Вы тут

Вярнуцца «ў строй» пасля хваробы


Згодна са статыстыкай, колькасць людзей, якія выжываюць пасля цяжкіх траўмаў, ці хворых, якія перанеслі складаныя анкалагічныя аперацыі і жывуць пяць і больш гадоў, расце. Усё больш сёння магчымасцяў для выходжвання дзяцей, якія нарадзіліся з вагой менш за кілаграм. Каму з іх паказана рэабілітацыя і на якіх умовах? Ці маюць права на яе інваліды? Як у хуткім часе зменяцца тэрміны рэабілітацыі і пералік тых, каму яна паказана? Якія сацыяльныя гарантыі сёння маюць «людзі з асаблівасцямі развіцця»? У прыватнасці, як можна атрымаць запатрабаваную прафесію і чым дзяржава дапамагае ў пошуку месца працы? Пра гэта і іншае расказалі спецыялісты.


Фота: pixabay.com

Пасля інфарктаў, інсультаў, траўмаў, анкалогіі...

Сістэма медыцынскай рэабілітацыі ўключае некалькі этапаў: лячэбна-рэабілітацыйны, калі аднаўленне пачынаецца яшчэ ў рэанімацыі ці профільным аддзяленні стацыянара. Затым пацыента пераводзяць у аддзяленне ранняй стацыянарнай медыцынскай рэабілітацыі ці цэнтр медыцынскай рэабілітацыі. Таксама ёсць хатні этап рэабілітацыі, паўторная рэабілітацыя. Такая этапная сістэма прадугледжвае пастаянную медыцынскую дапамогу для мінімізацыі ці поўнай ліквідацыі парушэнняў, якія прыводзяць да фізічных абмежаванняў.

— Гэта сістэма працуе не толькі на паперы, — кажа дырэктар РНПЦ медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі, доктар медыцынскіх навук, прафесар Васіль СМЫЧОК. — З профільных стацыянараў да нас на рэабілітацыю паступаюць пацыенты пасля цяжкіх траўмаў, анкалагічных хвароб, аперацый, інфарктаў, інсультаў, і мы бачым, наколькі можам дапамагчы такім людзям, каб яны вярнуліся да паўнацэннага жыцця.

Праўда, гэта магчыма не заўсёды. Часам абмежаванні жыццядзейнасці прыводзяць да інваліднасці. Ці паказана рэабілітацыя інвалідам? Безумоўна, прычым як дарослым, так і дзецям. Паказанні для медыцынскай рэабілітацыі і яе тэрміны рэгулююцца адпаведным загадам профільнага міністэрства.

— Сёння падрыхтаваны новы загад Міністэрства аховы здароўя. Некаторыя групы рэабілітантаў пашыраны. Цяпер будуць праходзіць рэабілітацыю пацыенты, якія раней не былі ўключаны ў гэты пералік. Курсы рэабілітацыі павялічацца: калі лячэнне ў стацыянары пасля інсульту складае 10—14 дзён, то для рэабілітацыі такія тэрміны вельмі недастатковыя, патрабуецца 24—30 дзён. І гэтыя тэрміны будуць зацверджаны Міністэрствам аховы здароўя, — адзначае Васіль Смычок.

Калі прыкметы інваліднасці засталіся, ёсць магчымасць атрымліваць планавую рэабілітацыйную дапамогу. У тым ліку ў профільных аддзяленнях стацыянара. Што датычыцца інвалідаў-калясачнікаў, яны могуць атрымаць дапамогу ў асобных палатах і аддзяленнях. Асобнае лячэбнае аддзяленне для інвалідаў-калясачнікаў, дзе яны змогуць не толькі праходзіць рэабілітацыю, але і атрымліваць сацыяльную і прафарыентацыйныйную дапамогу, мяркуецца адкрыць і ў РНПЦ медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі.

Нягледзячы на тое, што ў апошнія два гады многія аддзяленні і цэнтры былі перапрафіляваны для лячэння пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй, у 2021 годзе рэабілітацыю прайшлі 69 664 чалавекі, з іх 10 500 інвалідаў, у тым ліку 4957 дзяцей.

