «Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі і культуры» рэалізуецца ў адпаведнасці з грантам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у культуры на 2021 г.

Партнёры праекта: Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, Беларускае тэлеграфнае агенцтва, Дэпартамент па ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Музей пажарнай і аварыйна-выратавальнай справы, Музей прыроды і экалогіі, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, фатографы Ганна Кіпель, Анатоль Андрэеў.


Творчы вечар артыстаў тэатра «Тэрыторыя мюзікла» ў межах праекта «Кватэрнік у дзядзькі Якуба»

Дзе: Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

Калі: 29 чэрвеня, 18:30

«Людскі наш лёс — былінка поля…» Творчы вечар артыстаў тэатра «Тэрыторыя мюзікла» ў межах праекта «Кватэрнік у дзядзькі Якуба».

29 чэрвеня 2021года ў межах праекта «Кватэрнік у дзядзькі Якуба» мінскі тэатр «Тэрыторыя мюзікла» прэзентуе свой прэм'ерны спектакль — мюзікл-пасцічча «Фігара» па матывах п'есы П'ера-Агюстэна Карона дэ Бамаршэ.

Вялікія сусветныя літаратурныя сюжэты ў розныя часы гучаць па-рознаму, але заўсёды застаюцца актуальнымі. Адзін з любімых паэтаў Якуба Коласа А. С. Пушкін раіў нам, калі думкі невялёлыя прыходзяць, перачытваць «Жаніцьбу Фігара» Бамаршэ.

П'ер-Агюстэн Карон дэ Бамаршэ — выбітны французскі драматург і аўтар, які атрымаў сусветную вядомасць дзякуючы сваім несмяротным творам пра безжурботнага Фігара.

П'еса Бамаршэ «Шалёны дзень, або Жаніцьба Фігара» была папулярнаў часы жыцця Якуба Коласа, ды і ў наш час не згубіла сваёй вастрыні і, канечне ж, абаяння. Абодва аўтары ў сваіх творах абаранялі інтарэсы простых людзей, якіх лічылі разумнымі і кемлівымі. Якуб Колас вельмі любіў чытаць класікаў, а ў асабістай бібліятэцы яго нашчадкаў сярод іншых знакамітасцяў пачэснае месца займаюць і творы Бамаршэ.

Прэм'ера «Фігара»запланавана ў тэатры «Тэрыторыя мюзікла» на 28 ліпеня. Рэжысёр-пастаноўшчык Анастасія Грыненка заяўляе, што такога «Фігара» вы яшчэ не бачылі! І ў наведвальнікаў дома Коласа ёсць унікальная магчымасць у гэтым упэўніцца!

Вы ўбачыце сцэны са спектакля ў выкананні артыстаў тэатра Арцёма Пінчука, Ксеніі Харашкевіч, лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Ілоны Казакевіч, Дзмітрыя Якубовіча, Дзяніса Нямцова і іншых. А таксама даведаецеся, на якое «хуліганства» пайшла рэжысёр-пастаноўшчык Анастасія Грыненка і якое харэаграфічнае рашэнне абраў харэограф-пастаноўшчык Дзмітрый Якубовіч для мюзікла-пасцічча. Пачуеце вакальныя кампазіцыі і атрымаеце асалоду ад раскошы касцюмаў у стылі «ракако» мастака Юліі Бабаевай. А таксама зможаце пагутарыць з артыстамі і пастановачнай групай тэатра ў цёплай атмасферы кватэрніка.


Абрадавае мерапрыемства «Купалле»

Дзе: Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, в. Азярцо, Мінскі раён, Мінская вобл.

