Вы тут

Каласальны Ленін


Новаспечаная культурная прастора Арт Фабрыка, якая месціцца ў сталічным будынку знакамітай Фабрыкі-кухні, 14 ліпеня адкрыла свае дзверы для ўсіх жадаючых наведаць «Публічны лекторый». Тым самым доўгатэрміноваму праекту быў дадзены старт. Цяпер на базе ўстановы плануецца рэгулярна праводзіць лекцыі, запрашаючы спікераў ад свету культуры і мастацтва. Першая сустрэча складалася з дзвюх выступленняў, на адным з якіх гісторык Антон Дзянісаў распавёў аб станаўленні беларускай ленініяны. Уласна, пра гэта вам і раскажам.


Іосіф Лангбард. Эскіз маяка ў Ленінградскім  гандлёвым порце (1930—1931).

Пад словам «ленініяна» звычайна разумеюць усеабдымны мастацкі рух, які ў свой час ахапіў савецкія рэспублікі і быў накіраваны на ўвекавечанне памяці «правадыра сусветнага пралетарыята», «сябра ўсіх дзяцей» і, канешне, «бацькі рэвалюцыі» Уладзіміра Леніна. Кананізацыя фігуры натхняльніка і завадатара Кастрычніцкай рэвалюцыі пачалася адразу пасля яго смерці. Стварэнне скульптурных кампазіцый, жывапісных палотнаў, плакатаў, кінафільмаў, вершаў і кніг аб правадыры, а таксама называнне яго імем геаграфічных і не толькі аб’ектаў — усё гэта стала базісам савецкай дзяржаўнасці. Само сабой, з’ява ахапіла і Беларускую ССР.

Вынікі можам сёння назіраць на вуліцах нашых гарадоў і меншых населеных пунктаў паўсюдна. У адным толькі Мінску знаходзіцца каля дваццаці помнікаў Леніну, а колькі ва ўсёй Беларусі тапонімаў, утвораных ад гэтага імені, — не палічыць. Кандыдат гістарычных навук, даследчык Антон Дзянісаў у сваёй лекцыі больш сканцэнтраваўся на асаблівасцях менавіта скульптурных выяў рэвалюцыянера. Шмат увагі спікер надаў тэме фарміравання выяўленчага канона і распавёў гісторыі асобных ленінскіх помнікаў на тэрыторыі нашай краіны.

Між іншым, існуе даволі распаўсюджанае меркаванне, нібыта скульптурная ленініяна бярэ свой пачатак у Беларусі. Кажуць, што першая статуя з’явілася менавіта тут ды яшчэ і пры жыцці прататыпа! У 1922 годзе ў мястэчку Краснаполле, згодна з легендай, усталявалі першага на ўвесь Савецкі Саюз скульптурнага Леніна. Ён быў выкананы з дрэва і займаў пляцоўку ўнутры мясцовага Дома культуры. На жаль, фігура, як і дакладнае фатаграфічнае сведчанне, не захавалася. Як бы там ні было, у гэтай справе Беларусь відавочна не адставала ад сваіх суседзяў па вялікай дзяржаве.

Пасля смерці Уладзіміра Ульянава ўвесь Саюз захліснула хваля мастацкіх твораў, прысвечаных бацьку рэвалюцыі. Паколькі ў тыя часы ў прасунутым мастацкім асяроддзі панаваў авангард, многія з іх адрозніваліся асаблівай экстравагантнасцю. Некаторыя ж сёння падаюцца выключна дзіўнымі проста з прычыны іх нестандартнасці. Гэта тычыцца, напрыклад, і бюста «Ленін на мітынгу» 1924 года скульптара Георгія Лаўрова. Работа служыць добрай ілюстрацыяй таго, як мастакі спрабавалі намацаць межы дапушчальнага. Сёння гэты шчыры твор нагадвае хутчэй прадукт іранічнага сац-арту.

