Вы тут

Наталля Качанава: Азербайджан для Беларусі — не проста партнёр, а блізкі сябар


У Савеце Рэспублікі прайшла сустрэча спікера верхняй палаты парламента з Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Азербайджанскай Рэспублікі ў Беларусі Ульві Бахшаліевым. 


— Для нас Азербайджан — не проста партнёр, а блізкі сябар, — падкрэсліла Наталля Качанава, адкрываючы сустрэчу. — Краіна, з якой нас звязваюць сяброўскія адносіны, эканамічныя, палітычныя і гуманітарныя сувязі. І гэта ўзаемадзеянне вельмі важна для нас, таму што мы адчуваем падтрымку Азербайджана ў міжнародных арганізацыях на ўсіх узроўнях. 

Яна пераканана, так павінны паступаць сапраўдныя партнёры і сябры. Вядома, звяртае ўвагу спікер, такія добрыя адносіны паміж краінамі склаліся дзякуючы Прэзідэнтам дзвюх краін, высокаму палітычнаму дыялогу.

— У гэты няпросты час адносіны павінны быць больш цеснымі, плённымі, і мы рады, што дзейнічае міжпарламенцкая рабочая група, — адзначае Наталля Качанава.

Яна пераканана: узаемадзеянне парламентарыяў павінна быць больш цесным.

— Нашы кантакты павінны быць больш эфектыўнымі, аднаўленне сустрэч і парламенцкіх візітаў у Азербайджан і Беларусь нас вельмі радуе, — кажа спікер верхняй палаты парламента. — Мы знайшлі поўнае паразуменне працэсаў, якія адбываюцца, у падтрымцы адно аднаго ў гэтай няпростай сітуацыі. І мы зробім усё, каб актывізаваць наша супрацоўніцтва.
Наталля Качанава нагадала, што вынікам любых стасункаў з’яўляецца эканоміка. У прыватнасці, паміж краінамі склаўся нядрэнны тавараабарот, які за 10 месяцаў 2021 года склаў 442 мільёны долараў і вырас у 1,2 разы ў параўнанні з адпаведным перыядам пазамінулага года. 

Міжпарламенцкі дыялог у гэтым працэсе адыгрывае не апошнюю ролю. 

— Мы нацэлены на плённы і канструктыўны дыялог з нашымі калегамі-парламентарыямі. І, вядома, будзем рады візіту кіраўніка парламента Азербайджана ў Беларусь, дэлегацыі нашых калег-парламентарыяў, якія дадуць вынік на карысць нашых народаў і краін, — падкрэсліла спікер.

У сваю чаргу Надзвычайны і Паўнамоцны пасол падзякаваў Наталлі Качанавай за магчымасць сустрэцца, каб асабіста пазнаёміцца. Нагадаем, што кадэнцыя Ульві Бахшаліева ў якасці пасла распачалася ў Беларусі з ліпеня 2021 года. Ён засяродзіў увагу на тым, што цесныя сувязі з нашай краінай падтрымліваў і на ранейшых пасадах. 

— Мы вельмі ўдзячныя нашым Прэзідэнтам Аляксандру Лукашэнку і Ільхаму Аліеву за той тэмп, які яны надалі нашым узаемаадносінам. І мы павінны старацца паспець рэалізаваць тыя пытанні, якія на сённяшні дзень знаходзяцца на двухбаковым парадку дня, — падкрэсліў дыпламат.

Таксама спадар пасол падзякаваў Наталлі Качанавай за вырашэнне пытання па ўсталяванні ў беларускай сталіцы помніка Нізаві Гянджаві.

Дарэчы, дамоўленасць аб яго з’яўленні была дасягнута падчас сустрэчы спікера верхняй палаты парламента з папярэднім паслом — Лаціфам Гандзілавым — з нагоды завяршэння яго дыпламатычнай місіі ў Беларусі. Тагачасны пасол паведаміў, што азербайджанскі бок гатовы ўзяць усе выдаткі па ўсталяванні помніка. 

Адзначым, што на стварэнне і ўсталяванне ў Мінску помніка Нізамі Гянджэві было атрымана станоўчае рашэнне Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і ўзгадненне Прэзідэнта краіны. 

— Хацеў бы праінфармаваць вас, што помнік гатовы і ў бліжэйшы час будзе адкрыты, — паведаміў дыпламат. — Мы цесна працавалі ў гэтым напрамку з Мінскім гарвыканкамам.

Пасол падзякаваў ўлады за тое, што дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву атрымалася зрабіць гэтую справу ў кароткія тэрміны і, паводле ацэнкі дыпламата, помнік Упрыгожыць агульную архітэктуру сталіцы.

Як расказаў у гутарцы з журналістамі старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл Русы, які на працягу трох гадоў узначальваў міжурадавую камісію па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве Беларусі і Азербайджана, за гэты час было зроблена нямала. 

— Любая знешнеэканамічная дзейнасць, якая выбудоўваецца нашай краінай з іншымі краінамі, вядзецца па ўсіх напрамках. Калі казаць пра Азербайджан, то гэта вельмі дружалюбная і эфектыўная краіна, дзе ёсць магчымасць працаваць як нашым вытворцам, нашым капіталам, так і прадстаўнікам Азербайджана на нашай тэрыторыі, — падкрэсліў ён.

Паводле яго слоў, зроблена вельмі многае, таму што ёсць сяброўства і давер паміж кіраўнікамі абедзвюх дзяржаў. 
— Потым лягчэй працаваць і ўрадам і органам кіравання, — перакананы Міхаіл Русы. — З беларускага боку сумесна з бізнесам Азейрбаджана выбудаваныя магутныя кірункі. Напрыклад, у Азербайджане створана цэлая галіна — гэта сельскагаспадарчае машынабудаванне. 

У прыватнасці, адзначыў ён, у Гянджы выпускаецца цэлая лінейка МАЗаў. 

— Праз Азейрбаджан мы выйшлі на будаўніцтва трактароў у Турцыі. То-бок, гэта міжрэгіянальны кірунак, — звяртае ўвагу парламентарый. — Тэхніка, якая вырабляецца, прадаецца ў сумежныя дзяржавы: у першую чаргу ў Грузію. 
Сенатар звяртае ўвагу, што выбудаваная сістэма работы функцыянуе і ў зваротным кірунку. 

— Раней дэпутат Парламента Азербайджана Фаціеў (які ўзначальвае напрамкі па вытворчасці трактарнай тэхнікі, МАЗаў) дапамог арганізаваць сетку беларускіх магазінаў, якія дзейнічаюць у Азейрбаджане і Грузіі. Адпаведна бізнесмен Васіф Ісмаілаў арганізаваў наймагутнейшыя аб’екты вытворчасці ў Магілёве, у Мінску, — прыводзіць прыклады Міхаіл Русы. — Таму такія сувязі пераходзяць ад слоў да буйных спраў. 

Ён нагадаў, што гандлёвы дом Азейрбаджана ў беларускай сталіцы ў свой час адкрываў асабіста Прэзідэнт Азейрбаджана. 
— Таму мы маем магчымасць набываць тавары з Азербайджана на нашым рынку, — падкрэсліў сенатар.

Таксама ён акцэнтаваў увагу на тым, што многае зроблена і ў пастаўках прадукцыі сельскай гаспадаркі, вырашаны пытанні ў развіцці аграпрамысловага комплексу. 

Што датычыцца міжпарламенцкага ўзаемадзеяння старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні адзначыў, што ў рамках парламентаў і адпаведных рабочых груп кантакты будуць развівацца і далей, каб выбудоўваць іх на даверным і высокім узроўні. 

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.