У краіне працуе 331 аддзяленне медыцынскай рэабілітацыі, з іх 99 стацыянарных, астатнія амбулаторна-паліклінічныя. Дзейнічае 4715 рэабілітацыйных ложкаў. Асноўныя профілі для дарослых — траўматалогія, неўралогія, кардыялогія, анкалогія. У дзяцей гэты спектр шырэйшы.

Штогод лячэнне і рэабілітацыю ў Рэспубліканскай клінічнай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі праходзіць каля 8,5 тысячы чалавек, у тым ліку каля 500 інвалідаў. Тут таксама прымаюць пацыентаў з усёй краіны — не толькі з гарадскіх, але і ў раённых бальніц згодна з загадам Міністэрства аховы здароўя.

— У нас праходзяць рэабілітацыю людзі з пашкоджаннем пазваночніка, спіннога мозга, таксама пацыенты пасля высокатэхналагічных аперацый на галаўным і спінным мозгу, пасля інсультаў, — расказвае галоўны ўрач Рэспубліканскай клінічнай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі Сяргей МАЛЫШКА. — Яшчэ адзін кірунак — кардыялагічны: гэта пацыенты пасля інфаркту міякарда, рэканструктыўных аперацый на сэрцы і сасудах. У артапеда-траўматалагічным аддзяленні рэабілітацыю праходзяць пацыенты пасля траўмаў і эндапратэзіравання суставаў. Каля 75 % пацыентаў мы прымаем на раннюю рэабілітацыю адразу пасля стацыянарнага лячэння, 25 % — позняя рэабілітацыя, найчасцей гэта паўторныя курсы. Рэабілітацыя ў нашай установе працягваецца ад двух да пяці тыдняў. Працуе мультыдысцыплінарная брыгада, складаецца індывідуальная праграма.

На што спадзявацца чалавеку з інваліднасцю?

На якія сацыяльныя гарантыі могуць разлічваць людзі ў выпадку атрымання інваліднасці? Найперш гэта матэрыяльная падтрымка ў выглядзе дзяржаўных пенсій і дапамог, забеспячэнне тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі, адукацыяй, магчымасць для заняткаў спортам і творчасцю, садзейнічанне занятасці, атрыманне сацыяльных паслуг па месцы жыхарства і арганізацыя фізічнай даступнасці аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры.

Дзецям-інвалідам да 18 гадоў прызначаецца сацыяльная пенсія ў залежнасці ад ступені страты здароўя — ад 80 да 100 % БПМ. Аказваецца падтрымка і ўсёй сям'і ў залежнасці ад колькасці дзяцей. Пры нараджэнні дзіцяці-інваліда ў першы год жыцця выплачваецца ад 15 тысяч рублёў (калі дзіця першае) да 24 тысяч (калі дзіця другое ці наступнае). Сумарны памер выплат штомесячна на дзіця-інваліда ва ўзросце да трох гадоў складае ад 1250 рублёў да 1347 рублёў. Калі ў сям'і ёсць яшчэ дзіця — то ад 1400 да 1500.

Для якаснага догляду дзяцей з множнымі парушэннямі здароўя аказваюцца паслугі няні, і запатрабаванасць такой паслугі расце. Дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця навучаюцца ва ўмовах інтэграцыі, разам са здаровымі равеснікамі. Ахоп дзяцей адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай складае амаль 100 %. Павышаецца колькасць маладых людзей, якія атрымліваюць спецыяльную адукацыю — як прафесійна-тэхнічную, так і вышэйшую.

Сацыяльныя паслугі, а гэта перш за ўсё сацыяльная рэабілітацыя людзей з інваліднасцю, аказваюцца ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па месцы жыхарства, як ва ўмовах дзённага знаходжання, так і дома, і ва ўмовах кругласутачнага знаходжання.