У прынцыпе, адразу пасля смерці палітыка і паўсталі пытанні, па-першае, цэнтралізацыі вытворчасці Ленінаў і, па-другое, зацвярджэння асаблівых правіл арганізацыі гэтай вытворчасці. У 1925 годзе ў пошуках адказу на іх Цэнтральным выканаўчым камітэтам БССР услед за ЦВК усяго СССР засноўваецца камісія па ўвекавечанні памяці Уладзіміра Ільіча Леніна. У яе абавязкі ўваходзіць правядзенне конкурсаў на стварэнне скульптурных (і не толькі) выяў рэвалюцыйнага лідара. У тым жа 1925 годзе пераможца такога конкурсу Аляксандр Грубэ ставіць першага Леніна ў Мінску.

На той момант канон, вядома, яшчэ не сфарміраваны. Пошукі будуць працягвацца аж да сярэдзіны 1930-х, да той пары, пакуль канчаткова не сфармулююць канцэпцыю сацыялістычнага рэалізму, адзінага правільнага мастацкага метаду. Ад гэтага пункту фактычна і пачнецца адлік усяго савецкага манументальнага мастацтва. Скульптурны вобраз Леніна ў агульных рысах будзе вынайдзены і замацаваны. Але гэта толькі сярэдзіна 1930-х.

Да іх надыходу прыхільнікаў правадыра чакае дзесяцігоддзе неверагоднага хаоса і бясконцага эксперыментатарства. Актыўнымі пошукамі, натуральна, займаліся і ў Беларусі.

Анатоль Тычына «Бібліятэка імя У. І. Леніна» (1940).

Прыкладна ў 1930—1931 гадах будучым заслужаным дзеячам мастацтваў БССР Іосіфам Лангбардам для Ленінградскага гандлёвага порта ствараецца цікавы праект маяка. Але гэта быў не проста маяк… Гэта была статуя, ды нават калос! Калос, які планавалі паставіць ледзь не на рассоўнай дамбе! Грандыёзная скульптура Леніна была 120 метраў вышынёй. Для параўнання: вядомая Статуя Свабоды паблізу Нью-Ёрка разам з пастаментам складае толькі 93 метры, а кампазіцыя «Радзіма-маці кліча» ў Валгаградзе — 85. Новы маяк стаў бы найвышэйшай статуяй у свеце.

Аднак цікавасць уяўляе іншае. Паглядзіце, як дзіўна выглядае сама скульптура! Каласальны Ленін грозна глядзіць на людзей зверху, абапіраючыся амаль што на галовы сваіх ідэалагічных папярэднікаў — Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса (праект не рэалізаваны). Вобраз цалкам адцягнены, ён не заснаваны на фотаздымку або хроніцы, не фіксуецца жывапісцамі. Гэта важна, бо пазней стала прынята выяўляць Леніна паводле пэўных візуальных сведчанняў, і фантазёрства тут не падтрымлівалася. Акрамя таго, стылістыка, у якой выкананы эскіз, падкрэслена экзатычная і відавочна адсылае да старажытнаегіпецкай спадчыны. Успомніце, напрык-лад, вуглаватыя абрысы Вялікага сфінкса.

Ходзяць чуткі, быццам той жа самы Лангбард курыраваў будаўніцтва Першай Усебеларускай сельскагаспадарчай і прамысловай выстаўкі ў Мінску ў 1929—1930-х гадах, але гэта не пацверджаная інфармацыя. Ва ўсякім разе на мерапрыемстве, што праходзіла на тэрыторыі, абмежаванай сучаснымі вуліцамі Талбухіна —

Кнорына — Кедышкі, наведвальнікаў сустракаў дзядуля Ленін. Уладзімір Ільіч, зроблены Аляксандрам Грубэ, узмахваў кулаком над галавою, як бы разразаючы паветра перад палымянай прамовай. Уся яго поза была перакручана і зафіксавана ў вельмі дзіўнай напружанай паставе.

