Вы тут

​Над «Канстытуцыяй будучыні» яшчэ трэба працаваць


Канстытуцыйная камісія завяршыла работу над праектам змяненняў у Асноўны закон Беларусі і 22 ліпеня дадзеныя прапановы былі накіраваны на разгляд Прэзідэнту. Між іншым, работа Канстытуцыйнай камісіі далёка не завершана, скончаны толькі першы этап, наперадзе важнае пасяджэнне з удзелам кіраўніка дзяржавы, а затым усенароднае абмеркаванне, пасля чаго выніковы праект будзе вынесены на рэферэндум, які плануецца правесці ў 2022 годзе.


Асноўныя змяненні

Трэба адзначыць, што згодна з сацыялагічнымі апытаннямі, якія праводзілі ў мінулыя гады, беларускае грамадства не дэманстравала вострага запыту на змяненне палажэнняў дзеючай рэдакцыі Канстытуцыі. Аднак неабходна разумець, што заканадаўства, у тым ліку Канстытуцыя, не можа быць статычная і павінна адпавядаць патрэбам часу. Больш за тое, распрацоўшчыкі змяненняў у Асноўны закон Беларусі паставілі сабе мэтай прапанаваць грамадству «Канстытуцыю будучыні», якая будзе не толькі адпавядаць духу сучаснасці, але зможа паслужыць надзейным заканадўчым фундаментам для наступных дзесяцігоддзяў суверэннага развіцця беларускай дзяржавы.

Праведзеная работа выглядае вельмі значнай, бо ў адпаведнасці з прапанаваным праектам плануецца ўнесці змяненні ў 59 артыкулаў Канстытуцыі, уключыць 16 новых артыкулаў і выключыць два. З асноўных навел варта асабліва падкрэсліць ідэю стварэння вышэйшага органа ўлады з паўнамоцтвамі ў стратэгічных галінах кіравання ў выглядзе Усебеларускага народнага сходу, а таксама істотную разгрузку паўнамоцтваў інстытута Прэзідэнта, якія будуць пераразмеркаваныя на карысць парламента, урада, органаў мясцовага самакіравання.

Сур’ёзная ўвага таксама ўдзяляецца пытанням дэмакратызацыі беларускай дзяржаўнай сістэмы, пашырэнню правоў асобы. Прынамсі, плануецца стварэнне асобнага інстытута упаўнаважанага па правах чалавека, а грамадзяне атрымаюць права «канстытуцыйнай скаргі» непасрэдна ў Канстытуцыйны суд.

У плане знешняй палітыкі прапануецца захаваць мэту Беларусі па пабудове нейтральнай дзяржавы, аднак з папраўкай на тое, што наша краіна мае права звярнуцца да дапамогі саюзнікаў і ўжыць сілы калектыўнай абароны ў выпадку знешняй агрэсіі, пагрозы тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту.

Памятаючы пра тое, што Канстытуцыя — гэта не толькі юрыдычны акт, але таксама палітычны дакумент, прапануецца таксама захаваць каштоўнасці гістарычнай памяці беларусаў, прынамсі — аб перамозе савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама на ўзроўні Асноўнага закона замацаваць норму аб тым, што шлюб — гэта саюз паміж мужчынам і жанчынай.

Пазбегнуць памылак

Разам з тым неабходна падкрэсліць, што вышэйназваны праект — не «свяшчэнная карова» і гэтая версія далёка не канчатковая. Нягледзячы на сапраўды каласальны аб’ём праведзенай работы, шмат якія палажэнні новай Канстытуцыі патрабуюць юрыдычнай дашліфоўкі з пункту гледжання забеспячэння прававой культуры дакумента, пра што на апошнім пасяджэнні Камісіі казалі вядучыя беларускія правазнаўцы Рыгор Васілевіч і Валерый Міцкевіч. Акрамя таго, відавочная неабходнасць дэтальна прапісаць раздел, датычны Усебеларускага народнага сходу, бо ствараецца прынцыпова новы для нашай кріаны орган прадстаўнічай дэмакратыі, надзелены паўнамоцтвамі вышэйшага кіравання. З гэтага пукту гледжання патрэбны крыштальна зразумелы механізм камплектавання дэлегатаў дадзенага органа, строгае размеркаванне паўнамоцтваў, каб не дапусціць у будучыні канфлікту інтарэсаў з іншымі органамі ўлады, што можа пацягнць краіну ў глыбіню палітычнага крызісу. На прыведзеныя і некаторыя іншыя спрэчныя аспекты ў сваіх выступленннях звярталі ўвагу многія члены Камісіі, у тым ліку старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.

Зразумела, што ў такім важным пытанні, як перабудова канструкцыі ўлады ў краіне, не можа быць ніякіх калізій, двайных тлумачэнняў і падводных камянёў. Напрыклад, прапануецца, каб Усебеларускі народны сход даваў выніковае заключэнне аб легітымнасці выбараў Прэзідэнта, аднак як гэта суадносіцца з функцыямі Цэнтрвыбаркама, адказнага за правядзенне выбараў у краіне? Акрамя таго, паўнамоцтвамі па ацэнцы канстытуцыйнасці, што, думаецца, і з’яўляецца пацвярджэннем легітымнасці, плануецца надзяліць таксама Канстытуцыйны суд. Пры гэтым адказаў на пытанне, што патрэбна рабіць у сітуацыі, калі рашэнне канстытуцыйнага суда аб канстытуцыйнасці не будзе адпавядаць рашэнню Усебеларускага Народнага Сходу аб легітымнасці, праект Канстытуцыі не ўтрымлівае.

Менаівта таму, зыходзячы з вышэйапісаных абставін, 26 з 36 членаў Каміссіі ўзгаднілі праект с заўвагамі, а гэта значыць, дадалі сваё «асаблівае меркаванне» і ўласныя прапановы, якія таксама трапяць у даклад Аляксандру Лукашэнку. Мяркуецца, што пасяджэнне з удзелам Прэзідэнта будзе досыць гарачае, нельга выключаць і таго, што беларускі лідар накіруе дакумент на дапрацоўку. Падаецца, што падобнае рашэнне будзе мэтазгодным, бо ў такой справе, як Канстытуцыя, што зяўляецца заканадаўчай асновай дзяржаўнага развіцця, нельга спяшацца і дапускаць памылкі, якія могуць каштаваць вельмі дорага.

Ёсць меркаванне, што калектыў Канстытуцыйнай камісіі можа эфектыўна вырашыць задачу па аптымізацыі дакумента, бо прапанаваны праект насамрэч з’яўляецца прарыўным і наватарскім, аднак відавочна, што неабходна яшчэ прыкласці некаторыя намаганні, каб упэўнена вынесці «Канстытуцыю будучыні» на суд беларускага народа.

Аляксандр ШПАКОЎСКІ

 

Выбар рэдакцыі