Вы тут

Побач з дзяўчынкай у яркай хустачцы…


Знакамітую аповесць «Расці, Ганька» Алены Васілевіч сёлета перавыдала «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». Кніга, якую дапоўнілі чатыры апавяданні розных гадоў, пабачыла свет у серыі «Кніжная паліца школьніка» і адрасуецца дзецям малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту. Унікальнасць выдання — суправаджэнне ілюстрацыямі народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.


Рана спазнаная сутнасць

У якасці прадмовы да кнігі — невялічкі раздзел «Доля знойдзе цябе…», дзе сабраны некаторыя біяграфічныя звесткі пра класіка беларускай літаратуры Алену Васілевіч і факты аб ілюстрацыях Васіля Шаранговіча ў аповедзе дачкі народнага мастака мастацтвазнаўцы Наталлі Шаранговіч.

Пачынаецца прадмова з цытаты з аўтабіяграфіі Алены Васілевіч, якая ўвайшла ў 1966 годзе ў змест кнігі «Пра час і пра сябе: аўтрабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў». Творца пісала: «Я доўга не ведала, каму належаць словы: “Горкі чужы хлеб, цяжкія ступенькі чужога парога”. Сутнасць іх я спазнала вельмі рана». Найстарэйшая дзіцячая пісьменніца не толькі Беларусі, але і планеты, як заўважаюць складальнікі, нарадзілася 22 снежня 1922 года ў вёсцы Ліпнікі (тады — засценак Даманшчына) Слуцкага раёна ў сям’і ляснога аб’ездчыка. На восьмым годзе жыцця засталася без бацькоў і выхоўвалася ў сваякоў. Старонкі яе лёсу — Слуцкае педагагічнае вучылішча, літаратурны факультэт Рагачоўскага настаўніцкага інстытута (1939—1941), эвакуацыя ў Арэнбургскую вобласць падчас Вялікай Айчыннай вайны, праца ў калгасе, шпіталі, бібліятэцы… У Беларусь вярнулася пасля вызвалення Мінска. Пазней быў філалагічны факультэт БДУ (залічана адразу на трэці курс), праца ў выдавецтвах «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва», часопісе «Работніца і сялянка» (пасля — «Алеся»)…

Першы мастацкі твор — аповесць «На прасторах жыцця» — быў надрукаваны ў 1947 годзе на старонках часопіса «Беларусь». На аўтабіяграфічным матэрыяле напісана тэтралогія «Пачакай, затрымайся…», якую склалі аповесці «Расці, Ганька» (1966), «Доля знойдзе цябе» (1968), «Новы свет» (1970), «Пачакай, затрымайся…» (1970). У своеасаблівай серыі адлюстраваны няпросты шлях у жыццё сялянскай дзяўчыны. Дзяржаўнай прэміяй БССР пісьменніца адзначана менавіта за гэтую тэтралогію.

Як расказвае Алена Сямёнаўна, па жыцці яе вёў прыклад мамы, Ганны Рыгораўны, чалавека працавітага, мудрага, сумленнага. Жанчына мела толькі чатыры класы адукацыі, але ведала шмат вершаў і нават іграла ролю Паўлінкі ў п’есе Янкі Купалы, калі вучылася ў пачатковай школе. Менавіта з яе вуснаў дачка пачула твор Якуба Коласа «Доля батрачкі» і вывучыла яго на памяць. Якуб Колас з таго часу стаў любімым пісьменнікам.

Знаёмае з дзяцінства

«Расці, Ганька», выдадзеная ў 1966 годзе, аздоблена малюнкамі маладога тады мастака-графіка Васіля Шаранговіча. Ілюстрацыі створаны тушшу, вокладка кнігі каляровая: дзяўчынка ў яркай хустачцы на фоне вясковага краявіду. Паводле слоў Наталлі Шаранговіч, першапачатковую версію вокладкі ў рэдакцыі не зацвердзілі, пакрытыкаваўшы мастака за фармальны падыход да кампазіцыі. Але ў новым выданні знакамітай аповесці — якраз той, некалі не прыняты, малюнак, які цудам захаваўся ў архівах Васіля Шаранговіча.

А прайшло 55 гадоў пасля яго стварэння. Дарэчы, кніга «Расці, Ганька» стала для студэнта выпускнога курса Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута дзясятай у творчай біяграфіі. Узяцца за яе маладому графіку даручыў Мікалай Гуцыеў, загадчык мастацкай рэдакцыі выдавецтва «Беларусь» і выкладчык асноў кніжнага ілюстравання на аддзяленні графікі інстытута.

«З вялікай цікавасцю я чытаў і перачытваў кнігу Алены Васілевіч перад тым, як узяцца за яе мастацкае аздабленне, — згадвае Васіль Шаранговіч. — Трэба сказаць, што аповесць мне спадабалася, уразіла эмацыянальнасцю, шчымлівасцю распаведзенай гісторыі з асабістага жыцця пісьменніцы, а асабліва дакладна перададзеным каларытам часу і такога знаёмага мне з дзяцінства сялянскага жыцця». Васіль Пятровіч родам з вёскі. Толькі з Мядзельшчыны, а не са Случчыны, як Алена Васілевіч. Дарэчы, па словах Наталлі Шаранговіч, мастак і пісьменніца да выдання кнігі не былі знаёмыя асабіста, а пазнаёміліся значна пазней.

Пра сяброўства і не толькі

Акрамя славутай аповесці, у новую кнігу выдавецтва «БелЭН» увайшлі апавяданні «Калінавая рукавічка» (1962), «Геша» (1961), «Мая гаспадарка» (1960) і «Сябры» (1956). У апошнім пaкaзaны ўзaeмaaднociны пaдлeткaў-шкoльнiкaў Лёнi i Гpышы. Да чытача звяртаюцца з пытаннямі: каго можна лічыць сябрам, у чым каштоўнасць сяброўства? У невялічкім творы адлюстравана многае, у тым ліку пакуты аднаго з персанажаў з-за ўласнага гaнeбнага ўчынку, здpaды cябpy i пpaяўлeнай жopcткacці. Пpaз гэтыя пepaжывaннi чытач назірае прыход героя дa ўcвeдaмлeння тaгo, як пaвiнeн пaвoдзiць cябe cябap, ды ўвогуле любы чалавек, y складаны мoмaнт.

У acнoвe aпaвядaння «Гeшa» — гicтopыя cябpoўcтвa дзяўчынкi Нaташы i гycкi Гeшы. Сюжэт завязаны на адлюстраванні дaбpыні, якyю зведала гycкa ад гаспадароў: яe выpaтaвaлi, яшчэ мaлeнькyю, пaкaлeчaнyю кapшaкoм. Пазней iншыя людзi кyпiлi гycкy, кaб пaдcмaжыць нa cвятa, але пaшкaдaвaлi… Пpa любoў, сяброўства, бepaжлiвыя aднociны чaлaвeкa дa пpыpoды, iмкнeннe зберагчы жывoe — большасць твораў Алены Васілевіч, у тым ліку знакамітая «Калінавая рукавічка». Проза пісьменніцы некалькі гадоў не выдавалася асобна, таму варта пазнаёміцца з новай кнігай не толькі дзецям, але і іх бацькам.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.