Вы тут

Пункт адліку Віктара Турава


Пераважная колькасць усіх пасмяротных публікацый, прысвечаных асобе Віктара Турава, мае ў назве альбо даслоўна прыведзеную, альбо як-небудзь (не заўсёды ўдала) абыграную формулу «Я родам з дзяцінства». Дзякаваць за  тое трэба, бадай, самай славутай карціне рэжысёра. Знятая ў 1966 годзе, стужка «Я родам з дзяцінства» (выслоўе пазычана ў Антуана дэ Сент-Экзюперы) разам з такімі фільмамі, як «Альпійская балада» (1965), «Усходні калідор» (1968), тураўскі ж «Праз могілкі» (1964), стварае залатую калекцыю адліжнага беларускага кіно, складаючы спіс вечнай беларускай класікі.


Кадр з фільма «Праз могілкі», 1964 г.

Пералічаныя фільмы, якія ў лірычным ключы пераасэнсоўваюць падзеі Другой сусветнай вайны, ні больш ні менш задалі вектар развіцця айчыннага кінематографа на добрыя дзесяцігоддзі наперад. У пэўным сэнсе яны вызначаюць яго і цяпер… І, хаця ва ўмовах аператыўнай журналісцкай працы выбар праверанай, пратаптанай сцежкі бачыцца спакуслівым і нават апраўданым, гэтым разам мы вырашылі пайсці кружным шляхам, пазычыўшы для загалоўка назву іншай, не такой славутай карціны рэжысёра. Выбар «Пункта адліку» 1979 года засведчвае арыентацыю на малавядомыя моманты біяграфіі творцы.

Нарадзіўся будучы сусветнавядомы кінематаграфіст у Магілёве 25 кастрычніка 1936 года. Маленькаму Віктару не споўнілася і 5 гадоў, як на гэтыя землі прыйшла вайна. Уласна, Вялікая Айчынная стала для рэжысёра лёсавызначальнай падзеяй, тым наймацнейшым трыгерам, што ўвесь час падштурхоўваў у творчасці і не даваў спакою. Літаральна ўсе 1960-я гады стужка за стужкай пастаноўшчык карпатліва і па дэталях узнаўляе перажыты ў маленстве ўласны траўматычны вопыт.

Амаль на самым пачатку баявых дзеянняў бацька сышоў у партызаны і праз год, у 1942-м, быў расстраляны акупантамі за дыверсійную дзейнасць. Розныя апавядальнікі перадаюць гэтую гісторыю па-рознаму, але сам Віктар Цімафеевіч у біяграфічным фільме Юрыя Цвяткова пераказваў такую жахлівую сцэну… Аднойчы, калі малы Віця ляжаў на печы, ён раптам пачуў мітусню каля дзвярэй. Тата, якога цяжка было нават пазнаць, вырашыў завітаць да іх пасля працяглага расстання. Хлопчык ад радасці кінуўся насустрач, але тут за плячыма бацькі паўсталі злавесныя цені, якія скруцілі яго.

Праз пэўны час з татам жорстка расправіліся, а іх з маці саслалі ў сямейны лагер у Германію. Да самай Перамогі сям’я ўтрымлівалася ў гэтым месцы, якое нават пеклам складана назваць. Шрамы на твары — якраз адбітак лагернага жыцця. Аднойчы ім з сябрам пашанцавала знайсці ў сметніцы пару манетак. Было вырашана патраціць іх на некалькі порцый газіраванай вады з сіропам, якую збіраліся прынесці мамам. Ларок стаяў за агароджай, таму справа была рызыкоўная. Хлопцы, добра падрыхтаваўшыся, знайшлі прыдатную тару. Тым не менш на спробах схаваць прыдбанае яны і папаліся… Білі няшчадна, адсюль і шрамы.

Згаданымі выпадкамі зусім не абмяжоўваюцца няшчасці, якія выпалі на долю маленькага хлопца падчас вайны. Вяртаючыся дадому, Віктар згубіўся і адстаў ад сваёй калоны. Паўгода ён адзін крочыў праз незнаёмы кантынент, толькі прыблізна здагадваючыся, куды яму трэба. Людзі, якія сустракаліся на шляху, на хвалі ўсеагульнага ўздыму дапамагалі хлопцу, але дарога ўсё адно была складаная. Аднак, нягледзячы на перашкоды, Віктар паспяхова дабраўся да Магілёва, знайшоў свой дом і зноў сустрэўся з маці. Перажытае тады рэжысёр задумаў адлюстраваць у фільме, але ж гэтаму не было наканавана адбыцца…

Афіша фільма «Людзі на балоце», 1981 г.

