Вы тут

Барыс Забораў — сусветна вядомы мастак і кніжны графік з Беларусі


Гартаю паэму народнага песняра Беларусі Якуба КОЛАСА «Сымон-музыка» — выданне 1972 года. Мінскае кніжнаек выдавецтва «Беларусь». Наклад па сённяшнім часе ўнікальны — 20 тысяч экзэмпляраў (!). Сапраўдны падарунак да 90-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа. Мастак кнігі — кніжны графік Барыс ЗАБОРАЎ. 


...«Якая каштоўная ўдача сустрэць у пачатку Дарогі патрэбнага чалавека. Настаўніка. Такім для мяне быў і застаўся назаўсёды мой першы настаўнік Сяргей Пятровіч Каткоў. Быў ён чалавек шырокай, добрай душы, шчодры любоўю да нас, праніклівы. Ён разумеў, што ўсе мы, нас было ў групе хлопцаў шэсць-сем, горача яго любім, і таму трымаўся з усімі аднолькава прыветліва і ўважліва, не даючы пасяліцца ў нашых дзіцячых сэрцах раўнівым пачуццям», — чытаем у кнізе Барыса Заборава «Тое, што нельга забыць», якая выйшла ў Санкт-Пецярбургу ў 2018 годзе. Вось бы перавыдаць гэтую кнігу ў перакладзе на беларускую мову! На старонках выдання — сустрэчы з Васілём Быкавым, Навумам Кіслікам, Рыгорам Барадуліным, Петрусём Броўкам, мастацкім, літаратурным жыццём Мінска ў 1950 — 1980-я гады... 

І далей — з кнігі памяці мастака Барыса Зборава: «Летам Сяргей Пятровіч вывозіў нас на пленэр. Жывая ў памяці адна паездка на Палессе, вобласць, вядомую ў Беларусі сваімі непраходнымі лясамі, балотамі, тарфянікамі. Спыніліся ў маленькай вёсачцы, якую з усіх бакоў абступіў лес. Спалі на вышках вялікага гумна. Раніцай, падняўшыся да світання, выйшлі з мясцовым правадніком. Называўся наш паход „Па партызанскіх мясцінах“. Ішлі лесам, вузкай, з заваламі звярынай сцежкай. Праз некалькі гадзін падарожжа стаміліся, вырашылі перадыхнуць, і тут зрабілася зразумелым, што наш праваднік згубіў дарогу. Але мы не дужа непакоіліся, з намі быў Сяргей Пятровіч. У яго, нядаўняга афіцэра савецкай арміі, быў компас...» У тую вандроўку гісторыя на вачах у юных мастакоў разгарнулася няпростая... І пра яе — асобны расповяд. Але мяне асабіста ўразіў вось гэты вобраз, вось гэты мастацкі сімвол, мо нават і самім будучым славутым творцам вылучаны не дзеля акцэнту... Компас Сяргея Пятровіча Каткова... 

Барыс Абрамавіч Забораў (1935 — 2021) нарадзіўся ў Мінску. Беларускі і французскі жывапісец, графік. Сын мастака Абрама Заборава. З 1949 па 1954 гг. Барыс Забораў вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы. Затым вучыўся ў Інстытуцуе жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна Акадэміі мастацтваў СССР у Ленінградзе. У 1956 годзе перавёўся ў Маскоўскі дзяржаўны мастацкі інстытут імя В. І. Сурыкава, які скончыў у 1961 годзе па спецыяльнасці «мастак тэатра». Пасля вучобы вярнуўся ў Мінск. Член Саюза мастакоў БССР з 1962 г. У кастрычніку 1980 года эміграваў з Беларусі. Спярша жыў і працаваў некалькі месяцаў у Аўстрыі. Затым — у Францыі... У Беларусі Барыс Забораў здзейсніўся як таленавіты кніжны графік. Аформіў дзесяткі кніг з творамі беларускіх і рускіх пісьменнікаў, кнігі перакладаў мастацкіх твораў на беларускую мову — «Гамлет», Санеты" Вільяма Шэкспіра, «Кароль Маціуш» Януша Корчака, «Вей, ветрык» Яніса Райніса... У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь захоўваецца каля 50 графічных аркушаў Барыса Заборава. За мяжою мастак займаўся жывапісам. Ужо ў 1983 годзе ў Парыжы ў Галерэі Клода Бернара прайшла яго персанальная выстаўка. 1986 год — выстаўка ў галерэі «Арт-Пойнт» у Японіі, у Токіа. 1991 год — персанальныя выстаўкі ў Парыжы, Амстэрдаме і Токіа... 2008 год — «Выстаўка адной карціны», Галерэя Уфіцы, Фларэнцыя. Прызнанне, якога не мае болей ніводны беларускі мастак!.. Дата заснавання Галерэі Уфіцы — 1581 год. Вядома, што за год яе наведвае каля двух мільёнаў чалавек... У яе залах у вечнай прысутнасці знаходзяцца творы Бацічэлі («Вясна», «Нараджэнне Венеры», «Паклёп», «Мадона і немаўля з ангелам»), Леанарда да Вінчы, Тыцыяна... 

