Вы тут

«Вялікага Валодзю з Беларусі» ведалі ўсе


У 1990-я гады, калі пасля распаду СССР Беларусь атрымала незалежнасць, была выбудавана новая спартыўная сістэма. Найлепшыя напрацоўкі савецкай школы захавалі і спалучылі з новымі мадэлямі. Гэтая вялізная работа лягла на плечы Уладзіміра Мікалаевіча Рыжанкова, якога сёння можна справядліва лічыць першым спартыўным менеджарам Беларусі. Уладзімір Мікалаевіч дасканала ведаў савецкую сістэму спорту. Доўгі час працаваў у сістэме спартыўнага таварыства «Ураджай», у Спорткамітэце БССР. Каля шасці гадоў — у ЦК КПБ, курыраваў спорт, займаючыся пытаннямі кадравага забеспячэння і будаўніцтва спартыўнай інфраструктуры ў Беларусі. Уладзімір Мікалаевіч Рыжанкоў — заслужаны работнік фізічнай культуры і спорту БССР. На пасадзе першага прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта ён вывеў беларускі спорт на міжнародную арэну. У гісторыю Беларусі ён увайшоў і як першы міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь.

Уладзімір Мікалаевіч Рыжанкоў пайшоў з жыцця ў 1996 годзе. Але нават праз 26 гадоў яго прозвішча гучыць у беларускім спорце. Максім Уладзіміравіч Рыжанкоў, яго сын, быў памочнікам Прэзідэнта па пытаннях фізкультуры, спорту і турызму. Затым віцэ-прэзідэнтам НАК Беларусі. А сёння займае пасаду першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта і ўзначальвае федэрацыю баскетбола. Пра свайго знакамітага бацьку і яго ўклад у айчынны спорт Максім Рыжанкоў расказаў «Звяздзе».


У коле сям'і.

— Максім Уладзіміравіч, адкуль у вашага бацькі любоў да спорту? Чаму менавіта яго ён абраў справай свайго жыцця?

— Усё, чаго мой бацька, Уладзімір Мікалаевіч Рыжанкоў, дабіўся ў жыцці, ён дабіўся сваёй працай. Хлопец з хутарскога пасёлка ў Добрушскім раёне ў дзяцінстве нават не думаў ні пра які спорт. Я думаю, у ягоны час там нават і спартыўных пляцовак не было. Дома мелася вялікая гаспадарка, трэба было дапамагаць бацькам, вось і ўвесь яго спорт. У 14 гадоў у бацькі пачалося дарослае жыццё — ён паступіў у Гомельскі дарожна-будаўнічы тэхнікум. Там была актыўная вучоба, і пра спорт таксама размова не ішла. Усё змянілася, калі бацьку прызвалі ў армію. Ён 1945 года нараджэння, гэта апошні год, які прызывалі на тры гады. За час службы ён паспрабаваў сябе ў боксе і баскетболе, выступаў на спаборніцтвах. Яго вялікі рост, мускулісты целасклад, падрыхтоўка, закладзеная працай на зямлі, рабілі яго добрым баксёрам. А яго баскетбольная каманда была пераможцам спаборніцтваў на ўзроўні вайсковай акругі. Уладзімір Мікалаевіч спачатку служыў у «вучэбцы» ў Горкім (Ніжні Ноўгарад). А затым — у будаўнічых войсках, яны ўзводзілі касмадром «Байканур».

З войска ён вярнуўся з навыкамі будаўніка і перамогамі ў спаборніцтвах па боксе і баскетболе ў Спартыўным клубе Арміі. Ды яшчэ і ў званні старшыны. Як я разумею, гэта дало яму магчымасць паступіць у Інстытут фізічнай культуры з пэўнымі прэферэнцыямі. І гэтую магчымасць не выпусціў. Ён лёгка паступіў у ІФК. Бацька вучыўся са многімі ў будучым вядомымі баскетбалістамі. Напрыклад, з Аляксеем Шукшыным яны потым сябравалі ўсё жыццё. Але бацька расказваў, што яму было цяжкавата вучыцца. Ён паступіў у інстытут пасля арміі, некаторыя прадметы прызабыў. І, вядома, хлопцам, якія прыйшлі ў ВНУ адразу са школьнай лавы, было прасцей. Уплывала і розніца ва ўзросце, бацька быў старэйшы за многіх сваіх аднакурснікаў. Але ён змог уліцца ў гэтую спартыўную сям'ю. Дзякуючы яго вайсковым поспехам ім зацікавіліся і баксёры, і баскетбалісты. Але, напэўна, яму больш даспадобы быў баскетбол, таму ён яго абраў.

