Вы тут

Кніга выключнай значнасці


У Нацыянальнай бібліятэцы акурат на пачатку заняткаў у школах прайшла прэзентацыя новага беларускага Буквара. Навучальны год для першакласнікаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання пачаўся па новым выданні. Удзел у прэзентацыі прынялі аўтары падручніка, выдаўцы, эксперты.


Падчас прэзентацыі можна было пазнаёміцца са спецыяльна падрыхтаваным стэндам, дзе размешчаны 30 нацыянальных буквароў і выданняў  для пачатковага навучання чытанню і грамаце з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі

Закончылася вялікая і яркая эпоха папярэдніка – буквара Анатоля Клышкі, які выкарыстоўваўся ў школах больш як паўстагоддзя: з 1969 па 2021 год.

Як вядома, буквар мае выключную значнасць. Бо з гэтай кнігі пачынаецца шлях да ведаў, закладваюцца асновы выхавання асобы. Пра тое і іншае ішла гаворка на прэзентацыі ў Нацыянальнай бібліятэцы, якая праходзіла ў вядомай галерэі “Лабірынт”, дзе ладзяцца выставы ды іншыя імпрэзы.

“Пачынаецца новая эпоха ў гісторыі беларускага буквара, якая сама па сабе вельмі багатая, розная і цікавая. Гэта адзін з брэндаў Беларусі, сімвал гонару нашых продкаў і нас у тым ліку ", – падкрэсліў намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Суша. Гаварылася і пра тое, што дзякуючы гэтай кнізе фарміруецца аблічча нацыі з яе сістэмай каштоўнасцей і арыенціраў.

Новы буквар мае ярка выражаны нацыянальны кантэнт, заданні і практыкаванні, якія адлюстроўваюць каштоўнасцяў культуры беларускага народа.

Як адзначыла аўтар новага выдання для першакласнікаў Вольга Свірыдэнка, у ім сабраны лепшыя класічныя методыкі навучання грамаце. "Мы імкнуліся да таго, каб Буквар навучаў дзяцей чытаць. Разам з тым мы разумеем, што нашы дзеці жывуць у інфармацыйнай прасторы і ўжо ў два-тры гады ўмеюць карыстацца гаджэтамі. Вось таму з'явілася ідэя   паказаць ім, што тэлефон можна выкарыстоўваць не толькі для гульняў, але і ў навучальным працэсе”.

"У гэтым навучальным дапаможніку акумуляваная метадычная думка многіх пакаленняў вучоных Беларусі, – расказала дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна Гінчук. – У ім знайшлі ўвасабленне метадычныя высновы нашых аўтараў і ўласны педагагічны вопыт. Буквар створаны з вялікай любоўю да вучэбнай кнігі і да маленькіх школьнікаў, якія будуць па ім вучыцца. Спадзяемся, што Буквар будзе цікавым, сучасным і будзе ацэнены па вартасці ".

Што яшчэ цікава: у падручніку ёсць функцыя, якая дазваляе дзецям выкарыстоўваць дадатковы медыярэсурс для адукацыі. Гэта анімацыйныя фільмы, створаныя спецыялістамі Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм". "Вытворчасць фільмаў пачалася з 2015 года, раней такога дыдактычнага навучальнага і пазнавальнага матэрыялу ў Беларусі яшчэ не было", - пра тое распавёў мастак-аніматар Канстанцін Андрушачкін.

Даведаліся мы і пра тое, што выпуск новых выданняў прадоўжыцца. У кастрычніку плануецца выхад дадатковай кнігі "Спадарожнік Буквара" – для дзяцей, якія ўжо ўмеюць чытаць. Акрамя тэксту яна ўтрымлівае інфармацыйны кантэнт: відэаролікі пра розныя месцы Беларусі.

Міхаліна Чаркашына

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.