Калі: 26 чэрвеня, з 18:00

Колькі каштуе: для дарослых –10 BYN; для дзяцей школьнага ўзросту –5 BYN.; для дзяцей дашкольнага ўзросту – бясплатна

Старажытнае летняе свята ў гонар сонца, найвышэйшага росквіту прыроды і зеляніны, ушанавання вады і агню мае назву Купалле. Менавіта ў купальскую ноч нібыта цвіце папараць-кветка, знайшоўшы якую можна авалодаць усімі ведамі зямлі; вядзьмаркі і чараўнікі ператвараюцца ў жаб і змей,  каб нарабіць шкоды людзям; дзяўчаты варожаць на будучае замужжа, на суджаных. У гэты дзень збіраюць лекавыя зёлкі, дзяўчаты плятуць вянкі, спяваюць купальскія песні, вакол купальскага вогнішча водзяць карагоды, ладзяць гульні, на ім спальваюць старыя рэчы, праз яго скочуць, каб быць моцнымі, здаровымі і шчаслівымі! Уся вясковая грамада збіралася ля агню. Прапусціць і не прыйсці на свята лічылася вялікай небяспекай, толькі чараўнікі і вядзьмаркі баяліся святочнага купальскага вогнішча!

Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту будзе ладзіць прыгожае і чароўнае летняе свята Купалля. Прыязджайце і далучайцеся да традыцыйных гулянняў, абрадаў і забаваў!

У праграме мерапрыемства:

  • Завіванне купальскіх вянкоў;
  • Выраб васковых свечак з зёлкамі;
  • Купальскае шэсце;
  • Урачыстае распальванне купальскага вогнішча: карагоды, гульні, пераскокі;
  • Чароўныя і жахлівыя казкі і паданні;
  • Расповед пра купальскія зёлкі і лекавыя травы;
  • Варажба на вянках і зеляніне;
  • Традыцыйныя купальскія спевы, гульні і танцы пад беларускія народныя інструменты;
  • Міфічныя персанажы.

За дадатковую плату можна:

  • набыць сувеніры ад народных майстроў;
  • наведаць «Беларускую карчму», якая знаходзіцца на тэрыторыі музея.

Музейны праект «Май Данцыг. Унутры ідэі»

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей, г. Мінск, вул. К. Маркса, 12

Калі: па 2 жніўня

У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь працуе музейны праект «Май Данцыг. Унутры ідэі». Ён складаецца з дзвюх частак, аднайменнай выставы і фотавыставы «Горад, які змяняецца».

У праекце прымаюць удзел Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Беларускі саюз мастакоў. На выставе будуць прадстаўлены асабістыя побытавыя рэчы мастака, прафесійныя інструменты, таксама экспануецца ўнікальны сямейны фотаархіў, фотаздымкі з калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея.

Май Вольфавіч Данцыг — народны мастак Беларусі, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, уладальнік ордэна Францыска Скарыны і ордэна Пашаны — яркая з’ява ў гісторыі нацыянальнай культуры ХХ стагоддзя. Ён нарадзіўся ў 1930 годзе ў Мінску і большая частка яго жыцця была звязана з гэтым горадам. Калекцыя фотаздымкаў з сямейнага архіва пазнаёміць з творчай біяграфіяй мастака.

У 2019 годзе дачка мастака, Ала Данцыг, перадала Нацыянальнаму гістарычнаму музею калекцыю прадметаў — асабістых рэчаў яе бацькі (палітры, эцюднікі, фотаапараты, масціхіны, пэндзлікі і так далей). Некаторыя прадметы выкарыстоўваліся Маем Данцыгам у якасці натуры.

Прафесійная мастацкая дзейнасць Мая Данцыга пачалася ў 1960-х гадах. Тэма горада заўсёды была адной з галоўных тэм у творчасці мастака, а для горада Мінска гэта быў час буйнога росту і перамен. Не толькі прадметы і людзі, але і сам горад становіцца натурай для майстра.

Фотавыстава «Горад, які змяняецца» з дапамогай архіўных фотаздымкаў з калекцыі музея пакажа жыхарам сталіцы Мінск, такі знаёмы, але невядомы горад. Дасць магчымасць пабачыць этапы будаўніцтва горада, прасачыць за яго змяненнямі ў перыяд ад заканчэння Вялікай Айчыннай вайны і да пачатку 70-х гадоў.

На выставе ў наведвальніка будзе магчымасць паспрабаваць дакрануцца да творчасці Мая Данцыга і нават стаць на месца мастака, адчуць неабсяжнасць яго мастацкага і чалавечага генія. Выстава выступіць прызмай, праз якую наведвальнік пазнаёміцца з Маем Данцыгам не толькі як з персаналіяй з энцыклапедыі па мастацтвазнаўству, але і як з жыхаром Мінска і сведкам сваёй эпохі.


