Вы тут

Лукашэнка: Мы самі стваралі сваю гісторыю. Сваю Канстытуцыю таксама пісалі самі. Як тады ўмелі і як разумеем цяпер


Адна з ключавых дат у навейшай гісторыі Беларусі — 15 сакавіка 1994 года, дзень прыняцця Канстутыцыі. Падобных дакументаў у гісторыі рэспублікі было некалькі, але 30 гадоў назад Асноўны закон упершыню зацвердзіў статус Беларусі як суверэннай незалежнай дзяржавы. Канстытуцыя як і ўся краіна пастаянна развіваецца і ўдасканальваецца, і 30-годдзе галоўнага закона краіны — выдатная нагода, каб прааналізаваць гэты шлях і акрэсліць перспектыву. Гэтаму была прысвечана сустрэча ў Палацы Незалежнасці, якая прайшла з удзелам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.


На мерапрыемства быў запрошаны шырокі склад удзельнікаў: вышэйшыя службовыя асобы, суддзі Канстутцыйнага суда, члены Савета Рэспублікі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта і іншых дзяржаўных органаў, палітычных партый і грамадскіх арганізацый, дзяржаўныя дзеячы. 

Напачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што падобная сустрэча ў Дзень Канстытуцыі — гэта нагода пагаварыць аб сур’ёзных рэчах і ў той жа час аддаць даніну павагі галоўнаму дакументу нашай краіны. «30 гадоў назад у гэты дзень пачаўся адлік новага этапа гісторыі сучаснай Беларусі — суверэннай і палітычна незалежнай. Менавіта тады былі закладзены фундаментальныя прававыя асновы развіцця нашай дзяржавы і грамадства. — нагадаў кіраўнік дзяржавы. — Удумайцеся: 30 гадоў таму. У гісторыі свету, чалавецтва — гэта імгненне. А для нас — тых, хто ўсе гэтыя гады будаваў нашу краіну, — цэлае жыццё. Складанае, супярэчлівае, часам на мяжы магчымасцяў, але, безумоўна, цікавая і галоўнае — без астатку аддадзенае любімай краіне жыццё. І на гэтым шляху Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь стала нашым арыенцірам, сапраўды народным дзяржаваўтваральным дакументам, што асабліва выявілася падчас рэферэндумаў».

Прэзідэнт звярнуў увагу, што кожны з прысутных у розныя гады прама ці ўскосна ўдзельнічаў у распрацоўцы і. удасканаленні першай і адзінай Канстытуцыі суверэннай Рэспублікі Беларусь, укараненні яе палажэнняў ва ўсе галіны дзяржаўнага і грамадскага жыцця. «За намі тысячы і тысячы людзей, такіх самых актыўных удзельнікаў працэсу. Разам з Асноўным Законам мы, пакаленне сучасных беларусаў, увайшлі ў гісторыю. Гісторыю станаўлення нацыянальнай дзяржаўнасці. Але ў той жа час мы разумеем, што наш Асноўны Закон нарадзіўся не на бясплоднай глебе. — адзначыў беларускі лідар. — Вы ведаеце, як беражліва я стаўлюся да пераемнасці. Я заўсёды казаў, што без традыцый няма нацыі, няма дзяржавы. Гэта пытанне бесперапыннасці гісторыі народа і захавання культурнага кода. Скажу яшчэ больш канкрэтна: гэта пытанне нашай сакральнай сувязі з папярэднімі пакаленнямі і тымі, хто прыйдзе пасля нас».

Наша Канстытуцыя ўвасабляе ў сабе дасягненні многіх эпох

Як зазначыў Аляксандр Лукашэнка, няхай Беларусь і маладая дзяржава, але беларусы — сталая нацыя. Аспрэчыць гэты статус немагчыма. Як і тое, што наша Канстытуцыя ўвасабляе ў сабе дасягненні многіх эпох. Прэзідэнт удзяліў увагу гісторыі канстутыцыйнага ладу на нашай тэрыторыі. Па яго словах, з аднаго боку, сучасная Канстытуцыя — аднагодак суверэннай Беларусі. З іншага — вынік шматвяковага вопыту развіцця прававых традыцый, дзяржаўнага будаўніцтва на нашай зямлі. Таму, падкрэсліў беларускі лідар, 30-годдзе Асноўнага Закона — нагода прааналізаваць увесь пройдзены шлях, асабліва цяпер, калі чалавецтва стаіць на парозе глабальнай змены эпох, як і трэць стагоддзя таму.

«Сёння вельмі важна не толькі ведаць, разумець, але і дакладна агучваць гістарычныя факты, якія з’яўляюцца часткай нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Увесь час паўтараць як для сябе, так і для тых, хто ідзе за намі. Такіх фактаў шмат, і ўсе яны важныя», — канстатаваў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што ў нашым Асноўным Законе ёсць часцінка традыцыі Полацкага веча. Можа, з пазіцыі сённяшняга дня і не самага дэмакратычнага. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ўдзел у народным сходзе бралі выключна мужчыны, але гэта былі прадстаўнікі глыбіннага народа. І ў вострыя моманты гісторыі яны вырашалі, каму кіраваць, з кім гандляваць, а з кім ваяваць. Кажучы сучаснай мовай, менавіта на веча прымаліся найважнейшыя рашэнні стратэгічнага развіцця — не воляй аднаго чалавека, князя, а са згоды жыхароў. «Дарэчы, аналагічныя паўнамоцтвы мы канстытуцыйна замацавалі за дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу. Зрабілі гэта таксама са згоды людзей — абсалютнай большасцю галасоў. Фактычна тым самым стварылі механізм, які і ў будучыні не дазволіць уладзе адарвацца ад народа. Мы паставілі канстытуцыйны заслон супраць так званай элітарнасці, якая адмаўляецца беларусамі на генетычным узроўні з той самай пары, калі нашы продкі апынуліся пад уладай літоўскіх і польскіх эліт, страціўшы традыцыі народнага кіравання», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён заўважыў, што шмат шуму было вакол статутаў ВКЛ ужо ў наш час. Па словах Прэзідэнта, для таго перыяду статуты былі прагрэсіўнымі і істотна паўплывалі на развіццё заканадаўства ўсіх еўрапейскіх дзяржаў. Але ў гісторыі гэтыя дакументы так і засталіся як законы, якія адлюстроўваюць інтарэсы выключна багатых і знатных людзей, якія яшчэ больш пагоршылі сацыяльную няроўнасць. «Канешне, не па форме, але па факце. — заўважыў беларускі лідар. — Пра Канстытуцыю Рэчы Паспалітай, дзе гарантыям правоў нашага народа ў прынцыпе не знайшлося месца, я ўвогуле маўчу». Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што і перыяд знаходжання нашых земляў у складзе Расійскай імперыі не пакінуў сур’ёзнага следу ў беларускай прававой традыцыі. 

