Вы тут

Зрабіць усё, каб інфармацыйная прастора была запоўнена праўдзівай інфармацыяй


У межах міжнароднай парламенцкай канферэнцыі «Гістарычная памяць: Вялікая Перамога, здабытая адзінствам», арганізаванай Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, на секцыі «Вялікая Перамога ў грамадска-медыйным дыскурсе» абмеркавалі дзяржаўную палітыку захавання гістарычнай памяці і супрацьдзеянне яе фальсіфікацыі ў кантэксце замацавання нацыянальнай бяспекі.


Фота: БелТА

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Лілія Ананіч звярнулася да заканадаўчага аспекту захавання гістарычнай памяці. У прыватнасці, да запатрабаванасці вопыту Беларусі аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму ў краінах СНД.

— Мы ўважліва прааналізавалі заканадаўства аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму краін АДКБ, СНД, і трэба сказаць, што сёння вопыт Беларусі можа быць запатрабаваны ў адпрацоўцы заканадаўства ў гэтым напрамку і ў іншых дзяржавах — удзельніцах Садружнасці. Таму што мы дакладна ў спецыяльным Законе «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму» не толькі далі паняцце, што такое нацызм і яго праявы, але і прапісалі цэлы шэраг вельмі важных пастулатаў, якія забяспечваюць рэалізацыю закона. Выразна замацаваны дзяржаўныя органы, якія займаюцца недапушчэннем рэабілітацыі нацызму. Дадзены азначэнні, што такое нацысцкая сімволіка і атрыбутыка. Таксама вядзецца работа, каб прадухіляць распаўсюджванне такога роду сімволікі, — сказала Лілія Ананіч.

Паводле яе слоў, павінна быць дакладнае заканадаўства, якое пастаянна адаптуецца. І гэта прапісана ў Канстытуцыі Беларусі, расстаўлены акцэнты і сказана аб тым, што быў генацыд.

Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў адзначыў, што тэма гістарычнай памяці пакуль не дастаткова прысутнічае ў інфармацыйнай прасторы.

— Для маладзейшага пакалення ўласцівыя новыя формы камунікацыі: інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, месенджары, дзе мы, шчыра кажучы, недапрацоўваем. Гэта тыя самыя гульнявыя формы — кіно, камп'ютарныя гульні, у якіх амерыканец ратуе ўвесь свет, а савецкі салдат ці не прысутнічае наогул, ці прысутнічае на нейкіх другарадных, часам нават вельмі камічных ролях.

Старэйшае пакаленне карыстаецца традыцыйнымі медыя — тэлебачаннем, радыё, газетамі, але і там, як канстатаваў міністр, звяртаемся да тэмы Вялікай Айчыннай вайны толькі па каляндарных дат.

— Мы маем тое, што маем, на жаль. Мы своечасова спахапіліся, таму што тыя працэсы, якія запусцілі нашы ідэалагічныя апаненты, прывялі як мінімум да рэваншысцкіх настрояў у краінах калектыўнага Захаду, да адкрытай дэманстрацыі фашысцкіх сімвалаў і заклікаў у краінах, якія калісьці ўдзельнічалі ў Вялікай Перамозе. Тое, што нашы бацькі і дзяды не маглі нават сабе ўявіць у самых вар'яцкіх снах, цяпер адбываецца, — дадаў Уладзімір Пярцоў. — Мы павінны разам зрабіць усё для таго, каб наша інфармацыйная прастора была запоўнена праўдзівай інфармацыяй, якая дазволіць фарміраваць здаровае, патрыятычнае пакаленне, якое будзе сябе адчуваць спадкаемцамі народа-пераможцы.

Старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Генадзь Давыдзька адзначыў, што працаваць заўсёды трэба на вынік, а дадзеная канферэнцыя — не выключэнне.

