Вы тут

Тое, што нас аб'ядноўвае


Гэта гімн музычнаму мастацтву і сапраўднаму сяброўству. Гімн Яе Вялікасці Музыцы, што ўзнімае людзей да нябёсаў і лунае нават па-над дзяржаўнымі граніцамі. Ніякая геапалітычная агароджа не спыніць рух аблокаў. Вось і вядомая мелодыя з Віцебска гучыць на ўвесь свет.


Гэта рынгтон, які не старэе. Калі ён гучыць, то зразумела, што ўсё добра. Жыццё працягваецца. Цяпер амаль кожны вечар па тэлевізары або ў інтэрнэце можна чуць пра славянскі свет. Пра тое, як яму пагражае заходняя, захопніцкая цывілізацыя. Яно так. Але ўжо па першых нотах з беларускага горада над Дзвіной зразумела: вось ён — сапраўдны славянскі свет, які дыхае на поўныя грудзі.

І калі дастойныя і праўдзівыя палітычныя высновы не заўжды кранаюць душы людзей, то «парадак дня» фестывалю мастацтваў — найкарацейшы шлях да прымірэння. На палітычнай авансцэне шмат палітыкаў і лідараў грамадскіх думак выказвае свае меркаванні па Украіне. А вось на сцэне з Віцебска гучыць песня. Калі людзі спяваюць песні сваіх суседзяў, гэта і ёсць паразуменне.

Калі «гуманістычная» Еўропа ў чарговы раз пайшла вайной «нах остэн», то нават ад усіх непалітычных ініцыятыў адмовілася. Мо і добра. Бо нават іх прыродныя праграмы, нібыта гіры новага парадку, на нашых нагах. З такім цяжарам далёка не пойдзеш. Толькі ўніз. У дрыгву. А Беларусь — іншае.

Колькі бруду ні вывальвалі б кіеўскія ўлады (зразумела, чаго больш, тым і дзеляцца) на нас, беларусы ўсё роўна з павагай і нават цеплынёй у душы ставяцца да украінскага народа. Да яго культурных набыткаў. Менавіта таму з творчага памоста гучыць традыцыйнае трохмоўнае вітанне.

Як некалі, так і сёння на «Славянскім базары». На гэтых землях некалі магутнага Полацкага княства — крыніцы нашай дзяржаўнасці — па Дзвіне праходзілі значныя гандлёвыя шляхі. А дзе гандаль — там кірмашы. А дзе кірмашы — там песня. Так было, так ёсць, так і будзе. У нашай, той, якую збераглі і маем, Беларусі — заўжды. У гэтым наша краіна пераканала ўвесь свет.

«Славянскі базар» прадэманстраваў яшчэ раз, што не бомбамі і АТА трэба навязваць павагу да мовы, а добрым стаўленнем і павагай. Людзі разумеюць лепш пад музычныя мелодыі, а не свіст куль і снарадаў. Мяне ўразіла кароткае, але яркае відэа. Мой калега па «прапагандысцкім акопе» — расійскі журналіст і блогер — ледзьве стрымаўся, каб не даць гапака пад украінскія спевы. Вось яна, магія мастацтва. Так. Але гэта яшчэ і сведчанне таго, што рускія людзі разумеюць украінскую мову. Калі гэта мова міру.

Прызнаюся. Сэрца кранаюць украінскія песні. Яны вельмі годныя. І хвалюе будучыня суседняй краіны. Усе ведаюць, што канфліктам дырыжыруюць заходнія менеджары. І зразумела, чые рогі тырчаць з гэтай «аркестравай ямы». Таму перамогай будзе не толькі дэнацыфікацыя, але вяртанне ўкраінскага народа за адзіны славянскі стол. І «стол» гучыць сімвалічна. Бо менавіта Беларусь і Расія будуць падкормліваць збяднелы і разрабаваны заходнімі акцыянерамі канфлікту ўкраінскі народ. І вось перамогай будзе, калі, напрыклад, на Хрэшчаціку Дзяніс Майданаў выканае «Ніч яка місячна», а ўкраінскія эстрадныя зоркі — «Ой мороз, мороз». А «Песнярам» і «Сябрам» аднолькава блізкі ўвесь моўны рэпертуар. Вось гэта і будзе Перамога. «Славянскі базар» развейвае чад братэрскіх непаразуменняў. Дарэчы, так было і раней. Калі пісаць праўду, то і раней, здаралася, стольныя гарады нашых народаў мераліся сіламі, хапалі за чубы адзін аднаго. І тады алею ў гэты кіпячы кацёл не саромеліся падліваць заходнія «партнёры» і іншаземныя дарадцы. Але заўжды такое супрацьстаянне заканчвалася мірам. І гандлем. Славянскім базарам.

Я памятаю яшчэ з дзяцінства, як мелодыя «Славянкі» прываблівала да тэлеэкрана ўсю сям'ю. Раней мы не былі такімі разбэшчанымі культурным фаст-фудам. У рацыёне для душы было сапраўднае мастацтва.

За шумам урачыстасці мала хто задумваецца аб сакральнасці гэтага свята мастацтваў. Людзі спявалі песні, калі хацелі выказаць самыя лепшыя пачуцці сэрца і душы. Гэта цяпер Песню запэцкалі шэрым брудам пахабных пастановак. Захад — цывілізацыя еўрабачання (з маленькай літары спецыяльна напісаў). Вы толькі ўдумайцеся, як сімвалічна гучыць: еўрабачанне. Яны ўжо там нікога не чуюць. Толькі пакуль бачаць. І то вочы засцілае туман фэйкаў. А мы цывілізацыя Славянскага базару. Дзе гучаць песні для душы і з сэнсам. Вось таму нам, беларусам, не сорамна за сваё бачанне свету. І, дарэчы, да фестывалю ў Віцебску з аднолькавай павагай ставіцца і культурная багема, і звычайныя меламаны. Бо «Славянскі базар» — як сапраўдны беларус — аб'ядноўвае. І сацыяльныя групы, і народы. Як тая музычная папараць-кветка — у пошуках культуры да нас прыязджаюць госці з розных краін.

«Славянскі базар» — яшчэ і адлюстраванне народнай дыпламатыі. Бо ў цяжкі постсавецкі час дэінтэграцыі славянскіх культур і дэмаралізацыі мастацтва з надзеяй загучала: «Гаворыць і паказвае Віцебск». Быў час, калі «Славянскі базар» хацелі «прыхватызаваць». Вывесці з Віцебска і ператварыць у чарговы музычны мас-маркет. Імя б захавалі, а змест змянілі. Так тады дзейнічалі і ў эканоміцы, і ў культуры. На наша багацце, у тым лік у і культурнае, паквапіліся акцыянеры заходняга складу. Не атрымалася. Збіральнікам каштоўнасцяў славянскіх зямель выступіў беларускі лідар. Сёння людзі ўдзячныя: не даў украсці свята. Не, шаноўнае спадарства, наш Прэзідэнт тады не даў украсці штосьці большае. Славянскую душу. І Беларусь у гэты нялёгкі час выпрабаванняў працягвае адказваць перад усім светам за Базар. Крыніцу сапраўднага мастацтва.

Яўген ПУСТАВОЙ

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.