Вы тут

Прадстаўнікоў 31 нацыянальнасці аб'яднае Фестываль нацыянальных культур


XІІІ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, які ўжо стаў адным з прыкметных брэндаў, сёлета пройдзе з 3 да 5 чэрвеня ў Гродне. На працягу трох дзён гасцей будзе чакаць насычаная праграма. На 17 падвор'ях прадстаўнікі 31 нацыянальнасці, і кожны зможа заявіць пра сябе.


— Хочацца запрасіць гасцей і жыхароў краіны прыняць удзел у фестывалі нацыянальных культур. Мы бачым актуальнасць правядзення свята і як павялічылася да яго цікавасць, — адзначыла начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Ірына Карповіч. — У горадзе збяруцца дзясяткі нацыянальнасцяў і прадэманструюць сваю культуру, традыцыі і звычаі. Такі фармат фестывалю адзіны ў нашай краіне, таму кожны раз з'яўляецца нешта цікавае, павялічваецца колькасць удзельнікаў. Спадзяёмся, падзея ў гэтым годзе загучыць зусім па-новаму і надасць новых фарбаў фестывальнаму руху і турыстычнаму патэнцыялу Беларусі.

Упершыню сярод удзельнікаў — мангольская нацыянальнасць. І ў знак гэтай падзеі на алеі Сяброўства ў Каложскім парку з'явіцца новае дрэва. Акрамя гэтага, першы раз на фестываль запрошаны прадстаўнікі беларусаў замежжа — калектывы з Санкт-Пецярбурга і Рыгі.

Урачыстае адкрыццё адбудзецца 3 чэрвеня вечарам. І аздобяць яго гала-канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі і нацыянальных дыяспар «Агонь адзінства», піратэхнічнае шоу і выступленні хэдлайнераў. Таксама ў першы дзень мерапрыемства адбудзецца адкрыццё Дома рыбака па вуліцы Замкавай, які пабудаваны па прынцыпе гістарычнага аднаўлення. На наступны дзень на беларускім падвор'і «Дамашні ачаг» калектывы і майстры народнай творчасці пакажуць культурныя асаблівасці беларускіх рэгіёнаў. Яшчэ наведвальнікаў будзе чакаць кінадворык, літаратурныя сустрэчы і шэраг майстар-класаў. У гэты ж дзень запланавана адкрыццё тэматычнай скульптуры, прысвечанай фестывалю, на вуліцы Тэльмана.

Як і ў 2018 годзе, трэці дзень фэсту правядуць на Аўгустоўскім канале, дзе размесцяцца інтэрактыўныя і канцэртныя пляцоўкі свята. Шырока рыхтуюцца прадставіць пляцоўку ад маладзёжнага аб'яднання БРСМ. Таксама тут 5 чэрвеня адкрыецца «Фестываль культуры ўсіх народаў», у межах якога згадаюцца эпізоды некаторых знакамітых фестываляў у культуры розных нацыянальнасцяў, а таксама наведвальнікі ўбачаць прэзентацыю вырабаў народных майстроў і цэнтраў рамёстваў Гродзенскай вобласці.

Фестываль нацыянальных культур праводзіцца з 1996 года (кожныя два гады). І, як адзначыла рэжысёр свята Агата Мацко, сёлета тут імкнуліся максімальна захаваць традыцыі, закладзеныя пачынальнікамі, але разам з тым надаць ім актуальнае і сучаснае гучанне.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Культурная палітра Беларусі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.