Вы тут

Дзяніс Дук: Мы абралі шлях паступальна-эвалюцыйнага развіцця


Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт неаднаразова станавіўся месцам правядзення адкрытых дыялогаў па абмеркаванні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю. Летась тут працавала рэгіянальная пляцоўка па пытаннях канстытуцыйнага рэфармавання і партыйнага будаўніцтва, дзе збіраліся аўтарытэтныя эксперты з усёй вобласці. Падчас Усебеларускага народнага сходу Дзяніс Дук як дэлегат і адзін з каардынатараў пляцоўкі казаў, што прыйшоў час змен. Наколькі праект новай Канстытуцыі адпавядае тым запытам, якія на яе ўскладаліся, і як можна ацаніць гэты ўстаноўчы нарматыўны дакумент з пункту гледжання гісторыка, пацікавілася ў прафесара карэспандэнт «Звязды».


— Неабходнасць у зменах Асноўнага Закона прадыктавана жыццём, — канстатуе Дзяніс Дук. — Кіраўнік нашай дзяржавы яшчэ ў 2016 годзе ўпершыню заявіў пра тое, што наспеў час для ўнясення змяненняў у Канстытуцыю. З таго моманту гэты пасыл трансліраваўся ў грамадства. У 2020 годзе, калі дзеючы Прэзідэнт вылучаў сваю кандыдатуру на наступны прэзідэнцкі тэрмін, у сваёй перадвыбарнай праграме ён прапаноўваў унесці змены ў Канстытуцыю. Каб і далей ісці шляхам паступальна-эвалюцыйнага развіцця. Гэта не падабалася радыкальна настроеным людзям, якія заклікалі ісці шляхам рэвалюцый і вельмі моцна праявілі сябе ў негатыўным плане. На прыкладзе краін, якія перажылі каляровую рэвалюцыю, мы добра ведаем, да чаго такі шлях можа прывесці.

— Якія з тых прапаноў, што вы агучвалі летась на Усебеларускім народным сходзе, былі пачуты?

— Пляцоўка, якая працавала на базе ўніверсітэта, фактычна аб'яднала розныя сілы, зацікаўленыя ў пазітыўных эвалюцыйных пераўтварэннях шляхам абмеркавання, пошуку кансэнсусу на вострыя пытанні. Шэраг прапаноў, якія мы абмяркоўвалі і прапаноўвалі ў якасці пажаданняў, не ўвайшло ў праект Канстытуцыі.

Але самыя галоўныя і прынцыповыя моманты ўлічаны. Гэта пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж галінамі ўлады, асабліва ў дачыненні да статусу суддзяў. Пры пераразмеркаванні паўнамоцтваў паміж органамі ўлады мы звярталі ўвагу на тое, што павінен быць дакладна вызначаны статус кіраўніцтва дзяржавай у выпадку, калі Прэзідэнт страчвае дзеяздольнасць. Гэта знайшло адлюстраванне ў праекце змен Канстытуцыі. У выпадку такіх дзеянняў кіраўніцтва пераходзіць да Старшыні Савета Рэспублікі, які ўзначаліць Савет Бяспекі.

Прапаноўвалі мы таксама стварэнне новага органа кіравання — Усебеларускага народнага сходу з дакладным разгалінаваннем яго паўнамоцтваў, кірункамі дзейнасці. Мы выступалі і за тое, каб у праекце Канстытуцыі было замацавана палажэнне аб нацыянальным суверэнітэце. Гэта азначае, што Беларусь развівае добрасуседскія ўзаемаадносіны з іншымі краінамі, але на аснове сваёй самабытнасці, павагі да ўласнай гісторыі.

Ну і, вядома, такі важны момант, як захаванне гістарычнай памяці, асабліва памяці пра Вялікую Айчынную вайну. Мы бачым, па якім шляху пайшлі некаторыя краіны, якія разам з намі змагаліся супраць фашызму. Маю на ўвазе парады так званых паліцаяў,
калабарантаў, якія пад рознымі лозунгамі спрабавалі і нам падмяніць гэтыя паняцці, навязаць меркаванне, што «Беларусь — краіна паліцаяў». Цяпер за такое прадугледжана нават крымінальная адказнасць.

— У прэамбуле праекта Канстытуцыі з'явіўся новы, вельмі моцны пасыл аб неад'емным праве беларусаў на «захаванне нацыянальнай самабытнасці і суверэнітэту». У чым, на ваш погляд, заключаецца наша самабытнасць і якую сэнсавую нагрузку нясе гэта дапаўненне?

— Мы жывём у цэнтры Еўропы на скрыжаванні культур, я нават сказаў бы, на скрыжаванні цывілізацый — заходняй і ўсходнееўрапейскай, фактычна на зоне разлому. І многія нацыі, якія апынуліся з прычыны гістарычнага лёсу на месцы цывілізацыйнага разлому, разарваныя. Народ жыве ў розных краінах, шмат канфліктаў на этнічнай глебе, канфесійнай. Нам, беларусам, гэта не ўласціва. Нам пашчасціла пазбегнуць гэтых канфліктаў.

А пашчасціла таму, што ў нас ёсць рыса гэтай самабытнасці. Мы з павагай, талерантна і адметна ставімся да нашых суседзяў, да тых народаў, якія жывуць у межах нашай краіны. І заўсёды спрабуем жыць у ладзе з рознымі канфесіямі, прадстаўнікамі розных этнасаў, і гэта трансліруецца на нашы знешнія стаўленні.

