Вы тут

Раённы фестываль працаўнікоў вёскі ў Велікарыце не адбыўся, а вынікі добраўпарадкання будуць служыць людзям доўгія гады


Нагодай для грунтоўнага добраўпарадкавання ў Велікарыце стала, можна сказаць, надзвычайная сітуацыя. Увечары 6 ліпеня мінулага года на паўднёвыя раёны Брэстчыны абрынуўся моцны ўраган. Навакольны лес паламала і спляжыла палосамі. Вялікія дрэвы ў населеных пунктах месцамі вывернула з карэннем і зямлёй, ад іх засталіся варонкі, нібы ад выбуху бомбы. Пацярпелі дамы і гаспадарчыя пабудовы, могілкі. Наступствы ўрагану ліквідавалі працяглы час. На дапамогу вяскоўцам выязджалі гараджане, правялі не адзін суботнік.


Калі прыбралі буралом

Дрэвамі заваліла школьны двор у Велікарыце. Побач ёсць сквер, дзе стаіць помнік ваенным падзеям. Дык вось, сквер тады запоўніўся бураломам. Помнік, дарэчы, не зачапіла. І калі завалы прыбралі, стала відавочна, што тэрыторыя патрабуе грунтоўнага добраўпарадкавання: пасадкі новых дрэў, замены дарожак і пляцовак. Тады старшыня Велікарыцкага сельскага Савета Віктар КІРЫЧУН прапанаваў кіраўніцтву райвыканкама правесці тут у 2021 годзе раённыя «Дажынкі», маючы на ўвазе падрыхтоўчыя работы з адпаведным фінансаваннем.

Прагучалі розныя меркаванні, бо мясцовае сельгаспрадпрыемства праходзіла працэдуру банкруцтва і далучэння да ААТ «Чарняны», а ў такіх кампаніях, як паказаў ранейшы вопыт, гаспадарка бярэ на сябе асноўныя выдаткі. Але старшыня райвыканкама Міхаіл Бацэнка ідэю падтрымаў.

— Стварылі рабочую групу, і пачалася падрыхтоўка да «Дажынак», — гаворыць Віктар Кірычун. — Аб'ём работ быў даволі вялікі, патрабавалася шмат тэхнікі. Давялося спачатку вывозіць стары грунт, затым завозіць новы. Дапамагалі ўсе. Але асабліва вялікі аб'ём работ правялі ДРБУ-179 і раённая ЖКГ. Памаглі і прыватныя прадпрыемствы, фермерскія гаспадаркі, зарэгістраваныя на тэрыторыі сельсавета. Напрыклад, «ЛегіёнПрамБуд», «ГрынСпрайс» выдзялялі тэхніку, дапамагалі з фінансамі. Нават маладая фермерская гаспадарка «Дзівакрай» далучылася да добрай справы. Усім хацеў шчыра падзякаваць на фестывалі, але «Дажынкі» адмянілі з-за скачка захваральнасці на каранавірус у раёне.

Сквер, дарожкі, дзіцячая пляцоўка

Мясцовая ўлада на працягу года актыўна займалася продажам участкаў пад будаўніцтва, атрыманыя сродкі пайшлі на справу добраўпарадкавання, а гэта больш за 55 тысяч рублёў. За тыя грошы ўдалося купіць плітку для ўладкавання дарожак, лаўкі, дэкаратыўных сметніц. Найперш паднавілі помнік камсамолцы-падпольшчыцы Вользе Абрамук каля школы. Там пакладзена новая плітка, устаноўлены кветнікі. А калі было праведзена добраўпарадкаванне паблізу помніка ваенным падзеям, разбіты новы сквер, палепшана тэрыторыя вакол школы, на адным з пасяджэнняў рабочай групы кіраўнік раёна выказаў агульны настрой, калі абявіў, што тут просіцца яшчэ і дзіцячая пляцоўка.

Вядома ж, на першы план паўстала пытанне пошуку грошай. Старшыня сельвыканкама абышоў патэнцыяльных спонсараў. Адным словам, гульнявы комплекс коштам 12 з паловай тысяч рублёў удалося ўстанавіць восенню. Як толькі паставілі абсталяванне, сюды пайшлі мамы з каляскамі — малыя адразу ацанілі новую пляцоўку. Нават школьнікі-падлеткі спрабавалі прымасціцца ды пакатацца на дзіцячых гушкалках, так што давялося рабіць ім заўвагі. Але неўзабаве самі бацькі сталі сачыць за правільнай эксплуатацыяй абсталявання, і парадак быў наведзены.Такім чынам выявіўся цэнтр аграгарадка, які абяцае стаць галоўнай пляцоўкай пры правядзенні масавых мерапрыемстваў у далейшым.