Вяртаючыся да графічных адкрыццяў беларускага і французскага мастака, пагартаем ужо згаданую кнігу Якуба Коласа «Сымон-музыка». У выданні 1972 года Барысу Забораву належыць дзевяць лістоў... Галоўны герой ілюстрацый — Сымон-музыка. Ён выпраўляецца ў мастацкае жыццё з дудкай, падараванай дзедам. Пасля, прачнуўшыся з фантазіямі, бярэ ў рукі скрыпку... Вось хлопец са скрыпкай і становіцца асноўным героем рознакаляровых ілюстрацый. Мастак стварыў сваю паэму, мажліва, не меней важную, чым твор самога Якуба Коласа. Як мне падаецца, Барыс Забораў пачуў колеры роднай старонкі, прайшоў шляхам музыканта па роднай зямельцы і здолеў знайсці месца яго фантазіям. Мастак не баіцца парушаць рэчаіснасць. Сымон-музыка злучаны не толькі з зямлёю, але ён і ў небе знаходзіць сабе месца. Такое б выданне, узбагачанае фантазіяй кніжнага ілюстратара, убачыць самому аўтару!.. Але ж мастацкі лёс класікі звычайна прадаўжаецца ў вечнасці. Вось і графіка Барыса Заборава, прысвечаная «Сымону-музыку», разам з паэмай таксама застанецца ў вечнасці. Гэта не выклікае ніякіх сумненняў!..

Як і застанецца ў вечнасці паэма Якуба Коласа «Сымон-музыка»... «Ад роднае зямлі, ад гоману бароў,/ Ад казак вечароў,/ Ад песень дудароў,/ Ад светлых воблікаў закінутых дзяцей,/ Ад шолаху начэй,/ Ад тысячы ніцей,/ З якіх аснована і выткана жыццё/ І злучана быццё і небыццё, — / Збіраўся скарб, струменіўся няспынна,/ Вясёлкавым ірдзеннем мне спяваў,/ І выхаду шукаў/ Адбітак родных з’яў/ У словах-вобразах, у песнях/ вольнаплынных». 

Зараз у адным з айчынных кніжных выдавецтваў рыхтуецца да выдання персанальная энцыклапедыя ў некалькіх тамах — «Якуб Колас». Несумненна, сярод артыкулаў пра іншых творцаў, якія спрычыніліся да прачытання спадчыны народнага песняра Беларусі, будзе дастойны расповяд і пра Барыса Заборава — вялікага мастака сучаснасці. 

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Самы паспяховы сезон! З Аўгустоўскага канала сплылі цеплаходы

Самы паспяховы сезон! З Аўгустоўскага канала сплылі цеплаходы

У некаторыя выходныя цеплаход здзяйсняў па канале дванаццаць рэйсаў.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на нядзелю (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на нядзелю (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. Надыходзіць дастаткова актыўны, напоўнены падзеямі тыдзень.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на суботу (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на суботу (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.