Вы тут

Сартыроўка адходаў і свой кубак у кавярні: Новы год — новыя эказвычкі!


Вось і надыйшла чароўная пара, калі мы задумваем жаданні, а пасля з нецярпеннем чакаем, калі яны збудуцца. Але для здзяйснення некаторых з іх давядзецца і самім прыкласці намаганні! Прапаную пачаць 2022 год з васьмі добрых эказвычак-абяцанняў, якія зменяць не толькі ваша жыццё, але і экалагічную сітуацыю навокал.


1. Буду больш перасоўвацца пешшу і на ровары!

Аўтамабілі, аўтобусы — адна з крыніц выкідаў вуглякіслага газу, «вінаватага» ў глабальным пацяпленні. Адмова ад машыны на карысць пешай або веласіпеднай прагулкі вырашае адразу некалькі праблем: эканоміць паліва, зберагае прыроду і дапамагае падтрымліваць добрую фізічную форму.

2. Пасаджу дубочак!

З жолуда можна вырасціць маленькі дубок на падваконніку, а потым перасадзіць яго на пастаяннае «месца жыхарства». Калі вы не назбіралі жалудоў, вясной можаце прыняць удзел у адной з акцый па пасадцы раслін. Дрэвы не проста перапрацоўваюць вуглякіслы газ. Яны таксама фільтруюць паветра, ачышчаючы яго ад шкодных рэчываў. Пасадзіўшы дрэвы каля дома, вы будзеце заўсёды дыхаць чыстым паветрам, ды і ваш настрой палепшыцца.

3. Буду сартаваць адходы!

Важна памятаць, што пластык, шкло, папера і алюміній — гэта не смецце, а каштоўная сыравіна, якую неабходна перапрацоўваць. А перад гэтым іх трэба аддзяліць ад адходаў, што не падлягаюць перапрацоўцы.

4. Буду здаваць батарэйкі і энергазберагальныя лямпачкі!

Энергазберагальныя лямпы ўтрымліваюць ртуць і адносяцца да першага, самага высокага класу небяспекі сярод адходаў. Адпрацаваныя батарэйкі і акумулятары, у складзе якіх ёсць літый, свінец, нікель і кадмій, лічацца адходамі другога класу небяспекі. Усе гэтыя металы вельмі таксічныя, хутка атручваюць зямлю і грунтавыя воды.

5. Буду сачыць, каб ежа дома не псавалася і не выкідвалася!

Штогод у свеце на звалках апынаецца да траціны ўсіх вырабленых прадуктаў. Раскладаючыся, яны выдзяляюць метан, які лічыцца адной з прычын глабальнага пацяплення. Каб прадукты не ішлі на сметнік, старанна плануйце пакупкі.

6. Буду браць каву навынас у свой тэрмакубачак!

Аднаразовыя кубкі для кавы зроблены з паперы з тонкім неаддзяляльным слоем пластыку, з-за чаго яны практычна не перапрацоўваюцца. Таму лепш набыць шматразовы тэрмакубачак і купляць каву ў яго (за гэта можна яшчэ і атрымаць зніжку ў некаторых кавярнях!).

7. Буду больш эканомна карыстацца вадой!

Паводле даных ААН, доступу да якаснай вады няма ў двух мільярдаў чалавек. Каб дапамагчы захаваць гэты найважнейшы рэсурс, вы можаце больш эканомна яго расходаваць: закрываць кран, пакуль чысціце зубы; замест ванны прымаць душ; фільтраваць вадаправодную ваду, а не купляць у бутэльках.

8. Буду браць у краму торбачкі з тканіны і авоські для пакупак!

Звычайным пластыкавым пакетам мы карыстаемся не больш за 2-3 разы, а затым адпраўляем на сметніцу. Там, па розных даных, ён будзе раскладацца каля 100 гадоў. А калі трапіць у ваду і дабярэцца да дна — і таго больш. Адмовіўшыся ад новых поліэтыленавых пакетаў, мы і эканомім уласныя грошы, і прадухіляем забруджванне не толькі сваёй мясцовасці, але і ўсёй планеты.

Рухаючыся да мэты, вядзіце эка-каляндар, дзе адзначайце свае перамогі ў выратаванні навакольнага асяроддзя. А яшчэ пачніце хваліць сябе нават за маленькія экакрокі і не перажывайце, калі ў нейкі дзень не стае сіл варочаць горы. Стамляцца і нават часам ленавацца — гэта нармальна. Галоўнае — не спыняцца. І памятайце: у вас усё атрымаецца!

Друкуецца ў часопісе «Родная прырода»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.