Планы на будучы год

Акрамя таго, вялікая работа была праведзена па асфальтаванні дарог, што асабліва важна, бо гэты фактар непасрэдна ці ўскосна ўплывае на якасць жыцця ўсіх жыхароў вёскі. За кошт асфальтавання пашырана праезная частка вуліцы Леніна, тут жа паявілася пешаходна-веласіпедная дарожка. Заменена асфальтавае пакрыццё і па вуліцы Паркавай з выездам на трасу. «Таксама закупілі газонную траву, якую налета абавязкова пасеем. І калі прыкінулі план на наступны год, то атрымліваецца, што налета трэба зрабіць не менш, чым зроблена сёлета, — гаворыць Віктар Кірычун. — Так падрыхтоўка да «Дажынак» стала штуршком да кардынальнага паляпшэння вонкавага выгляду аграгарадка. Калі першапачаткова планавалі сквер, цяпер стаў напрошвацца парк, а значыць, трэба больш саджанцаў дрэў, а яшчэ дэкаратыўныя кусты, кветкі. На бюджэт у гэтым сэнсе моцна не спадзяёмся, разумеем, што трэба зарабляць самім. Цяпер ужо сфарміраваны два ўчасткі, якія хутка выставім на продаж, чатыры пустыя хаты плануем прадаць і зарабіць больш за паўтара дзясятка тысяч рублёў».

Пошта ў Пажэжыне, якую адстаялі

Варта сказаць, што не толькі ў Велікарыце праводзіцца актыўная работа па навядзенні парадку. Сёлета пракладзена дарога да вёскі Антанова, заасфальтаваны ўчастак даўжынёй 2,2 кіламетра да вёскі Дубічна. А ў Пажэжыне адкрылі паштовае аддзяленне пасля рэканструкцыі. Будынак патрабаваў тэрміновага абнаўлення. Паштовае ведамства ставіла пытанне аб закрыцці, разглядаліся варыянты выдзялення пад паштовыя паслугі пакоя ў школе, у дзіцячым садку, у магазіне. Але мясцовая ўлада праявіла прынцыповасць, і дырэктар Брэсцкага філіяла «Белпошты», дэпутат абласнога Савета Валянціна Пух падтрымала ідэю рэканструкцыі. На радасць жыхароў Пажэжына і навакольных вёсак абноўленую пошту адкрылі ўвосень. І цяпер, акрамя паштовых паслуг, тут да ўвагі пакупнікоў цэлая лінейка прамысловых і прадуктовых тавараў, што зручна вяскоўцам. Пра гэта нам сказала наведвальніца аддзялення, якую ўдалося запытаць аб уражаннях літаральна на парозе ўстановы. «Зручны, сучасны будынак, за які мы ўдзячныя ўсім», — сказала жанчына.

— Як толькі адкрылі пошту, правялі навакольнае добраўпарадкаванне, адразу паўсталі планы на наступны год, — кажа старшыня сельвыканкама. — Трэба аб'яднаць добраўпарадкаваннем ланцужок: царква, пошта, магазін, клуб, каб людзям было зручна хадзіць і каб было прыгожа. У ходзе рэканструкцыі пошты мы ўпэўніліся яшчэ раз, што калі ідзе будаўніцтва, значыць, ёсць жыццё ў вёсцы, ёсць яе развіццё.

Як ужо гаварылася, «Дажынкі» ў Велікарыце не адбыліся з прычыне пандэміі. Але ж людзі чакалі свята, дружна ўключыліся ў яго падрыхтоўку — фарбавалі агароджы і фасады дамоў, выходзілі на суботнікі. Таму вырашылі не чакаць наступных свят налета. Паводле слоў кіраўніка мясцовай улады, перад Новым годам будзе ўстаноўлена ёлка, а жыхары вёскі запрошаны на святочныя гулянні.

Старшыня Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў Алег ЯКУБЧЫК сказаў карэспандэнту газеты так:

— Раённыя «Дажынкі» разглядаем менавіта як сацыяльны праект. У мінулыя гады адбыліся раённыя фестывалі працаўнікоў вёскі ў Лукаве, Чарнянах, Хаціславе, Дарапеевічах. У працэсе падрыхтоўкі праведзена добраўпарадкаванне, пракладзены новыя дарогі і камунікацыі, абноўлены фасады будынкаў сацыяльна-культурнага прызначэння. І ўсё гэта застаецца людзям пасля свят. У Велікарыце з вядомых прычын фэст не праводзіўся, але ўсе набыткі падрыхтоўчага перыяду засталіся і будуць служыць людзям доўгія гады.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Маларыцкі раён

Загаловак у газеце: Штуршок да развіцця

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.