Вы тут

Якасць адукацыі, патрыятычнае выхаванне…


«Чарговы вучэбны год перайшоў свой пікавы рубеж. Якім будзе вынік засваення сістэматызаваных ведаў, уменняў і навыкаў, інтэлектуальнага, маральнага і фізічнага выхавання, пакажуць летняя сесія і выпускныя экзамены. Найлепшым стане фарміраванне ў нашых выхаванцаў устаноўкі «Хачу ўмець і хачу падзяліцца тым, што ўмею», а не «Хачу мець», што характэрна для сучаснай рэчаіснасці», — падкрэсліў у выступленні на выніковай калегіі свайго ведамства міністр адукацыі Андрэй Іванец.


Фота: БелТА

Суправаджэнне адоранай моладзі

Кіраўнік галіны канстатаваў, што ў мінулым годзе было зроблена шмат, аднак праблем, якія стаяць перад сістэмай адукацыі і патрабуюць свайго вырашэння, таксама хапае. Па словах міністра, у краіне наладжана сістэмная работа па пошуку і падтрымцы таленавітых школьнікаў і моладзі. Дзейнічае савет спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі
Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Развіццё школьнага алімпіяднага руху таксама з'яўляецца магутным фактарам выяўлення і станаўлення таленавітай моладзі.

У 2021 годзе ў міжнародных алімпіядах па вучэбных дысцыплінах прынялі ўдзел 103 беларускія школьнікі, 89 з іх былі ўзнагароджаны медалямі рознай вартасці. Больш за 1600 навучэнцаў прынялі ўдзел у заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. «Нам нельга выпускаць з поля зроку тых, хто займае прызавыя месцы, і тых, хто праходзіць доўгі шлях падрыхтоўкі і ўдзелу ў інтэлектуальных спаборніцтвах. Менавіта яны будуць студэнтамі нашых універсітэтаў і каледжаў. Мы значна недапрацоўваем у суправаджэнні адоранай моладзі на ўсіх узроўнях адукацыі», — лічыць міністр.

Новай формай уключэння адораных навучэнцаў у інтэлектуальна-пазнавальную дзейнасць з'яўляецца функцыянаванне Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка.

«Каб развіваць гэты кірунак, неабходна праяўляць вялікую зацікаўленасць ва ўмацаванні сувязяў з вядучымі навукоўцамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Неабходна канчаткова выбудаваць сістэму работы па выяўленні і суправаджэнні адораных дзяцей і моладзі, у тым ліку праз дзейнасць рэгіянальных апорных устаноў адукацыі, саветаў маладых вучоных устаноў вышэйшай адукацыі. Наспела неабходнасць стварэння навукова-адукацыйнага кластара па рабоце ўсіх устаноў адукацыі з адоранай моладдзю», — падкрэсліў Андрэй Іванец.

Што датычыцца арганізацыі профільнага навучання на старшай ступені школы, то яно павінна матываваць падлеткаў на атрыманне прафесій, якія запатрабаваны ў рэальным сектары эканомікі і ў канкрэтным рэгіёне. Ідучы ў дзясяты клас, навучэнец павінен ведаць сваю далейшую адукацыйную траекторыю пасля заканчэння сярэдняй школы.

Ліцэйская адукацыя — не толькі для гараджан

З 2022 года, як заўважыў Андрэй Іванец, змяняецца парадак паступлення ў агульнаадукацыйныя ліцэі і патрабаванні да іх дзейнасці. І гэта інфармацыя павінна быць даведзена да ўсіх зацікаўленых, патрабуецца правесці сярод навучэнцаў і іх бацькоў адпаведную тлумачальную работу.

Цяпер абавязковая ўмова для функцыянавання ліцэяў — забеспячэнне магчымасці навучацца ў іх дзецям з любога кутка краіны. Дырэктар Ліцэя Наваполацка Ірына Дземенкавец канстатавала ў сваім выступленні, што неабходнасць стварэння ўмоў для пражывання і вучобы іншагародніх навучэнцаў стала адным з самых «гарачых пытанняў», што абмяркоўваліся пасля праведзенага па краіне маніторынгу дзейнасці ліцэяў. Сёння ва ўстанове адукацыі, якую яна ўзначальвае, у 10-11 класах навучаюцца 220 падлеткаў. Пераважная большасць з іх — жыхары Наваполацка і Полацка, але з кожным годам расце запатрабаванасць ліцэя навучэнцамі з Полацкага, Ушацкага, Лепельскага, Мёрскага, Глыбоцкага, Верхнядзвінскага, Расонскага раёнаў. Дзякуючы «сарафаннаму радыё», у наваполацкі ліцэй прыехаў вучыцца нават юнак з Магілёўскай вобласці.

