Вы тут

Лёс адзін на дваіх


Часам, калі вывучаеш гісторыю таго ці іншага музея ў кантэксце існавання дзяржавы ў розныя перыяды, міжволі прыходзяць «бацькоўскія» асацыяцыі. Дзіця падзяляе лёс маці, праходзячы побач з ёю праз усе выпрабаванні… У спакойны, мірны час установа культуры, тым больш калі гэта адзін з найстарэйшых музеяў краіны, — нагода для гонару, сведчанне няпростых пошукаў шчасця народа, які на працягу свайго існавання карпатліва збіраў і захоўваў скарбы духоўнага багацця. Калі з’яўляецца знешняя пагроза, як было падчас Першай і Другой сусветных войнаў, найперш выратоўвалі самае дарагое. У тым ліку — найкаштоўнейшыя музейныя экспанаты…


Выстаўка пад назвай «Лёс Музея — лёс Краіны. Шлях даўжынёй у стагоддзе», што нядаўна пачала прымаць наведвальнікаў у Нацыянальным гістарычным музеі, прысвечаная нараджэнню і станаўленню найбуйнейшай айчыннай захавальніцы скарбаў, прыадкрывае старонкі яе гісторыі, а значыць, і старонкі гісторыі беларускай дзяржавы.

У часовай экспазіцыі прадстаўлены разнастайныя артэфакты з розных гістарычных эпох, сабраныя супрацоўнікамі музея ад пачатку яго стварэння. Гэта ўнікальныя знаходкі з першых археалагічных раскопак, прадметы сялянскага і гарадскога побыту, фотаздымкі і замалёўкі з этнаграфічных экспедыцый 1920-х гадоў, творы мастацтва з палацаў і маёнткаў, рэквізаваныя ў 1918—1919 гадах, культавыя рэчы, рукапісы і кнігі. Кожны экспанат захоўвае ў сабе шмат гісторый: як ён трапіў у музей і які складаны шлях прайшоў у розныя гады акупацый: нямецкай, польскай, потым ізноў нямецкай, якім пакручастым было вяртанне на радзіму.

Раздзелы экспазіцыі адлюстроўваюць усе этапы гісторыі Нацыянальнага гістарычнага музея: арганізацыя Мінскага царкоўна-археалагічнага музея ў 1908 годзе,

Абласны музей 1919 года, дзейнасць Беларускага дзяржаўнага музея 1920-х гадоў, музейная ўстанова ў 1930-я гады, лёс музейных калекцый у гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны час, дзейнасць Арганізацыйнай групы па падрыхтоўцы адкрыцця Беларускага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея і, урэшце, адкрыццё экспазіцыі ў 1967 годзе.

Стваральнікі выстаўкі Наталля Мартынава і Надзея Саўчанка імкнуліся паказаць вобразную структуру ўстановы 1920-х гадоў, таму экспанаты ў экспазіцыі пададзены блокамі. А пачынаецца агляд з адлюстравання пачатковага этапу існавання.

Пытанне, якую дату лічыць днём нараджэння музея, заўжды было спрэчным, як зазначыў падчас прэзентацыі выстаўкі дырэктар Аляксандр Храмы. Але бясспрэчна тое, што пачатак гісторыі ўстановы адзначаны 1908 годам. На выстаўцы прадстаўлена найстарэйшая кніга з музейных фондаў, так званы «кубік» — гэта першы прадмет, які паступіў у Мінскі царкоўна-археалагічны музей.

Падчас работы выстаўкі.

Часам, каб адсачыць адзін музейны прадмет, патрэбны гады пошукаў: вывучэнне літаратуры, у тым ліку мемуараў, архіўныя росшукі, праца з аналагамі ў іншых музеях — шляхі экспанатаў бываюць вельмі пакручастымі. Так, на самым першым музейным прадмеце няма нават штампа царкоўнага музея ці нумара. Але ў кнізе захоўвалася запіска аднаго з заснавальнікаў, Аляксандра Смародскага, аб тым, што ён падарыў гэтую кнігу музею, а дата на ёй супала з датай, калі было пасяджэнне арганізацыйнага камітэта. Цяпер спадчына царкоўнага музея лічыцца адной з найкаштоўнейшых калекцый. Сярод першых экспанатаў — і мастацкія работы. Стваральнікі царкоўнага музея займаліся не толькі царкоўнай гісторыяй — вывучалі і гісторыю Беларусі. Ёсць звесткі пра тое, што тагачасныя супрацоўнікі пачыналі камплектаваць этнаграфічную калекцыю, закуплялі беларускія строі 1910—1911 гадоў.