«Таму важна памятаць, што ідэйна і канцэптуальна Канстытуцыя суверэннай Беларусі з’яўляецца пераемнікам Канстытуцыі Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі — рэвалюцыйнага, прагрэсіўнага і галоўнае — справядлівага дакумента. Тады, у 1919 годзе, упершыню ў сусветнай гісторыі прыродныя багацці роднай зямлі былі прызнаны здабыткам усяго народа. Менавіта савецкая Канстытуцыя, таксама ўпершыню ў гісторыі, аб’явіла па-за законам эксплуатацыю чалавека чалавекам і тым самым паставіла пад абарону жыццё і годнасць людзей незалежна ад этнічнага паходжання, сацыяльнага статусу і веравызнання. Гэта і ёсць прынцып сацыяльнай справядлівасці, які быў падтрыманы ўсімі савецкімі канстытуцыямі, які і мы захавалі як асноватворны ў сваім жыцці», — здзейнсніў гістарычны экскурс Аляксандр Лукашэнка. 

Па яго словах, кажучы аб Канстытуцыі 1994 года, прынятай Вярхоўным Саветам, трэба сказаць аб запазычанні досведу перадавых краін свету. «Памятаеце, тады мы ўвогуле беглі за перадавымі краінамі свету, капіруючы іх. Праз некалькі дзясяткаў гадоў мы зразумелі, што і не трэба было бегчы за імі. Мы ўбачылі сапраўднае аблічча гэтых краін. Іх сапраўдную дэмакратыю. І толькі сляпы гэтага не бачаць», — заўважыў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што тады найважнейшыя атрыбуты дэмакратычнага ладу, такія, як падзел уладаў, законнасць у дзейнасці дзяржаўных органаў, дадатковыя Гарантыі рэалізацыі правоў і свабод чалавека, — усё адлюстравалі ў тэксце Канстытуцыі таго часу. Для кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў стварылі Канстытуцыйны Суд. Зрабілі абарону канстытуцыйнага парадку найважнейшым элементам палітычнай сістэмы. Прытрымліваючыся Асноўнага Закону, практычна з нуля выбудавалі збалансаваную і эфектыўную вертыкаль кіравання. «Не адразу. Не без эмоцый. І не без спроб замежных „памочнікаў“ узяць працэс пад свой кантроль». — узгадаў кіраўнік дзяржавы. 

Усе канстытуцыйныя пераўтварэнні ішлі ад жыцця

Сёння, калі казаць аб Канстытуцыі, мы бачым які адлюстроўвае нашы нацыянальныя інтарэсы дакумент, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Але гэта сёння, акцэнтаваў ён. «Многія прысутныя ў гэтай зале памятаюць, што адбывалася, калі пісаліся і абмяркоўваліся навелы Канстытуцыі 1994 года, што адбывалася на вуліцах і ў калідорах улады, дзе ішла барацьба за партфелі. Удумайцеся. Парламенцкая рэспубліка. Краіны яшчэ няма. Гэта значыць, няма ідэалогіі нацыянальнага развіцця, не пастаўлены мэты гэтага развіцця. Няма сістэмы кіравання. Не распрацаваны механізмы ўзаемадзеяння структур. — нагадаў беларускі лідар. — І ў такіх рэаліях па факце краінай кіруюць 360 дэпутатаў. Абсалютна размытая адказнасць, гэта я бачыў знутры». Прэзідэнт успомніў, што мала каго ў 90-я гады хвалялва, што людзі на вытворчасцях месяцамі не атрымлівалі зарплату. Каго непакоілі пустыя паліцы ў магазінах? Нікога. 

«У той жа час пры татальнай беднасці насельніцтва мы мелі багатыя прыродныя рэсурсы, вялікі вытворчы патэнцыял. І былі створаны зручныя ўмовы для прыватызацыі гэтага багацця не нашым — заходнім капіталам; у краіне бардак, а беларусы яшчэ не паспелі задумацца аб нацыянальных інтарэсах, аб сутнасці суверэнітэту. Такімі катэгорыямі ў народзе амаль ніхто і не разважаў: адны думалі, як дзяцей накарміць, іншыя — як захаваць працоўныя месцы, пасады. Якія ў нас былі шанцы захаваць сваю культурную, эканамічную, палітычную суб’ектнасць? Рытарычнае пытанне. Не буду далей апускацца ў падрабязнасці. Многія з вас усё бачылі. Ведаеце. Ды і не тэма для святочнага дня. — успомніў кіраўнік дзяржавы. — Успамінаючы той перыяд, я ў чарговы раз дзякую народу. Народ, які паверыў нам, рамантыкам, падтрымаў на выбарах і рэферэндумах. І ў канчатковым выніку спыніў падрыхтаваны для нас сцэнарый перманентнага знішчэння нацыі і нацыянальнай дзяржаўнасці». Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў прынятых народам рашэннях адбілася ўся сутнасць гістарычнага моманту, які ахапіў трэць стагоддзя. У гэтым ходзе падзей выявілася і сутнасць нацыянальнага характару беларусаў — разважлівых, адказных, дальнабачных.

«З пазіцыі сённяшняга дня, азіраючыся назад, я хачу спытаць. У чым мы не мелі рацыі, прымаючы ў сваё жыццё перадавы вопыт канстытуцыйнага будаўніцтва і пераламляючы яго праз вопыт, гістарычна пройдзены нашымі продкамі? І што мы зрабілі не так, абараняючы сваю гісторыю, каштоўнасці, традыцыі? Сваю гістарычную памяць? Бо, калі правесці паралелі, то ўбачым, што ўсе канстытуцыйныя пераўтварэнні ішлі ад жыцця, былі прадыктаваны часам. Мы заўсёды раіліся з людзьмі. І на кінутыя краіне выклікі народ адказваў, выходзячы на рэферэндумы, галасуючы на выбарах. Адказваў абсалютнай большасцю галасоў. І выконваючы закон. Усё больш чым дэмакратычна», — сказаў беларускі лідар. А ў той час, паводле яго слоў, ангажаваныя палітыкі навязвалі грамадству схему сістэмнага хаосу і фактычнага безуладдзя — форму парламенцкай рэспублікі. Але народ зрабіў выбар на карысць моцнай улады.