Беларускі вечар

Дзе: Беларуская хатка, г. Мінск, вул. Рабкораўская, 19

Калі: 25 чэрвеня

Колькі каштуе: бясплатна

«Беларуская хатка» (мемарыяльны музей Максіма Багдановіча) запрашае на мерапрыемства «Беларускі вечар», прысвечанае 30-годдзю адкрыцця музея, якое адбудзецца 25 чэрвеня.

На святкаванні 30-годдзя чакаюцца:

  • віншаванні ад афіцыйных асобаў і музейных калегаў, а таксама былых супрацоўнікаў «Беларускай хаткі» і Літаратурнага музея Максіма Багдановіча;
  • батлейка (свецкія інтэрмедыі з жыцця ХІХ стагоддзя з жывым музычным суправаджэннем);
  • фальклорны гурт «Ліцвіны» (Наталля Матыліцкая (салістка), Уладзімір Бербераў (дуда)) — гурт «Астоўна»;
  • танцы разам з капэлай «На Таку»;
  • гульні «У пошту», «Флірт» і інш;
  • традыцыйная каша і чай ад «Беларускай хаткі»;
  • лепшыя творы ад літаратараў «Беларускай хаткі»;
  • выстава дзіцячых мастацкіх работ (арт-студыя «Залаты птах»).

25 чэрвеня адзначаецца 30-годдзе адкрыцця філіяла «Беларуская хатка». Яго экспазіцыя стваралася як тэматычны працяг 5-й залы Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.

Найменне «Беларуская хатка» абрана невыпадкова. Так называлі клуб інтэлігенцыі пачатку ХХ стагоддзя на Захар’еўскай, 18. Сярод актыўных яго дзеячаў быў і Максім Багдановіч. Адрасы «Беларускай хаткі» мяняліся. Будынкі, дзе яны размяшчаліся, з часам зніклі.

Але зараз музей з легендарным клубам сімвалічна аб’ядноўвае былы дом С.І.Рэдзькі. Гэта адзіны ацалелы ў Мінску будынак, па сапраўднаму звязаны з самым маладым класікам беларускай літаратуры, з яго сябрамі — актыўнымі дзеячамі беларускага клуба інтэлігенцыі. Тут у 1915 годзе працавала адна з бясплатных сталовак, якія адчыняла Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны.

Пасля ў сценах дома кватаравалі Змітрок Бядуля, Максім Багдановіч, Язэп Лёсік, Людвіка Сівіцкая (Зоська Верас), бывалі Аркадзь Смоліч, Уладзіслаў Галубок і інш. асобы. Менавіта таму музею і было наканавана стаць прадаўжальнікм традыцый легендарнай «Беларускай хаткі», дзе па суботніх вечарах гучалі творы беларускіх пісьменнікаў, народныя спевы, музыка, моладзь вучылася танцаваць, гуляла ў «пошту»...

Тут адбылося заснаванне Першага беларускага таварыства драмы і камедыі. Акрамя таго, бежанцы ведалі «Беларускую хатку» як месца танных абедаў. Сталоўка для іх была адчынена сіламі Менскага аддзеда таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Святочная праграма «Беларускага вечара» пабудавана па ўзоры канцэртаў беларускіх тэатральных калектываў пачатку ХХ стагоддзя (у т.л. трупы Ігната Буйніцкага, трупы Уладзіслава Галубка і Першага таварыства драмы і камедыі).


Экспазіцыя «Зруйнаваныя надзеі»

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей, г. Мінск, вул. К. Маркса, 12

Калі: па 2 жніўня

22 чэрвеня 2021 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё сумеснай часовай экспазіцыі, прысвечанай 80-годдзю з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Вялікая Айчынная вайна стала вялікім выпрабаваннем для савецкага народа, асабліва для Беларусі. Яе тэрыторыя была цалкам занята нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія ўсталявалі жорсткі акупацыйны рэжым, заснаваны на рэпрэсіях, гвалце, рабаўніцтве нацыянальнага багацця. Але беларускі народ, нягледзячы ні на што, гераічна змагаўся з акупантамі на фронце і ў тыле, чым зрабіў непараўнальна вялікі ўнёсак у Вялікую Перамогу над гітлераўскай Германіяй.