Царкоўны музей існаваў нядоўга: з 1908 да 1915 года, калі пачалася Першая сусветная вайна і Мінск быў акупаваны. У 1915 годзе музей эвакуіруюць углыб Расійскай імперыі, у горад Разань. І, нягледзячы на тое, што перад гэтым музей працаваў адносна невялікі тэрмін, ён паспеў сябе праявіць. Калі Мінск быў вызвалены, музейшчыкі звярнуліся да ўрада з просьбай вярнуць з Разані зборы.

У архівах ёсць дакументы аб запытах і аб тым, што музей вярнуўся ў 1922 годзе, калі пачынаецца прыём фондавых прадметаў у калекцыі Абласнога музея. Звесткі пра гэта можна знайсці ў справаздачах і публікацыях, дзе паведамляецца, што быў амаль цалкам вернуты і склаў аснову аднаўлення зруйнаванага ў гады вайны.

Адны з першых экспанатаў.

А дырэктар Леў Замкоў (у вітрынах прадстаўлены дакументы, напісаныя яго рукой) паспеў давесці, што музей з’яўляецца вядучай установай і асяродкам спецыялістаў у галіне аховы помнікаў гісторыі і культуры. Так, менавіта Замкоў у якасці эксперта едзе ў Нясвіжскі палацава-замкавы комплекс у лютым 1919 года і распрацоўвае план па захаванні скарбаў Нясвіжскага замка і самога архітэктурнага помніка. Была нават задума частку скарбаў перавезці, але перашкодзіла польская акупацыя.

Прадстаўлены ў экспазіцыі і дакументы з «Менскай краёвай выстаўкі», якая праходзіла падчас акупацыі ў 1918 годзе, — каталог выстаўкі і альбом Вацлава Ластоўскага з выявамі слуцкіх паясоў. Ён перадаў альбом у фонды ўстановы пазней, калі ўзначаліў яе. Існавалі і аддзелы нацыянальных культур: збіраліся татарскія старажытнасці, латышскія, яўрэйскія і шматлікія іншыя.

Адным з найцікавейшых на выстаўцы з’яўляецца прадметны рад, які сімвалізуе этнаграфічны аддзел: цудоўная дрэваапрацоўка, рыбалавецкія снасці, вышыванкі, ручнікі, карункі, прадметы пчалярства, бондарства. Усе — аўтэнтычныя. Можна доўга на іх глядзець і ўяўляць, як гэтую разнастайнасць выкарыстоўвалі нашы продкі.

Разглядаючы дакументы, мастацкія работы, прадметы побыту, прадстаўленыя ў вітрынах, знаёмячыся з акалічнасцямі тых ці іншых рэалій гісторыі ўстановы, усё больш думаеш пра людзей, музейных работнікаў, якія прысвячалі працы ўсё жыццё, пра пакліканне, творчасць, даследчыцкі талент супрацоўнікаў.

Менавіта дзякуючы ім не перарываецца духоўная повязь паміж пакаленнямі, працягнутая з мінулага ў будучыню.

Адным з супрацоўнікаў музея быў мастак Янкель Кругер. У 1921 годзе ён пабываў у этнаграфічнай экспедыцыі і прывёз акварэльную замалёўку — касцёл святога Антонія ў Слуцку. Гэтая работа і стала адной з першых у мастацкай калекцыі. Стваральнікам мастацкага аддзела стаў Міхаіл Філіповіч. Асаблівы гонар установы складаюць прадстаўленыя на выстаўцы работы мастака-рэстаўратара Гаўрыіла Віера, які таксама працаваў у музеі (вядомы яшчэ і тым, што рэстаўрыраваў Мінскі цудатворны абраз). На малюнках — твары загадчыка гаспадаркі і прыбіральшчыцы. Здавалася б, што можа быць адметнага ў выявах простых людзей? Але ж яны як жывыя сведкі свайго часу — такія, якімі ўбачыў іх мастак: у тварах адлюстраваны няпросты лёс і глыбіня перажывання…

З найкаштоўнейшых дакументальных збораў — не толькі гістарычнага музея, але і ўсёй краіны — архіў Слуцкага Свята-троіцкага манастыра, што ў свой час быў важным асветніцкім цэнтрам на Беларусі. Першыя дакументы калекцыі датуюцца 1517 годам, а заканчваецца летапісанне пачаткам ХІХ стагоддзя. Адзін з заснавальнікаў музея і яго галоўны захавальнік Дзмітрый Скрынчанка быў ініцыятарам, каб епархія перадала архіў у музей. Калі архіў апынуўся ў Мінску, метадычна праглядаў перададзеныя справы і ў перапісцы з кіраўніцтвам епархіі запрошваў новыя, калі разумеў, што частка дакументаў адсутнічае — настолькі педантычным спецыялістам ён быў. Прадстаўлены арыгіналы і копіі некаторых з гэтых дакументаў і незвычайнага выгляду абраз.