М. У. Рыжанкоў.

— Тады чаму ён пачаў будаваць кар'еру кіраўніка, а не спартсмена?

— У грамадскую работу бацька ўключыўся ўжо ў інстытуце. У той час на пасады прафсаюзных ці камсамольскіх кіраўнікоў бралі людзей, якія ўжо ў жыцці нешта бачылі, прайшлі армію, працавалі. Словам, ведалі жыццё больш, чым учарашнія выпускнікі школ. Уладзімір Мікалаевіч гэтым крытэрыям цалкам адпавядаў. У інстытут ён прыйшоў са сфарміраванымі поглядамі, моцным падыходам да жыцця. Менавіта такі чалавек патрэбен быў для арганізацыйнай работы. Яго заўважылі і запрасілі на адну з кіруючых пасад у камітэт камсамола Інстытута фізічнай культуры. На адным з курсаў ён нават быў кіраўніком будаўнічых атрадаў Мінскай вобласці. Вучобу ў інстытуце Уладзімір Мікалаевіч скончыў старшынёй камсамола ІФК. Чаму ён засяродзіўся менавіта на арганізацыйнай рабоце, а не на спартыўнай кар'еры? Так, ён дастаткова прыстойна гуляў у баскетбол за інстытут. Але, выступаючы за інстытут, ён быў запатрабаваны, а за зборную ўжо не так. Бо ён быў на тры гады старэйшы за сваіх таварышаў, хлопцаў, у якіх не было такога перапынку, якія былі лепш падрыхтаваныя тэхнічна — хтосьці вучыўся ў спартыўнай школе, хтосьці займаўся ў вучылішчы алімпійскага рэзерву. І канкурэнцыю ім Уладзімір Мікалаевіч скласці не мог. Таму ён знайшоў сябе ў арганізацыйнай рабоце. Хлопец прыехаў з Гомельшчыны, тры гады адслужыў у войску, бацькі маглі дапамагчы хіба што мяшком бульбы. Яму трэба было ствараць сябе самому. Калі ў спорце з аб'ектыўных прычын не атрымлівалася, то ў арганізацыйнай рабоце перад ім адкрываліся вялікія перспектывы. Свой шанц Уладзімір Мікалаевіч не ўпусціў.

— Вы памятаеце, як ствараўся Нацыянальны Алімпійскі камітэт краіны. Якой гэтую арганізацыю бачыў Уладзімір Мікалаевіч?

— Працуючы ў Спорткамітэце, бацька шмат ездзіў за мяжу і бачыў, вывучаў сістэму развіцця спорту ў іншых краінах. Розніца ў падыходах была каласальнай. Моцныя спартыўныя федэрацыі, якія праводзяць работу па папулярызацыі свайго віду спорту, прыцягваюць людзей, партнёраў і спонсараў у свой спорт — гэта магутная рухаючая сіла. У савецкім спорце такога не было. Многія чыноўнікі ў міністэрствах і ведамствах на гэта проста былі няздольныя. А  ў федэрацыях павінны працаваць людзі, улюбёныя ў свой від спорту. І ўсё гэта павінна рэгулявацца дзяржавай. Уладзімір Мікалаевіч бачыў і разумеў, што ў сістэме нашага спорту трэба памяняць і што можна прыўнесці.

Калі пачаліся першыя крокі па набыцці незалежнасці, бацька зразумеў, што пупавіна ад Алімпійскага камітэта і федэрацый СССР разарвецца, і многія напрацоўкі застануцца ў Расіі як правапераемніка Савецкага Саюза. Таму, як толькі Беларусь набыла незалежнасць, ён пачаў рабіць першыя крокі па стварэнні Алімпійскага камітэта Беларусі. І, зразумела, на гэтым шляху даводзілася пераймаць досвед замежных мадэляў: федэрацыі павінны быць больш самастойнымі і ў фінансавым, і ў арганізацыйным планах, нацыянальны Алімпійскі камітэт павінен быць незалежны ад дзяржаўных крыніц. Менавіта ў такім напрамку бацька ствараў гэтыя грамадскія інстытуты кіравання спортам. Улічваючы, што ён адначасова быў і міністрам спорту, канфлікту інтарэсаў не было. Як міністр спорту ён глядзеў на НАК і федэрацыі як на сваіх памочнікаў, паплечнікаў у развіцці спорту, але ні ў якім разе не як на канкурэнтаў.