«Нас спрабавалі падзяліць па моўным і этнічным прынцыпе, але беларусы выступілі адзіным народам у падтрымку дзяржаўнага статусу дзвюх родных для нас моў. Нас хацелі адрэзаць ад каранёў, дыскрэдытуючы савецкае мінулае, але людзі, разумеючы, што з’яўляюцца спадкаемцамі гераічнага пакалення пераможцаў, вярнуліся да сімвалаў вялікай эпохі. У якія толькі саюзы ні цягнулі Беларусь, каб разарваць дружалюбныя і цесныя інтэграцыйныя сувязі найперш з Расіяй, але народ не дазволіў. А дзе зараз тыя, хто адарваўся ад усходнеславянскай сям’і? Дзе гэтыя народы? — выказаўся кіраўнік дзяржавы. — Мы самі стваралі сваю гісторыю. Сваю Канстытуцыю таксама пісалі самі. Як тады ўмелі і як разумеем зараз. Таму і жывём трэць стагоддзя пад інфармацыйным, палітычным, эканамічным прэсам».

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ўвесь гэты час за кардонам толькі лянівы не называў Лукашэнку дыктатарам і аўтарытарным Прэзідэнтам. «Няхай называюць. Важна тое, што мы ў выніку маем: нераспрададзеныя народныя багацці, захаваны суверэнітэт, бяспеку і мір на роднай зямлі, рост дабрабыту нашых грамадзян. Мір, спакой і цішыню для людзей», — адказаў на нападкі кіраўнік дзяржавы. 

«Мы выканалі ўсё, што абяцалі 30 гадоў таму»

Па словах беларускага лідара, зараз, удасканальваючы Асноўны Закон у 2021 — 2022 гадах, мы таксама адказвалі на выклікі часу. Людзі ўбачылі, што ўзраслі рызыкі страты інстытута традыцыйнай сям’і, нашых маральных — установак, гістарычнай памяці, і паставілі гэтыя каштоўнасці пад абарону на высокім узроўні — узроўні Асноўнага Закона.

«Зразумела, што мала прапісаць у прававых навэлах гарантыі, адказнасць, паўнамоцтвы і гэтак далей. Трэба зрабіць іх рэальнай практыкай. Мы робім усё каб, што было абяцана 30 гадоў таму, выканана. Бо ёсць з каго спытаць і каму адказаць.- заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Мы канстытуцыйна замацавалі права кожнага на годны ўзровень жыцця. І гэта не дэкларацыі, а нашая рэальная палітыка і рэальныя дасягненні». 

Прэзідэнт прывёў канкрэтныя лічбы і факты. І параіў высновы рабіць самім. За тры дзесяцігоддзі грашовыя даходы насельніцтва выраслі больш як у 9 разоў (у параўнанні з сярэдзінай 90-х), а заработная плата — у 12 разоў. «Вы памятаеце, якая гіперінфляцыя была ў нас пасля развалу Савецкага Саюза. Сёння яе ўзровень не перавышае 6 працэнтаў», — падкрэсліў ён. Расце забяспечанасць грамадзян жыллём: колькасць квадратных метраў у разліку на аднаго жыхара павялічылася ў 1,6 раза, У Беларусі адзін з самых нізкіх узроўняў беднасці насельніцтва. «Я ўвогуле не ўяўляю, якая беднасць. Сёння хочаш зарабіць — рабі на трох работах. Сёння мы не кажам аб беспрацоўі, мы сёння кажам аб дэфіцыце рабочай сілы. Калі нават гэтымі паказчыкамі вымяраць наша жыццё, беднасць і гэтак далей, яна самая нізкая. Не толькі сярод краін СНД, але і сярод дзяржаў Еўрапейскага саюза. З пачатку 90-х мы ў 19 разоў паменшылі гэты паказчык. Значна знізілі ўзровень беспрацоўя. Мы адносімся да краін з высокім узроўнем чалавечага развіцця. Беларусы прызнаны высокаінтэлектуальнай нацыяй. Усё гэта даныя не нашы, а іх, нашых нядобразычліўцаз», — сказаў Прэзідэнт. Ён працягнуў: у Беларусі рацыянальна інвесціруюць у інавацыі і тэхналогіі будучыні, тым самым павышаючы канкурэнтаздольнасць беларускай эканомікі. Пабудавалі Беларускую атамную электрастанцыю, паспяхова завяршылі першы этап будаўніцтва Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі. Асвоілі і масава выпускаем новую прадукцыю: легкавыя аўтамабілі, электробусы і электрацягнікі, беспілотныя кар’ерныя самазвалы. Будуем і пастаянна ўводзім у эксплуатацыю новыя лініі метро. 

«Мы рацыянальныя ў фінансавых пытаннях, не дазваляем назапашваць і перакладаць свае даўгі на будучыя пакаленні. Наш дзяржаўны доўг не перавышае 32 працэнтаў ВУП. Не сакрэт, што ў шэрагу высокаразвітых краін гэты паказчык у разы вышэйшы, — прывёў яшчэ адзін прыклад Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што ў Беларусі створаны сучасны высокапрадукцыйны аграрны сектар. Увайшлі ў топ-5 экспарцёраў малочных прадуктаў і знаходзімся ў Ліку сусветных лідараў па вытворчасці мяса на душу насельніцтва. І ў цэлым экспартуем амаль 65 працэнтаў беларускай прамысловай прадукцыі».

Па словах кіраўніка дзяржавы, беларусы зразумелі, што такое дэмакратыя: «Мы памятаем, што значыць быць „дэмакратычнай“ краінай у вачах Захаду. Гэта значыць быць, як у пачатку 90-х, слабымі, беднымі, прыніжанымі. Потым бегаць, як некаторыя нашы суседзі, па плошчах і вуліцах, змяняючы ўладу, як пальчаткі, жыць па адмашцы з Вашынгтона... І калі выбіраць паміж добразычлівасцю заходнееўрапейскіх палітыкаў і якасцю жыцця беларусаў, нашай нацыянальнай годнасцю і суверэнітэтам, то выбар відавочны». 

