Вы тут

Пра што сведчаць гістарычныя графіці ў самым старажытным захаваным храме Беларусі


Надпісы кшталту «тут быў...» на сценах з’яўляліся яшчэ ў Сярэднявеччы. Іх выдрапвалі нажом, іголкай ці пісалам (старажытным інструментам для пісьма на васковых дошчачках, завостраным з аднаго боку і шырокім з другога).


Даўней «спантанае» графіці таксама магло лічыцца за вандалізм. Напрыклад, у старажытных пісьмовых крыніцах зафіксавана, што драпанне на сценах храма магло прыраўноўвацца да пасячэння крыжа і рабавання магіл. І тым не менш, надпісы, пакінутыя некалькі стагоддзяў таму, сёння вывучаюцца і ахоўваюцца. На жаль, не так багата засталося са старажытнасці папяровых дакументаў, а надпісы на сценах дапамагаюць крыху больш даведацца пра сівую даўніну.

Дацэнт кафедры дапаможных гістарычных дысцыплін і методыкі выкладання гісторыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, кандыдат гістарычных навук Іна Калечыц лічыцца найлепшым знаўцам беларускай эпіграфікі. Больш за 15 гадоў яна вывучае графіці, якія за хаваліся на сценах Полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы — а гэта каля чатырох тысяч надпісаў, якія пакінуты на сценах ад ХІІ да ХІХ стагоддзя. Часам найбольш старажытныя з іх перакрытыя тымі, што з’явіліся пазней. Даследчыца нават параўнала гэтыя незвычайныя гістарычныя крыніцы з каменнай бібліятэкай.

Унікальны храм у калысцы беларускай дзяржаўнасці пабудаваны пасля 1133 года па заказе Еўфрасінні Полацкай пад кіраваннем дойліда Іаана. Царква дайшла да нашых часоў з нязначнымі перабудовамі. Дарэчы, графіці, а дакладней, іх размяшчэнне, напісанне літар, даюць рэстаўратарам і даследчыкам падказкі, як раней выглядаў храм. Напрыклад, дзе і калі размяшчаўся балкон — без яго аматары драпаць на сценах не змаглі б пакінуць свае аўтографы на вышыні. Графіці дапамаглі вызначыць і першую назву храма, зафіксаваную ў жыціі — Святы Спас. У 1654-м было пераасвячэнне Аляксеем Міхайлавічам у Спаса-Праабражэнскую царкву.

Часам у старажытных будынках памяць пра сябе пакідалі будаўнікі. Так, у царкве Святога Спаса аўтограф зрабіў нейкі Сава — відаць, адзін з майстроў. Раскрыць яго ўдалося дзякуючы стратам. Калі б не былі згублены старыя фрэскі, не абвалілася тынкоўка, даследчыкі б не даведаліся, што пад імі захаваліся надпісы.

Наогул, у самым старажытным захаваным храме Беларусі графіці «рассыпаны» паўсюль. На жаль, у старажытнасці сярод такіх аматараў пакрэмзаць не было прынята ставіць даты. Самы стары датаваны запіс — 1189 года, у ім гаворыцца аб смерці Паўла — хутчэй за ўсё, святара царквы, бо надпіс знаходзіцца на сцяне ў ахвярніку, куды быў доступ толькі людзей, што служылі ў храме. Найбольш старажытныя малюнкі прадрапаныя на фасадзе. Іх можна ўбачыць на так званым схаваным радзе, які знаходзіўся паміж плінфай, цаглінамі. Ёсць крыжы, зробленыя па вільготнай рошчыне, што пацвярджае: графіці існавалі з самага пачатку з’яўлення мураваных храмаў.

Наогул сярод самых старых графіці багата крыжоў. Магчыма, аўтарамі малюнкаў маглі быць непісьменныя людзі. Выява крыжа была роўная малітоўнаму надпісу.

Трэба сказаць, што надпісы ў старажытнасці пакідалі не толькі тыя, хто хацеў такім чынам адзначыцца на мураваных сценах, прадэманстраваць, што ўмее пісаць ці маляваць. Часта старажытныя графіці мелі практычнае значэнне. Тут можна сустрэць вялікую колькасць памінальных запісаў — яны маглі быць аднайменныя ці падавацца спісамі. Людзі верылі, што пакуль стаіць храм, надрапанае імя будзе згадвацца — а такая памяць спрыяе душам у іншым свеце. Існуе меркаванне, што некаторыя з надпісаў за грошы маглі наносіць самі манахі. Усё ж яны размешчаны па ўсёй прасторы — у алтарнай частцы, на сценах і слупах. Некаторыя з іх вельмі добра прадрапаныя — такое складана было б зрабіць употайкі падчас богаслужэння.

Графіці могуць сведчыць не толькі пра тое, наколькі адукаваным было старажытнае насельніцтва Полацка, але і раскрываць раней невядомых гістарычных персанажаў і тагачасныя паводзіны людзей. Многія з тых, пра каго былі пакінуты графічныя малітоўныя надпісы, не вядомыя ні па якіх дакументах. Так, тут сустракаюцца імёны ігуменняў Спаскага манастыра, пра якіх не гаварылася ў іншых крыніцах. У памінальных запісах зафіксаваны імёны Кацярына, Ганна і Акіліна.

Часам пакінутае на сценах памінанне паказвае і на кар’еру царкоўнага дзеяча. Так, у надпісе аб смерці ігумена Гаўрыіла сведчыцца, што ён чытаў на клірасе.

