Вы тут

Вальфовіч: Дэградацыя міжнароднай сістэмы бяспекі ўяўляе пагрозу


I Міжнародная выстава індустрыі бяспекі «Нацыянальная бяспека. Беларусь-2022» праходзіць у Мінску 22-25 чэрвеня. Яна праводзіцца як комплекс кангрэсна-выставачных мерапрыемстваў, накіраваных на стварэнне камунікацыйнага асяроддзя для абмеркавання інавацыйных ідэй, абмену інфармацыяй аб вытворча-тэхналагічных дасягненнях у галіне спецыяльных сродкаў, спецыяльнай тэхнікі і ўзбраення, а таксама для шырокамаштабнага паказу высокатэхналагічных, інавацыйных распрацовак і гатовых рашэнняў, якія садзейнічаюць удасканаленню тэхнічнай аснашчанасці праваахоўных органаў і іншых сілавых структур, дзейнасць якіх накіравана на рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь у сферы гарантавання нацыянальнай бяспекі, перадае БелТА.


На цырымоніі адкрыцця выстаўкі выступілі дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Вальфовіч, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў і генеральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась

Вальфовіч: Дэградацыя міжнароднай сістэмы бяспекі ўяўляе пагрозу

«Назіраецца шматразовае павелічэнне ваенных расходаў і колькасці вучэнняў, дэмантаж сістэмы кантролю над узбраеннямі. Зніжаецца аўтарытэт важнейшых арганізацый у сферы бяспекі, перагаворныя пляцоўкі якіх сталі інструментамі забеспячэння інтарэсаў асобных краін і саюзаў, — сказаў Аляксандр Вальфовіч. — Дэградацыя міжнароднай сістэмы бяспекі ўяўляе пагрозу для любой дзяржавы».

Паводле слоў дзяржсакратара Савета бяспекі, Беларусь прыкладае значныя намаганні для ўмацавання нацыянальнай бяспекі, у тым ліку актуалізуецца нарматыўна-прававая база, развіваецца матэрыяльна-тэхнічнае аснашчэнне суб’ектаў яе забеспячэння. Гэты вектар пакладзены ў аснову парадку дня міжнароднай выстаўкі індустрыі бяспекі, першага комплекснага міжнароднага мерапрыемства для дэманстрацыі найбольш актуальных і перспектыўных тэхналогій у гэтай сферы.

«Перакананы, што праводзімае мерапрыемства дасць магчымасць стварыць эфектыўную пляцоўку для дыскусій і абмеркавання актуальных пытанняў забеспячэння нацыянальнай бяспекі, удасканалення механізмаў і ўмоў прамысловага і навукова-тэхнічнага развіцця, пашырэння міжнароднага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння», — рэзюмаваў Аляксандр Вальфовіч.

Рыжанкоў: Пытанні міжнароднай бяспекі патрабуюць аб’яднання намаганняў усёй сусветнай супольнасці

«Выстава, прысвечаная нацыянальнай бяспецы, сапраўды маштабная падзея. Яе правядзенне, як і правядзенне іншых мерапрыемстваў, прадыктавана самім часам. Ад нас патрэбна аб’яднанне намаганняў для павышэння ўвагі да пытанняў міжнароднай бяспекі, а таксама кансалідацыя міжнароднай супольнасці для барацьбы з новымі, сучаснымі выклікамі і пагрозамі», — сказаў Максім Рыжанкоў.

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта ўпэўнены: без памяці не можа быць мінулага, а без мінулага не можа быць будучыні. «Звернемся да трыццатых гадоў мінулага стагоддзя. Мы добра памятаем, хто падтрымліваў узбраеннем Германію, развіваў яе прамысловы патэнцыял і заахвочваў нацысцкую ідэалогію. Мы таксама памятаем, чым гэта ўсё скончылася. Да расчаравання куратараў, першы кідок быў зроблены не на Усход, а на Заходнюю Еўропу. Мы памятаем трагедыю, памятаем той шалёны ўраган, які практычна знішчыў ушчэнт усю Беларусь. Ён забраў жыцці кожнага трэцяга беларуса», — нагадаў Максім Рыжанкоў.

Нават у няпростыя саракавыя гады міжнароднай супольнасці ўдалося знайсці агульную мову, дадаў ён. «У вельмі складанай сітуацыі, нягледзячы на ўсе ідэалагічныя рознагалоссі, сусветная супольнасць села за мірны стол. Уся Еўропа тады была напоўнена зброяй. Але дзяржавам удалося знайсці магчымасць для стварэння нейкай новай структуры бяспекі і падтрымання. Прыгадваючы тыя часы, мы бачым, што сёння разбураюцца ўсе прызнаныя сусветнай супольнасцю архітэктуры бяспекі», — падкрэсліў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

На заканчэнне Максім Рыжанкоў выказаў упэўненасць, што правядзенне такіх мерапрыемстваў павінна заняць важнае месца ў міжнародным парадку дня.

Зась: Пагрозы бяспецы дзяржавы і грамадства па-ранейшаму актуальныя

«На мой погляд, гэта вельмі ўдалы фармат — комплексная выстава, прысвечаная бяспецы. Для невялікіх краін, як Беларусь, яна асабліва актуальная. У маштабах Расіі гэта зрабіць складана. Упэўнены, гэтая ініцыятыва будзе жыць і стане добрай традыцыяй. Вядома, увага многіх краін прыкавана да таго, што адбываецца на поўдні ад нас, ва Украіне. Разам з тым іншыя рэальныя пагрозы нацыянальнай бяспецы, асобы, грамадству і дзяржаве нікуды не падзеліся», — сказаў Станіслаў Зась.

На яго думку, гэтыя праблемы застаюцца актуальнымі ў тым ліку для краін АДКБ. «Сярод іх інфармацыйныя, тэрарыстычныя і біялагічныя пагрозы. Востра стаяць праблемы экстрэмізму і незаконнага наркатрафіку. Калі ўсе гэтыя пытанні знаходзяць сваё адлюстраванне ў тэхнічных дасягненнях і распрацоўках, гэта трэба толькі вітаць. Безумоўна, усё гэта ідзе на карысць тых праваахоўных органаў і спецыяльных падраздзяленняў, якія займаюцца мінімізацыяй гэтых пагроз», — сказаў на заканчэнне Станіслаў Зась.

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Пра сваё спартыўнае мінулае і цяперашняе наш герой расказаў «Звяздзе».

Культура

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Наша размова ішла пра ўспрыманне спадчыны Песняра і падыходы да яе захавання.