Цяпер справа за новымі пакаленнямі

Прэзідэнт падкрэсліў, што роўна 30 гадоў таму, пачаўся адлік гісторыі незалежнай Беларусі. «Падышоўшы да гэтай круглай даты, мы азіраемся на пройдзены шлях, каб больш упэўнена ступіць у заўтрашні дзень. Вельмі важна бачыць рэальныя і канкрэтныя вынікі прыманых намі рашэнняў. Яшчэ важней бачыць перспектыву», — заявіў ён.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, наша Канстытуцыя дае магчымасць годна жыць, развівацца, адчуваць сябе ў бяспецы, рэалізаваць самыя смелыя планы і пачынанні на роднай зямлі. «Так і павінна быць у сучаснай па-сапраўднаму дэмакратычнай краіне. — падкрэсліў ён. — І галоўнае. Мы зрабілі ўсё, каб нашыя дзеці змаглі перасягнуць гэтыя дасягненні і поспехі. Будзем дапамагаць і далей. Цяпер справа за новымі пакаленнямі. Скажу больш. Нягледзячы на сённяшнія цяжкасці і ўсе перыпетыі, у мяне ёсць важкія падставы ўпэўнена глядзець у будучыню. Усяляе гэтую ўпэўненасць наша дружная праца над апошнімі канстытуцыйнымі зменамі, наша нядаўняя актыўная выбарчая кампанія, наша разумнае ўспрыманне сусветных палітычных узрушэнняў і вайсковых канфліктаў». 

Аляксандр Лукашэнка накіроўвае на тое, што трэба працягваць больш прадметную размову аб новых задачах, якія ставіць перад намі час. Так ці інакш усе яны датычацца пытанняў захавання нашых каштоўнасцей, культурных і духоўных прыярытэтаў, вызначэння мэт развіцця дзяржавы ва ўмовах новых геапалітычных рызык. Яны немалыя, пра гэта шмат гаворыцца. 

«Мы зробім гэта падчас Усебеларускага народнага сходу, сфарміраванага ў адпаведнасці з абноўленай Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Словам, спраў у нас шмат», — канстатаваў Прэзідэнт. Але ў святочны дзень, па яго словах, цікава пачуць, як, тыя, хто стаяў ля вытокаў стварэння суверэннай Беларусі, тыя, хто з’яўляецца актыўным удзельнікам палітычнага працэсу, ацэньваюць пройдзены намі шлях, якім бачацьбудучыню краіны. «Гэта можа быць пачатак вялікай размовы, якая будзе працягнута на Усебеларускім народным сходзе», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, УНС — гэта вельмі адказны, рашучы момант у нашай гісторыі. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы падзякаваў «ветэранам», якія непасрэдна будавалі суверэнную і незалежную Беларусь. «Хачу вам падзякаваць за тую каласальную падтрымку і найперш за разуменне таго, што адбываецца ў нашым жыцці», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Сустрэча, якая працягвалася каля дзвюх гадзін, атрымалася эфектыўнай і насычанай. Удзельнікі мерапрыемства выказалі розныя погляды на асаблівасці беларускага канстутыцыйнага ладу, падзяліліся сваімі меркаваннямі і ўнеслі прапановы. 

Пераемнасць канстытуцыйнага развіцця — залог устойлівасці і бяспекі дзяржавы

Старшыня Канстытуцыйнага Суда Пётр Міклашэвіч расказаў пра дзейнасць Канстутцыйнага суда па абароне канстытуцыйных каштоўнасцей. «Мінулы 30-гадовы перыяд пацвярджае імкненне народа Беларусі на канстытуцыйных палажэннях забяспечваць грамадзянскую згоду, непахісныя асновы народаўладдзя, рэальна сцвярджаць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, мэтанакіравана і паслядоўна фарміраваць дэмакратычную, сацыяльную, прававую дзяржаву для народа, заснаваную на, справядлівасці і патрыятызме», — сказаў ён. Ён звярнуў асобную ўвагу на важнасць прыняцця абноўленай Канстытуцыі на рэспубліканскім рэферэндуме ў 2022 годзе. «Можна з упэўненасцю канстатаваць, што змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю грунтуюцца на нацыянальных канстытуцыйна-прававых традыцыях, існуючай сістэме каштоўнасцей, гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны, улічваюць наспелыя аб’ектыўныя патрэбы грамадства, адпавядаюць стратэгічным мэтам і задачам дзяржавы. У сучасных умовах пераемнасць канстытуцыйнага развіцця — залог устойлівасці і бяспекі дзяржавы, захаванне нацыянальных традыцыйных каштоўнасцей і самабытнасці беларускага народа», — адзначыў Пётр Міклашэвіч. Па яго меркаванні, цяпер неабходна працягваць канстытуцыйнае развіццё.

Старшыня Канстытуцыйнага Суда ўручыў Прэзідэнту падарункавы экзэмпляр Навукова-практычнага каментара да Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Гэты дакумент падрыхтаваны ў мэтах выканання даручэння Прэзідэнта ад 1 красавіка 2022 года для тлумачэння канстытуцыйна-прававога сэнсу і зместу канстытуцыйных прынцыпаў і норм, правільнага разумення і няўхільнага захавання Канстытуцыі. «Калектывам аўтараў праведзена значная работа, каб з выкананнем юрыдычнай дакладнасці, у даступнай форме растлумачыць канстытуцыйныя палажэнні, па якіх функцыянуе дзяржава, жыве і развіваецца наша грамадства, усе грамадзяне краіны», — расказаў Пётр Міклашэвіч.

«Калі б мы ўсе і заўсёды па ўсіх напрамках так выконвалі даручэнні Прэзідэнта, мы б багацейшыя былі ў два разы. Будзем лічыць, што нашы вучоныя, практыкі, суддзі Канстытуцыйнага Суда з’яўляюцца прыкладам для ўсіх дзяржслужачых. Па шчырасці, я ўжо паглядзеў уважліва на гэты важны дакумент, прачытаў і зразумеў, што ў нейкай ступені гэта ўсё прайшло праз сэрца — гэтак жа, як і ва ўсіх, хто працаваў над змяненнямі і дапаўненнямі нашай Канстытуцыі, — адказаў на гэта Прэзідэнт. 

