Вы тут

Урачыстая акцыя да Дня Перамогі прайшла ў БДУ


Сёння з ветэранаў-удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны ў БДУ засталося 11 чалавек. З іх з-за ўзросту на мерапрыемстве прысутнічаў толькі былы супрацоўнік факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ дацэнт Фёдар ФЕШЧАНКА. Асаблівыя словы падзякі за Перамогу прагучалі ў яго адрас ад імя намесніка дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Беларусі Уладзіміра Арчакова, міністра адукацыі Андрэя Іванца, старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ігара Марзалюка, упаўнаважанага па справах рэлігій Аляксандра Румака.


«Адказнасць за захаванне памяці аб героях вайны ў нашых руках, — адзначыў на ўрачыстай акцыі рэктар БДУ Андрэй КАРОЛЬ. — З кожным годам усё менш застаецца ў жывых сведкаў тых падзей, таму важна праводзіць такія акцыі не толькі як даніну памяці героям вайны, але і для маладога пакалення, каб не дапусціць маніпуляцый і скажэння гістарычнай праўды. Вядома, лягчэй за ўсё сёння „змагацца“ з помнікамі, таптаць гэтую памяць, спрабаваць яе выдаліць, замясціць нечым сваім... Наша акцыя накіравана ў тым ліку на тое, каб і ў нашы дні, і ў будучыні асобныя старонкі гісторыі не паўтараліся».

Міністр адукацыі Андрэй Іванец упэўнены, што шанаваць подзвіг нашага народа трэба не толькі напярэдадні Дня Перамогі, а штодня. «Трэба вынесці ўрокі з мінулага і захаваць мірнае неба для будучыні», — падкрэсліў міністр.

Выпускнік гістарычнага факультэта БДУ Аляксандр РУМАК падзяліўся ўражаннямі ад убачанай Алеі герояў. Яна прысвечана 12 студэнтам і супрацоўнікам БДУ, якія сталі Героямі Савецкага Саюза. «Падчас вучобы шмат хто з іх быў маімі выкладчыкамі. Але, у першую чаргу, я іх успрымаў як прыклад мужнасці і стойкасці», — адзначыў упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.

Ветэран Фёдар Фешчанка ў сваім ганаровым 97-гадовым узросце на роўных аддаў даніну памяці сваім таварышам па службе, салдатам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Фёдар Фешчанка падзяліўся сваёй ваеннай гісторыяй, якая пачалася для яго ў 14-гадовым узросце на ўральскім заводзе па зборы танкаў. «Любая Перамога патрабуе вялікіх ахвяр. Трэба змагацца за мір. Я перакананы і ўпэўнены, што ў нашага кіраўніцтва дастаткова мудрасці, а ў дыпламатаў — вопыту, каб усё зрабіць для таго, каб не было вайны», — падкрэсліў ветэран.

Урачыстая акцыя прайшла ў помніка «Стэла памяці» ва ўнутраным дворыку БДУ. Яна ўстаноўлена на месцы, адкуль амаль 81 год таму пайшлі на фронт студэнты і супрацоўнікі ўніверсітэта. Агулам каля 2000 прадстаўнікоў БДУ сталі ўдзельнікамі тых крывавых падзей. Мяркуецца, што з іх загінулі звыш трохсот чалавек. У памяць аб гэтых героях Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін правёў літыю па памерлых. 
Ваенны летапіс універсітэта быў прадстаўлены на экспазіцыі «БДУ ў гады вайны».

Ваенная тэматыка знайшла адлюстраванне і ў афармленні пляцовак. Маскіровачная сетка, брызентавая палатка, матацыкл-МТ і баявая машына пяхоты аднавілі атмасферу тых гадоў. Ганаровую варту неслі курсанты ваеннага факультэта ўніверсітэта. 

Урачыстае мерапрыемства працягнулася тэматычнай праграмай «Юнацтва, апаленае вайной», падрыхтаванай творчымі калектывамі і салістамі БДУ. Для прысутных іграў духавы аркестр МНС, пад акампанаванне якога студэнты БДУ выканалі «Майскі вальс». Таксама гасцям прапаноўвалі прыняць удзел у конкурсах, майстар-класах, віктарынах і пакаштаваць сапраўдную салдацкую кашу. Завяршыўся святочны вечар лазерным шоу «Аб героях былых часоў».
Агулам удзельнікамі акцыі сталі звыш 300 студэнтаў і супрацоўнікаў БДУ.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота прэс-службы БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.