Вы тут

Наталля Качанава ўручыла пашпарты грамадзяніна Рэспублікі Беларусь


Урачыстая цырымонія адбылася ў рамках Усебеларускай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі!», прысвечанай Дню Канстытуцыі. Патрыятычная ініцыятыва, калі юныя беларусы атрымліваюць галоўны дакумент з рук заслужаных людзей краіны, стала ўжо добрай традыцыяй. Спікер верхняй палаты парламента ўручыла пашпарты хлопцам і дзяўчатам, якія дасягнулі поспехаў у вучобе, спорце, творчасці і грамадскай дзейнасці. Юныя беларусы прыехалі ў Савет Рэспублікі з розных рэгіёнаў краіны. 


Фота БелТА

Наталля Качанава павіншавала маладых людзей са знакавай падзеяй у іх жыцці і нагадала, што сёлета Усебеларуская акцыя прымеркавана да 30-годдзя Асноўнага закона краіны. Старшыня Савета Рэспублікі спынілася на той маштабнай рабоце, якая была правадзена парламентарыямі па прывядзенні беларускага заканадаўства ў адпаведнасць з абноўленай Канстытуцыяй. 

Як звярнула ўвагу спікер верхняй палаты парламента, на падставе гэтага дакумента, які вызначае напрамкі нашага развіцця, дзяржаўны лад Беларусі, распрацоўваюцца законы. «Усе яны павінны адпавядаць Канстытуцыі, бо там вызначаны асноўныя кірункі, роўна як і абавязкі кожнага грамадзяніна, раскрываюцца ўзаемаадносіны паміж дзяржавай, грамадствам і асобай, грамадзянінам, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Таму для нас вельмі была важная работа над Асноўным законам нашай краіны». 

Члены Савета Рэспублікі ўнеслі звыш ста прапаноў, якія ў далейшым разглядаліся ў кантэксце работы над Канстытуцыяй. Адна з іх датычылася падтрымкі моладзі. Так у Асноўным законе з’явіўся асобны артыкул, які сведчыць, што дзяржава садзейнічае духоўнаму, маральнаму, інтэлектуальнаму і фізічнаму развіццю моладзі, стварае неабходныя ўмовы для яе свабоднага і эфектыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці, рэалізацыі патэнцыялу моладзі ў інтарэсах усяго грамадства.

Кажучы аб заканадаўчай дзейнасці, Наталля Качанава адзначыла, што парламентарыі робяць усё дзеля таго, каб наша краіна развівалася так, як развіваецца сёння. «Мы ўсе з вамі разумеем, у якой цудоўнай краіне мы жывём: прыгожай, дагледжанай, уладкаванай, — падкрэсліла спікер. — І ўсё дзякуючы людзям, якія стваралі ўсе гэтыя даброты. 30-годдзе Асноўнага закона краіны з’яўляецца важнай падзеяй у гісторыі, якую адзначаюць усе беларусы і ганарацца тым, што жывуць у свабоднай, суверэннай і незалежнай краіне. І мы вельмі спадзяёмся на тое, што гэтыя слаўныя добрыя традыцыі будзеце працягваць вы».

Звяртаючыся да хлопцаў і дзяўчат, Старшыня Савета Рэспублікі заўважыла што яны — тыя, хто сваёй працай дасягнуў пэўных вынікаў. «Вы сёння працуеце на сваю будучыню і будучыню нашай краіны, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Ужо сёння сваёй вучобай, сваімі дасягненнямі вы ўносіце ўклад у будучыню нашай краіны». 

Спікер нагадала, што сёлета беларусы адзначаюць 80-годдзе вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і падкрэсліла, што ў беларускага народа слаўная гісторыя, якая напоўнена як трагічнымі момантамі, так і гераічнымі ўчынкамі. «Мы ўпэўнены, што вы будзеце працягваць трыдыцыі, якія закладзены вашымі прадзедамі, дзядамі, бацькамі, — заўважыла Старшыня Савета Рэспублікі. — Няважна, чым вы будзеце займацца. Важна, каб вы былі сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны, якія бязмерна любяць сваю малую Радзіму, краіну ў цэлым». 

