Вы тут

Па законах добрасуседства: Жыццё дома «высокай санітарнай культуры»


Для жыхароў шматкватэрных дамоў вельмі часта асабістая тэрыторыя пачынаецца з парога сваёй кватэры, хаця ўсе мы без выключэння марым пра ўтульнае параднае. Толькі адны перакананы, што пра гэта павінны клапаціцца камунальнікі (ну як жа, мы ж ім плацім за прыборку!), а іншыя бяруцца за справу самі. Менавіта такія дзівакі і жывуць у слаўгарадскім трохпавярховіку. Яны камунальнікам такі адказны ўчастак свайго дома не давяраюць. Кажуць: «Не жадаем парушаць аўру».


Пад’езд дома № 27 а па вуліцы Калініна лічыцца адным з узорных у Слаўгарадзе на працягу як мінімум 10 гадоў. З тых часоў, як у раёне сталі праводзіцца спаборніцтвы сярод органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання на найлепшы дом і пад’езд. Карэспандэнт «МС» спецыяльна пабывала там, каб даведацца пра ўсе сакрэты.

Трэці пад’езд трохпавярховіка ні з якім іншым не пераблытаеш: на яго дзвярах вісіць шыльда, што менавіта ён у доме носіць ганаровае званне «высокай санітарнай культуры». Дзверы адчыняе старшая па пад’ездзе — Ларыса Мінькова. Але яна ўжо папярэдзіла пра візіт карэспандэнта, і каля іншых кватэр таксама назіраецца рух. З першых хвілін пачынаеш адчуваць тую самую аўру, якую тут так аберагаюць. На першым паверсе вісіць шэраг дыпломаў пераможцаў у спаборніцтвах сярод органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Яны — візітоўка дома.

Сціпла, але ж паўсюль адчуваецца гаспадарская рука. На ўваходзе — крэатыўны дыванок з пластыкавых бутэлечных накрывак. «Гэта мы купілі за нашу прэмію, вельмі спадабаўся, а галоўнае — практычны», — усміхаецца старшая. На пляцоўцы першага паверха яшчэ тры дыванкі. Не адразу разумею, што яны з пакецікаў з-пад малочных прадуктаў. «Гэтую прыгажосць з другасных адходаў робіць наша Тамара Уладзіміраўна,» — знаёміць старшая па пад’ездзе з суседкай. Майстрыха з ахвотай дзеліцца падрабязнасцямі пра сваё захапленне.

— Апошнія гадоў пяць пакеты зусім не выкідаю, — кажа яна. І кліча да сябе ў кватэру, каб паказаць іншыя вырабы. Яна, аказваецца, яшчэ і знатная вышывальшчыца. Што датычыцца дыванкоў, то іх робіць не толькі з малочных пакецікаў, а і з рыззя. Я ў захапленні. Вось дык гаспадыня, нічога ў гаспадарцы не прападае!

— Я ў школе дзецям выкладала дамаводства, — усміхаецца аўтарка. Сама яна, дарэчы, па адукацыі настаўніца рускай і беларускай моў. Зараз на пенсіі.

На дыванок ідзе як мінімум 160 пакетаў. Уважліва вывучаю шэдэўр. Вось гэты радок з пакетаў з-пад кефіру, гэты — з-пад малака, вунь той — з-пад смятаны, а вунь той, падказвае аўтарка, з-пад пральнага парашка.

Старшая па пад’ездзе кліча далучыцца да нас яшчэ і Кацюшку, якая якраз выйшла, каб кветкі паліць. Падымаемся па лесвіцы наверх, і адчуванне, што ты не ў доме, дзе жыве дзевяць сем’яў, а ў чыімсьці катэджы. Суседкі перагукаюцца паміж сабой са сваіх паверхаў як члены аднаго сямейства. Нават зайздрасць бярэ.

На сцяне — правілы дома. Галоднага — накармі, сумнага — абдымі, бруднае — памый, засохлае — палі, замёрзлага — абагрэй. Гэтыя правілы як нельга адпавядаюць памкненням жыхароў дома. А ахвяравала для агульнай прыгажосці і падняцця настрою Тамара Герасімовіч. Жартаўлівую віншаванку падарылі ёй з мужам на юбілей іх сумеснага жыцця. Пра іх з Генадзем Фёдаравічам саюз наогул можна раман пісаць. Сябравалі з дзяцінства, разам працавалі на цаліне, потым паклікала радзіма. У іх кватэры заўсёды пануюць мір ды ласка. Але ў гэтым пад’ездзе не толькі сем’і, але і суседзі па такіх правілах жывуць.