Кожны грамадзянін абавязаны абараняць сваімі справамі Асноўны закон

Сваім меркаваннем аб значэнні Канстытуцыі ў развіцці краіны падзяліўся Міхаіл Мясніковіч, у 2015-2019 гадах старшыня Савета Рэспублікі. Ён успомніў, што на першай рабочай сесіі Вярхоўнага Савета пасля ўвядзення Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у 1994 годзе Прэзідэнт у сваім выступленні і адказах на пытанні сістэмна і дакладна выклаў шляхі развіцця нашай маладой суверэннай дзяржавы, зыходзячы з норм Асноўнага закона, якія ў наступныя гады паслядоўна рэалізуюцца. Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, жыццё, неканструктыўныя ўнутраныя і знешнія палітычныя сілы патрабуюць прыняцця дадатковых мер, у тым ліку Канстытуцыйнага характару. «Менавіта дзякуючы ўнясенню ў Канстытуцыю паправак, ініцыяваных Прэзідэнтам восенню 1996 года, удалося захаваць грамадзянскі мір у краіне. Беларусь, адзіная, на постсацыялістычнай (не толькі постсавецкай) дзяржава, якая не прымяніла ўзброеныя сілы ва ўрэгуляванні палітычнага супрацьстаяння. У той перыяд даводзілася здымаць не толькі ўнутраныя палітычныя і эканамічныя праблемы, але і адбіваць замахі на суверэнітэт Беларусі. Нягледзячы ні на што, дзяржаўнасць Рэспублікі Беларусь не толькі захавана, але і ўмацавалася, як і прадугледжана Канстытуцыяй. Гэта яшчэ адзін базавы пастулат. Мне ўяўляецца, што мы мала аб гэтым гаворым. Наша дзяржава адбылася як дэмакратычная, сацыяльная, прававая. А некаторыя новыя дзяржавы на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў так і не змаглі забяспечыць поўныя незалежнасць і суверэнітэт і ліквідаваць сур’ёзныя ўнутраныя грамадзянскія рознагалоссі», — адзначыў Міхаіл Мясніковіч. Ён падкрэсліў, што гэта беларуская рэальнасць важная для пераемнасці пакаленняў, злучнай ніткі, якую нельга разрываць. Менавіта пра гэта гаворыцца ў артыкуле 32 нашай Канстытуцыі.

Міхаіл Мясніковіч нагадаў, што два гады таму народ прыняў шэраг паправак у тэкст Канстытуцыі, многія з якіх накіраваны на ўмацаванне дэмакратычных прынцыпаў развіцця краіны. «Найперш я б адзначыў ролю Усебеларускага народнага сходу. Трэба станоўча ацаніць работу камісіі, якая рыхтавала і тлумачыла гэтыя папраўкі. Магчыма, варта эфектыўна выкарыстоўваць патэнцыял некаторых членаў камісій і зараз, бо гэта сапраўдныя патрыёты», — упэўнены ён.

Спікер звярнуў увагу, што ў артыкулах 11 і 12 нашай Канстытуцыі замацоўваюцца правы і абавязкі замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь нароўні з грамадзянамі Беларусі. «Добрая норма. Трэба паглядзець, наколькі дастаткова заканадаўча ўрэгуляваны асаблівасці паводзін мігрантаў. Мы бачым, што ў шэрагу дзяржаў, у тым ліку нам дружалюбных, ёсць праблемы ў гэтым пытанні», — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. Рэзюмуючы, ён звярнуў увагу, што Канстытуцыя стварае прававы каркас Рэспублікі Беларусь, абараняе грамадзян, грамадства, арганізацыі, дзяржаву ў цэлым. «Але і кожны грамадзянін абавязаны абараняць сваімі справамі Асноўны закон, што і запісана ў артыкуле 21 Канстытуцыі і іншых прававых актах», — канстатаваў ён.

Наша грамадства пасталела

У сваім выступленні генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі палітолаг Вадзім Гігін звярнуў увагу, што яшчэ да нядаўняга часу ў нашай краіне амаль не было сфарміравана ідэалогія. Часткова гэта было звязана з аб’ектыўнымі прычынамі: дзяржава выбірала шляхі свайго развіцця. «Аднак вострая фаза барацьбы за суверэнітэт, якая адбылася ў 2020 годзе, многае зрабіла больш выразным, ясным і зразумелым», — заўважыў ён. Па словах Вадзіма Гігіна, беларускае грамадства пасталела, стала больш мужным і гатова да ўспрымання аформленай ідэалагічнай канцэпцыі. «Больш за тое, людзі гэта патрабуюць ад нас. Падобныя патрабаванні гучалі і ў ходзе абмеркавання змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, і ў ходзе цяперашняй выбарчай кампаніі. Паверце, нашых грамадзян хвалююць не толькі пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі і цэны ў крамах, хаця і гэта таксама важна. Людзі хочуць ведаць адказ на пытанне, якое грамадства мы будуем, мэты і задачы развіцця дзяржавы», — сказаў ён. Па словах эксперта, вялікая работа ўжо праведзена, асабліва ў сферы гістарычнай палітыкі. «Год народнага адзінства, Год гістарычнай памяці, заснаванне свята народнага адзінства, стварэнне савета па гістарычнай палітыцы, расследаванне справы аб генацыдзе беларускага народа, увядзенне курса гісторыі беларускай дзяржаўнасці — усё гэта стала вельмі моцнымі крокамі менавіта ідэалагічнага характару, — пералічыў эксперт. — Мы можам меркаваць аб гэтым па, мякка кажучы, нервовай рэакцыі нашых праціўнікаў. Яны прапусцілі гэты ўдар і цяпер спрабуюць нагнаць упушчанае. Упэўнены, што ў іх нічога не атрымаецца». 

