Вы тут

Рэгістрацыя абітурыентаў на ЦТ пачынаецца 2 мая


Абітурыентаў чакаюць у пунктах рэгістрацыі ў будні з 9.00 да 19.00, а таксама па суботах 14 і 28 мая — з 9.00 да 18.00. Трэба мець на ўвазе, што 2 мая для пунктаў рэгістрацыі — рабочы дзень, а вось 3 і 9 мая яны не працуюць. 


У абітурыентаў ёсць выбар: на ЦТ можна зрэгістравацца анлайн або прыйсці ў пункт рэгістрацыі асабіста.

Напрыклад, для падачы заявы на ўдзел у ЦТ можна запоўніць электронную форму на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў/

Спачатку трэба ўвесці свае даныя (серыю і нумар дакумента, які сведчыць асобу, мабільны нумар тэлефона). Затым абітурыенту прыйдзе SMS з паролем да асабістага кабінета. Ён фарміруецца ў момант першага ўваходу. У наступныя разы трэба будзе толькі ўвесці лагін і пароль.

Далей у сістэме неабходна выбраць прадметы, пункты тэсціравання і іншыя дадзеныя. Наступны этап — аплата за ўдзел у ЦТ праз сістэму АРІП. Правесці аплату трэба не пазней за 1 чэрвеня, выкарыстоўваючы нумар свайго асабовага рахунку, указанага ў асабістым кабінеце сістэмы рэгістрацыі. Гэта сума складае 0,1 базавай велічыні за адзін вучэбны прамет (.3,2 рубля). У кошт закладваюцца выдаткі на работу пунктаў рэгістрацыі, афармленне дакументаў і правядзенне экзамену. 

Выбар мовы, на якой абітурыент жадае здаваць тэсты, ажыццяўляецца яшчэ на этапе падачы заявы і рэгістрацыі на ЦТ. Заява запаўняецца ўдзельнікам ЦТ на адной з дзвюх дзяржаўных моў: беларускай ці рускай на выбар. Трэба мець на ўвазе, што пазней зона рэгістрацыі бланка адказаў будзе запаўняцца абітурыентам на той жа мове, на якой была пададзена заява пры рэгістрацыі. І сертыфікат удзельніка ЦТ будзе запаўняцца таксама на той мове, на якой падавалася заява. 

Абітурыентам трэба мець на ўвазе, што папярэдняя рэгістрацыя будзе даступная да 12 гадзін 1 чэрвеня. А ў апошні дзень пасля 12 гадзін і да закрыцця пунктаў рэгістрацыі падаць заяву на ўдзел у ЦТ можна будзе толькі асабіста.

— Рэгістрацыя завяршаецца атрыманнем пропускаў, па якія трэба звярнуцца асабіста не пазней за 1 чэрвеня, — падкрэслівае дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый Міксюк — У графе «Абраныя прадметы і пункты тэсціравання» будуць указаны адрасы пунктаў рэгістрацыі (іх 41). У адзін з іх неабходна будзе завітаць з пашпартам, ID-картай, пасведчаннем на жыхарства або пасведчаннем бежанца. Забраць пропускі замест абітурыента могуць таксама яго законныя прадстаўнікі. Менавіту ў пропуску ўказваецца інфармацыя, калі і куды трэба прыходзіць у дзень правядзення тэсціравання. Без пропускаў на тэсціраванне не пусцяць. 

Абітурыентам трэба быць уважлівымі: пропуск для ўдзелу ў ЦТ лічыцца зарэгістраваным, калі на ім ёсць пячатка ўстановы, вызначанай пунктам рэгістрацыі на ЦТ, подпіс упаўнаважанага прадстаўніка пункта рэгістрацыі і ўказаны рэгістрацыйны нумар. У выпадку страты пропуску выдаецца дублікат.

Пакуль абітурыент не атрымаў пропуск, у асабістым кабінеце можна змяніць даныя ў заяве: набор прадметаў, мову прадастаўлення тэста і г. д. Калі з’явіцца неабходнасць гэта зрабіць пасля атрымання пропуску, трэба будзе звяртацца ў пункт ЦТ асабіста. Адпаведна, калі ты рэгістраваўся афлайн, то і змены ўносяцца ў тым пункце, дзе ты пісаў заяву. Аднак усе маніпуляцыі магчымыя толькі да 1 чэрвеня (уключна).