На сценах з першага да трэцяга паверхаў — карціны і вышыўкі, ледзь не на кожнай прыступцы стаяць вазоны з раслінамі, ды не абы-якія: фікус, манстэра — экзоты не з танных, на вокнах — фіранкі — можна смела садзіцца каля батарэі і піць каву. Жыхаркі кажуць, што раней у іх кветкі нават над парэнчамі віселі.Тамара Герасімовіч спецыяльна для іх кашпо звязала. Але з тых пор, як на трэцім паверсе пачалі рабіць рамонт, кветкі пакуль вырашылі зняць, каб не пыліліся.

— Года два таму рамонт у пад’ездзе рабілі, — расказвае Ларыса Мінькова. — Плітку за свой кошт мянялі. Дому наогул болей чым 40 гадоў, у снежні 1977 года засяляліся.
Першапачаткова дом будаваўся для медыкаў, але, калі кватэры прыватызавалі, кантынгент, як той казаў, памяняўся. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС шмат хто з’ехаў.

— У нас у пад’ездзе заўсёды былі чысціня і парадак, а калі раённыя ўлады сталі спаборніцтвы праводзіць паміж дамамі і пад’ездамі, згуртаваліся, — кажуць жыхаркі дома. — Нас аб’яднала тое, што кожны хацеў, каб была прыгажосць. Вясной шмат кветак саджаем у двары. Ёсць нават маленькія агародзікі. Мы людзі, якія прывыклі да працы.

— За тое, што мы ўпрыгожвалі свой дворык, жылкамгас паставіў нам бясплатна дзверы ў пад’езд і падвал — адным з першых у горадзе, — з гонарам адзначае Ларыса Мінькова.

— У доме парадак і прыгажосць, калі ёсць гаспадар, таму мы гэтую работу нікому іншаму не давяраем, — дадае Тамара Герасімовіч. — Калі гаспадар пастаянны, тады будуць і ўтульнасць, і атмасфера дамашняя.

Пакуль мы жаноцкім складам размаўлялі ў пад’ездзе, Генадзь Фёдаравіч апрануўся па-спартыўнаму і пабег з рыдлёўкай чысціць снег.

— Пенсіянер, а вунь як добра выглядае, — звярнула ўвагу Ларыса Міхайлаўна. — А ўсё таму, што працай займаецца фізічнай, а не на канапе ляжыць.

Ларыса Мінькова не скардзіцца, што даводзіцца грамадскай працай займацца. "Ну якія тут могуць быць абавязкі, — разводзіць яна рукамі. — Усё тое, што я раблю, мне падабаецца. Што тут асаблівага, калі трэба пазваніць, каб лямпачку прыехалі памянялі або яшчэ нешта зрабілі, што самі мы не ў сілах.

Грошы, якія пад’езд атрымлівае за перамогі ў спаборніцтвах сярод органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, ідуць выключна на гаспадарчыя справы. То венік трэба купіць, то фарбу для рамонту, то іншыя будматэрыялы.

Пакуль адны мяне знаёмілі з асаблівасцямі ўпрыгожвання пад’езда, Кацярына Аляксандраўна Бакурына паспела блінцы згатаваць і гарбату заварыць. Гасціннасць, як той казаў, перш за ўсё. Суразмоўцы кажуць, што раней часцей сабе святы рабілі, цяпер каранавірус перашкаджае. Але пасядзелкі ніхто не адмяняў. Сумеснае чаяпіцце — добрая нагода пагутарыць пра агульныя справы.

Міжволі ўспомнілася добрая прытча, у якой старык дзецям на прыкладзе паказаў, што разам яны — сіла. Даў венік і папрасіў зламаць. А калі ў іх не атрымалася, працягнуў галінкі. Яны іх без праблем пераламалі. Так і ў жыцці, сказаў мудры дзед: калі будзіце па адным, вас хутка зломяць.

Вось і жыхаркі дома кажуць, што чыста і дагледжана ў пад’ездзе будзе толькі там, дзе кожны асобны чалавек гэтага хоча. І тут ужо не мае значэння, колькі ў доме паверхаў. Галоўнае — быць разам. Ну і, вядома, стымул.

— Калі нас заўважылі гарадскія ўлады, мы яшчэ больш сталі старацца, бо абудзіўся дух саперніцтва, — заўважыла Ларыса Мінькова. — Летась маё фота нават на Дошцы гонару вісела ў райвыканкаме, а на ўваходзе ў наш пад’езд шыльду павесілі з подпісам, што ён лічыцца пад’ездам высокай санітарнай культуры. Гэта вельмі прыемна.
Святлана Язерская, старшыня Слаўгарадскага райсавета:

— Мне падабаецца, што гэтыя людзі робяць сваё жыццё прыгожым. У іх шмат грамат, яны не першы год найлепшыя. Хутка, 19 лютага, будзем падводзіць вынікі спаборніцтваў сярод органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання на найлепшы дом і пад’езд. Зараз вывучаем іх стан. І, ведаеце, у пад’ездзе дома на Калініна зноў адчулі на сабе яго аўру. Яна там сапраўды асаблівая.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

г. Слаўгарад

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.