У 1991 годзе, калі быў створаны Нацыянальны Алімпійскі камітэт, ва Уладзіміра Мікалаевіча Рыжанкова склаўся магутны аўтарытэт як кіраўніка спорту. Гэта быў чалавек, які прыцягваў да сябе людзей не інтрыгамі, а сваімі ідэямі. І калі паўстала пытанне, каму стаць прэзідэнтам Алімпійскага камітэта, які бацька ствараў з нуля, то нядзіўна, што спартыўная грамадскасць прагаласавала за яго. Не магу сказаць, аднагалосна ці не, але не думаю, што былі іншыя кандыдатуры. Уладзімір Мікалаевіч адразу ўвёў у Нацыянальны Алімпійскі камітэт такіх сур'ёзных людзей, як Аляксандр Васілевіч Мядзведзь, Алена Дзмітрыеўна Бялова. Ён зрабіў усё, каб паказаць, што самастойны алімпійскі камітэт — не кармушка для чыноўнікаў, а менавіта орган спартсменаў для саміх спартсменаў.

З алімпійскім чэмпіёнам Аляксандрам Мядзведзем.

— У 1991 годзе быў утвораны Нацыянальны Алімпійскі камітэт. А ў 1992 годзе ў Барселоне павінны былі прайсці летнія Алімпійскія гульні, а ў Альбервілі —зімовыя. Сур'ёзнае выпрабаванне для маладога Алімпійскага камітэта...

— У 1992 годзе Беларусь яшчэ не была прынята ў сістэму алімпійскага руху. Таму ў 1992 годзе беларускія спартсмены выступалі ў складзе Аб'яднанай каманды СНД. Я ведаю, што перад Алімпіядай у Альбервілі вялікім галаўным болем для бацькі была экіпіроўка каманды, грошы на дарогу. Гэта быў не самы эканамічна паспяховы час. Грошай не было, і бацьку прыйшлося праявіць кемлівасць. Ён высветліў, што ёсць трактары і МАЗы, якія наш урад хацеў прадаць, але ў пакупнікоў таксама не было грошай. Па сваіх спартыўных каналах бацька выйшаў на югаславаў, з якімі ў яго заўсёды былі добрыя адносіны. І праблема была вырашана: туды паступілі беларускія трактары і МАЗы, а адтуль прыйшлі грошы на дарогу і экіпіроўка. Далей трэба было рабіць усё, каб на наступных Алімпіядах беларусы выступалі самастойнай камандай. Без прызнання нашага Алімпійскага камітэта Міжнародным Алімпійскім камітэтам гэта было немагчыма. Таму трэба было фарсіраваць дзеянні па стварэнні асноў алімпійскага руху ў Беларусі. Цікава, што займалася гэтай работай усяго некалькі чалавек: міжнародны аддзел у сістэме камітэта па спорце і некалькі спартсменаў, якія былі ўключаны ў склад сакратарыята. Людзі на грамадскіх пачатках выконвалі такую вялікую і важную работу.

— У той жа час ствараўся Закон «Аб фізкультуры і спорце». Памятаеце, як Уладзімір Мікалаевіч працаваў над ім?

— Гэта я памятаю цудоўна, паколькі сам удзельнічаў у падрыхтоўцы закона. Раней у нас не было заканадаўства ў сферы культуры і спорту. Таму пры стварэнні закона трэба было на нешта абапірацца. Але ні ў Расіі, ні ў іншых краінах постсавецкай прасторы такога закона яшчэ не было. У кожнай замежнай камандзіроўцы бацька сустракаўся са сваімі калегамі, з міністрамі спорту, з прэзідэнтамі Алімпійскіх камітэтаў. У камандзіроўках ён назбіраў вялікі масіў інфармацыі. У асноўным усе дакументы былі на англійскай мове. І, відаць, бацька вырашыў праверыць, як я вучу англійскую на сваім юрыдычным факультэце. А можа, хацеў уцягнуць мяне ў гэтыя працэсы, каб у мяне з'явілася практыка. Ён паклаў мне стос папер на стол і сказаў: «Калі хочаш дапамагчы бацьку — перакладзі, паглядзі, што істотна, а што — не».

