Вы тут

Людзі на балоце


У сярэдзіне ХІХ стагоддзя на тэрыторыі Беларусі налічвалася каля 2,5 млн га балотаў. Але праз сто гадоў іх плошча рэзка паменшылася, у тым ліку ў выніку асушальнай меліярацыі. Сёння вучоныя і спецыялісты называюць лічбу ў 863 тыс. га – гэта плошча натуральных балотаў, ці балотаў са слаба парушаным гідралагічным рэжымам, якія захаваліся ў нашай краіне.


Балотныя экасістэмы непарыўна звязаныя з культурай і гісторыяй беларускага народу.

Але ў мінулым яны моцна пацярпелі ад дзеянняў чалавека. Чаму сёння людзі імкнуцца выратаваць гэтыя прыродныя аб’екты?

У сярэдзіне ХІХ стагоддзя на тэрыторыі Беларусі налічвалася каля 2,5 млн га балотаў. Але праз сто гадоў іх плошча рэзка паменшылася, у тым ліку ў выніку асушальнай меліярацыі. Сёння вучоныя і спецыялісты называюць лічбу ў 863 тыс. га — гэта плошча натуральных балотаў, ці балотаў са слаба парушаным гідралагічным рэжымам, якія захаваліся ў нашай краіне.

— Змена гідралагічнага рэжыму ў выніку меліярацыі пацягнула за сабой іншыя парушэнні ў балотных экасістэмах, — кажа кандыдат біялагічных навук, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча Дзмітрый Грумо. — Сярод іх — рост колькасці пажараў, зарастанне тэрыторый драўнянай расліннасцю.

Паводле слоў вучонага, балоты — надзвычай кансерватыўныя сістэмы і змяняюцца вельмі марудна. Таму да праблемы глабальнай змены клімату яны таксама аказаліся даволі ўстойлівымі. Але тое ж датычыцца і пытання іх аднаўлення. Каб дэградаваны тарфянік зноў стаў натуральнай экасістэмай, патрэбна некалькі дзесяцігоддзяў.

Як вярнуць натуральнасць?

Для аднаўлення сваіх функцый балоту толькі часу недастаткова. Вельмі важна, каб людзі дапамагалі яму ў гэтым працэсе — праз будаўніцтва плацін і іншых гідратэхнічных збудаванняў затрымлівалі ваду на асушаных тэрыторыях.

За апошнія дзесяцігоддзі ў Беларусі было рэалізавана некалькі праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі (МТД) па паўторным забалоч­ванні асушаных тарфянікаў. Сродкі на гэта выдзяляюцца і з дзяржаўнага бюджэта.

Адзін з буйнейшых праектаў апошняга часу — цыкл работ у Белавежскай пушчы. Гэта частка праграмы па падтрымцы яе запаведнасці — сумеснага прыродаахоўнага праекта нацыянальнага парка «Белавежская пушча», грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і Франкфурцкага заалагічнага таварыства.

— Перыферыйная частка пушчы моцна меліяраваная, там шмат каналаў, — тлумачыць Дзмітрый Грумо. — З-за гэтага і іншых фактараў за апошнія 20 гадоў там усохлі каля 2,5-3 млн м3 лесу. На затрыманне вады на гэтых тэрыторыях і накіраваны праект.

Шмат тэрыторый атрымала новае жыццё дзякуючы рэалізацыі праектаў МТД ПРААН-ГЭФ «Тарфянікі», «Тарфянікі-2», а таксама «Ветландс».

Работа працягваецца

Сёлета колькасць адноўленых балотаў павялічылася на 3 тысячы гектараў дзякуючы выкананню праекта МТД «Аднаўленне асушаных тарфянікаў у Беларусі — 2-я фаза». Ён рэалізуецца з 2020 года грамадскім аб’яднаннем «Зялёная экано­мі­ка» ў партнёрстве з Мінпрыроды і з’яўляецца часткай мерапрыемстваў Чангвонгскай ініцыятывы «Парт­нёрства па азеляненні засушлівых зямель», фінансуемай са сродкаў Ка­рэй­скай лясной службы. Работа праводзіцца ў адпаведнасці з пагадненнем з Сакратарыятам Канвенцыі ААН па барацьбе з апустыньваннем. Першая фаза гэтага праекта была рэалізавана ў 2018 — 2020 гадах, тады былі паўторна забалочаны больш за 1 тысячу гектараў асушаных тарфянікаў у Чэрыкаўскім і Касцюковіцкім раёнах Магілёўскай вобласці.

У рамках 2-й фазы праекта на працягу года ў Хойніцкім і Калінкавіцкім раёнах Гомельскай вобласці прахо­дзіла маштабная рэабілітацыя дэгра­дзіраваных і неэфектыўна асушаных балотаў. Спецыялісты працавалі на такіх асушаных тарфяніках, як Ладава-Агароднікі, Ладава-Віць, Ладава-Хобнае, Ладава-Маклішча. Там пабудавалі дамбу і па спецыяльнай тэхналогіі стварылі 120 перамычак, якія павінны затрымліваць ваду. Па падліках вучоных, за кошт аднаўлення балотаў атрымаецца захаваць 1,7-2,5 млн м3 вады, што асабліва важна для Гомельшчыны, якая пакутуе ад паніжэння ўзроўню грунтавых вод у выніку змены клімату. Захаванне вады ў балоце станоўча паўплывае і на стан прылеглых лясоў і сельгасзямель. Акрамя таго, прыкладна ў два разы, ці на 2,8 млн еўра ў фінансавым эквіваленце, скароціцца аб’ём вылучаемых парніковых газаў. Рэабілітацыя парушаных тарфянікаў істотна зніжае рызыку ўзнікнення пажараў, што асабліва важна для радыяцыйна забруджаных тэрыторый.

