У гімназіі з беларускай мовай навучання № 23 г. Мінска гасцінна адчыніў свае дзверы пасля рэканструкцыі музей Савецкага раёна г. Мінска «Гісторыя працягваецца...»
Гэтаму музею больш за 20 гадоў. Рэканструкцыя вялася з 31 студзеня 2023 года па 17 сакавіка 2024 года. Дарэчы, шматкроп’е ў назве з’явілася нездарма.
— Адкрыццё — гэта толькі першая прыступачка ў развіцці нашага музея. Ён будзе стала папаўняцца, таму кропку ставіць яшчэ не час, — патлумачыла дырэктар навучальнай установы Ірына Пасюкевіч.
Паводле яе слоў, акрамя цікавых гістарычных фактаў распрацоўшчыкі музея, настаўнікі і вучні таксама шукалі звесткі пра прадпрыемствы і ўстановы Савецкага раёна.
— Дзякуючы іх працы, сёння тут смела можна праводзіць прафарыентацыйную работу. Менавіта такая мэта была ў музея: стварыць прыдатную атмасферу для нашых вучняў, а таксама паказаць нашым гасцям, што Савецкі раён — гэта сапраўды квітнеючы раён, — адзначыла Ірына Пасюкевіч.
Ва ўнікальнай экспазіцыі арганічна сышлося мінулае і сучаснасць. Усе стэнды падзелены тэматычна, што дапамагае структураваць пазнавальную інфармацыю.
Вялікі акцэнт у музейнай экспазіцыі зроблены на вядомых асоб, звязаных з Савецкім раёнам. Так, тут ёсць сімвалічная дошка гонару, якую ўпрыгожваюць партрэты выдатных беларусаў. Напрыклад, сярод іх беларускі пісьменнік Мікалай Чаргінец, спевакі Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, а таксама савецкі і беларускі кампазітар Васіль Раінчык.
Па словах кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёна Сяргея Хільмана, Савецкі раён — гэта залатая сярэдзінка нашай сталіцы. Менавіта тут сабраны як наймагутнейшыя прадпрыемствы эканамічнага профілю, так і культурныя, а таксама навуковыя ўстановы.
— У гэтай экспазіцыі фактычна паказана, як дабіваліся жыхары нашага раёна ўсіх гэтых поспехаў. Прыемна бачыць, што на адкрыццё музея прыйшлі кіраўнікі ўсіх прадпрыемстваў раёна, — заявіў ён.
Таксама Сяргей Хільман адзначыў і важны ідэалагічны складнік музейнай экспазіцыі:
— На такіх музеях мы выхоўваем грамадзянскасць і патрыятызм у моладзі. Таксама і госці гімназіі № 23 пасля прагляду экспазіцыі будуць адразу бачыць, якіх поспехаў дасягнула наша сталіца, наш раён, і разумець, што тут жыве працавіты народ, які на карысць будучых пакаленняў прымнажае тое, што ёсць, і робіць квітнеючай нашу сталіцу і нашу краіну.
Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».