Вы тут

Як абараніць свойскую жывёлу і сябе ад шаленства?


Заражэнне шаленствам рэгіструюць у больш чым 150 краінах свету — як сярод жывёлін, так і сярод насельніцтва. Штогод больш за чатыры мільёны чалавек на планеце атрымлівае антырабічную дапамогу, і каля 50 тысяч гіне ад гэтай інфекцыі. Неспрыяльная сёння сітуацыя з шаленствам жывёлін і ў Беларусі. У людзей, дзякуючы прафілактычным мерапрыемствам, з 2012 года выпадкаў захворвання не рэгістравалася.


Фота: pixabay.com

У 2020 годзе па антырабічную дапамогу ва ўстановы аховы здароўя звярнулася больш за 18,3 тысячы чалавек (для параўнання, у 2019 годзе — больш за 22 тысячы), з іх амаль трэць — дзеці. Кантактавалі з хворымі на шаленства жывёлінамі 680 чалавек.

— Шаленства — захворванне, якое не мае межаў і можа перамяшчацца як з тэрыторыі суседніх краін, так і паміж абласцямі ўнутры краіны, — расказвае намеснік дырэктара Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Ігар Дарафейчык. — Сітуацыя па шаленстве ў Беларусі неспрыяльная. Асноўныя прафілактычныя мерапрыемствы ветэрынарнай службы — вакцынацыя. Сёння як дзяржаўныя клінікі, так і прыватныя прышчапляюць бясплатна і на платнай аснове свойскіх жывёл — сабак і кошак — рознымі відамі вакцын.

Ажыццяўляецца вакцынапрафілактыка і сярод драпежных жывёлін. Такія мерапрыемствы, а гэта раскідванне прынад з вакцынай, праводзяцца ў нашай краіне з 2011 года. Найбольш актыўна такая работа ідзе ў Брэсцкай, Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай абласцях на тэрыторыі каля 60 тысяч квадратных кіламетраў. Двойчы на год — восенню і вясной — такім чынам раскідваецца больш за 2,7 мільёна доз вакцыны.

— У драпежных жывёлін мы бяром аналізы на наяўнасць антыцелаў. Бо згодна з лабараторнымі даследаваннямі, найбольшая колькасць зарэгістраваных выпадкаў шаленства і нашэння інфекцыі якраз у драпежных жывёлін, найчасцей — лісіц. У 2021 годзе праведзена 825 такіх даследаванняў, з іх станоўчыя аказаліся 159, у тым ліку 65 у свойскай жывёлы, 94 — у драпежнай, — адзначыў Ігар Дарафейчык.

Вакцына ад шаленства маецца ва ўсіх раённых ветэрынарных станцыях: туды і трэба звяртацца для вакцынацыі свойскай жывёлы, яна бясплатная.

Шаленства — не толькі хвароба жывёлін, але і сур'ёзная пагроза для здароўя чалавека. Яно пашкоджвае нервовую сістэму і заканчваецца смерцю. Пры кантакце з жывёлай, хворай на шаленства ці з падазрэннем на яго, узнікае сур'ёзная рызыка заражэння чалавека.

— Гэта не толькі ўкусы, але і пападанне сліны на слізістыя, пашкоджаныя скурныя покрывы, абдзіранне, — тлумачыць загадчык аддзялення асабліва небяспечных інфекцый Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Настасся Ляшкевіч. — Адзіным эфектыўным спосабам прафілактыкі гэтай інфекцыі ў чалавека таксама з'яўляецца вакцынацыя. У нашай краіне маюцца вакцына і імунаглабулін для аказання антырабічнай дапамогі.

Як адзначыла суразмоўніца, у нас праводзіцца і прафілактычная імунізацыя груп рызыкі — ветэрынарных работнікаў, егераў, леснікоў, паляўнічых, людзей, якія займаюцца лабараторнай дыягностыкай шаленства і адловам безнаглядных жывёл.

Інкубацыйны перыяд дадзенай інфекцыі можа доўжыцца ад некалькіх дзён да некалькіх месяцаў, ёсць выпадкі, калі ён зацягваецца да года і больш. Першыя сімптомы ўзнікаюць у месцы пашкоджання. Гэта мышачнае паторгванне, неўралагічныя болі, можа нязначна павышацца тэмпература, з'яўляецца адчувальнасць да гукавых і светлавых раздражняльнікаў, парушэнне агульнага стану. З прагрэсіраваннем захворвання ўзнікаюць паралічы. Смерць наступае ад паралічу дыхальнага і сардэчна-сасудзістага цэнтраў, якія знаходзяцца ў галаўным мозгу.

— Таму вельмі важна своечасова звяртацца па медыцынскую дапамогу пасля кантакту з хворымі на шаленства жывёламі. Гаспадарам свойскай жывёлы варта строга прытрымлівацца правілаў іх утрымання і абавязкова вакцынаваць. Звярніце ўвагу сваіх дзяцей — навучыце іх пазбягаць кантакту з безнагляднымі жывёлінамі і паведамляць бацькам, калі апошні ўсё ж адбыўся. Калі вывозіце жывёлін на лецішча, абавязкова за імі назірайце: кантралюйце, дзе знаходзіцца, сачыце, ці не было кантакту з драпежнай жывёлінай, якая можа прыйсці на дачны ўчастак ці вясковы падворак. Калі драпежная жывёліна прайшла на падворак, можна меркаваць, што яна хворая на шаленства. Калі такі кантакт адбыўся, за свойскай жывёлай варта ўстанавіць назіранне, для гэтага важна звярнуцца ў ветэрынарную службу, — адзначыла Настасся Ляшкевіч.

Калі вас укусіла ці падрапала жывёла, якая, можна меркаваць, хварэе на шаленства, у першыя суткі як мага хутчэй трэба звярнуцца па медыцынскую дапамогу. Калі ёсць пашкоджанне, рану трэба прамыць праточнай вадой, можна з гаспадарчым мылам, затым апрацаваць любым антысептыкам. Найбольш небяспечныя пашкоджанні — галавы, твару, шыі, кісцяў рук, ступняў, геніталій.

— Урач ацэньвае пашкоджанні, і ад іх залежыць тактыка аказання антырабічнай дапамогі. Гэта або вакцына, або яшчэ і імунаглабуліны. Але не 40 уколаў у жывот. Гэта шэсць унутрымышачных прышчэпак, якія ўводзяцца па пэўнай схеме. Нельга самастойна перарываць курс лячэння і адмаўляцца ад імунізацыі, бо гэта пагражае самымі сумнымі наступствамі, — папярэдзіла Настасся Ляшкевіч.

Яна дадала, што з 2012 года, дзякуючы своечасовай прафілактыцы, выпадкаў заражэння на шаленства ў Беларусі не зарэгістравана.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Шаленства не страчвае актуальнасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ці апраўдае сваю назву апошні месяц зімы? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Ці апраўдае сваю назву апошні месяц зімы? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Люты — ад лацінскага «фебруарыс», што азначае «ачышчэнне». 

Грамадства

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Каму, калі, што, дзе і як можа давяраць пра сябе сучасны чалавек.

Грамадства

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Раней было прасцей: скончылася ў доме соль — ідзеш у краму і купляеш, і ўсё зразумела.