«Я лічу, што ў ліцэях адназначна павінны быць створаны ўмовы для пражывання высокаматываваных навучэнцаў з сельскай мясцовасці, — падкрэсліла Ірына Дземенкавец, — таму што ў сельскіх населеных пунктах часта функцыянуюць толькі пачатковыя і базавыя школы, а вось высокакваліфікаваныя кадры, якія могуць забяспечыць на старшай ступені школы вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні, на жаль, не заўсёды там ёсць. Сумесна з ААТ «Нафтан» у нашай установе адукацыі вырашана пытанне з забеспячэннем іншагародніх навучэнцаў месцамі ў інтэрнаце. Другім момантам, які актыўна абмяркоўваўся, стаў мінімальны парог на ўступных іспытах пры ўдзеле ў конкурсе на залічэнне.

Я ўпэўнена, што адбор навучэнцаў пры ўмове атрымання на экзамене адзнакі ў шэсць балаў і вышэй стане дадатковым рэсурсам у забеспячэнні высокай якасці адукацыі. З нашых выпускнікоў летась 92 працэнты сталі студэнтамі ВНУ, але ёсць хлопцы і дзяўчаты, якія свядома выбіраюць узровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі, і мы падтрымліваем іх рашэнне».

Ірына Дземенкавец паведаміла, што з 2020 года ліцэй удзельнічае ў рэалізацыі рэспубліканскага эксперыментальнага праекта па апрабацыі эксперыментальных інтэграваных навучальных планаў і вучэбных праграм ва ўмовах абноўленага зместу дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання. Гэта дазволіла павялічыць колькасць гадзін на вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні, зрабіць акцэнты ў навучанні на фарміраванне ўменняў прымяняць свае веды ў рэальных жыццёвых сітуацыях.

«Абноўленыя вучэбныя праграмы раскрываюць узаемасувязь паміж асобнымі вучэбнымі прадметамі, умацоўваюць сувязь тэорыі з практыкай, адпавядаюць узроставым магчымасцям навучэнцаў і спрыяюць іх прафесійнай арыентацыі. Нягледзячы на тое, што ў бягучым вучэбным годзе пераход школы на новыя вучэбныя праграмы быў завершаны, спыняцца ў пытаннях ўдасканалення зместу адукацыі нельга, таму што агульная сярэдняя адукацыя, як асноўны ўзровень адукацыі, павінна забяспечыць развіццё сістэмы адукацыі ў рэчышчы вядучых міжнародных тэндэнцый, звязаных з фарміраваннем у навучэнцаў функцыянальнай адукаванасці і навыкаў ХХІ стагоддзя, неабходных кожнаму чалавеку для асобаснага развіцця і самарэалізацыі, сацыяльнай уключанасці і паспяховасці, — падкрэсліла дырэктар ліцэя Наваполацка. — Сучасны старшакласнік хоча разумець, навошта яму патрэбныя канкрэтныя веды і як яны будуць запатрабаваныя ў жыцці. Якасць адукацыі і яе эфектыўнасць у вялікай ступені залежыць ад прафесійных характарыстык педагагічнага калектыву, яго кваліфікацыі, досведу, гатоўнасці ўспрымаць новаўвядзенні. Акрамя настаўнікаў-прадметнікаў, у ліцэі працуюць пяць выхавальнікаў. Увесці іх у штатны расклад мы змаглі дзякуючы шчыльнаму ўзаемадзеянню з Наваполацкім гарадскім выканаўчым камітэтам. Такі падыход выводзіць на якасна іншы ўзровень выхаваўчую работу з моладдзю, павышае яе эфектыўнасць і дазваляе забяспечыць індывідуальны падыход да кожнага навучэнца».

Новы спецыяліст у школе

Як адзначыў у сваім выступленні на калегіі начальнік аддзела па адукацыі Брэсцкага гарадскога выканаўчага камітэта Анатоль Наскоў, патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення ў школах заўсёды было ў прыярытэце.

