Вы тут

Мядовы месяц на Тураўскім лузе


Да Міжнароднага дня птушак, 1 красавіка, супрацоўнікі Тураўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і Нацыянальнага парка «Прыпяцкі» рыхтуюць свята для беларускіх бёрдвотчараў. На набярэжнай ракі Прыпяць педагогі і навучэнцы экалагічных гурткоў цэнтра творчасці традыцыйна арганізоўваюць акцыяі па назіранні за птушкамі. Гэта работа з дзецьмі па папулярызацыі аднаго з самых займальных навуковых хобі — бёрдвотчынгу натхніла арнітолагаў-аматараў Турава зрабіць традыцыяй і «Свята птушак», дзе кожны знойдзе занятак па інтарэсах.


Угорадзе больш за семдзесят школьнікаў наведвае экалагічныя гурткі мясцовага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Нядаўна іх навучэнцы і педагогі правялі акцыю «Жывая вясна». Дырэктар Тураўскага цэнтра творчасці Алена Паклонская расказала, як дзеці вучыліся назіраць за птушкамі ў падзорныя трубы і біноклі.

— Галоўная ўмова пры назіранні — цішыня. Дзяцей гэта дысцыплінуе, вучыць уважлівасці і развівае памяць. Яны запамінаюць вонкавы выгляд, адрозненні, галасы, звычкі птушак, — падкрэслівае кіраўнік цэнтра. — Дзеці змаглі ўбачыць, што ўжо прыляцелі да нас кнігаўкі, качкі, гусакі, чайкі і крачкі, кані і асобныя віды кулікоў. Белая блакітніца-князёк гняздуецца толькі на Палессі і з'яўляецца вельмі рэдкай. Многія бёрдвотчары прыязджаюць здалёк, толькі каб убачыць яе. На нашы азёры, дзе шмат корму, прыляцела чарада вялікіх грацыёзных чапляў.

Педагог адзначае, што менавіта Тураўшчына з яе велізарнымі пойменнымі сенажацямі дае магчымасць для назіранняў за птушкамі ў любую пару года. Бо вядома, што па колькасці і разнастайнасці відаў птушак гэтая тэрыторыя Сярэдняй Прыпяці значна пераўзыходзіць многія часткі Еўропы. Нездарма яе называюць «птушынай Мекай».

Падчас акцыі юныя тураўскія эколагі разам з педагогамі і студэнтамі Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта змаглі самастойна зрабіць штучныя гняздоўі для соў.

— Совы не робяць гнёзды самі, — тлумачыць Алена Паклонская, — звычайна засяляюць гнёзды крумкачовых. Апошнія гады ў горадзе ссякаюцца старыя вялікія дрэвы, і вушастыя совы адляцелі. Платформы для соў разам з навучэнцамі рабілі з таннага падручнага матэрыялу — лазовых прутоў. Дарэчы, штогод лазовыя кусты высякаем сіламі валанцёраў. Наш пойменны луг зарастае гэтай казінай вярбой. Яна замінае сяліцца кулікам і з'яўляецца вялікай пагрозай для гэтых тундравых птушак. Цяпер вось знайшлося карыснае ўжыванне лазе. З прутоў вярбы атрымалася добрая замена платформам для соў.

Платформы навучэнцы экалагічных гурткоў узнялі на дрэвы. Дзеці спадзяюцца, што совы вернуцца ў гэтыя мясціны. Навучэнцы школ горада непасрэдна на набярэжнай пабудавалі сінічнікі для розных відаў птушак, каб уладкаваць іх на школьным двары ў парку горада.

Змаглі дзеці паназіраць за працэсам і нават паўдзельнічаць у кальцаванні. Як распавяла Алена Паклонская, у Тураве знаходзіцца адзіная ў Беларусі арніталагічная станцыя водна-балотных і каляводных птушак. Кальцаваць кулікоў у пойме ракі Прыпяць з 1980-х гадоў пачаў арнітолаг Прыпяцкага ландшафтна-гідралагічнага запаведніка Вадзім Клакоцкі, а ў 1999 годзе была адкрыта станцыя кальцавання. Падчас акцыі навучэнцы даведаліся, як адлоўліваюць птушак і для чаго тое робіцца, таксама пра шляхі міграцыі і важнасць маніторынгу пералётаў. Усе ахвотныя маглі паглядзець, як праводзіцца кальцаванне і вымярэнне птушак. Многім было прыемна патрымаць птушку ў сваіх руках і выпусціць яе на волю адразу пасля кальцавання.

Алена Паклонская расказала, чым асабліва можна зацікавіць юных арнітолагаў-аматараў:

— Цяпер прылятаюць на Тураўшчыну рэдкія віды, якія застануцца ў нас толькі некалькі тыдняў, пакуль будуць карміцца. Час ад часу можна назіраць проста ўздоўж дарогі да дзвюх тысяч гусей белалобых. Кулікі — тундравыя птушкі, ляцяць з Афрыкі. Асобныя іх віды пераадольваюць да сямі тысяч кіламетраў. Яны праз нашу тэрыторыю ляцяць на Поўнач, але частка застаецца тут. Падлічана, што стабільна 35 відаў кулікоў застаюцца на Тураўскім лузе. Разнавіднасць кулікоў — турухтаны — у нас падкормліваюцца пасля пералёту і тут праводзяць свае шлюбныя гульні, такі птушыны мядовы месяц на Тураўшчыне атрымліваецца. Надзвычайную цікавасць арнітолагаў выклікае апярэнне розных відаў самцоў турухтанаў падчас шлюбных гульняў. Яно ніколі не паўтараецца ў прыродзе.

Для птушыных акцый педагогі цэнтра творчасці рыхтуюць не толькі для дзяцей, але і для гараджан любога ўзросту гульнявыя пляцоўкі з экалагічнымі квэстамі. Ахвотныя ўдзельнічаюць таксама ў майстар-класах па вырабе сувенірных птушак з воўны, паперы ці экаматэрыялаў.

— Са сваёй практыкі далучэння дзяцей і моладзі да бёрдвотчынгу, а таксама клубнай работы з гарадскімі арнітолагамі-аматарамі больш сталага ўзросту магу сказаць, што птушкі мяняюць наша жыццё. Усе, ад малога да вялікага, хто захапіўся назіраннем за птушкамі на Тураўскім лузе, па-першае, перасталі шмат часу сядзець дома перад тэлевізарамі ці камп'ютарамі, пачалі больш бываць час на свежым паветры, палюбілі вандраваць, пашыраюць зносіны з рознымі цікавымі людзьмі, якія таксама захапляюцца бёрдвотчынгам. Гэта не можа не радаваць. Для нас знаёмства з Тураўскім лугам і ўнікальнымі відамі птушак, якія прылятаюць да нас, — магчымасць дакрануцца да жывой прыроды, зведаць яе прыгажосць, навучыцца цаніць, — упэўненая тураўскі педагог.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Тураўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.