Наталля Качанава адзначыла, што маладыя людзі, якія атрымалі пашпарты грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, павінны ганарыцца гэтым. «Памятайце, што вы патрэбны сваёй краіне, свайму народу, і вы павінны рабіць усё дзеля таго, каб наша краіна заставалася свабоднай, суверэннай і незалежнай, — звярнула ўвагу яна. — Ад вас ў многім гэта залежыць». 

Пасля ўрачыстай цырымоніі пашпартоў адбыўся дыялог Старшыні Савета Рэспублікі і маладых людзей. Хлопцы і дзяўчаты задалі спікеру пытанні, якія іх цікавяць. Гаварылі пра любоў да малой Радзімы, у цэлым да краіны, пра важнасць школьнага навучання, якасць ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. Закранулі і найбольш вострыя праблемы, якія існуюць у маладзёжным асяроддзі. 

У размове з журналістамі Наталля Качанава назвала ўручэнне пашпартоў грамадзяніна Рэспублікі Беларусь адной з самых добрых традыцый у нашай краіне. «Мы уручаем пашпарты тым хлопцам і дзяўчатам, якія ўступаюць у паўнавартаснае дарослае жыццё, — канкрэтызавала Старшыня Савета Рэспублікі. — Для нас гэта сапраўднае свята, бо мы можам пагутарыць з хлопцамі і дзяўчатамі і ўбачыць, наколькі для іх гэтая падзея важная. Вельмі добрая традыцыя, якая склалася ў нашай краіне, і кожны раз з вялікай радасцю мы прымаем удзел у гэтай акцыі».

Спікер падкрэсліла, што ў Савет Рэспублікі прыехалі навучэнцы з усіх рэгіёнаў краіны, у тым ліку з невялікіх школ, дзе ў класах вучыцца ўсяго па некалькі чалавек. «Я ўяўляю, наколькі для іх важна прыехаць у горад Мінск, пабыць у Савеце Рэспублікі і ў іншых дзяржаўных органах, дзе адбываецца гэтая акцыя па ўручэнні пашпартоў, — заўважыла яна. — Вядома, гэта падзея ўсяго жыцця. Упэўнена, што яна застанецца ў жыцці маладога чалавека на доўгія гады. Мы са свайго боку імкнемся данесці да хлопцаў і дзяўчат, наколькі важна, што яны з’яўляюцца грамадзянамі нашай краіны, наколькі важная іх грамадзянскай пазіцыя ў адносінах да сваёй Радзімы, свайго народа, сваёй малой Радзімы. Гэта заўсёды ўзаемаўзбагачальныя зносіны паміж дзецьмі і намі. Асабліва ў гэты год, калі мы адзначаем 30-годдзе Асноўнага закона нашай краіны». 

У тэму

Пасля цырымоніі ўручэння пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь і дыялогу са Старшынёй Савета Рэспублікі школьнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі. 

Навучэнец Круговіцкай сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна Матвей Валодзька падзяліўся, што яму вельмі прыемна атрымліваць галоўны дакумент у такой урачыстай абстаноўцы. «Думаю, што гэты дзень запомню на ўсё жыццё, — сказаў ён і падкрэсліў, што асаблівае задавальненне атрымаў ад размовы з Наталляй Іванаўнай. — З атрыманнем пашпарта я буду адчуваць сябе сапраўдным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь». 

Вучаніца сярэдняй школы № 2 г.п. Смілавічы Яніна Сохар не хавае: той факт, што яна атрымае пашпарт з рук Старшыні Савета Рэспублікі, яе вельмі ўзрадаваў. Безумоўна, не абышлося без хвалявання. «Гэта вельмі знакавая падзея для мяне, — прызналася дзяўчына. — Я марыла сюды трапіць. Не думала, што атрымаецца так хутка. Гэта дзень назаўсёды застанецца ў маім сэрцы. Атрыманне пашпарта — новы крок у маім жыцці, калі ты ўжо не дзіця, але яшчэ і не дарослы чалавек».

Яніна расказала, што пасля заканчэння 9 класа плануе паступаць у сярэдне-спецыяльную навучальную ўстанову. Таму наяўнасць пашпарта мае вялікае значэнне. «Я паступлю на тую спецыльнасць, якую хачу, каб у будучыні навучаць такіх жа юных грамадзян, як сама».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.