— Міністэрствам адукацыі праведзена вялікая работа, каб вывесці дадзены кірунак на якасна новы ўзровень. Так, з 1 верасня ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі была ўведзена новая пасада — кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні. Органамі кіравання адукацыі Брэста і Брэсцкай вобласці адразу распачалася работа па падборы і расстаноўцы адпаведных кадраў. Значную дапамогу аказалі Брэсцкі абласны ваенны камісарыят і яго структурныя падраздзяленні, грамадскае аб'яднанне «ДАСААФ», Беларускі саюз афіцэраў і Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане, — расказаў Анатоль Наскоў. — Якая ж кадравая сітуацыя складваецца на Брэстчыне сёння? У 409 установах адукацыі ўведзена 292,5 штатных пасад кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні. Па стане на сакавік 2022 года запоўнена больш як 226 ставак (іх займае 351 работнік), а вакантнымі застаюцца больш як 67 ставак, або 23 працэнты ад агульнай колькасці. Стаўкі дзеляцца, а гэта не вельмі добра. Другая праблема — неадпаведнасць патэнцыяльных кандыдатаў на вакантныя пасады кваліфікацыйным патрабаванням. Ад прэтэндэнтаў патрабуюцца наяўнасць вопыту службы ва Узброеных сілах і іншых сілавых ведамствах плюс наяўнасць у іх педагагічнай адукацыі. Часта канкрэтны кандыдат, які з'яўляецца афіцэрам запасу або афіцэрам у адстаўцы, не гатовы працаваць з дзецьмі. Сітуацыю неабходна мяняць.

У 2021 годзе Брэсцкім абласным інстытутам развіцця адукацыі былі арганізаваны курсы павышэння кваліфікацыі для 74 чалавек. На 2022 год запланавана ахапіць курсамі павышэння кваліфікацыі яшчэ 150 работнікаў. Праведзена 98 метадычных семінараў, у кожным рэгіёне ў вобласці створаны метадычныя аб'яднанні кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні.

«Згаданыя спецыялісты маюць вопыт ваеннай службы за плячыма, што з'яўляецца прыкладам для навучэнцаў і адначасова папулярызуе прафесію ваеннаслужачага, — упэўнена кажа Анатоль Наскоў. — Акрамя таго, кантроль за бяспекай навучэнцаў ва ўстановах адукацыі акумулюецца цяпер у руках прафесіянала, што ў сучасных умовах таксама вельмі важна. А ў супрацоўніцтве з зацікаўленымі ведамствамі з'яўляецца магчымасць арганізацыі новых, найбольш эфектыўных форм рэалізацыі ваенна-патрыятычнага выхавання. Сваю найбліжэйшую задачу мы бачым у стапрацэнтным запаўненні вакансій кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні з максімальным прыцягненнем на гэтую пасаду афіцэраў запасу і афіцэраў у адстаўцы. Дзякуючы ім, на якасна новым узроўні арганізоўваецца работа па ўзаемадзеянні навучальных устаноў з камандзірамі вайсковых часцей і падраздзяленняў, начальнікамі ваенных факультэтаў і ваенных кафедраў, суправаджаецца дзейнасць факультатываў ваенна-патрыятычнай накіраванасці.

У Брэсце сфарміравана і пастаянна пашыраецца сетка такіх факультатываў. Яны працуюць на базе васьмі ўстаноў адукацыі, імі ахоплена 1225 навучэнцаў 5—11 класаў».

Анатоль Наскоў праінфармаваў, што ў Брэсцкай вобласці зараз дзейнічае 85 пошукава-даследчых клубаў на базе ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а вось стварэнне дзіцячых аб'яднанняў па інтарэсах разам з вайсковымі часцямі — новы кірунак у рабоце. Галоўная мэта такіх аб'яднанняў — маральнае, ваенна-патрыятычнае, фізічнае выхаванне моладзі, фарміраванне ў падрастаючага пакалення патрыятычнай свядомасці, пачуцця вернасці Радзіме, гатоўнасці да выканання задач па абароне Айчыны і авалоданне неабходнымі для гэтага ведамі, уменнямі і навыкамі. За апошні час у Брэсцкай вобласці пры падтрымцы МУС былі створаны два такія клубы: «Патрыёт» у Баранавічах і «Крэпасць» у Брэсце.

«Дадзеная форма работы перспектыўная і нам трэба актывізаваць узаемадзеянне з часцямі і падраздзяленнямі ўсіх сілавых ведамстваў. Але для арганізацыі сістэмнай работы ў гэтым кірунку трэба паскорыць з'яўленне нарматыўнага дакумента, які будзе рэгламентаваць работу такіх клубаў», — дадаў начальнік аддзела па адукацыі Брэсцкага гарвыканкама.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.