Вы тут

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?


У цяперашні час у Беларусі адзначаецца актывізацыя віруснага гепатыту А (ВГА) — як і большую частку кішэчных інфекцый, яго называюць хваробай нямытых рук. Як інфармуе Міністэрства аховы задроўя, найбольшая колькасць захворванняў традыцыйна прыпадае на асенне-зімовы перыяд. Большасць хворых — гэта дарослыя ва ўзросце 18-39 гадоў, удзельная вага дзяцей не перавышае 20% выпадкаў. У лютым — сакавіку з мэтай абмежавання распаўсюджвання захворвання ў Мінску і рэгіёнах праводзіцца вакцынацыя кантактных асоб (дарослых) — людзей, якія блізка кантактавалі з хворым пацыентам.


Заразіцца гепатытам А можна кантактна-бытавым шляхам — пры невыкананні правілаў асабістай гігіены праз брудныя рукі і прадметы ўжытку, пасля ўжывання вады негарантаванай якасці (калонкі, студні, крыніцы і інш.), асабліва ў перыяд адлігі ці паводкі, а таксама харчовым шляхам пры ўжыванні інфікаваных прадуктаў харчавання і прыгатаваных з іх страў. Нярэдка такая паталогія заканчваецца самастойна і без якога-небудзь актыўнага лячэння. Але ўсё ж ігнараваць гепатыт А не варта, бо таксічнае ўздзеянне на печань можа мець вельмі негатыўныя наступствы.

Чым небяспечны гепатыт А і як сябе праяўляе інфекцыя, а таксама аб правілах прафілактыкі мы паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.

— Аліна Вітальеўна, раскажыце, што за хвароба гепатыт А.

— Гепатыт А (хвароба Боткіна, жаўтуха) — вострае запаленчае захворванне печані, выкліканае вірусам гепатыту А. Вірус гепатыту А валодае высокай устойлівасцю да ўздзеяння фізічных фактараў і здольны доўга захоўвацца ў навакольным асяроддзі: пры замарожванні — некалькі гадоў, пры пакаёвай тэмпературы ў сухім асяроддзі — на працягу некалькіх тыдняў, у вадзе — да 10 месяцаў. Пры награванні да 60 градусаў вірус інактывуецца праз 12 гадзін, пры кіпячэнні — праз 5 хвілін. Ён адчувальны да ўздзеяння ўльтрафіялетавага апрамянення. Крыніцай інфекцыі з’яўляецца чалавек.

— Як адбываецца заражэнне?

— Інкубацыйны перыяд (перыяд часу ад заражэння вірусам да праявы першых клінічных сімптомаў захворвання) вар’іруецца ад 7 да 50 дзён (у сярэднім — каля 35 дзён).

Размнажэнне віруса ў арганізме чалавека адбываецца ў клетках тонкага кішэчніка і клетках печані. Перадача віруса ад чалавека да чалавека ажыццяўляецца фекальна-аральным механізмам праз ваду, харчовыя прадукты, нямытыя рукі, прадметы ўжытку. Найбольшую эпідэмічную небяспеку ўяўляюць хворыя на сцёртую і безжаўтушную формы гепатыту, а таксама хворыя ў канцы інкубацыйнага і на працягу пераджаўтушнага перыядаў, калі адбываецца інтэнсіўнае выдзяленне віруса чалавекам у навакольнае асяроддзе, а захворванне на гепатыт А яшчэ не дыягнаставана.

Як правіла, перадача віруса адбываецца ад інфікаванага чалавека са сцёртай формай гепатыту А пры парушэнні правіл асабістай гігіены. Калі такі чалавек гатуе ежу нямытымі рукамі, вірус трапляе з рук у ежу. Людзі, якія яе ўжываюць, заражаюцца.

— Магчыма, хтосьці мае імунітэт супраць гэтай харобы?

— Успрымальнасць людзей да віруса гепатыту А ўсеагульная. Аднак дзеці першага года жыцця адносна рэдка захворваюць з прычыны наяўнасці матчыных антыцелаў, калі маці перахварэла на гепатыт А раней ці была прышчэплена.

— Як сябе праяўляе хвароба?

— Пры класічнай клінічнай карціне захворвання пасля інкубацыйнага перыяду ідзе пераджаўтушны перыяд, працягласць якога часцей за ўсё складае ад 3 да 7 дзён (часам да 14 дзён). У ім у хворага адзначаецца павышэнне тэмпературы цела да 39°С, з’яўляюцца сімптомы інтаксікацыі (галаўны боль, галавакружэнне, слабасць, ламота ў мышцах, касцях, суставах) і дыспепсічны сіндром (зніжэнне апетыту, млоснасць, гарката ў роце, цяжар у эпігастральнай вобласці і правым падрабрынні, затрымка або паслабленне стула).