Але вайна – гэта не толькі гераічнае змаганне, гэта вялікая трагедыя і вялікі смутак. Амаль кожны трэці жыхар Беларусі загінуў у час ваеннага ліхалецця, былі зруйнаваны гарады, спалены вёскі, знішчаны народнагаспадарчыя аб’екты. Былі растаптаны людскія лёсы, надзеі на будучыню, на шчаслівае жыццё.

Мінск з’яўляецца яскравым прыкладам і гераічнага змагання, і знішчаных надзей. Яшчэ 21 чэрвеня 1941 года ў горадзе віравала мірнае жыццё, гараджане працавалі, адпачывалі, спадзяваліся на светлую будучыню. Але град бомбаў, які абрынуўся на горад у першыя дні вайны, прыход акупантаў, азвярэлых ад людской крыві, зруйнавалі гэтыя надзеі. Толькі праз тры гады фашысцкай няволі Мінск быў вызвалены і, як птушка Фенікс, стаў паўставаць з попелу і руін.

Часовая экспазіцыя прадстаўляе фотакалажы вядомага гісторыка Уладзіміра Ліхадзедава, якія дэманструюць выгляд нашай сталіцы даваеннага перыяду, выявы тых жа кварталаў пасля варварскіх нямецкіх бамбардзіровак першых дзён вайны і сучасны выгляд адноўленага, мірнага горада. Асобнае месца ў часовай экспазіцыі займае відэапрэзентацыя (відэафільм) трохмернай мадэлі фрагмента гарадскога асяродка 30-х – пач. 40-х гг. ХХ ст., у якім адноўлены ландшафт, планіровачная структура, архітэктурныя дамінанты, выканана гіпатэтычная рэканструкцыя шэраговай забудовы, што стварае непаўторную атрмасферу даваеннага Мінска.

Таксама выкарыстаны фотаматэрыялы з прыватнай калекцыі Паўла Растоўцава. Экспазіцыя створана пры падтрымцы грамадскага аб’яднання «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры».


ітаратурна-дакументальная экспазіцыя «Васіль Вітка. „Вясёлкі“ вітаю прылёт...»

Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13

Калі: па 19 верасня

Колькі каштуе: 4 BYN – дарослыя, 2 BYN – школьнікі, студэнты

8 красавіка 2021 года ў 17:00 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца ўрачыстае адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі «Васіль Вітка. „Вясёлкі“ вітаю прылёт...», прымеркаванай да 110-годдзя з дня нараджэння беларускага пісьменніка, заслужанага дзеяча культуры Беларусі Васіля Віткі.

Кожны беларус з маленства ведае казкі «Вавёрчына гора», «Казка пра цара Зубра», «Азбука Васі Вясёлкіна», а многія ў дзяцінстве з нецярплівасцю чакалі чарговы нумар часопіса «Вясёлка». «Як звязаныя гэтыя рэчы?» — запытаецеся Вы. Цімох Васільевіч Крысько, больш вядомы пад псеўданімам Васіль Вітка, яднае гэтыя выданні.

Васіль Вітка (1911-1996) — пісьменнік шматграннага таленту. Праявіў сябе як паэт, празаік, драматург, перакладчык і публіцыст. Але найбольш вядомым і прызнаным ён стаў як дзіцячы пісьменнік.

Экспазіцыя «Васіль Вітка. „Вясёлкі“ вітаю прылёт...» прадставіць творчую індывідуальнасць Васіля Віткі праз яго творы і гісторыю першага часопіса для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў Беларусі «Вясёлка». Васіль Вітка быў галоўным рэдактарам «Вясёлкі» ад заснавання часопіса ў 1957 годзе да 1974 года.

Літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Васіль Вітка. „Вясёлкі“ вітаю прылёт...» прапануецца шырокай аўдыторыі наведвальнікаў, у тым ліку сем’ям з дзецьмі. Выстава будзе дзейнічаць да 19 верасня 2021 года.