Ідэю зняць кіно пра той шчаслівы пасляваенны час, напоўнены радасцю і любоўю, еднасцю і спагадай, пастаноўшчык пранёс літаральна праз усё жыццё. Дэталі карціны пад рабочай назвай «Фіеста 45» распрацоўваліся рэжысёрам у тандэме са сцэнарыстам Генадзем Шпалікавым. Але, па словах удавы мэтра Тамары Туравай, ад працы адцягнулі здымкі дылогіі «Партызаны» («Вайна пад стрэхамі» (1967) і «Сыны ідуць у бой» (1969)) паводле раманаў Алеся Адамовіча. Ушчыльную да рэалізацыі сваёй задумы Тураў падабраўся толькі ў 1996 годзе, але, на вялікі жаль, нічога зрабіць ужо не паспеў…

Аднак, глыбока асабістага хапае, як ужо згадвалася, і ў здзейсненых карцінах. У рэшце рэшт, у аснове большасці фільмаў ранняга перыяду творчасці ляжаць гісторыі дзяцей, чыё маленства было скалечана вайною. Што гэта, калі не прапрацоўка ўласных траўм і перажыванняў? Стужкі «Я родам з дзяцінства» і «Праз могілкі» — сапраўдныя вяршыні дадзенага, так бы мовіць, аўтатэрапеўтычнага этапу. Чаго толькі каштуе хрэстаматыйны кадр з абгарэлымі качанамі капусты ў другой са згаданых стужак! Пакінуты сярод спаленых хатак ураджай — усё адно што дзеці, якія перажылі вайну і да канца жыцця нясуць на сабе яе цяжар.

Дык як жа Віктар Цімафеевіч трапіў на здымачную пляцоўку? Сам ён расказваў такую гісторыю. Гартаючы аднойчы юнаком часопіс «Мастацтва кіно», раптам зразумеў, што акцёрам пры належных упартасці і стараннасці можа стаць любы. Дзевяцікласнік проста вырашыў паспрабаваць і неўзабаве паступіў у маскоўскі Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі. З-за шрамаў на твары і няўпэўненасці ў сабе усё ж пабаяўся ісці на акцёрскі, таму выбар выпаў на факультэт рэжысуры. Ён трапіў у майстэрню Аляксандра Даўжэнкі, аднакурснікамі былі Ларыса Шапіцька, Атар Іаселіяні, Рыгор Шэнгелая і іншыя знаныя творцы.

Увогуле, падчас навучання ў інстытуце Віктар Тураў завёў шмат знаёмстваў, якія засталіся з ім на ўсё жыццё. Творца любіў вялікія кампаніі, вечарыны і, калі ў сярэдзіне 1970-х пераехаў у новую мінскую кватэру ў мікрараёне Усход (у 2016-м да 80-годдзя класіка тут з’явілася адпаведная мемарыяльная дошка), завёў такую традыцыю — рэгулярна запрашаць гасцей. Хто толькі не пабываў у яго апартаментах. Вядомы факт, што Віктар Цімафеевіч блізка сябраваў з Уладзімірам Высоцкім і яго жонкай актрысай Марынай Уладзі. Славутая пара любіла завітваць да Турава на шляху з Масквы ў Францыю.

Кадр з фільма «Я родам з дзяцінства», 1966 г.

Уласна, сямідзясятыя адзначаны для аўтара пачаткам наступнага перыяду творчасці. Тэме вайны ўсё яшчэ адводзіцца галоўнае месца, але цяпер гэтая праблематыка часцей асэнсоўваецца вачыма дарослых і з дапамогай іншых ракурсаў («Час яе сыноў» (1974), «Пункт адліку» (1979), «Меншы сярод братоў» (1985)). Значна заўважней у стужках праяўляецца грамадзянскі пафас, які задае інтанацыю для ўсіх карцін гэтага перыяду. Лірычны лад паступова саступае месца ладу празаічнаму, які ў выніку выльецца ў паўнавартасны эпас, а пакуль рэжысёра займае тэма адносін і сувязі ваеннага і пасляваеннага пакаленняў.

У той самы перыяд Туравым ствараецца першая з экранізацый бессмяротнай класікі літаратуры. Стужка «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава» 1971 года здымаецца па матывах апавяданняў Івана Тургенева з цыкла «Запіскі паляўнічага». Кажуць, што пастаноўшчык больш за ўсё цаніў у жыцці дзве рэчы — кнігі і сяброў. Ні ў тым, ні ў другім у кватэры класіка ніколі не было нястачы. Людныя вячоркі, якія часам расцягваліся на некалькі дзён, праходзілі ў дэкарацыях надомнай бібліятэкі, у атачэнні бясконцых стосаў паўсюдных кніг. Ясна, адкуль такая цяга да літаратурнасці ў кіно, жаданне візуалізаваць.

Вось мы і падабраліся да таго, што прынята называць magnum opus беларускага класіка (прынамсі, па маштабнасці замыслу — адназначна). Экранізацыя кніг эпапеі Івана Мележа «Палеская хроніка» па праве лічыцца калі не галоўнай, дык дакладна вехавай работай у гісторыі развіцця айчыннай кінематаграфіі. Тэлевізійны цыкл, складзены з двух фільмаў («Людзі на балоце» (1981) і «Подых навальніцы» (1982)), у кожным з якіх па дзве серыі, замахнуўся на тое, на што да гэтага не рашаўся ніводзін беларускі фільм — стварыць нацыянальны кінаэпас, зафіксаваўшы ў ім ментальнасць цэлага народа.

У кожным нацыянальным кінематографе, як і ў кожнай нацыянальнай літаратуры, павінен быць падобны твор. І, дзякуючы Віктару Цімафеевічу, у беларусаў ён ёсць!

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.