Нягледзячы на тое што беларусы жылі ў розных краінах — ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, мы не мелі нацыянальных форм дзяржаўнасці. Гэта былі гістарычныя формы нашай дзяржаўнасці. Нацыянальная форма дзяржаўнасці ў беларусаў пачалася з БССР, менавіта яе правапераемніцай з'яўляецца Рэспубліка Беларусь. Дарэчы, паступалі нават такія прапановы: замацаваць статус правапераемнасці БССР. Мы, стварыўшы сваю ўласную дзяржаву БССР — Рэспубліку Беларусь, захавалі вось гэта паважлівае, талерантнае стаўленне да прадстаўнікоў іншых канфесій і іншых народнасцяў, якія жывуць на нашай тэрыторыі.

Ніколі з боку нашай краіны не ішла агрэсія — ні ваенная, ні дыпламатычная, ні ментальная. І не будзе ісці. І гэта, дарэчы, замацавана ў праекце Канстытуцыі. Мы ніколі не станем агрэсарамі. Вось гэта — наша самабытнасць. У такіх умовах, знаходзячыся на разломе, мы захавалі свае мову, культуру, традыцыі.

У прэамбуле, самай галоўнай уводнай частцы, расстаўлены ўсе акцэнты. За кожным гэтым словам дзясяткі навуковых работ. Напрыклад, за «нацыянальнай самабытнасцю» стаяць распрацоўкі беларускіх вучоных, якія адлюстраваны ў выданнях па гісторыі беларускай дзяржаўнасці і раскрываюць асаблівасці этнічнага складу нашага грамадства. Так, мы ўсе беларусы, адна нацыя, але ў нас ёсць шэраг гісторыка-культурных рэгіёнаў, якія маюць уласныя адметнасці. І гэтыя адметнасці вельмі яскравыя, і традыцыі ў кожных рэгіёнаў свае. Але мы ўсе беларусы, ёсць такія ўніверсальныя рэчы і традыцыі, якія ўсіх аб'ядноўваюць.

Калі казаць пра нашы сімвалы — сцяг і герб, — гэта вельмі моцныя прыклады самаідэнтычнасці. Разам з калегам, членам Канстытуцыйнай камісіі, рыхтуем вучэбны дапаможнік для школ і ВНУ пра гісторыю развіцця беларускай сімволікі ў часе і прасторы. Як мы прыйшлі да тых сцягу і гербу, якія маем сёння ў якасці дзяржаўных. Гэта не проста сцяг і герб, якія з'явіліся раптоўна. За імі стаіць вялікі пласт нашай культуры. Нават арнаменту на нашым сцягу некалькі тысяч гадоў, адлік пачынаецца з эпохі неаліту. Ніводная краіна сёння не зможа пахваліцца такім старажытным сімвалам. Упершыню ён быў закадзіраваны ў неалітычным арнаменце яшчэ на посудзе. Гэта сувязь зямлі з небам, калаўрот жыцця, які падкрэслівае нязменнасць усіх працэсаў, сувязь зямной і нябеснай сфер, залежнасць ад сонечнага цыкла, урадлівасці і гэтак далей. І ўсё гэта адлюстроўвае наш арнамент у той ці іншай ступені.

— Шмат увагі ўдзяляецца тэме патрыятызму. Пошукавікі прапаноўваюць выхоўваць дзяцей на падставе ваеннай археалогіі, запрашаць іх на раскопкі, каб на канкрэтных прыкладах паказаць, наколькі крохкі мір
і як важна яго берагчы і абараняць. А як яшчэ, на вашу думку, можна выхоўваць патрыётаў? І што асабіста для вас азначае гэта слова?

— Калі сцісла, хопіць адной фразы: «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся». Можна жыць у Германіі або Польшчы, біць сябе ў грудзі і называцца патрыётам. Тады ўзнікае пытанне: «А што ты зрабіў для радзімы? Колькі разоў ты там бываеш?»

Бацькі павінны клапаціцца пра выхаванне сваіх дзяцей, падаваць прыклад сваім жыццём. Трэба цікавіцца гісторыяй, культурай, пашыраць кругагляд. У нас для гэтага ўсё створана. Паездзіце па Беларусі, павазіце з сабой дзетак, пакажыце ім, якая прыгожая і маляўнічая наша краіна, якая багатая ў яе культура. Ёсць нейкія рэперныя кропкі, якія кожны беларус павінен ведаць. Гэта Сафійскі сабор у Полацку, Мірскі замак, Ружанскі палац, Брэсцкая крэпасць, Буйніцкае поле ў Магілёве. Гэта вельмі павярхоўны аналіз, у кожным горадзе Беларусі ёсць свая адметнасць.

— Ветэраны, у прыватнасці, каб узмацніць норму пра гістарычную памяць і гераічны подзвіг беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, прапаноўваюць замацаваць яшчэ і такое паняцце, як «праўда пра вайну». Каб не было спроб яе сказіць...

— У нашай Канстытуцыі пазначана, што беларускі народ з'яўляецца пераможцам у вайне. Палеміка ідзе, які тэрмін выкарыстоўваць: беларускі народ або савецкі. Сэнс такі: калі пакідаем тэрмін «савецкі», значыць, прэтэндуем і на тыя краіны, якія сёння праводзяць недапушчальную для нас палітыку. У нас аднолькавы статус ушанавання гэтага подзвігу з тымі краінамі, якія сёння фактычна выціраюць ногі аб ветэранаў-чырвонаармейцаў. Мы будуем нацыянальную Канстытуцыю беларускага народа, хоць добра разумеем, што змагаліся з ворагам савецкія людзі, якія былі аб'яднаны адной краінай. Вось беларускія партызаны — гэта ўстойлівы выраз, гэта наша адметнасць. Фактычна Беларусь — краіна-партызанка. Таму мы можам абсалютна дакладна пакідаць тыя прапановы, якія знайшлі адлюстраванне. Гэта подзвіг беларускага народа. І трэба рабіць на гэтым акцэнт.

Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.