Экспазіцыя, прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння Івана Шамякіна і Івана Мележа

Дзе:  Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, г. Мінск, вул. Максіма Багдановіча 13

Калі: з 8 лютага па 16 жніўня

Колькі каштуе: 6 BYN, для навучэнцаў — 3 BYN

8 лютага 2021 года ў 17:00 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца ўрачыстае адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі «Ад палескіх імхоў да асвейскіх крыніц...», прымеркаванай да 100-годдзя з дня нараджэння Івана Шамякіна і Івана Мележа.

Абодва класікі яшчэ пры жыцці, абодва народныя пісьменнікі Беларусі, абодва нарадзіліся на Палессі... Спіс агульнага, што звязвала Шамякіна і Мележа можна працягваць доўга. А літаратурна-дакументальная экспазіцыя дапаможа даведацца пра гэта значна больш. Іван Мележ пакінуў нам легендарную «Палескую хроніку» («Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі. Снежань»), а творы Івана Шамякіна «Трывожнае шчасце», «Сэрца на далоні», «Вазьму твой боль» як і раней адгукаюцца ў сэрцы чытача.

Экспазіцыя прадставіць партрэты і фатаграфіі І. Шамякіна і І. Мележа, графічныя працы вядомых мастакоў А. Кашкурэвіча, Н. Паплаўскай да твораў пісьменнікаў, эпісталярыі, асабістыя рэчы, кнігі з аўтографамі і інш. Лейтматывам экспазіцыі стануць успаміны Івана Шамякіна «Палёт над Палессем», прысвечаныя Івану Мележу.

Літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Ад палескіх імхоў да асвейскіх крыніц...» прапануецца шырокай аўдыторыі наведвальнікаў. Выстава будзе дзейнічаць да 16 жніўня 2021 года.

У адкрыцці экспазіцыі прымуць удзел сваякі пісьменнікаў, даследчыкі жыцця і творчасці Івана Шамякіна і Івана Мележа, літаратары.

Кантактны тэлефон: (017) 363-56-21.


Літаратурнае падарожжа «1.1.1»

Дзе: Літаратурны музей Петруся Броўкі, г. Мінск, вул. К.Маркса, 30, кв. 4

Калі: 26 чэрвеня

Колькі каштуе: 25 BYN

«1.1.1» — штогадовы праект-падарожжа, прымеркаваны да дня нараджэння Петруся Броўкі і прысвечаны тром беларускім творцам ушацкага паходжання з заслужаным званнем народны — Петрусю Броўку, Васілю Быкаву, Рыгору Барадуліну.

Вас чакаюць бацькоўскія хаты: Рыгора Барадуліна — ва Ушачах, Васіля Быкава — у Бычках, Петруся Броўкі — у Пуцілкавічах. Накіроўваючыся на поўнач Беларусі, маючы за вакном неверагодна прыгожыя краявіды Віцебшчыны, вы атрымаеце задавальненне ад вершаў і прозы, якія будуць гучаць нон-стоп у выкананні саміх жа вандроўнікаў.

Першы прыпынак нас чакае ля невялікай, але знакавай крыніцы, якую літаратары называлі «броўкавай». З успамінаў вядома, што па лепельскай дарозе на родную Ушаччыну ля крыніцы непадалёку ад рэчкі Эса на працягу ўсяго жыцця заўсёды спыняўся Пятрусь Броўка. Гэтую ж добрую традыцыю ён перадаў паэтам і пісьменнікам, якія ездзілі гэтай дарогай дадому, — Алесю Савіцкаму, Генадзю Бураўкіну, Васілю Быкаву, Рыгору Барадуліну і інш. Выдатная магчымасць наталіцца жывой вадой з «крыніцы паэтаў»!

Ва Ушачах пад знакамітым «бацькоўскім вязам» Барадуліна мы зможам шчырым словам узгадаць дзядзьку Рыгора, з ласкі яго ўдавы Валянціны зайсці ў дом, дзе сёння ўсе рэчы памятаюць паэта і нагадваюь пра яго асобу.