— З 2021 года на падставе аналізу і абмеркавання з людзьмі, якія маюць інваліднасць, уведзены новыя паслугі, што аказваюцца дома. Гэта дзённы нагляд для асоб, якія маюць абмежаваныя магчымасці кантраляваць свае паводзіны, паслугі работы гурткоў па інтарэсах для маламабільных дзяцей-інвалідаў і інвалідаў 1-2 груп, а таксама паслугі па навучанні членаў сямей навыкам догляду, — расказвае кансультант упраўлення па справах інвалідаў Міністэрства працыі і сацыяльнай абароны Ева ЗУБКОЎСКАЯ. — Аказваюцца паслугі сядзелкі і суправаджальнага пражывання. Суправаджальны патрэбны, каб трапіць у нейкую ўстанову, дапамагчы ў камунікацыі з супрацоўнікамі. У нас працуе 162 аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў, іх пастаянна наведвае больш за 6 тысяч чалавек, якія развіваюць свае бытавыя, працоўныя і творчыя навыкі.

Штогод каля 250 тысяч грамадзян з інваліднасцю забяспечваюцца тэхнічнымі сродкамі рэабілітацыі. У 2021 годзе з бюджэту на гэтыя мэты накіравана каля 34 мільёнаў рублёў. Гэта вялікі асартымернт — 72 найменні, прычым большасць з іх выдаецца бясплатна. Інваліды 1 групы бясплатна забяспечваюцца 37 сродкамі рэабілітацыі, прычым у асноўным гэта тое, што каштуе дорага. У прыватнасці, вазкі, сярэдні кошт якіх — 1,5 тысячы рублёў. 22 сродкі даюцца на льготных умовах з аплатай ад 10 да 50 %. Інваліду 2 групы бясплатна выдаюцца 24 сродкі рэабілітацыі, 21 на льготных умовах. З 64 сродкаў рэабілітацыі, прызначаных для дзяцей, 54 выдаецца бясплатна, 10 — на льготных умовах.

— Існуе пэўны стэрэатып, што людзі з інваліднасцю не хочуць працаваць. Трэба разумець, што працаваць могуць не ўсе. Сёння 118 тысяч чалавек маюць паказанні да працы. З іх працуе каля 54 %, амаль 64 тысячы чалавек, — прыводзіць лічбы Ева Зубкоўская.

Паколькі людзям з інваліднасцю складаней знайсці працу, прадугледжаны дадатковыя меры для садзейнічання занятасці: працаўладакаванне па ўстаноўленай броні, адаптацыя да працоўнай дзейнасці, дапамога ў адкрыцці ўласнай справы, фінансавая падтрымка ў выглядзе субсідыі. З 2019 года практыкуецца індывідуальнае суправаджэнне чалавека да наймальніка, каб сумесна прайсці сумоўе. Такім чынам працаўладкавана ўжо больш за 200 чалавек.

Пры жаданні людзі з абмежаванымі магчымасцямі могуць бясплатна атрымаць прафесію, запатрабаваную на рынку працы, — цырульніка, аператара ПВМ, кантралёра-касіра, прадаўца, слесара, сантэхніка. У перыяд навучання беспрацоўныя людзі з інваліднасцю атрымліваюць не толькі стыпендыю, але і на матэрыяльную дапамогу.

— Каб зацікавіць наймальніка ствараць працоўныя месцы для інвалідаў, дзяржава фінансуе іх расходы на гэтыя мэты, у прыватнасці, выдаткоўваюцца сродкі для набыцця абсталявання. Каб максімальна пашырыць магчымасці для працаўладкавання, прадугледжваюцца квоты працоўных месцаў, — пералічвае Ева Зубкоўская.

Сёння цалкам даступнымі для інвалідаў з'яўляецца 18 % аб'ектаў, 70 % аб'ектаў забяспечаны элементамі безбар'ернага асяроддзя. На мерапрыемствы па забеспячэнні даступнасці аб'ектаў на найбліжэйшыя 5 гадоў плануецца выдаткаваць больш за 300 мільёнаў рублёў. Мяркуецца, што да 2025 года колькасць аб'ектаў, цалкам даступных, павялічыцца да 23 %.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.