Канстытуцыя вытрымала выпрабаванні часам

Доктар педагагічных навук прафесар Аляксандр Радзькоў падзяліўся сваім меркаваннем наконт ролі Прэзідэнта ў пытаннях дзяржаўнага і грамадскага развіцця. Ён разгледзеў гэту тэму па аналогіі з навукай, дзе для важных адкрыццяў і эфектыўнай дзейнасці неабходны кіраўнік, надзелены прыроднай інтуіцыяй і сілай волі вучоны. Гэта задача архіскладаная. Але ў жыцці яна яшчэ складанейшая. «Яшчэ на пачатку дзевяностых Аляксандр Рыгоравіч адчуў, якой павінна быць наша краіна, якімі павінны быць асноўныя вектары развіцця нашага грамадства, як павінен выглядаць і працаваць Асноўны Закон нашага жыцця. Ён як навуковы кіраўнік арганізаваў работу над Канстытуцыяй — і яна вытрымала выпрабаванні часам, дазволіла краіне інтэнсіўна развівацца і выстаяць, захаваць незалежнасць і суверэнітэт у наймагутных геапалітычных бурах, якія скалынаюць нашу планету ўсе гэтыя гады», — нагадаў Аляксандр Радзькоў. «Сфармавалася дзяржава, адужэла эканоміка, вырабляецца з запасам харчаванне, развіваецца экспарт, забяспечана абараназдольнасць. Адчулі сваю значнасць, адказнасць за краіну і яе будучыню людзі. Значыць, іх можна прыцягваць да рашэння не толькі мясцовых, рэгіянальных праблем, але і маштабных дзяржаўных задач. Трэба канстытуцыйна ўзаконіць Усебеларускі народны сход, па-новаму адрэгуляваць баланс галін улады, але ў той жа час абавязкова захаваць тое, што людзі безумоўна прынялі і падтрымліваюць: моцную прэзідэнцкую ўладу, суверэнітэт краіны, шматвектарную знешнюю палітыку, даступныя для кожнага чалавека адукацыю і медыцыну», — падкрэсліў Аляксандр Радзькоў. Ён расказаў, што неаднаразова непасрэдна ўдзельнічаў у рабоце навуковай школы пад кіраўніцтвам Прэзідэнта. У прыватнасці, у складзе рабочай групы па падрыхтоўцы новай Канстытуцыі. «Мы былі адной камандай, але часам прынцыпова разыходзіліся ў меркаваннях. Вось тады мы ішлі да Прэзідэнта — нашага навуковага лідара. І ён заўсёды знаходзіў рашэнне. Бывала, глыбока задумваўся, нават браў работу на дом — але рашэнні заўсёды знаходзіў. І гэтыя рашэнні былі абгрунтаваныя, аргументаваныя, падмацаваныя прыкладамі з найбагатай практыкі», — расказаў ён.

Аляксандр Радзькоў выказаў меркаванне аб неабходнасці далейшага выкарыстання напрацаванага вопыту Канстытуцыйнай камісіі і рабочай групы для ацэнкі працаздольнасці аксіяматыкі нашага жыцця ў выглядзе дзеючай Канстытуцыі, асэнсавання яе будучага ўдасканалення.

Паказчык сталасці грамадзянскай супольнасці — адзіная стратэгія

Старшыня Беларускай партыі «Белая Русь» і Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Алег Раманаў пералічыў пытанні, якім на цяперашнім гістарычным этапе неабходна ўдзяліць увагу. Па яго словах, неабходна актывізаваць узаемадзеянне розных суб’ектаў грамадзянскай супольнасці з мэтай пастаяннай зверкі гадзіннікаў па пытаннях ацэнкі тых ці іншых грамадска-палітычных падзей. «Паказчыкам узрослай сталасці беларускай грамадзянскай супольнасці з’яўляюцца выпрацоўка і рэалізацыя адзінай стратэгіі ў падтрымцы канструктыўнымі сіламі палітычнага курсу дзяржавы. А таксама павышэнне грамадскай самасвядомасці і грамадзянскай актыўнасці насельніцтва. Прыкладам выступае беларуская «Вялікая дзявятка» — чатыры палітычныя партыі і пяць грамадскіх аб’яднанняў, кансалідаваныя ў рамках штаба патрыятычных сіл, — растлумачыў ён. 

Таксама па словах Алега Раманава, трэба пашырыць поле дзейнасці суб’ектаў грамадзянскай супольнасці з мэтай максімальна поўнага ахопу ўсяго комплексу пытанняў, якія хвалююць людзей. У якасці прыкладаў не ў поўнай меры ахопленага праблемнага поля могуць выступаць экалагічная праблематыка, тэмы дабрачыннасці і валанцёрства, здаровы лад жыцця, асобныя аспекты прафесійнай дзейнасці.

Старшыня партыі «Белая Русь» заўважыў, што сёння неабходна ўдзяліць большую ўвагу вырашэнню лакальных праблем на мясцовым узроўні, знаходзіць тыя нішы, якія не толькі хвалююць грамадзян у рэгіёнах, але і могуць выклікаць пэўную сацыяльнае напружанне. «Вырашаць іх трэба ў фармаце рэалізацыі рэгіянальных праектаў. Цяпер грамадскае аб’яднанне і палітычныя партыі ў большай меры засяроджаны на рэалізацыі рэспубліканскіх ініцыятыў. Ісці на ўзровень рэгіёнаў — першачарговая задача суб’ектаў грамадзянскай супольнасці. Такі падыход дасць магчымасць уключыць грамадзян у грамадскія працэсы, спросціць вырашэнне канкрэтных праблем людзей і тым самым забяспечыць стварэнне іміджу арганізацыі справы», — упэўнены ён. 

Па словах Алега Раманава, эфектыўнае функцыянаванне грамадзянскай супольнасці сёння немагчыма без граматнага пазіцыянавання яго суб’ектаў у інфармацыйнай прасторы з абавязковым выкарыстаннем сучасных тэхналогій. 

«Вопыт Беларусі паказвае: плюралізм меркаванняў карысны і бяспечны толькі пры ўмове дасягнення народнай згоды па ключавых пытаннях палітычнага жыцця. Для нас такой фундаментальнай асновай з’яўляюцца каштоўнасць незалежнай, моцнай, квітнеючай Беларусі і ідэя пабудовы сацыяльна справядлівага грамадства на аснове традыцыйных каштоўнасцяў і моцнай дзяржаўнай улады. Давер народа да Прэзідэнта дае магчымасць паспяхова пераадольваць і разам вырашаць праблемы сацыяльна-эканамічнага і духоўна-культурнага развіцця краіны, а грамадзянскай супольнасці дае дакладныя арыенціры яго развіцця, — канстатаваў спікер. 