З этнаграфічнага збору 1920-х гадоў.

Згадваюцца ў экспазіцыі імёны людзей, якія ўзначальвалі ўстанову. Не ўсе яны вядомы сёння праз пэўны збег абставін — гэта адзін з кірункаў даследчыцкай работы. Павел Харламповіч, слынны айчынны нумізмат, заклаў падмурак таго, што музей мае цяпер. Вацлаў Ластоўскі быў дырэктарам на працягу трох гадоў, але паспеў зрабіць вельмі шмат. Станіслаў Сапешка ператварыў установу ў Дзяржаўны музей БССР. Тут працавалі найлепшыя спецыялісты, сярод якіх — Рэгіна Доўнар-Запольская, Аляксандр Ляўданскі, Міхаіл Філіповіч. Апошні пакінуў унікальныя помнікі — аўтографы на адваротах яго экспедыцыйных замалёвак. Аўтографы, дарэчы, ён рабіў і на работах іншых мастакоў: спасылкі, кароткія звесткі з указаннем, што гэта за помнік; адзін з допісаў — цытата з энцыклапедычнага выданя на замежнай мове з дакладным указаннем тома — звесткі можна параўнаць з навуковай спасылкай. У гэтым чалавеку спалучыліся мастак і музейшчык, які зрабіў вельмі шмат.

Захаваліся і прадметы, якія служылі ідэалагічнай зброяй савецкага часу, друкаваныя дакументы. Некаторыя з іх распавядаюць пра вынікі праверкі: праведзенае абследаванне выявіла кепскі стан на ўчастку ідэалагічнага фронту — мела месца «контррэвалюцыйная нацдэмаўская канцэпцыя». Супрацоўнікі вымушаны былі змяняць экспазіцыю, многія аддзелы, напрыклад, царкоўны, былі знішчаны, а яго месца заняў антырэлігійны, з’явіліся аддзелы капіталізму і феадалізму. У часопісе «Чырвоная Беларусь» выразаны партрэт рэпрэсіраванага дырэктара Сямёна Рак-Міхайлоўскага, прызначанага на пасаду пасля Вацлава Ластоўскага. Стваральнікі выстаўкі аднавілі гістарычную справядлівасць: адшукалі партрэт дырэктара ў іншым экзэмпляры часопіса…

У гады Вялікай Айчыннай вайны музей быў вывезены акупантамі ў Германію. Пра гэта сведчаць нямецкія інвентарныя нумары. Захоўваліся калекцыі ў баварскім горадзе Хёхштат на Дунаі, як і каштоўнасці са шматлікіх іншых музеяў; у Мюнхене, пасля — у савецкай зоне Берліна і ў Нюрнбергу. Частка вярнулася ў Беларусь у 1947—1948 гадах. Прыняў калекцыі Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — на той час гэта быў адзіны дзейны музей у Мінску. Пазней высветлілася, што частка каштоўнасцей аказалася ў Іерусаліме. Цяпер вядуцца перамовы аб іх вяртанні. Некаторыя рэчы трапілі ў Пушкін і Смаленск.

…Калі падоўгу затрымлівацца каля кожнай з вітрын, разглядаць малюнкі Язэпа Драздовіча, выявы на асколках старажытнай кафлі, фрагменты гліняных вырабаў, знойдзеныя пад шматвекавой коўдрай зямлі, забываеш пра свой час з яго праблемамі.

Жыццё нашых продкаў не было лёгкай прагулкай сярод квітнеючых лугоў і маляўнічых пагоркаў. Але яны зрабілі галоўнае — захавалі сябе, сваю адметную культуру, выгадавалі нашчадкаў. Душа поўніцца ўдзячнасцю да іх — простых, сціплых, сардэчных, працалюбівых, добрых людзей, якія жылі і жывуць на Беларусі. Бо адданы ёй — і гэта галоўнае, што прачытваецца ў гісторыі музея між радкоў старых кніг, свеціцца ў адценнях жывапісу і выглядае з-за штрыхоў замалёвак.

Выставачны праект падрыхтаваны пры ўдзеле Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Інстытута гісторыі

Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Марыя ЯРАШЭВІЧ

Фота Кастуся Дробава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.