Можна знайсці і згадкі пра гістарычных асоб. Напрыклад, пра княгіню Ульяну, маці Ягайлы.

Сярод шматлікіх пакінутых на сценах імён прыводзяцца святары храма. У адным з памінальных надпісаў пра «раба Божага Івана папа» пазначана, што яго забіў разбойнік.

Традыцыя службаў за спачын ці здароўе мае працяглую гісторыю. Часам на сценах побач з прадрапанымі ў мінулым імёнамі стаяць рысачкі — відаць, іх колькасць сведчыць, колькі малітваў было прачытана.

Памінальныя спісы на сценах, дзе пералічваецца некалькі імёнаў, маглі выкарыстоўвацца святаром, які іх зачытваў падчас малітвы.

Дарэчы, не толькі ў Спаса-Праабражэнскай царкве, але і ў іншых храмах сустракаюцца малітоўныя звароты, дзе, акрамя згадвання імя, ідзе просьба «памазі рабу свайму».

На мураваных сценах можна сустрэць царкоўныя тэксты (магчыма, іх пісалі па памяці), пакаянні (напрыклад, што хтосьці перабіраў з моцнымі напоямі ці любіў паесці), і сведчанні пра ўзаемаадносіны (калі адзін чалавек пакідаў каментарый, што «поп добры», другі мог наракаць, што царкоўнага служку трэба «пабіць пугамі»). Дайшла з ХІV стагоддзя і загадка: «Айцец мяне нарадзіў, я нарадзіў жонку, жонка нарадзіла мне дзяцей». Натуральна, яна звязана з біблейскім сюжэтам пра Адама.

А яшчэ сцены храма сведчаць, што сюды наведваліся тыя, хто вучыўся чытаць і пісаць. Напрыклад, захаваліся практыкаванні ў напісанні літары «А» ці часткі алфавіта.

Выключна кірылічныя надпісы існуюць да 1578 года. Тут трэба сказаць пра Івана Грознага і прыход у Полацк войскаў караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя. У гэтым годзе з’яўляюцца лацінскія надпісы, у тым ліку і ў алтарнай частцы, куды не магло быць доступу для ўсіх. Чаму так — адна з загадак, якую трэба разгадаць. Магчыма, храм да гэтага часу ўжо быў закінуты. Пасля 1579 года пераважная колькасць надпісаў рабілася на лацініцы. Часам тыя, хто пакідаў аўтографы ў царкве, пазначалі не толькі імя і імя па бацьку, але і сваю прафесію.

Тут ёсць і спіс імёнаў, якія значна адрозніваюцца ад тых, што тады выкарыстоўваліся на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Магчыма, гэтую памяць пра сябе пакінулі наёмнікі, якія прыйшлі з войскамі Стэфана Баторыя.

Графіці дапамагаюць даследчыкам, рэстаўратарам, археолагам вызначаць пэўныя даты. Так, апошні з надпісаў ХVІ стагоддзя датычыцца 1598 года. Потым, хутчэй за ўсё, ішла перабудова царквы. Узнаўляецца «пісьмо на сценах» з 1604 года. Прычым, калі раней надпісы не размяшчаліся на постацях святых, то новыя аўтары «насценнага пісьма» сталі пакідаць свае пазнакі па німбах святых.

Людзі па-ранейшаму пакідалі звароты да Бога. Прычым сярод іх можна знайсці і тыпова беларускую асаблівасць. Спачатку чалавек піша да Бога на кірыліцы, а пасля, на ўсякі выпадак, раптам гэтае пісьмо незразумелае, — на лацініцы.

Пасля перадачы царквы езуітам тут часта адзначаліся шкаляры, якія маглі свае надпісы афармляць у рамкі з пэўным аздабленнем, крыламі. Графіці падказваюць, што яны вывучалі латынь і грэчаскую мову — так на сценах яны дэманстравалі веды. Некаторыя пазначалі не толькі свае імёны, але і хваліліся дасягненнямі. Напрыклад, тут пакінуты надпіс адным з аўдытараў — такое званне атрымлівалі шкаляры, якія паспяхова вучыліся і маглі правяраць работы сваіх калег.

Захаваліся на сценах і малюнкі. Акрамя разнастайных крыжоў, тут падаваліся выявы рук са складзенымі як пры бласлаўленні пальцамі. Старажытныя «мастакі» спрабавалі маляваць партрэты, напрыклад, ваяра на кані ці, магчыма, свайго выкладчыка. На сценах можна ўбачыць аздабленні, напэўна, перанятыя ў кнігах — розныя пляцёнкі, косы, арнаменты, цмокаў і пачвар, птушак, у тым ліку бусла. У старажытнасці таксама любілі коцікаў — іх выявы сустракаюцца на сценах царквы. Магчыма, гэта адны з самых старых выяў катоў на землях Беларусі. Адзін малюнак дакладна пакінуты да ХVІІ стагоддзя, бо яго перакрываюць іншыя надпісы.

Эпіграфіка можа быць карыснай для даследчыкаў самых розных галін. Так, імёны і прозвішчы на сценах можна пашукаць у іншых крыніцах. Напрыклад, сярод навучэнцаў калегіума, якія пакінулі аўтографы на сценах, аказаўся будучы бурмістр. Сустракаюцца тут імёны і іншых гістарычных асоб. Таксама можна прасачыць, як развівалася мова, якія словы і формы ўжываліся ў розных стагоддзях.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.