Моладзь адкрытая да ўлады

Гаворачы аб ролі моладзі ў захаванні і памнажэнні традыцый беларускай дзяржавы, дэпутат Мінскага гарадскога савета дэпутатаў Бажэна Ярэміч заўважыла, што сёння ў маладзёжным асяроддзі расце цікавасць да ўсяго беларускага. «Раз маладыя людзі гэтага хочуць, значыць, трэба даць магчымасць гэта рабіць і граматна выкарыстоўваць. Гэта значыць аналізаваць абстаноўку і даваць моладзі тое, што ёй цікава, але з дзяржаўным ухілам», — падкрэсліла яна. Бажэна Ярэміч адзначыла захаванне цікавасці да маладзёжных дыялогавых пляцовак. Яна прапанавала запрашаць на такія мерапрыемствы ў якасці спікераў не толькі вядомых экспертаў, але і маладзёжных лідараў, якія на сваім прыкладзе паказваюць, наколькі важна весці здаровы лад жыцця, выконваць свой грамадзянскі абавязак, падтрымліваць духоўныя і культурныя каштоўнасці, развіваць традыцыйныя рамёствы і промыслы.

Асобна Бажэна Ярэміч звярнула ўвагу на тое, што сёння ў органах улады актыўна прадстаўлены маладыя людзі. Сёлета ў мясцовыя Саветы абрана 399 прадстаўнікоў маладога пакалення Беларусі. «Мяркую, што пляцоўкі мясцовых органаў улады трэба выкарыстоўваць для навучання моладзі навыкам упраўлення дзяржаўнымі справамі. Як абраны дэпутат Мінгарсавета хачу адзначыць, што маладыя людзі адкрытыя да ўлады. Галоўнае — ісці да іх, слухаць і казаць сапраўды аб тым, што мы можам для іх зрабіць. Менавіта ў гэтым будзе праяўляцца сапраўдны дэмакратызм нашай Канстытуцыі і за кошт гэтага будуць рэалізоўвацца пастаўленыя вамі задачы. Моладзі дзесьці прасцей кантактаваць з людзьмі з прычыны незашоранасці свядомасці. Аднак мы маем юнацкі максімалізм, і таму важна, каб нас вучылі людзі, прымудроныя вопытам, своечасова падказвалі, каб мы не дапускалі памылак», — сказала яна. Своеасаблівай школай жыцця для моладзі дэпутат назвала і Усебеларускі народны сход, які акумулюе ўсе пласты беларускага грамадства.

Трэба ісці ад жыцця. Гэта найважнейшы прынцып

Падводзячы вынікі сустрэчы, Аляксандр Лукашэнка расставіў шэраг акцэнтаў па найважнейшых пытаннях, якія ўздымаліся падчас мерапрыемства. 

Кажучы пра сваю ролю ў будаўніцтве канстутцыйнага ладу, ён падкрэсліў, што выступаў толькі арганізатарам. «Я ў адзіночку ніколі ў жыцці не напісаў бы Канстытуцыю, і змяненні і папраўкі б не ўнёс. Мая справа была арганізаваць працэс, а вы малайцы. Добра, што ў нас ёсць гэтыя людзі, якія могуць ствараць не толькі Асноўны закон, але і законы і падзаконныя акты. Гэта вялікая справа», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Яшчэ раз паўтараю: мы павінны акуратна выбудаваць сістэму не пераходу да ўлады ад Лукашэнкі да Пятрова, Сідарава... Не. Прыходу да ўлады новага пакалення. Тут людзі, якія тут сядзяць — гэта новыя людзі. Фактычна, вы ўладзе. І кіраўнікі партый, і дэпутаты, і маладыя дэпутаты — людзі, якія паказалі сябе патрыётамі, якія могуць утрымаць краіну, могуць яе далей удасканальваць», — заявіў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што новаму пакаленню, магчыма, і не варта захоўваюць менавіта такую Беларусь, якая яна зараз, бо краіна ўвесь час будзе ўдасканальвацца. «Але я вельмі спадзяюся, што гэта будуць акуратныя, разумныя людзі, якія, ўдасканальваючы, будуць ісці ад жыцця. Гэта найважнейшы прынцып. У 1996 годзе Канстытуцыя і гэтак далей... Вы думаеце, што я там усё гэта ведаў? Ці з Мясніковіча я мог больш, чым ён ведаў выцягнуць? Не. І калі паўставала нейкае пытанне я заўсёды станавіўся на гэтую грэшную зямлю і заўсёды думаў: „вось гэты крок зробім і да чаго мы прыйдзем? Што гэта нам прынясе?“. Калі не ведаеш, што рабіць (я часта пра гэта казаў у 1990-х — пачатку 2000-х) калі не ведаеш, што рабіць, ідзі да людзей, яны табе падкажуць, яны скажуць», — параіў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што яму часта задаюць пытанне, ці задаволены ён тым, што створана і пабудавана. «Я задаволены. — адказаў ён. — Упэўнены: і вы задаволены. Мы пабудавалі як умелі, як маглі. Мы шчыра ставіліся да гэтага будаўніцтва. Прыйдуць новыя людзі — зробяць лепш, магчыма». Па словах беларускага лідара, сёння пакаленне, якое стварала і будавала краіну, павінна зрабіць усё, каб маладое пакаленне, якое прыйдзе да ўлады, магло, нічога не ламаючы, не крадучы, не прысвойваючы, перадаць краіну новым пакаленням.

І ў гэтым пытанні вялікая роля належыць Усебеларускаму народнаму сходу. «УНС — гэта сур’ёзны народны канстытуцыйны кантроль над усімі працэсамі ў краіне. І Прэзідэнту, які б там ні быў Прэзідэнт, давядзецца лічыцца з тымі рашэннямі, якія будуць вынесены на Усебеларускім народным сходзе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, калектыўны розум 1200 чалавек не бывае памылковым, ён абярэ аптымальны варыянт нашага развіцця. 

«Адзін чалавек, які б ён ні быў, з такой жорсткай уладай, як цяпер... Хто яго ведае, справіцца — не справіцца. Таму, не замінаючы Прэзідэнту, як я і ставіў задачу перад Канстытуцыйнай камісіяй (ён — кіраўнік дзяржавы, ён за многае будуць адказваць), УНС павінен акуратна знайсці сваё месца ў нашым грамадскім ладзе. Гэта мы з вамі павінны зрабіць. Таму будзем казаць пра гэта на чарговым Усебеларускім народным сходзе», — канстатаваў беларускі лідар. Ён папрасіў дасведчаных, вельмі дарослых людзей не адыходзіць ад гэтага працэсу. «Вы не сыходзьце. Мы сыдзем тады, калі моладзі перададзім у спадчыну тое, што мы з вамі пабудавалі», — рэзюмаваў Прэзідэнт. 

