Вы тут

Лукашэнка: Я ганаруся кожным з вас, таму што разумею, якой працай дасягаюцца поспехі


Шэраг тэрміновых нарад у Палацы Незалежнасці змяніла традыцыйнае мерапрыемства. Напярэдадні Дня жанчын Аляксандр Лукашэнка ўручыў пагоны вышэйшаму афіцэрскаму кіруючаму складу і ордэны Маці за выхаванне і нараджэнне пяці і больш дзяцей. Таксама падчас цырымоніі атрымалі свае ордэны выбітныя прадстаўнікі разнастайных сфер дзейнасці і артысты, якія атрымалі званні заслужаных.


«Сёння ў Палацы Незалежнасці вельмі ўрачысты дзень. Мы ўручаем узнагароды сапраўдным жанчынам і сапраўдным мужчынам. Гэта ўжо стала традыцыяй. Я шчыра ганаруся кожным з вас, таму што разумею, якой вялікай працай дасягаюцца сёння поспехі ў любой сферы, няхай гэта будзе вытворчасць, медыцына, адукацыя, мастацтва або спорт», — заўважыў кіраўнік краіны.

Большасць з узнагароджаных па традыцыі — прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва, якія нарадзілі і выхавалі пяць і больш дзяцей. «На вашых далікатных плячах, а часам не вельмі, акрамя работы ляжаць клопаты аб сям’і і дзецях. Пры гэтым вы яшчэ паспяваеце вучыць, лячыць, гадаваць хлеб, займацца высокім майстэрствам і выхоўваць чэмпіёнаў, якія праслаўляюць Беларусь, і прыглядаць за намі, мужыкамі, каб мы не сышлі з лініі», — дадаў Прэзідэнт.

Ён папрасіў мужчын з вялікімі зоркамі на плячах не крыўдзіцца на яго,заўважыўшы, што жанчына спрадвеку ў любога народа, у любой культуры была ў цэнтры светастварэння. Таму ў нашай краіне, падкрэслівае Прэзідэнт, такое трапяткое стаўленне да мам, жонак, сёстраў, дочак, а таксама да сям’і і дзяцей. 

«І гэта адна з асноў, я б нават сказаў, фундаментальная апора грамадства. І гэты фундамент мы забетанавалі ў новай Канстытуцыі нашай краіны. Але мы адстойвалі і будзем адстойваць свае традыцыі, як і зрабілі гэта, прыняўшы абноўленую Канстытуцыю», — сказаў кіраўнік краіны.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, як памяць продкаў, гераічную гісторыю, будуць беларусы берагчы славянскае братэрства. І гэтая місія без мужчын немагчымая ва ўсіх сэнсах.

«Гучыць асабліва і вельмі актуальна. Вам, мужыкі, кажу проста. Няма больш пачэснай прафесіі, чым бараніць Айчыну, служыць краіне і свайму народу. Уручаючы генеральскія пагоны і заслужаныя ўзнагароды, хачу яшчэ раз падзякаваць вам, а ў вашай асобе ўсяму нашаму войску і сілавым структурам, за службу нашай Радзіме», — заўважыў Прэзідэнт. 

Ён павіншаваў прысутных з заслужанымі ўзнагародамі і званнямі, падзякаваў ім за ўсё, што робяць для краіны і народа.

«Няхай заўсёды будзе лад у сем’ях, парадак на працы і спакой у душы. Няхай вас цешаць дзеці, доўга жывуць бацькі і ва ўсім спадарожнічае поспех. Нам хуткае прыгожае, добрае, вясенняе свята зараз вельмі неабходна ў гэтыя напружаныя часы. Таму жадаю ўсім, асабліва нашай гераічнай палове грамдства з далікатнымі плячыма, здароўя, міру і дабра», — адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік краіны падзяліўся, што шматдзетныя маці выглядаюць вельмі юнымі і прыгожамі — складана ўявіць, што яны нарадзілі столькі дзяцей. «Вось з каго нам неабходна браць прыклад», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. 

Ён распавёў: нягледзячы на няпростыя часы для краіны, ён у вельмі добрым настроі з-за надыходзячага свята.

«Вы бачыце з усіх бакоў нас спрабуюць укусіць, можна сказаць, калі ўжо ваенныя тут. Мы ўсё бачым, мы разгадалі іх задумы. Вы, чытаючы ўсякія каналы, лісты, што вам дасылаюць, — прачыталі і забылі. Вы павінны ведаць, што самае каштоўнае для мяне як Прэзідэнта — вы і вашы дзеці», — расставіў акцэнты Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што з уласнага вопыту ведае, колькі значаць для бацькоў дзеці, і яны павінны жыць у мірнай краіне.

«Нас вельмі хочуць заштурхнуць на вайну на Украіне. Спецыяльна, каб мы агалілі нашы граніцы. А потым з намі разбяруцца хутка. Мы нават з Украіны не паспеем вярнуцца, каб вас абараніць. Гэта тактыка, а стратэгія ў іх — разабрацца з Расіяй і намі заадно», — расказвае Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, вакол нашай краіны шмат фэйкаў і хлусні, колькасць якой будзе павялічвацца. «Мы не збіраемся ўлазіць у нейкае дзярмо. У трэці раз пра гэта публічна кажу. Але калі яны ўлезуць, мала не пакажацца. Мы да гэтага гатовы. Мы будзем змагацца і паміраць за вас на нашай зямлі. У гэтым вы можаце не сумнявацца. Гэта галоўнае, з чым вы можаце прыехаць домаў адсюль, з цэнтра нашай дзяржавы», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён рэзюмаваў, што Беларусь не хоча скандалаў, канфліктаў і вайны. «Мы людзі мірныя і хацелі б, каб вакол нас быў мір. Гэта мы і робім. Рабіце сваю справу, займайцеся сваёй справай, нараджайце дзяцей, хто яшчэ хоча, выхоўвайце дзяцей. Мы будзем вам у гэтым дапамагаць у нашай мірнай і незалежнай Беларусі», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Марыя ДАДАЛКА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.