Як юрыст магу сказаць, што ў кожным нарматыўна-прававым акце ёсць шэраг палажэнняў, якія датычацца пэўных працэдурных пытанняў, яны не маюць вялікай важнасці, іх адпрацуюць юрысты любой краіны. Але сутнасць, дух закона можа апісаць толькі спартыўны чалавек, які любіць спорт і ім займаецца. У нас такія людзі былі, але яны не ведалі, як свой вопыт апісаць у законе юрыдычнай мовай. І я, студэнт, які крыху разумее юрыдычную думку, перакладаў, што думаюць пра спорт замежныя чыноўнікі. Пазней гэтыя перакладзеныя блокі вывучалі спецыялісты ў Міністэрстве спорту і Алімпійскім камітэце, адаптавалі іх да беларускага закона. Вядома, юрыстаў у спартыўнай галіне не было ўвогуле. Шмат гадоў да гэтага Беларусь усю работу па кіраванні спортам пераймала ў СССР, часткай якога была. І сваіх уласных напрацовак практычна не існавала. У 1990-я прыйшлося ўсё пачынаць з нуля, рабіць першыя крокі. Бацька шмат працаваў над гэтым законам самастойна. У дамашнім архіве захаваліся цэлыя пачкі паперы, спісаныя яго рукой. Гэты закон пісаўся ўручную, у прамым сэнсе гэтага слова. І ўсё атрымалася, закон быў прыняты. Сваю частку работы я выканаў, здаецца, нядрэнна. Памятаю, як бацька вярнуўся з камандзіроўкі, у яго засталіся сутачныя ў іспанскіх песетах, і ён аддаў іх мне як плату за працу. Я іх абмяняў і быў вельмі задаволены.

— У сваіх шматлікіх камандзіроўках Уладзімір Мікалаевіч змог знайсці не толькі надзейных калег, але і добрых сяброў?

— У бацькі былі вельмі сур'ёзныя адносіны з Міжнародным Алімпійскім камітэтам. Хуан Антоніа Самаранч (прэзідэнт МАК — Заўв. аўт.) быў блізкім яму чалавекам, хоць яны і пазнаёміліся ўжо ў дарослым узросце. Самаранч адразу ацаніў бацьку, яго харызму і энтузіязм наконт стварэння алімпійскага руху ў Беларусі. Беларусь адной з першых постсавецкіх краін атрымала прызнанне МАК. Беларусь была адной з першых краін, у якую Самаранч прыехаў з візітам. У 1990-я беларуская дэлегацыя нават запрашалася на выканкамы Міжнароднага Алімпійскага камітэта. Цікавасць да нашай краіны была вялізная: новая незалежная дзяржава развівае алімпійскі рух. Бацька расказваў, што ў МАК адчувалася шчырае жаданне нам дапамагчы з выбудоўваннем сістэмы алімпійскага руху. Дапамагалі і парадамі, і фінансамі на развіццё нейкіх інстытутаў, адразу ж адгукнуліся на вырашэнне пытанняў, звязаных з удзелам у спаборніцтвах. Прыязджаючы з такіх мерапрыемстваў, бацька прывозіў шмат падарункаў і нават асабіста ад Самаранча. Прывозіў шмат дыпломаў аб прызнанні розных дасягненняў нашага Нацыянальнага Алімпійскага камітэта. Міжнародны Алімпійскі камітэт заўважаў нашы, няхай і маленькія, поспехі, для таго каб падтрымаць развіццё алімпійскага руху ў нашай краіне.

У бацькі былі сябры ў розных дэпартаментах МАК. Аднойчы прадстаўнік Югаславіі, кіраўнік маркетынгавай службы МАК, будучы з рабочым візітам у Беларусі, быў у гасцях у нас дома. Я ў той вечар выступаў у ролі перакладчыка. Ну ці яны з бацькам правяралі маё веданне англійскай мовы. Памятаю, што той чыноўнік мяне пахваліў і сказаў, што, магчыма, калі-небудзь забярэ мяне ў МАК. Жак Рогэ заўсёды цёпла выказваўся аб бацьку.