У канцы пераджаўтушнага перыяду мача становіцца цёмна-жоўтай, а стул — асветленым. Звычайна са з’яўленнем жаўтухі самаадчуванне хворых даволі хутка пачынае паляпшацца, нармалізуецца тэмпература цела, праз некалькі дзён знікаюць усе сімптомы пераджаўтушнага перыяду.

Жаўтуха пры гепатыце А нарастае хутка, дасягаючы звычайна максімуму за 3–5 дзён, у наступныя 5–10 дзён трымаецца на адным узроўні, а затым інтэнсіўнасць жаўтухі памяншаецца. У сярэднім працягласць жаўтушнага перыяду складае каля 2 тыдняў. Са з’яўленнем жаўтухі ў большасці выпадкаў заразнасць хворых значна памяншаецца.

Наступны перыяд — рэканвалесцэнцыі — характарызуецца знікненнем клінічных і біяхімічных прыкмет хваробы. У некаторых выпадках перыяд рэканвалесцэнцыі можа зацягвацца да 6–8 і больш месяцаў. Нярэдка сустракаюцца безжаўтушныя формы захворвання, якія дыягнастуюцца лабараторна. Зыход гепатыту А звычайна спрыяльны. Поўнае выздараўленне адзначаецца ў 90% хворых, у астатніх выпадках адзначаюцца рэшткавыя з’явы.

— Як засцерагчыся ад гэтай непрыемнай інфекцыі?

— Неспецыфічная індывідуальная прафілактыка гепатыту А заключаецца ў першую чаргу ў выкананні правілаў асабістай гігіены. Каб прадухіліць заражэнне вірусам гепатыту А, неабходна рэгулярна мыць рукі з мылам, выкарыстоўваць для апрацоўкі рук санітайзеры (антысептыкі), сачыць за асабістай гігіенай дзяцей, ужываць для піцця толькі бутыляваную або кіпячоную ваду.

Перад ужываннем, гатаваннем страў заўсёды варта старанна мыць садавіну (у тым ліку ў лупіне), ягады (у тым ліку кавуны), гародніну, зеляніну. Пры гэтым для мыцця харчовых прадуктаў нельга выкарыстоўваць ваду з вадаёмаў, як і заглынаць яе падчас купання.

Пры гатаванні ежы важна захоўваць тэмпературны рэжым і вытрымліваць час прыгатавання. Кухню і санвузлы трэба рэгулярна прыбіраць з выкарыстаннем сродкаў дэзынфекцыі. Не рэкамендуецца купляць наразную садавіну і гародніну, у тым ліку бахчавыя культуры.

— Ці ёсць прышчэпкі ад гепатыту А?

— Так, сапраўды найбольш эфектыўным спосабам абароны ад захворвання на вірусны гепатыт А з’яўляецца спецыфічная прафілактыка — вакцынацыя. Прымяняюцца наступныя віды вакцын. Як для дзіцячага насельніцтва (для дзяцей і падлеткаў ва ўзросце з 1 да 15 гадоў уключна), так і для дарослага (дарослыя і падлеткі ва ўзросце з 16 гадоў) прымяняецца вакцына «Хаўрыкс». Вакцына «Хеаліў» у дазіроўцы 1,0 мл паказана для актыўнай імунізацыі супраць інфекцыі, выкліканай гепатытам А ва ўспрымальных дарослых і падлеткаў ва ўзросце 16 гадоў і старэй, а ў дазіроўцы 0,5 мл яны падыходзяць для дзяцей, старэйшых за 1 год, да 16 гадоў.

«Вірус гепатыту А валодае высокай устойлівасцю да ўздзеяння фізічных фактараў і здольны доўга захоўвацца ў навакольным асяроддзі: пры замарожванні — некалькі гадоў, пры пакаёвай тэмпературы ў сухім асяроддзі — на працягу некалькіх тыдняў, у вадзе — да 10 месяцаў. Пры награванні да 60 градусаў вірус інактывуецца праз 12 гадзін, пры кіпячэнні — праз 5 хвілін. Ён адчувальны да ўздзеяння ўльтрафіялетавага апрамянення. Крыніцай інфекцыі з’яўляецца чалавек».

Для фарміравання выяўленага імунітэту ў дзяцей, які захаваецца на працяглы тэрмін, неабходны дзве прышчэпкі. Перапынак паміж імі складае 6-12 месяцаў пасля першай вакцынацыі. Вакцынацыю паўтараюць у выпадку, калі на першую прышчэпку не было выяўлена ніякіх алергічных рэакцый. Дзяцей можна прывіваць ужо з года. Дарослыя прышчапляюцца, калі ў іх у крыві адсутнічаюць антыгены да захворвання або пры высокай рызыцы заражэння — напрыклад, выезд у краіны з нізкім узроўнем развіцця, захворванне кагосьці з блізкага атачэння, з кім чалавек кантактаваў.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: 50 адценняў жоўтага

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.