Важным пунктам ва Ушачах будуць мясцовыя могілкі, дзе знайшоў вечны спачын Рыгор Барадулін. Мы пабачым валун з высечаным на ім крыжом, які быў пастаўлены па просьбе ў вершы самога паэта ў якасці надмагільнага помніка восенню 2015 года.

У вёсцы Бычкі нас чакае Сядзіба-музей Васіля Быкава, у якой можна ўбачыць унікальныя прадметы, знойдзеныя на месцы бацькоўскай хаты Васіля Быкава. Сярод іх — ліст, дзякуючы якому сястра Быкава Валянціна зразумела, што брат — жывы. Ён быў датаваны пазней, чым пахаронка, якая заўчасна запісала Васіля Быкава ў шэрагі загінулых.

Апошняй кропкай у падарожжы стане загадкавая вёска Пуцілкавічы, дзе нарадзіўся Пятрусь Броўка. Мы пазнаёмімся з адным з нямногіх яе жыхароў — Міхаілам Сысом, які зараз кіруе Хатай-музеем Петруся Броўкі, даведаемся пра музейныя адкрыцці апошняга часу, што зрабілі супрацоўнікі Літаратурнага музея Петруся Броўкі ў Мінску. У шчырай кампаніі добрых людзей абмяняемся ўражаннямі, якія мы атрымаем за цэлы дзень вандроўкі па Віцебшчыне, з’ядзім суп па-ўшацку, паслухаем спевы, патаньчым.

Заявіць пра свой удзел у падарожжы можна па тэлефонах:

(017) 363-97-50; (017) 342-09-81

Ці праз гугл-форму.

Кошт (пераезд аўтобусам) — 25 руб. (аплата толькі наяўнымі).

Магчымы ўдзел на уласным аўтамабілі.

Дадаткова на месцы аплочваецца наведванне экспазіцыі Сядзібы-музея Васіля Быкава — 60 кап. наяўнымі (уваход на тэрыторыю музея — вольны).

Праграму можна паглядзець па спасылцы.


Cinemascope #shhh: сезонныя кінапаказы пад адкрытым небам

Дзе: Музей-майстэрня З. Азгура, г. Мінск, вул. Азгура, 8

Калі: да 29 чэрвеня

Колькі каштуе: 7 BYN

У скульптурным дворыку Музея-майстэрні З. І. Азгура аднаўляюцца сезонныя кінапаказы пад адкрытым небам у рамках праекта Cinemascope #shhh.

Адметнай асаблівасцю праекта з'яўляецца выкарыстанне спецыяльных бесправадных навушнікаў, якія працуюць на радыёчастаце. Дзякуючы гэтай тэхналогіі, паказы праходзяць у бясшумным рэжыме і арганічна ўпісваюцца ў існуючае гарадское асяроддзе, не парушаючы спакой жыхароў навакольных дамоў.

Навушнікі можна атрымаць на ўваходзе ў панадворак пры прад'яўленні білета, пасля заканчэння сеансу яны падлягаюць вяртанню. Навушнікі падвяргаюцца апрацоўцы пасля кожнага выкарыстання.

У сувязі з тым, што паказы праходзяць пад адкрытым небам, рэкамендуецца браць з сабой цёплую вопратку, пледы. У выпадку неспрыяльнага надвор'я паказы пераносяцца ў Скульптурную залу музея. У памяшканнях музея неабходна выконваць масачны этыкет.

Усе фільмы ў рамках праекта Cinemascope #shhh дэманструюцца на мове арыгіналу з рускімі субтытрамі.​

  • 25 чэрвеня • Апошні мамант Францыі | 2010 г., 91 хв. Бенуа Дэлепін, Гюстаў Керверн
  • 29 чэрвеня • Падазрэнне | , 1941, 99 хв. Альфрэд Хічкок

Фестываль «Купальскае кола»

Дзе: Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, в. Азярцо, Мінскі раён, Мінская вобл.

Калі: да 31 жніўня

Колькі каштуе: ад 35 BYN

26 чэрвеня 2021 года ў Музеі народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам адбудзецца оpen-air фестываль «Купальскае Кола — XIII».

