Вы тут

А мне патрэбна гэта рэч?


Днямі мая сястра хадзіла выбіраць сабе сукенку, але прынесла з крамы джынсы, спадніцу і тры амаль аднолькавыя футболкі. «А дзе ж сукенка?» — пытаюся я ў яе. Аказваецца, яна не знайшла прыгожую, затое трапіла на святочны распродаж. З-за таго, што людзей было шмат, яна не паспела прымераць усе гэтыя рэчы. Вядома, падышло ёй не ўсё. І гэта не сцэна з фільма, а рэальная сітуацыя. А ў вас такое было? Празмернае спажыванне не толькі вельмі шкодзіць прыродзе, яно можа ўказваць на эмацыйныя і псіхалагічныя праблемы, якія вельмі важна вырашаць, а не заглушаць пакупкамі.


На вытворчасць розных тавараў траціцца шмат рэсурсаў: не толькі першаснай сыравіны (нафты, драўніны, металу), запасы якой далёка не бясконцыя, але і базавых — вады і энергіі. Напрыклад, для атрымання бавоўны, неабходнай для адной футболкі, расходуецца 2700 літраў вады — столькі ў сярэднім чалавек выпівае за 900 дзён. Пры гэтым жыхары ­Ганконга кожную хвіліну выкідваюць 1400 футболак. Большая частка адзення, яшчэ прыдатнага для выкарыстання, адпраўляецца ў смецце. Адна толькі Масква вывозіць на звалкі не менш за 360000 тон тэкстылю штогод.

Як купляць менш?

Як мага часцей пераглядайце свой гардэроб. Адзін з эфектыўных спосабаў па­збавіцца ад лішняга — расхламленне гардэробу па метадзе Мары Кандо. Японская гуру ўборкі і мінімалізму прапануе дастаць з шафаў ­абсалютна ўсе рэчы, уключаючы бялізну, аксэсуары і верхняе адзенне, і ацаніць памер гэтай «гары». З яе трэба пакінуць толькі тое, што вы часта носіце або што прыносіць вам радасць. Задайце сабе пытанне: карысталася (ці карыстаўся) я гэтай рэччу ў апошні час? Калі не — без сумненняў аддавайце яе сябрам, на дабрачыннасць (напрыклад, у KaliLaska) або прадавайце. Так вы зразумееце, якія рэчы ў вас ёсць, і зможаце менш купляць непатрэбнага.

Не спяшайцеся прымаць рашэнні. Дзейсны спосаб не паддавацца імпульсіўным пакупкам — падумаць два дні. У краме вам можа здавацца, што без гэтай рэчы вы не зможаце пражыць, але праз два дні, хутчэй за ўсё, і не ўзгадаеце пра яе. Калі ўсё гэтак жа будзеце яе хацець, смела ­ідзіце ў краму. Ваша рэч будзе вас чакаць. Калі не, то ў рэшце рэшт, гэта ўсяго толькі адзенне.

Купляйце за наяўныя грошы. Ужо мала хто карыстаецца наяўнымі грашыма. Але падаючы банкаўскую карту на касе, мы не заўсёды ўсведамляем, наколькі шмат патрацілі. Гэта «нябачныя» віртуальныя грошы, якія і аддаць не так шкада. Калі ж мы бачым, колькі заплацілі, то ў наступны раз ужо падумаем, ці варта яно таго.

Не купляйцеся на распродажы. Добрыя рэчы рэдка дажываюць да распродажу. На зніжкі трапляе трэндавае адзенне, якое выйдзе з моды хутчэй, чым вы — з крамы. Нізкія цэны могуць прымусіць вас набыць лішняе, таму заўсёды задавайце сабе пытанне: купіла б (ці купіў бы) я гэтую рэч, калі б яна не каштавала так танна? Асабліва важна гэта рабіць у сэканд-хэндах, бо там тавары часта каштуюць няшмат. Мы раім купляць рэчы ў сэканд-хэндах, але гэта не значыць, што яны не трапяць на звалку і не нашкодзяць прыродзе. Памятайце пра разумнае спажыванне!

Разбярыцеся ў сабе. Прычын, чаму мы купляем непатрэбныя рэчы, вельмі шмат. Напрыклад, пагоня за зніжкамі ці трэндамі. Для кагосьці пакупкі — гэта спосаб справіцца са стрэсам. Сапраўды, калі чалавек набывае нешта новае і прыемнае, у яго выпрацоўваюцца гармоны шчасця. Аднак праблема ў тым, што задавальненне цягнецца нядоўга, таму купляць хочацца яшчэ і яшчэ, быццам наркаману. Ёсць нават такая прызнаная псіхіятрамі хвароба, як шапагалізм, лячыцца ад якой трэба ў прафесіяналаў.

Гэта далёка не ўсе парады па разумным спажыванні. У наступны раз мы разбярэмся, як даглядаць адзенне так, каб яно праслужыла вам доўга!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.