Час ішоў, гайкі закручваліся і паступова ад эксперыментаў давялося адмовіцца канчаткова. У новай дзяржаве вальнадумныя дзеянні караліся жорстка і бязлітасна. Тым больш Ленін у 30-я гады ператварыўся ў сапраўднага святога, без перабольшанняў. У гэты час увайшлі ў моду тыпавыя (то-бок тыражуемыя) скульптуры, якія распаўсюдзіліся па ўсім Савецкім Саюзе. «Ленін, які заклікае», «Ленін, які паказвае», «Юны Ленін» — варыянты, што здабылі асаблівую славу. Хапае падобных сюжэтаў і на тэрыторыі нашай краіны.

Цікавая гісторыя звязана з іншым тыпавым помнікам. Уявіце сабе карціну: Ленін і Сталін мірна размаўляюць, седзячы на лаўцы перад уваходам у будынак бібліятэкі. Менавіта такая скульптура калісьці ўпрыгожвала ўваход у храм ведаў (стары будынак мінскай Ленінкі). Існуе цэлы корпус гарадскіх легенд, аб’яднаны агульнай тэмай — «правадыры на лаўцы». Найбольш часта паўтараецца гісторыя аб раптоўным знікненні аднаго з суразмоўцаў. Пасля развянчання культу асобы выявы Сталіна пачалі знікаць. У тым ліку і з парных помнікаў, пакідаючы пасля сябе асобныя, прабачце, шматкі.

Паштоўка сярэдзіны 1980-х.

І вось, у канцы 1920-х — першай палове 1930-х гадоў у Беларусі задумваюцца аб адкрыцці галоўнага ў рэспубліцы ленінскага помніка. Доўгі час вызначаецца месца для будучага пастамента, але ў 1929 годзе ўсё той жа Іосіф Лангбард з фенаменальным праектам перамагае ў конкурсе на архітэктурнае рашэнне Дома ўрада. Гэтая падзея кардынальным чынам уплывае на сітуацыю. Бронзавы рэвалюцыянер становіцца сэнсавай кульмінацыяй праекта Лангбарда. Абвясцілі дадатковы конкурс. За права адліць куміра змагаліся вядучыя скульптуры: Аляксандр Грубэ, Абрам Бразер, Мацвей Манізер і многія іншыя.

Як вядома, перамог у выніку Манізер. Яго работа перажыла шмат перапрацовак і дапаўненняў, аднак канцэптуальна захавала сваё першаснае аблічча. За пластычную аснову было ўзята выступленне Леніна ў Маскве ў 1920 годзе перад часцямі Чырвонай Арміі, якія адпраўляюцца на польскі фронт. Гэты ж самы момант увасобіў у сваім палатне і жывапісец Ісаак Бродскі. На карціне ніжняя частка цела Уладзіміра Ільіча перакрыта драўлянай трыбунай. Першапачатковы, конкурсны варыянт Манізера таксама як бы вылазіў са скрыні, але пазней фігура была дапрацавана і зрабілася больш вытанчанай.

У 1933 годзе адбылося ўрачыстае адкрыццё новага помніка. Творчы дуэт Манізера і Лангбарда аказаўся вельмі плённым і пазней стварыў яшчэ некалькі заўважных манументальных кампазіцый у іншых гарадах. Пасля выпрабаванняў вайны і акупацыі (пасля руйнавання, ў рэшце рэшт) у 1945-м скульптура Леніна перад Домам урада была адноўлена, і гэта далёка не фінальная кропка ў гісторыі беларускай ленініяны…

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Спецыяльна дзеля свята кіраўнік дзяржавы раней вярнуўся з Душанбэ, дзе прымаў удзел у саміце АДКБ — ШАС. 

Культура

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Гісторыка-археалагічны музей у Гродне апублікаваў на сваім YouTube-канале відэа, як стваралі зграфіт

Грамадства

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Кожнаму з бацькоў хочацца, каб яго дзіця было рознабакова развітым, паспяховым у будучым. 

Грамадства

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

У кожным з гарадоў адкрываліся памятныя знакі, праходзілі экскурсіі і мітынгі.