«Купальскае Кола» — адзін з нешматлікiх беларускіх фестываляў, які масава палюбіўся прыхільнікам роднай культуры. Фестываль прысвечаны старадаўняму народнаму святу — Купаллю, прымеркаванаму да дня летняга сонцастаяння, калі дасягаюць найвышэйшага росквіту жыватворчыя сілы зямлі. Як ніякае іншае, свята Купалле авеяна легендамі і міфамі, у яго абрадах цесна перапляліся старажытныя язычніцкія і хрысціянскія традыцыі, вераванні нашых продкаў. У традыцыях і абрадах Купалля найярчэйшым чынам раскрываецца душа беларускага народа. 

У праграме фестывалю:

  • рэканструкцыя аўтэнтычнага Купалля — пры падтрымцы Студэнцкага этнаграфічнага таварыства будзе праходзіць апрананне Купалкі, завіванне купальчатай касы і вянкоў, будуць гучаць купальскія спевы з розных мясцін Беларусі;
  • выступленні гуртоў: Znich & Rutvica, Rokash, Relikt, Goryn, Іван Кірчук, Krumkac, Aquamorta, DAINAVA, Хтоніі, TRUBETSKOY і інш;
  • купальскае вогнішча;
  • рамесны кірмаш «Горад майстроў»;
  • бясплатны намётавы гарадок;
  • бясплатная паркоўка;
  • фудкорты;
  • экскурсіі па помніках музея.

Кошт квіткоў:

  • 35 рублёў, набыць можна да 13.06.2021,
  • З 13.06.2021 па 25.06.2021 — 40 рублёў,
  • у дзень мерапрыемства 26.06.2021 — 50 рублёў.

За дадатковую плату:

  • палёты на мотадэльтапланах і інш. (пры добрым надвор’і);
  • набыць сувеніры ад народных майстроў у касе музея і на кірмашы рамеснікаў;

Праект «Мастак і горад», прысвечаны творчасці Леаніда Шчамялёва

Дзе: г. Мінск, вул. Няміга

Калі: да 20 верасня

Колькі каштуе: бясплатна

«Мастак і горад» — гэта выстава пад адкрытым небам, якая дазваляе жыхарам і гасцям Беларусі бліжэй пазнаёміцца з выдатнымі сучаснымі беларускімі мастакамі. У гэтым годзе праект адзначае 10-гадовы юбілей.

10-ы сезон выставачнага праекта «Мастак і горад» прысвечаны творчасці народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва. У экспазіцыі 34 работы. Яны ўяўляюць сабой візуальную рэтраспектыву творчасці мастака, якая раскрывае асноўныя перыяды і напрамкі, жанравыя і тэматычныя перавагі аўтара з 1960-х да пачатку 2000-х гадоў.

Традыцыйна выстава адкрылася ў Мінску, аднак у гэтым годзе ўпершыню змяніла лакацыю — працы Леаніда Шчамялёва ўпрыгожылі пешаходную вуліцу Камсамольскую.

Рэпрадукцыі карцін суправаджаюцца апісаннем на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай.


Выстава «Мастацтва музейнай рэстаўрацыі»

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, г. Мінск, вул. Маркса, 12

Калі: да 13 жніўня

Колькі каштуе: 8 BYN

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь — адзін з найбольш папулярных музеяў краіны. Яго збор — найбуйнейшы па колькасці артэфактаў, ён налічвае амаль 500 тысяч адзінак музейных прадметаў. Гэта археалагічныя знаходкі, мэбля, грашовыя знакі, іконы, фатадакументы, кніжныя выданні, музычныя інструменты і іншыя. Многія з іх здабылі другое жыццё дзякуючы працы рэстаўратараў.

Выстава распавядае пра тую частку музейнай дзейнасці, якая звычайна схаваная ад вачэй наведвальнікаў — пра рэстаўрацыю, якая дазваляе вывучыць, захаваць музейныя каштоўнасці ад разбурэння і прадставіць гледачу. Рэстаўрацыя, рэканструкцыя, аднаўленне і кансервацыя — гэта не проста «рамонт» прадметаў, гэта складаны і шматгранны працэс, спалучаны з самакантролем, пастаянным прыняццем рашэнняў і адказнасцю за іх. Перад спецыялістамі штосекундна стаіць праблема выбару таго ці іншага метаду ўмяшання ў сапраўдную «тканіну» музейнага прадмета.

