Вы тут

«Кватэры» для буслоў: як на Брэстчыне ратуюць птушкам жыллё


У аграгарадку Мілавіды Баранавіцкага раёна з'явіліся першыя абсталяваныя «кватэры» для буслоў, на якія ёсць тэхнічная дакументацыя. Шматгадовыя назіранні паказалі, што буслы ўсё больш актыўна перабіраюцца на лініі электраперадачы. Яно і зразумела, на дрэве птушкі звіць гняздо не могуць, гэтак жа як і на сучасных дамах, старых саламяных (ці з дранкі) дахаў ужо не засталося. А калі няма альтэрнатывы, сваё жытло буслы ладкуюць на слупах ЛЭП. Там, дзе правады неізаляваныя, птушкі нярэдка гінуць ад удару токам. Людзі часова застаюцца без электрычнасці ў выніку аварый, звязаных з бусламі. Але сёння распрацаваны адмысловыя апоры для ЛЭП з платформай для гнёздаў белых буслоў.


Фота: pixabay.com

Птушыная вёска

Раней у Мілавідах было каля трыццаці бусліных гнёздаў. Прычым для мясцовых жыхароў да гэтага часу застаецца загадкай, чаму птушкі так аблюбавалі менавіта іх вёску, а ў іншых населеных пунктах, дзе, здавался б, таксама ёсць вада і кармавая база, не селяцца...

У 2019 годзе ў «буслінай вёсцы» энергетыкі скінулі каля дзесяці гнёздаў са слупоў ЛЭП.

«Прылятаюць птушкі на старыя гнёзды, а іх няма, пакуль стараюцца пабудаваць новыя, час страчаны, позна выседжваць яйкі. У нас раней верылі, што да Благавешчання (7 красавіка) павінна быць першае яйка ў бусла. І калі раней у буслянках было па 3-4 птушаняці, то цяпер іх паменела. Птушкі скідвалі «лішніх» буслянят», — згадвае старшыня Мілавідскага сельвыканкама Наталля Давідовіч.

«Гэта была сапраўдная трагедыя», — далучаецца да размовы Марыя Саладуха, якая ўжо каля 16 гадоў з'яўляецца старастай у Мілавідах. У яе з бусламі асаблівая сувязь. 23 гады таму яе сям'я выгадавала малое бусляня, якое падабралі дзеці. «Прынеслі на кухню, паставілі місачку з вадой, а я ў іх пытаюся: «Вы што, казку «Ліса і журавель» не чыталі?». Паставілі тады яму вядро. Кармілі мясам, блінамі з маслам, яйкі вараныя давалі, мужыкі рыбу лавілі. Я насіла яго на возера, каб вучыўся жаб лавіць, — успамінае Марыя Аляксееўна. — Як з работы прыду, клічу: «Шурка!» Ён і ляціць да мяне. Прытулю да сябе, а ён як стане дзюбай ляскаць... Неяк па вуліцы жанчына ішла, у якой дзяцей доўга не было, вось і кажу сваім малым, каб ёй далі з буслікам паняньчыцца. І хутка яна нарадзіла дзіця. А мне як акушэрцы па прафесіі дужа гэта цікава было». У той год гадаванец паляцеў з іншымі бусламі. А ўвесну вярнуўся, хадзіў, аглядаў знаёмы двор... Вядома, што буслы жывуць да 39 гадоў, і хто ведае, можа, сярод пакрыўджаных і абяздоленых буслоў, чые гнёзды былі скінуты ў Мілавідах, мог быць і той Шурка?

Менавіта Марыя Саладуха разам з актывістам з вёскі Кулікі першыя ўзняліся на абарону буслоў.

Выйсце ёсць

Вясна два гады таму выдалася халодная, людзі назіралі за адчайнымі спробамі птушак скласці гнёзды наноў ці за самотнымі бусламі, якія хадзілі па палях і не ведалі, дзе прытуліцца. Мясцовыя актывісты пачалі грукацца ва ўсе дзверы, слаць лісты ў розныя інстанцыі. У тым ліку звярнуліся і ў Адміністрацыю Прэзідэнта, і менавіта адтуль паступіла даручэнне аб неабходнасці вырашэння «буслінага пытання».

Па заказе ДВА «Белэнерга» ААТ «Белсельэлектрасетбуд» былі распрацаваны канструкцыя і дакументы на слупы ЛЭП з бяспечнымі платформамі для буслоў. Сама ідэя не новая: штучныя платформы ёсць у Польшчы, Славакіі, Грэцыі, Тунісе, Азербайжане і іншых краінах. Але нідзе ў свеце няма афіцыйнай тэхнічнай дакументацыі на іх.