Калі абітурыент жадае запісацца на ЦТ афлайн, ён (або яго законны прадстаўнік) можа звярнуцца ў адзін з 41 пунктаў рэгістрацыі. Аднак у любы час гэта зрабіць немагчыма. У мэтах недапушчэння масавага збору людзей пункты рэгістрацыі арганізуюць папярэдні запіс (фарміруюць электронную чаргу), што дасць магчымасць вызначыць дату і час наведвання абітурыентамі пунктаў рэгістрацыі. У сувязі з гэтым перад наведваннем пункта рэгістрацыі неабходна азнаёміцца з інфармацыяй на яго сайце. Адрасы, тэлефоны, графік работы пунктаў рэгістрацыі размешчаны на сайце Рэспубліканскга інстытута кантролю ведаў у раздзеле «Пункты рэгістрацыі і правядзення ЦТ». Пры сабе абавязкова трэба мець дакумент, які сведчыць асобу, і грошы для аплаты тэсціравання.

У кожным з пунктаў рэгістрацыі абітурыент можна запісацца ў любую ВНУ, дзе яму будзе больш зручна здаваць экзамен. Усё таму, што сістэма рэгістрацыі аўтаматызаваная. Напрыклад, прыйшоўшы ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт, можна падаць заяўку на здачу ЦТ у Мінску, Магілёве, Гомелі, Брэсце, Віцебску і г. д. І зусім неабавязкова пісаць тэсціраванне ў ВНУ, куды абітурыент збіраецца паступаць. Лепш выбраць месца бліжэй да дома, каб пазбегнуць непрадбачаных сітуацый (спазнення транспарту, забытых дакументаў і г. д.). 

Абітурыенты са шматдзетных сем’яў здаюць ЦТ бясплатна. Ім трэба прынесці даведку аб месцы жыхарства і складзе сям’і і іх ксеракопіі. Таксама бясплатна рэгіструюцца на тэсціраванне сіраты, інваліды I і II груп, абітурыенты, чые бацькі сталі інвалідамі на ваеннай службе. Падрабязнасці можна даведацца ў 12-м пункце Палажэння аб правядзенні ЦТ.

Абітурыенты, з якіх не спаганяецца плата за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў ЦТ, не могуць падаць заяўку анлайн. ​Зрабіць гэта трэба асабіста або праз законнага прадстаўніка. 

Абітурыентам дазваляецца зарэгістравацца не больш як на чатыры дысцыпліны. Такім чынам, у іх ёсць магчымасць ракіроўкі пры паступленні на роднасныя спецыяльнасці. Па вопыце папярэдніх гадоў, прыкладна палова абітурыентаў выбіраюць чацвёрты рэзервовы прадмет.

Замежнікі могуць зарэгістравацца на ЦТ любым з вышэйпералічаных спосабаў. Калі няма магчымасці аплаціць удзел у ЦТ і атрымаць пропускі да 1 чэрвеня, то можна прайсці рэгістрацыю па прыбыцці ў Беларусь. Трэба будзе звярнуцца ў пункт рэгістрацыі не пазней чым за адзін дзень да пачатку тэсціравання, атрымаць асабовы рахунак, унесці плату за прыём і афармленне дакументаў праз сістэму «Разлік» (АРІП), выкарыстоўваючы нумар асабовага рахунку, атрыманага ў пункце рэгістрацыі. Пры сабе, вядома, трэба мець пашпарт.

Цэнтралізаванае тэсціраванне стартуе ў Беларусі 14 чэрвеня. У гэты дзень абітурыенты здаюць ЦТ па беларускай мове. Самымі масавымі выпрабаваннямі традыцыйна будуць ЦТ па матэматыцы і рускай мове. Пад іх правядзенне «забраніравана» па два дні. 16 і 17 чэрвеня абітурыенты здаюць рускую мову, 19 чэрвеня — грамадазнаўства, 21 і 22 чэрвеня — матэматыку, 24 чэрвеня — біялогію, 26 чэрвеня — замежную мову, 28 чэрвеня — хімію, 30 чэрвеня — фізіку, 2 ліпеня — гісторыю Беларусі, 4 ліпеня — геаграфію і 6 ліпеня — сусветную гісторыю найноўшага часу. 

Для тых, хто прапусціў ЦТ па ўважлівай прычыне, прадугледжаны тры рэзервовыя дні. Зарэгістравацца для здачы ЦТ у дадатковыя дні можна будзе з 2 па 7 ліпеня. Але для таго, каб быць дапушчанымі да экзамену, давядзецца дакументальна пацвердзіць, што прычына пропуску была насамрэч уважлівай. 

Надзея НІКАЛАЕВА 

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.