Вы тут

Маляванкі па матывах творчасці Шагала прадстаўлены на выставе ў Мінску


Маляванкі, выкананыя мастачкамі з розных куткоў Віцебшчыны і Міншчыны па матывах творчасці Марка Шагала, прадстаўлены на літаратурна-мастацкай выставе «А вы не из Витебска?..», паведамляецца на сайце ўстановы.


Выстава прымеркавана да 135-годдзя з дня нараджэння Марка Шагала і праходзіць у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.

Творца прадстаўлены ў незвычайным ракурсе і фокусе пагляду на яго спадчыну. Своеасаблівым камертонам экспазіцыі «А вы не из Витебска?..» з’явіўся верш «Марк Шагал» паэта Роберта Раждзественскага.

Сюжэты выставы падказаныя паэтыкай мастака і іншых творчых перастварэнняў. Літаратурная частка прадстаўлена тэматычнай падборкай кніг з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і шагалаўскімі ілюстрацыямі да «Мёртвых душ».

Адносіны Марка Шагала і Віцебска — вельмі кранальная тэма. Горад на Дзвіне стаў для мастака згубленай радзімай, аб якой ён усё жыццё ўзгадваў, але куды так і не вярнуўся. Гэтыя ўспаміны трывожылі яго тонкую душу і запаўнялі яе мастацкімі вобразамі, дапамагалі ствараць, вяртацца ў сваю маладосць і чэрпаць адтуль сілы. Застаючыся верным свайму ўласнаму мастацкаму стылю, Марк Шагал усё жыццё эксперыментаваў у розных тэхніках і жанрах. У яго творчай спадчыне — кніжныя ілюстрацыі, графіка, сцэнаграфія, мазаіка, вітражы, шпалеры, скульптура, кераміка. А вось маляваных дываноў, своеасаблівага мастацкага «брэнда» Віцебшчыны, у калекцыі твораў мастака чамусьці няма. Але спроба была: яго ўласнаручны накід маляванкі «Пара за сталом», датаваны 1911 годам.

Таленавіты майстра пакінуў след і ў літаратуры: паэзія, эсэ і мемуары яшчэ пры жыцці былі апублікаваныя і перакладзеныя на іўрыт, рускую, беларускую, англійскую і французскую мовы. Сусветную славу займела аўтабіяграфічная кніга Шагала «Маё жыццё». «Едва научившись говорить, я начал писать стихи. Их хвалили. И я думал: пойду в поэты», — пісаў творца.

Выстава працуе па 30 чэрвеня 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.