Дадзеная выстава — гэта вынік велізарнай, працаёмкай і карпатлівай працы аддзела рэстаўрацыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, у якім на сённяшні дзень працуе 5 мастакоў-рэстаўратараў. У экспазіцыі прадстаўлены розныя па характары, матэрыялах і часу стварэння артэфакты з калекцый музея. Гэта знакаміты веджвудскі фарфор XIX ст., чыгунны прас, прыгожы столік з бронзы, размаляваны кітайскі чайнік XVIII ст., савецкі самавар і іншыя. Усе яны з’явяцца ў вітрынах дзякуючы намаганням музейных рэстаўратараў.

Таксама 28 мая на базе Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь пройдзе семінар «Айчынная рэстаўрацыя: вопыт і перспектывы», прысвечаны пытанням захавання, кансервацыі і рэстаўрацыі музейных прадметаў з удзелам вядучых спецыялістаў у гэтай галіне.


Літаратурна-мастацкая экспазіцыя «Фёдар Дастаеўскі. Жыццё і творчасць»

Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13

Калі: 18 мая — 31 кастрычніка

Колькі каштуе: уваход у дзень адкрыцця вольны 

18 мая а 17-й гадзіне Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры адкрыў часовую літаратурна-мастацкую экспазіцыю “Фёдар Дастаеўскі. Жыццё і творчасць”.

Выстава экспануецца ў межах сумеснага праекта з Літаратурна-мемарыяльным музеем Ф. М. Дастаеўскага (г. Санкт-Пецярбург, Расійская Федэрацыя) да 200-годдзя з дня нараджэння пісьменніка.

Вялікія пісьменнікі застаюцца вялікімі на стагоддзі, нягледзячы на тое, што іх творы напісаны шмат гадоў таму. Іх героі і творы працягваюць жыць, таму што не пакідаюць раўнадушнымі чытачоў новых пакаленняў.

Па-сапраўднаму вялікім і ўніверсальным на ўсе наступныя эпохі пасля свайго жыцця застаецца Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі (1821—1881). Веліч яго асобы і спадчыны вылучаецца ў першую чаргу тым, што ў сваёй творчасці ён узняў вечныя філасофскія праблемы быцця чалавека, духоўнасці, веры.

На тэрыторыі Беларусі ёсць вёска Дастоева – гэта вёска Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Месца адметнае тым, што раней тут размяшчалася сядзіба Дастаеўскіх, продкаў Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага па мужчынскай лініі. Менавіта ў гэтай вёсцы і бярэ пачатак род Дастаеўскіх. І нават само прозвішча Дастаеўскі паходзіць ад назвы гэтай вёскі. Сам вялікі пісьменнік у гэтай сядзібе і вёсцы ніколі не бываў. У гады яго жыцця сядзіба належала ўжо іншым уладальнікам. Дастаеўскія страцілі яе ўжо ў сярэдзіне ХVІІ стагоддзя. Некаторы час дадзеная сядзіба належала Ордам, сваякам вялікага беларускага культурнага дзеяча – Напалеона Орды. Сёння сядзіба цалкам страчаная. Тым не менш, у памяць пра тое, што менавіта з беларускай вёскі Дастоева паходзіць род Дастаеўскіх, тут усталяваны помнік вялікаму рускаму пісьменніку – Фёдару Міхайлавічу Дастаеўскаму.

На экспазіцыі прадстаўлены: банерная выстава з Літаратурна-мемарыяльнага музея Ф. М. Дастаеўскага (г. Санкт-Пецярбург, Расійская Федэрацыя) пра жыццё і творчасць Ф. М. Дастаеўскага, пераклады твораў пісьменніка на беларускую мову, крытычныя і аналітычныя працы Ф. Дабранравава, А. Доліна і інш. аўтараў па творчасці Ф. М. Дастаеўскага, выданне твораў Фёдара Дастаеўскага канца ХІХ ст. з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.