У бацькі было шмат сяброў з іншых дзяржаў. Калі я быў віцэ-прэзідэнтам НАК і шмат дзе ездзіў, сустракаў мноства знаёмых майго бацькі. Даведаўшыся, што я сын «таго самага Рыжанкова з Беларусі», яны вельмі радаваліся нашай сустрэчы і казалі многа цёплых слоў пра бацьку. Ён сябраваў з усімі, прытым што замежныя мовы амаль не ведаў. Але «вялікага Валодзю з Беларусі» ведалі ўсе і памяталі многія.

З прэзідэнтам МАК Хуанам Антоніа Самаранчам.

— Пра такіх людзей, як ваш бацька, кажуць, што той апярэдзіў час. Вы згодныя, што ў нечым ён апярэдзіў час, і калі так, то ў чым?

— Уладзімір Мікалаевіч апярэдзіў свой час. Напрыклад, у сваім імкненні развіць грамадскія інстытуты кіравання спортам. Бацька хацеў стварыць новую мадэль беларускага спорту. У той час я быў далёкі ад спартыўных рэчаў і не магу дакладна сказаць, як ён яе бачыў. Але тое, што бацька хацеў большай самастойнасці для федэрацый — гэта дакладна. Ён лічыў, што фінансаванне спорту праз федэрацыі больш эфектыўнае і больш выгаднае для ўсёй сістэмы, чым праз міністэрства. І нават некалькі гадоў у нас дзейнічала пробная сістэма, калі грошы на развіццё спорту непасрэдна пералічваліся федэрацыям. Таму што ніхто так не бачыць спорт, ярка і дэталёва, як самі федэрацыі. Насамрэч, сёння можна шмат зрабіць таго, да чаго бацька імкнуўся тады. І рэалізаваў бы свае планы, калі б лёс даў яму такую магчымасць і крыху больш часу. Гэта і вялікая самастойнасць федэрацый, і больш актыўная арганізацыйна-кіруючая роля Алімпійскага камітэта ў сістэме каардынат спорту, і выбудоўванне паўнавартасных маркетынгавых службаў у спартыўнай «вертыкалі» з апорай на федэрацыі і Алімпійскі камітэт. Ён працаваў над тым, каб нашы прадстаўнікі былі больш уцягнутыя ў міжнародныя структуры. Вось да такога ўзроўню, які бацька ўзяў для сябе арыенцірам, мы, на мой погляд, і сёння не дайшлі ў поўнай меры.

— Кіруючая пасада моцна ўплывае на характар чалавека. Дома Уладзімір Мікалаевіч быў кіраўніком?

— Бацька ніколі не прыносіў рабочыя пытанні дадому. Работа ў спорце, як і ў любой іншай сферы, дзе ўсярэдзіне знаходзяцца людзі, якія лічаць сябе цэнтрам сусвету, звязаная з інтрыгамі, канкурэнцыяй, барацьбой за месца пад сонцам. І, будучы пад прыгнётам такіх праблем, сваю сям'ю бацька ад гэтага засцерагаў. Са спорту мы бачылі яго сяброў, уражанні ад удалых паездак, добрыя перажыванні і радасць ад перамог нашых спартсменаў. Калі бацьку казалі, што сын, мусіць, пойдзе па яго слядах, ён катэгарычна адказваў, што такога не будзе ніколі. Ён ведаў, якая гэта цяжкая і часам няўдзячная работа. Але ён настойваў на тым, каб я займаўся спортам. З шасці гадоў і да сёмага класа я займаўся баскетболам. І даволі нядрэнна. А потым перайшоў у веславанне на байдарках і каноэ.

— Нечаканы пераход...