Як расказаў кіраўнік грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі, праблему з птушыным кватараваннем на Беларусі ўздымалі і раней. Тым больш што энергетыкі не проста скідвалі гнёзды, але і прыварвалі на слупы арматурыны (так званыя яршы), каб птушкі не змаглі рабіць гнёзды. Калі ж буслы спрабавалі ладкавацца на такіх месцах, калечылі крылы.

Навінка бясспрэчна будзе спрыяць ахове птушак, бо раней наогул было невядома, што рабіць з бусламі на ЛЭП. Пасля таго як у мінулым годзе былі распрацаваны стандарты, энергетыкі атрымалі права пераносіць гнёзды на платформу. Усё ж іх на кожную апору не паставіш, сама канструкцыя важыць нямала, а разам з гняздом можа «важыць» 400 кілаграмаў. Да таго ж трэба зрабіць так, каб такія бусліныя хаты былі даволі трывалыя.

Часам людзі просяць энергетыкаў пры замене слупоў пакідаць старыя апоры з гнёздамі. Але праз некаторы час апора можа паваліцца, і не дай бог на галовы людзей. І хто будзе несці за гэта адказнасць? Тым больш што на дэманціраваныя слупы падпісваюцца дакументы.

Сёння ўжо ніхто проста так не зможа скінуць гняздо, і, як заўважыў намеснік начальніка Баранавіцкай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Анатоль Плешка, самавольнае знішчэнне буслянкі «пацягне» на 30 базавых.

Што далей?

Па апошнім падліку, які рабіўся ў 2015 годзе, на Беларусі налічылі 22,5 тысячы бусліных пар. Гэта 10 працэнтаў ад папуляцыі ў свеце. Натуральна, перасяліць такую птушыную армію на бяспечныя платформы будзе не так проста. І найперш важна падумаць, за чый кошт будуць стварацца бусліныя «кватэры».

У Мілавідах пакуль устанавілі чатыры пробныя платформы, прычым для адной з іх спецыяльна абралі месца пры дарозе, каб прапагандаваць карысны вопыт. Дарэчы, птушкі адразу перабраліся ў афіцыйныя кватэры, бо на металічныя асновы людзі паклалі старыя гнёзды.

Канструкцыя, распрацаваная ў 2020 годзе, каштуе каля 500 рублёў, за яе ўстаноўку трэба аддаць яшчэ каля тысячы. Такім чынам, адна птушыная «кватэра» абыходзіцца ў паўтары тысячы, але расходы на яе нідзе не прапісаны. Як заўважыла Наталля Давідовіч, сёлета на добраўпарадкаванне Мілавідскага сельскага Савета выдзелена дзве тысячы рублёў (а гэта і касьба, замена плота, іншыя работы). І яна мяркуе, што да перасялення буслоў можна было б падключаць прыватнікаў і розныя арганізацыі, і калі знойдуцца ахвотныя ўкласціся грашыма і працай (напрыклад, зварыць платформу), сельсавет гатовы ўсё арганізаваць.

Магчыма, выдаткі на буслоў павінны адразу ж закладвацца ў праект, калі планава мяняюцца лініі электраперадачы, тым больш што распрацаваныя стандарты на платформы ўжо дазваляюць гэта зрабіць.

Кіраўнік філіяла «Баранавіцкія электрычныя сеткі» РУП «Брэстэнерга» Андрэй Гецэвіч звярнуў увагу, што платформы ставяцца не толькі для таго, каб зберагчы птушак ад сутыкнення з правадамі, але і забяспечыць бесперабойнае электразабеспячэнне, бо бывала, што гнёзды загараліся.

Штогод бусел, калі абнаўляе сваё гняздо, павялічвае яго на 80 кілаграмаў. Буслянка разрастаецца і ўверх, і ўзніз, «абдымае» правады. Да таго ж зробленая птушкай у неабсталяваным месцы буслянка, калі дасягае вагі ў 5-6 цэнтнераў, можа абрываць правады, таксама іх можа раз'ядаць птушыны памёт. А цяпер уявіце, што гняздо можа прырастаць на 2-3 паверхі, а бусел будзе шчыраваць над ім, пакуль тое не зваліцца. Таму важна падумаць і пра тэхнічнае абслугоўванне птушыных «кватэр», хоць бы раз на 4-5 гадоў скідваць верхнююю частку гнязда (так арнітолагі робяць з гнёздамі дзікіх птушак, каб тыя незнарок не абваліліся разам з яйкамі ці птушанятамі).

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў. 

Грамадства

Як правільна аднаўляцца пасля COVID-19?

Як правільна аднаўляцца пасля COVID-19?

Нават у лёгкай форме перанесеная каранавірусная інфекцыя не праходзіць для арганізма бясследна.

Грамадства

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Дзіцяці абавязкова трэба ведаць: Што такое грошы? Навошта яны патрэбны?