Як расказаў намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ­Андрэй Кузьміч, работы ў праектным рэгіёне працягнуцца. Так, у Хойніцкім раёне ў рамках Праграмы малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонда плануецца забалоціць тарфянік Аўраамаўскае.

Планы на заўтра

У выніку рэалізацыі падобных праектаў у Беларусі былі ўжо адноўлены 67 тыс. га балотаў. Яшчэ каля 140 тыс. га тэрыторый знахо­дзяцца ў першачарговым спісе для аднаўлення.

На думку Дзмітрыя Грумо, акрамя буйных, вядомых балотных экасістэм, як Спораўскае, неабходна звярнуць увагу на былыя аб’екты торфаздабычы на поўначы краіны. Забалочванне пойдзе на карысць ва ўсіх раёнах з пажаранебяспечнай сітуацыяй — Смалявіцкім, Пухавіцкім, Столінскім, Докшыцкім, Мёрскім, Барысаўскім, Быхаўскім і іншых.

Лясныя балоты — яшчэ адзін важны напрамак. Работа з такімі аб’ектамі дапаможа затрымліваць ваду, што паспрыяе ў тым ліку і стану лясоў.

Сёння ў краіне выбудавана сістэма аднаўлення балотаў. Зразумелая схема дзеянняў і ўсведамленне ўладамі неабходнасці такой дзейнасці дазваляюць выконваць яе больш хутка і эфектыўна.

Цяпер галоўная задача — знай­сці інвестараў для рэалізацыі падобных праектаў. На гэта сёння накіраваны намаганні Мінпрыроды, НАН Беларусі, грамадскіх аб’яднанняў. І такія кампаніі знаходзяцца не толькі за мяжой, але і ўнутры краіны. 

Месца прыцягнення

Балоты заўсёды былі каштоўным рэсурсам для беларусаў, а часам і сродкам выжывання. За кошт балотаў, іх прыродных багаццяў развівалася і эканоміка Палесся. Сельскія ж жыхары там пасвілі свойскую жывёлу, касілі траву, збіралі ягады. З цягам часу і зменай ладу жыцця мясцовага насельніцтва многія з гэтых работ перасталі выконвацца, што негатыўна паўплывала на экасістэмы.

— Эканоміку не перавернеш, — упэўнены Дзмітрый Грумо. — Сёння не трэба чакаць, што балоты будуць прыносіць прыбытак так, як і раней. Таму важна праводзіць мерапрыемствы па аднаўленні гідралагічнага рэжыму, выкошваць расліннасць на найбольш унікальных аб’ектах, што захавае гэтыя экасістэмы і іх біяразнастайнасць.

Што датычыцца верхавых балотаў, то іх аднаўленне не толькі палепшыць пажарную бяспеку тэрыторый, але і паспрыяе павышэнню дабрабыту грамадзян. Сёння 56 % ягаднікаў знахо­дзяцца менавіта на верхавых балотах. І часам кошт такіх прыродных рэсурсаў перавышае кошт лесу, які там расце.

Увогуле, на думку Дзмітрыя Грумо, на кожным адноўленым балоце неабходна каля 70 % аддаваць пад ахову, а 30 % выдзяляць пад атрыманне эканамічных выгад, у тым ліку развіваць сістэму экалагічнага турызму. Так, Ельня — буйнейшае верхавое балота — за апошнія гады стала сапраўдным брэндам, куды імкнуцца турысты з Беларусі і іншых краін. Побач будуюцца аграсядзібы, мясцовыя жыхары право­дзяць экскурсіі і дапамагаюць ахоўваць гэты аб’ект, што паляпшае эканоміку рэгіёна. Але сёння Ельня адчувае павышаную турыстычную нагрузку. Каб разгрузіць яе і знай­сці сродкі на падтрыманне і захаванне экасістэм, такія ж аб’екты прыцягнення можна ­ствараць на іншых забалочаных тэрыторыях.

Важную ролю ў аднаўленні балотаў іграюць валанцёры, якія ахоўваюць гэтыя тэрыторыі і дапамагаюць вучоным даследаваць і ратаваць іх экасістэмы.

— Валанцёры — гэта рабочая сіла, якая працуе ў складаных умовах, часта без камфорту і зусім без аплаты, — кажа вучоны. — Займацца такой дзейнасцю могуць толькі людзі, у якіх баліць душа за прыроду. Я ўпэўнены, што работа валанцёраў і захавальнікаў складае каля 80 % поспеху ў падобных праектах.

Вераніка КОЛАСАВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.