Вы тут

За якую адукацыю гатовыя плаціць абітурыенты?


11 жніўня прыёмная кампанія ў беларускіх ВНУ выйшла на фініш. У гэты дзень спісы «навабранцаў» платнай формы навучання апублікавалі ўсе ВНУ. Не сакрэт, што ў апошнія гады трапіць на платнае навучанне ў ВНУ можна нават з мінімальнай колькасцю балаў. Адзінае абмежаванне — гэта ніжні парог на ЦТ. Але ж ці можна лічыць сур’ёзным бар’ерам 10, 15 ці нават 25 балаў па профільных гуманітарных дысцыплінах? А для ВНУ сілавых ведамстваў, ваенных факультэтаў грамадзянскіх ВНУ і шэрага сельскагаспадарчых спецыяльнасцяў устаноўлена яшчэ ніжэйшая планка, якая складае ўсяго 7 балаў...


Фота з архіву «Звязды»

Праграміст ці радыёэлектронік?

Між іншым, сёлета вышэйшыя навучальныя ўстановы сутыкнуліся з дэфіцытам абітурыентаў нават пры залічэнні на бюджэт. Незапоўненыя засталіся месцы на тэхнічных, сельскагаспадарчых, ваенных спецыяльнасцях... Вельмі неахвотна абітурыенты ішлі на спецыяльнасці, дзе рыхтуюць настаўнікаў фізікі і інфарматыкі. Нават у Беларускім дзяржаўным універсітэце давялося абвяшчаць дадатковы набор на бюджэтныя месцы на механіка-матэматычны, фізічны факультэты і ў Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут БДУ імя А. Сахарава. Дакладныя навукі заўсёды былі слабым месцам у выпускнікоў. А той, хто імі добра валодае, як правіла, выбірае спецыяльнасці, якія могуць адкрыць дарогу ў ІТ.

Але і ў БДУІР — галоўнай кузні «айцішнікаў» — сёлета былі праблемы з наборам. Традыцыйна самы запатрабаваны ў абітурыентаў — факультэт камп’ютарных сістэм і сетак. А самай папулярнай сярод абітурыентаў на дзённай бюджэтнай форме навучання стала стала спецыяльнасць «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій». На першым месцы ў сваёй заяве яе ўказалі 332 чалавекі (пры плане прыёму — 60).

Варта нагадаць, што абітурыенты БДУІР маюць магчымасць пры падачы заявы ў прыёмную камісію выбіраць і расстаўляць свае прыярытэты. У спісе, з якога яны выбіраюць, — 34 спецыяльнасці. Калі абітурыент не праходзіць па сваіх балах на першую ўпадабаную спецыяльнасць, згаданую ў прыярытэтах, то ўдзельнічае ў конкурсе на другую, трэцюю і гэтак далей. Прычым пры падачы дакументаў можна падаць адразу дзве заявы: на бюджэтную і платную формы навучання. Пры гэтым пералік спецыяльнасцяў, іх колькасць і прыярытэты могуць быць розныя для дзвюх заяў.

Пасля закрыцця 9 жніўня прыёмных камісій стала вядома, што ў БДУІР на 1042 месцы на платнай форме навучання пададзены 1163 заявы. Прыярытэты ў абітурыентаў засталіся тыя ж: па «праграмным забеспячэнні інфармацыйных тэхналогій» было 216 ахвотных на 60 месцаў.

На спецыяльнасці «інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі ў гульнявой індустрыі» на 105 месцаў прэтэндавалі 160 чалавек. А на «інфармацыйных сістэмах і тэхналогіях у эканоміцы» — 41 ахвотны на 30 месцаў. Наогул, колькасць прэтэндэнтаў перавышала колькасць месцаў мала на якіх спецыяльнасцях, а на большасці адчуваўся відавочны дэфіцыт ахвотных навучацца. І дакументы абітурыенты падавалі з даволі сціплымі баламі. Дзякуючы аўтаматызаванай сістэме і магчымасці быць залічанымі на другі, трэці і гэтак далей прыярытэт, згаданы ў заяве, платныя месцы ўсё ж такі запоўніліся, але наўрад ці гэта быў мэтанакіраваны і свядомы выбар прафесіі прэтэндэнтаў на студэнцкі білет.

У Беларускім дзяржаўным універсітэце сярэдні конкурс на дзённую платную форму навучання склаў 1,25 чалавека на месца. На першы курс залічаны 1699 абітурыентаў. Сярод залічаных 145 чалавек скончылі з адзнакай сярэднюю школу або сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, што складае 8,6 працэнта ад агульнай колькасці залічаных. 38 працэнтаў ад агульнай колькасці абітурыентаў, залічаных па выніках трох ЦТ, маюць больш за 300 балаў. Самыя высокія прахадныя балы склаліся на спецыяльнасцях «міжнароднае права» (332); «міжнародныя адносіны» (332), «лінгвакраіназнаўства» (329); «інфармацыя і камунікацыя» (320), «правазнаўства» (301); «хімія лекавых злучэнняў» (296), «бізнес-адміністраванне» (296), «фундаментальная хімія» (294); «эканамічнае права» (293).

З любымі баламі

У БНТУ сёлета назіраліся сур’ёзныя праблемы нават з запаўненнем бюджэтных месцаў. Дадатковы набор быў абвешчаны на 18 спецыяльнасцяў. Натуральна, што і платныя месцы не змаглі запоўніцца. На спецыяльнасцях, дзе конкурсу не было, прахадныя балы былі даволі нізкія: «аўтасэрвіс» —159, «тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў » — 137, «масты, транспартныя тунэлі і метрапалітэны» — 135.

