Вы тут

«Увесь свет стаў сведкам беспрэцэдэнтнага знешняга ціску»


Нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця Анатоль ІСАЧАНКА выступіў з заявай з нагоды эканамічнага і палітычнага ціску на нашу краіну на адрас Генеральнай Асамблеі ААН.


Фота БелТА

— Рэспубліка Беларусь адказна падыходзіць да выканання ўзятых на сябе міжнародных абавязацельстваў па рэалізацыі Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года, — нагадаў віцэ-спікер Савета Рэспублікі. — У нашай краіне сфарміравана нацыянальная архітэктура кіравання працэсам дасягнення Мэт устойлівага развіцця. У яе дзейнасць уцягнутыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, органаў дзяржаўнага кіравання, парламенцкай супольнасці і дзелавых колаў.

Анатоль Ісачанка адзначыў, што сумесныя намаганні грамадства і дзяржавы па дасягненні Мэт забяспечылі істотны прагрэс. У прыватнасці, у індэксе чалавечага развіцця нашай рэспубліцы належыць 53-е месца ў катэгорыі краін з вельмі высокім узроўнем чалавечага развіцця; у незалежным рэйтынгу дасягнення Мэт устойлівага развіцця Беларусь займае 24-е месца з 165 дзяржаў.

— Рэспубліка Беларусь за сваю шматвяковую гісторыю, цаной гераічнага подзвігу папярэдніх пакаленняў, страціўшы кожнага трэцяга грамадзяніна ў часы Вялікай Айчыннай вайны, абараніла права на самастойнае вызначэнне свайго шляху развіцця, — падкрэсліў Нацыянальны каардынатар. — З’яўляючыся адным з заснавальнікаў арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Беларусь захоўвае прыхільнасць ключавым прынцыпам міжнароднага права — неўмяшання ва ўнутраныя справы дзяржаў і іх роўнасці на міжнароднай арэне.

Ён акцэнтаваў увагу на тым, што сёння з-за разгорнутай краінамі ЕС і ЗША мэтанакіраванай кампаніі па палітычным і эканамічным ціску на Рэспубліку Беларусь дасягнутыя высокія вынікі ў розных сферах і ў працэсе дасягнення Мэт устойлівага развіцця апынуліся пад пагрозай.

— Мы сутыкнуліся з нахабным і дзёрзкім выклікам, кінутым суверэннай, дэмакратычнай і міралюбнай дзяржаве, кожнаму яго грамадзяніну, — перакананы Анатоль Ісачанка. — Аднабаковыя абмежавальныя меры ў выглядзе недапушчэння вырабленых у Беларусі тавараў на еўрапейскі рынак, забароны заходніх дзяржаў на пералёты беларускіх перавозчыкаў над сваёй тэрыторыяй, эскалацыя міграцыйнага крызісу на беларуска-літоўскай мяжы ў цяперашні час набываюць катастрафічныя перспектывы.

Ён звяртае ўвагу, што падобная бяздумная палітыка ў дачыненні да нашай краіны сур’ёзна закранае інтарэсы не толькі беларускіх грамадзян, і нагадвае, што на адрас Еўрасаюза былі накіраваныя сотні зваротаў беларускіх працоўных калектываў з заклікам спыніць неправамерны ціск. Аднак шматлікія просьбы работнікаў ігнаруюцца.

— Увесь свет стаў сведкам беспрэцэдэнтнага знешняга ціску, палітызацыі Мэт устойлівага развіцця, развязвання глабальнага крызісу ў самым цэнтры Еўропы.

Гэтыя і іншыя дзеянні супярэчаць шэрагу міжнародных абавязацельстваў, ідуць насуперак з палажэннямі Статута Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і істотна пагаршаюць права на годны ўзровень жыцця для мільёнаў людзей, — адзначыў Анатоль Ісачанка.

Ён перакананы, што ўмяшанне ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы парушае Дэкларацыю аб прынцыпах міжнароднага права, якія датычацца дружалюбных адносін і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў адпаведнасці са Статутам ААН, прынятай рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН 2625 (XXV) ад 24 кастрычніка 1970 года.

— Прынцып, які датычыцца абавязку не ўмешвацца ў справы, што ўваходзяць ва ўнутраную кампетэнцыю любой дзяржавы, абвяшчае: «Ні адна дзяржава не можа ні прымяняць, ні заахвочваць выкарыстанне эканамічных, палітычных мер або мер любога іншага характару з мэтай дабіцца падпарадкавання сабе іншай дзяржавы ў ажыццяўленні ёю сваіх суверэнных правоў і атрымання ад гэтага якіх бы то ні было пераваг, — нагадаў ён. — Ні адна дзяржава не павінна таксама арганізоўваць, распальваць, фінансаваць, падбухторваць або дапускаць падрыўную, тэрарыстычную або ўзброеную дзейнасць, накіраваную на гвалтоўнае звяржэнне ладу іншай дзяржавы, роўна як і спрыяць ёй, а таксама ўмешвацца ва ўнутраную барацьбу ў іншай дзяржаве».

Нацыянальны каардынатар таксама працытаваў адзін з прынцыпаў гэтай Дэкларацыі, у адпаведнасці з якім «дзяржавы павінны супрацоўнічаць у справе аказання садзейнічання эканамічнаму росту ва ўсім свеце, асабліва ў краінах, якія развіваюцца».

— Як Нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця ў Рэспубліцы Беларусь, звяртаюся да Генеральнай Асамблеі ААН і заклікаю:

асудзіць грубае ўмяшанне ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь з боку замежных дзяржаў; прыняць меры па недапушчэнні выкарыстання аднабаковых прымусовых абмежаванняў у дачыненні да суверэннай дзяржавы; спыніць спланаваныя крокі шэрагу дзяржаў — членаў ААН па ігнараванні ключавых прынцыпаў міжнароднага права і пагаршэння ўзроўню жыцця мільёнаў людзей; стаць на абарону рэалізацыі Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года, якая ў цяперашні час паслядоўна ігнаруецца ЗША і краінамі ЕС, якія ўзялі на сябе адпаведныя высокія абавязацельствы па яе выкананні, — рэзюмаваў Анатоль Ісачанка.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.