— Я доўга, мусіць, буду называць такія мерапрыемствы баявымі дзеяннямі, таму што проста так сабрацца і пагаварыць у наш час — занадта вялікая раскоша. Павінен быць вынік, павінна быць уздзеянне на нашага саперніка. З чым параўнаць памяць? Цяпер памяць — цвёрдая, канкрэтная зброя. Памяць — гэта імунная сістэма. І сёння мы тут сабраліся, каб умацаваць нашу імунную сістэму, імунную сістэму нашага грамадства, каб жыць, выжыць, каб перамагчы, — падкрэсліў ён.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Тэнгіз Думбадзэ канстатаваў: Беларусь была, ёсць і будзе той краінай, якая да гісторыі адносіцца па заслугах:

— Я другі дзень з калегамі маю зносіны, і яны бяруць з нас прыклад. Бо мы фактычна ў новай Канстытуцыі ўзаконілі тое, што ніхто не мае права мяняць гісторыю. Мы, прынамсі, на дзесяцігоддзі замацавалі, што ніхто не прыйдзе, як гэта ў суседніх краінах адбываецца, і не стане перапісваць гісторыю, таму што яму так захацелася. Сам факт правядзення канферэнцыі яшчэ раз пра гэта сведчыць. Я адчуваю вялікі гонар за тое, каб мы захавалі яе, і магу вам мільён прыкладаў прывесці, як нашы госці да гэтага ставяцца. Бяруць з нас прыклад. І гэта гонар. І так будзе заўсёды, пакуль мы будзем працаваць, мы заўсёды будзем абараняць і адстойваць нашу гісторыю.

Галоўны рэдактар партала «Страйк» (Польшча) Мачэй Вішнеўскі звярнуўся да тэмы апаганення помнікаў савецкім салдатам на Захадзе.

— Гэта плявок у твар нашчадкам вызваліцеляў. Я стаўлюся да гэтага вельмі адмоўна. Лічу гэта блюзнерствам, хлуснёй і пляўком на магілы не толькі тых, хто загінуў, але і ў твар іх нашчадкам. Для мяне гэта проста незразумела. Мы ўсе ў прынцыпе зараз жывыя дзякуючы савецкаму войску, савецкаму салдату. У нас цяпер вельмі складаныя часы. Я маю на ўвазе не толькі польска-рускія, польска-беларускія адносіны. З маім народам нешта здарылася. Я вельмі балюча гэта ўспрымаю, таму што людзі, якія гэта робяць, проста нават не ўяўляюць, наколькі страшная сутнасць іх дзеянняў. Няма апраўдання такім дзеянням. Адзіны спосаб усё гэта спыніць — сустракацца і адно аднаму паказваць праўду. Праўда заўсёды перамагае ў канцы. Але гэта работа на гады. І гэту работу павінны праводзіць і гаварыць толькі праўду.

Падтрымаў думку пра тое, што Захад дзейнічае прафесійна і метадычна ў разбурэнні нашай гісторыі, і аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін:

— Мы бачым, што краіны Захаду дзейнічаюць вельмі прафесійна і метадычна па разбурэнні нашай гісторыі. Найперш яны дзейнічаюць з пункту гледжання разбурэння сэнсаў у нашай моладзі. У нас, старэйшага пакалення, і нават пакалення 1980—1990-х гадоў Вялікая Айчынная вайна яшчэ адгукаецца праз сустрэчы і памяць аб ветэранах, праз тую гісторыю, якую нам выкладалі ў падручніках. Але зараз праз інфармацыйную прастору ідзе нівеліраванне подзвігу савецкага салдата, савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, і робіцца гэта мэтанакіравана з ужываннем добрых методык у інфармацыйна-псіхалагічных аперацыях. Для нас цяпер важна разгледзець метады барацьбы, якія прымяняе Захад супраць нас, і выпрацаваць адпаведныя падыходы, якія б не далі магчымасці разбураць гісторыю, у першую чаргу ў свядомасці нашай моладзі. Мы павінны працаваць менавіта з выявамі, нашымі сімваламі, моладдзю, каб і праз 30, 50 і 100 гадоў мы сапраўды гэтак жа шанавалі і разумелі подзвіг савецкага народа і значнасць Вялікай Айчыннай вайны і Вялікай Перамогі для беларускага народа і ў прынцыпе для ўсяго савецкага народа.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.