На спецыяльнасць «аўтамабільныя дарогі» конкурс склаў адзін чалавек на месца (прахадны бал — 134 ),"эканоміка і арганізацыя вытворчасці (прыборабудаванне)" — адзін чалавек на месца (прахадны бал — 127 ), «прамысловы дызайн транспартных сродкаў» — адзін чалавек на месца (прахадны бал — 122).

На спецыяльнасцях, дзе было больш за аднаго прэтэндэнта на месца, самыя высокія прахадныя балы назіраліся на «архітэктурным дызайне» — 291 бал, «праграмным забеспячэнні інфармацыйных тэхналогій» — 265, «мытнай справе» — 257, «архітэктуры» — 252. Самы высокі конкурс на платнай форме навучання быў на «архітэктурным дызайне» — 1,6. Трэба заўважыць, што ў параўнанні з бюджэтнай формай навучання, на платнай прахадныя балы былі намнога меншыя: розніца склала 60, 80 балаў і больш. Так, на спецыяльнасці «эканоміка і арганізацыя вытворчасці (прыборабудаванне)» машынабудаўнічага факультэта на бюджэтнай форме прахадны бал быў 286, а на платнай — 127.

«Руляць» стаматолагі і фармацэўты

Што датычыцца вышэйшай медыцынскай адукацыі, то абсалютна без праблем запоўніліся ўсе платныя месцы ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце.

— Конкурс сярод абітурыентаў, якія выказалі жаданне платна вучыцца на ўрача і правізара ў вядучым медыцынскім універсітэце краіны, у гэтым годзе адбыўся. Адпаведна, план прыёму выкананы цалкам, — падкрэсліў адказны сакратар прыёмнай камісіі Белдзяржуніверсітэта Аляксей КАДУШКІН. — Калі казаць аб прахадных балах, то на многіх факультэтах яны павысіліся. Напрыклад, каб стаць студэнтам-платнікам першага курса лячэбнага факультэта, у бягучым годзе неабходна было набраць 323 балы (у 2020-м — 293 балы). Права вучыцца на стаматалагічным факультэце атрымалі абітурыенты, якія мелі ў сваім «багажы» 343 балы (у 2020-м — 334), на фармацэўтычным факультэце (дзённае аддзяленне) — 340 балаў (летась — 314 балаў). Прахадны бал на педыятрычным факультэце — 309 (паўпрахадны — 308), медыка-прафілактычным — 256, фармацэўтычным — 286 (завочная форма платнага навучання).

Пры гэтым максімальныя балы ў першакурснікаў-платнікаў наступныя: на лячэбным факультэце — 359, на педыятрычным — 337, медыка-прафілактычным — 328, стаматалагічным — 386, фармацэўтычным — 360 на дзённай і 334 — на завочнай форме.

Педагагічная адукацыя карыстаецца ў моладзі меншым попытам. Ва ўсякім разе, абітурыенты з высокімі баламі педагагічныя спецыяльнасці выбіраюць рэдка. У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце на платнай форме навучання запатрабаваныя ў абітурыентаў сёлета былі такія спецыяльнасці, як «лагапедыя», «сурдапедагогіка», «практычная псіхалогія», «псіхалогія», «сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога», «аздараўленчая і адаптыўная фізічная культура». Але «матэматыка з інфарматыкай» і «фізіка з інфарматыкай» маладых людзей зноў не зацікавілі.

Абітурыентаў не хапае

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы студэнтамі платнай формы навучання сталі 1082 чалавекі. Асаблівай папулярнасцю ў абітурыентаў карысталіся група спецыяльнасцяў «дызайн (віртуальнага асяроддзя)»; «дызайн (касцюма і тканін)»; «дызайн (графічны)», спецыяльнасць «выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка» і «рамана-германская філалогія (нямецкая)» на дзённай форме навучання, а таксама спецыяльнасці «выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка», «пачатковая адукацыя», «фізічная культура» (на завочнай форме са скарочаным тэрмінам навучання).

Самыя высокія прахадныя балы на дзённай форме навучання сфарміраваліся на спецыяльнасці «рамана-германская філалогія (нямецкая)» (277) і «мытная справа» (270), а на завочнай форме са скарочаным тэрмінам навучання — на «выяўленчым мастацтве і камп’ютарнай графіцы» (243) і «пачатковай адукацыі» (209).

У Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь на платную форму навучання планавалі набраць 75 чалавек, з іх на спецыяльнасць «дзяржаўнае кіраванне і права» — 35, «дзяржаўнае кіраванне і эканоміка» — 20 і «кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі» — 20. У конкурсе на платныя месцы ўзяў ўдзел 81 чалавек.

Нават беглы аналіз запаўнення пазабюджэтных месцаў у ВНУ падштурхоўвае да высновы, што стаць студэнтам платнай формы навучання — даволі проста. Абітурыентаў не хапае нават для запаўнення бюджэтных месцаў. Таму, напэўна, планы прыёму трэба пераглядаць.

А тым часам на фініш выходзіць прыёмная кампанія ў сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных установах. Усяго на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі плануецца прыняць 26,7 тысячы чалавек, з іх за кошт сродкаў бюджэту — 26,6 тысячы. Лічбы прыёму ў параўнанні з мінулым годам не толькі не зменшыліся, а, наадварот, крыху падраслі — прадстаўнікі рабочых прафесій заўсёды ў дэфіцыце.

На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўступная кампанія завяршаецца 18 жніўня, а на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай — 20 жніўня.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Медыцынская, тэхнічная, педагагічная...

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.