«Давайце трымацца. У імя выратавання нашай краіны» 

Асобную ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на неабходнасць выпрацаваць дзяржаўную ідэалогію. Гэта пытанне таксама будзе абмяркоўвацца на УНС. «Але я заўсёды казаў аб тым, што спяшацца тут нельга... Памылкі не павінна быць. Гэтая дзяржаўная ідэалогія павінна захапіць увесь народ. І там ужо не будзе эліты і сялян, рабочых — яна павінна захапіць увесь народ», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Сёння актыўна выкарыстоўваецца паняцце «грамадзянская супольнасць». Але што разумець пад гэтым паняццем — пытанне адкрытае. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што раней паняцце «грамадзянская супольнасць» і ўсё, што яго напаўняе, было прымацавана да разумення гэтага паняцця Захадам. «І вы разумееце, каго яны мелі на ўвазе складовымі часткамі гэтай грамадзянскай супольнасці. У свой час я настойліва прапаноўваў нам вызначыцца. Грамадзянская супольнасць — нармальнае паняцце. Але галоўнае — што гэта такое. На дадзены момант мы вызначыліся. І далі магчымасць прадстаўнікам суб’ектаў грамадзянскай супольнасці. быць актыўнымі будаўнікамі нашай дзяржавы і ўсяго грамадскага ўкладу нашай краіны», — сказаў Прэзідэнт. Асабліва актыўныя дэбаты над гэтым пытаннем ішлі пры распрацоўцы паправак у Канстытуцыю.

«Я ўсё больш думаю: гэта пытанне закрытае ці не? Думаю, што не. Яго закрываць не трэба. Магчыма, з’явяцца новыя суб’екты грамадзянскай супольнасці. Ну і потым, калі ісці ад жыцця — гэта наогул мой прынцып, — што нас падштурхоўвае сёння да таго, каб гэта пытанне закрыць? Таму давайце яго пакінем пакуль адкрытым. Прыйдзе час — мы канчаткова, калі ў гэтым будзе неабходнасць, вызначымся», — заявіў беларускі лідар. 

Ён пагадзіўся з меркаваннем, што 2020 год з яго цяжкасцямі і выклікамі трэба было б прыдумаць, калі б усяго гэтага не адбылося. «Мы шмат чаго ўбачылі. Саміх сябе ў люстэрку ўбачылі... Але ці гатовыя мы да таго, каб сказаць, што ў нас ёсць ідэі для нашай ідэалогіі? Не ведаю. Перш за ўсё, вы мяне павінны ў гэтым пераканаць. Калі я буду перакананы, я гатовы пайсці наперадзе, арганізоўваць працэс», — сказаў Прэзідэнт. Ён прапанаваў працягваць работу над гэтым пытаннем. «Нам вельмі патрэбная дзяржаўная ідэалогія. Вельмі патрэбная. Давайце разам аб гэтым думаць», — сказаў ён. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, асновай гэтай ідэалогіі маглі б стаць нейкія біблейскія пастулаты і законы — хрысціянскія каштоўнасці, а таксама цяперашняя Канстытуцыя. «Яна ж плён усяго пражытага намі. — заўважыў ён. — Я не хачу сказаць, што ўсёй асновай. Стаўпом для нашай ідэалогіі — гэта дакладна. Будзем сустракацца, абмяркоўваць гэтыя праблемы. Асабліва, што датычыцца будучыні нашай дзяржавы», — рэзюмаваў беларускі лідар. 

Прэзідэнт запэўніў усіх, што ўладу растапыранымі пальцамі ніхто не трымае. Пры гэтым ён прывёў ЗША, якія пазіцыянуюць сябе як прыклад дэмакратыі. «Апошнія выбары паказалі, якая „дэмакратыя“. Пісталет з-за пояса — і страляе, не гледзячы, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Дзяўчыну, якая абараняла амерыканскія інтарэсы — расстралялі і ўсё (забойства 6 студзеня 2021 года ў Капітоліі былой амерыканскай ваеннаслужачай Эшлі Бэбіт). І нямала такіх. Дык гэта — што мы бачылі ў прамым эфіры. Таму я наўпрост сказаў, каб заходнікі і іншыя разумелі, што ў Беларусі ёсць моцная ўлада. Мы часта пра гэта гаворым. Але растапыранымі пальцамі ніхто яе трымаць не будзе», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу на мінулыя выбары дэпутатаў і некаторыя прэтэнзіі з боку апанентаў. «А чаго вы хацелі? Вы ж нас навучылі. Вы ж нас увогуле падвялі да таго, што мы павінны жорстка дзейнічаць, выбудоўваючы вертыкаль улады і фарміруючы вакол яе моцных людзей. Што ж вы хацелі? Вы ж нам „дэмакратыю“ падкінулі, а самі па гэтым шляху не пайшлі. Мы сёння ў гэтым ужо перакананыя», — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў адрас апанентаў. Паводле яго слоў, у 2020 годзе беларусам дапамог Бог. «Калі б мы не выстаялі, тут была б вайна. Яны б сюды зацягнулі войскі НАТА. Уявіце рэакцыю Расіі — пад Смаленскам войскі НАТА. Гэта ж ядзерная вайна была б. Мы выстаялі. Бог дапамог », - сказаў ён. Па словах беларускага лідара, сёння сітуацыя яшчэ больш небяспечна. Тым, што мы яе не бачым. Напалову не бачым. «І я ў тым ліку, маючы большы аб’ём інфармацыі. Таму трэба акуратна. Ідзём па тонкім лёдзе. Лішні няправільны крок — правалімся. Нас ніхто не выратуе. А самі абараніцца і сябе выратаваць мы не зможам. Акулы вакол такія, што не паспеем азірнуцца — з’ядуць. — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. -Зайздроснікаў шмат. Таму час выбраў нас. Давайце трымацца. У імя выратавання нашай краіны. Яшчэ раз хачу сказаць: ад мяне вы не чакайце ні здрады, ні змены нейкага курса налева-направа. Разам з вамі вызначымся па ўсіх пытаннях. Я вам гэта абяцаю», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што, магчыма, такое заканчэнне размовы і не адпавядае яе святочнаму характару. Але, ён прызнаўся, што яму было важна сабраць усіх і падзякаваць. «Думаю, мы ідзём у правільным накірунку. Дзякуй яшчэ раз нашым аксакалам, ветэранам. Дзякуй суддзям, дзяржаўным служачым, кіраўнікам партый, грамадскіх арганізацый. Са святам вас яшчэ раз», — падсумаваў Аляксандр Лукашэнка. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.