— У сёмым класе паўстала пытанне аб пераходзе ў спартыўны клас, які якраз фарміраваўся з хлопцаў майго ўзросту. Дарэчы, у гэтым класе вырас касцяк юнацкай зборнай, якая была прызёрам чэмпіянату СССР. Бацька быў не супраць пераходу ў спартыўны клас. Але грудзьмі на амбразуру лягла мама, якая не хацела для мяне такога спартыўнага жыцця, як у бацькі. Як я потым даведаўся, яны ўсё жыццё рыхтавалі мяне да таго, каб я стаў дыпламатам. Таму перспектыва вучобы ў спартыўным класе для мяне адпала. Некаторы час я яшчэ трэніраваўся са сваёй камандай, але розніца ў падрыхтоўцы хутка дала аб сабе знаць. І праз пару месяцаў я зразумеў, што мушу пакінуць каманду.

Некалькі гадоў бестурботнага з пункту гледжання спорту жыцця вымусілі майго бацьку знайсці мне іншы від спорту, каб у маім жыцці была больш сур'ёзная фізічная нагрузка, чым проста ўрокі фізкультуры ў школе. Я быў не супраць. Недалёка ад дома, на Камсамольскім возеры, была лодачная станцыя з секцыяй веславання на байдарках і каноэ. Трэнер Уладзімір Іванавіч Тайнікоў, сябар бацькі, чэмпіён свету, перадаваў свой вопыт дзецям. Для фізічна развітога хлопца цалкам нармальна пачынаць займацца веславаннем у 14 гадоў. Я прыжыўся ў той секцыі і паўтара года займаўся веславаннем на байдарках і каноэ. І вельмі гэтаму рады, бо веславанне мяне сур'ёзна падцягнула, гэты спорт патрабуе сур'ёзнай фізічнай падрыхтоўкі. Да гэтага часу адчуваю добрыя наступствы ўтомных заняткаў спортам і закладзенага пачуцця дысцыпліны і працавітасці.

— Максім Уладзіміравіч, вы здзейснілі жаданне бацькоў і сталі дыпламатам, але ў той жа час парушылі жаданне бацькі і працуеце ў спорце. Аднак хіба сёння спорт і дыпламатыя — не адно і тое ж?

— Сапраўды, сучасны спорт ужо ператварыўся ў дыпламатыю і абсалютную палітыку. Ад спорту ўжо мала што засталося. Ужо няма справядлівых спаборніцтваў. Аб якіх справядлівых спаборніцтвах можа ісці гаворка, калі людзей адхіляюць на надуманых падставах? На надуманых падставах ладзяць допінгавыя скандалы. Насамрэч гэта ўжо брудная палітыка і не менш брудная дыпламатыя. Вось што сёння спорт, на жаль.

— Працуючы ў спартыўнай сферы, вы адчувалі, што вас параўноўваюць з бацькам?

— У самым пачатку маёй спартыўнай работы такое было. І я на сабе нёс груз вялікай адказнасці. Я не лічыў, што я павінен камусьці нешта даказаць. Самае галоўнае — я баяўся падвесці свайго бацьку. Каб потым не казалі, што Рыжанкоў-старэйшы шмат зрабіў, а прыйшоў Рыжанкоў-малодшы і ўсё разваліў. Вось што для мяне мела важнасць і дадавала адказнасці, прымушала больш акуратна і ўзважана адпрацоўваць усе пытанні. У пачатку сваёй дзейнасці я ўспомніў не толькі тыя рэчы, якія ведаў і бачыў ад бацькі, але і яго сяброў, знаёмых, паплечнікаў, з кім ён будаваў архітэктуру незалежнага беларускага спорту. Вядома, я прыцягнуў іх да сябе ў памочнікі. І мае першыя крокі, ідэі, прапанаваныя Прэзідэнту, праграмныя выказванні — гэта калектыўная праца людзей, якія былі побач са мной, а да гэтага — побач з маім бацькам.

— Вы падобныя да свайго бацькі?

— Я не ведаю. У мяне больш эмацыянальнасці. А ў яго адназначна было больш разумення жыцця. Калі б я больш бачыў яго ў рабоце ці паспеў бы папрацаваць побач з ім, думаю, я абапіраўся б на яго прыклад. Але не атрымалася. Самае галоўнае, што я ад яго пераняў, — вельмі ўважлівае стаўленне да людзей, імкненне дапамагаць, не думаючы аб наступствах, аб падзяках. Трэба проста, як кажа наш Прэзідэнт, якасна рабіць сваю работу. І, як і мой бацька, я стараюся бачыць, чуць і слухаць людзей і заўсёды рабіць па справядлівасці.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.