Вы тут

Газеце «Звязда» — 105 гадоў: Прымаем віншаванні


Сярод тых, хто выказаў цёплыя словы — Спікеры абедзвюх палат Парламента, Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў і іншыя вядомыя беларускія дзеячы, арганізацыі і простыя чытачы.


Паважаны Аляксандр Мікалаевіч, работнікі і ветэраны рэдакцыі выдання!

Ад імя Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і сябе асабіста віншую вас са 105-годдзем з дня выхаду першага нумара «Звязды».

Адна з найстарэйшых у нашай краіне, адзіная штодзённая газета на беларускай мове сустракае чарговую святочную дату ў росквіце творчых сіл. «Звязда» нязменна адпавядае сваім прыярытэтам — усебаковае асвятленне дзяржаўнай палітыкі, дзейнасці кіраўніцтва краіны, органаў дзяржкіравання. І, вядома, асаблівую ўвагу надае захаванню культуры і чысціні беларускай мовы, выхаванню пачуцця гонару за свой народ, за сваю Радзіму, за яе слаўную багатую гісторыю.

Газета заўсёды адрознівалася аб'ектыўнасцю і грунтоўнасцю ацэнак, адкрытасцю для шчырага і сумленнага дыялогу, жывой зваротнай сувяззю з людзьмі, дзякуючы чаму заняла годнае месца сярод айчынных сродкаў масавай інфармацыі. Новыя формы падачы матэрыялаў, актуальныя і цікавыя рубрыкі, прымяненне сучасных дызайн-тэхналогій сведчаць аб яе высокім прафесійным патэнцыяле.

У гэты дзень хачу падзякаваць ветэранам, якія пачыналі гісторыю выдання. Іх адказная праца стала прыкладам адданасці журналісцкай справе і самаахвярнага служэння нацыянальным інтарэсам, ідэйным арыенцірам для маладога пакалення і каштоўнасным падмуркам для цяперашніх поспехаў «Звязды».

Упэўнена, што згуртаваная каманда таленавітых, неабыякавых, мэтанакіраваных спецыялістаў будзе і надалей спрыяць росту папулярнасці і аўтарытэту газеты, а таксама ўносіць важкі ўклад у развіццё нацыянальнай медыясферы.

Шчыра жадаю ўсім невычэрпнага творчага натхнення, стабільна высокага ўзроўню чытацкага даверу і новых дасягненняў у імя роднай Беларусі. Моцнага здароўя, дабрабыту і ўдачы вам і вашым блізкім.

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Н. І. КАЧАНАВА


Паважаныя супрацоўнікі газеты «Звязда»!

Ад імя дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і ад сябе асабіста віншую вас са 105-годдзем з дня выхаду першага нумара выдання.

Аўтарытэт і прызнанне газеты грунтуюцца на гераічных традыцыях мінулага і адданасці справе яе калектыву, важкасці друкаванага слова, праўдзівасці інфармацыі.

Увесь час «Звязда» на вастрыі падзей вядзе ўзважаны даверлівы дыялог з чытачамі, імкліва развівае тэхналагічныя і творчыя магчымасці.

Асаблівую ўдзячнасць хачу выказаць вам за плённае супрацоўніцтва з Палатай прадстаўнікоў, за магчымасць абазначыць дэпутацкую пазіцыю па самых актуальных пытаннях грамадска-палітычнага жыцця.

Ад усёй душы жадаю вам далейшых поспехаў, моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту. Няхай ваша праца заўсёды атрымлівае самую высокую ацэнку галоўных экспертаў — чытачоў.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь У. П. АНДРЭЙЧАНКА


Паважаныя сябры!

Шчыра віншую калектыў рэдакцыі газеты «Звязда» са 105-годдзем з дня выхаду ў свет першага нумара выдання.

Заснаваная яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі, «Звязда» заўсёды была своеасаблівым летапісцам шматграннага жыцця нашага народа, захавальнікам найлепшых нацыянальных традыцый, мовы і культуры, духоўных каштоўнасцяў і маральных ідэалаў беларусаў.

На працягу многіх дзесяцігоддзяў выданне аб'ектыўна і ўсебакова асвятляла разнастайныя падзеі грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага жыцця, унесла значны ўклад у прапаганду найлепшых духоўных і культурных традыцый нашага народа.

Сёння, у Год гістарычнай памяці, варта адзначыць, што ваша выданне не спыняла свайго існавання і ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта ў памяць аб мужнасці і самаадданасці супрацоўнікаў рэдакцыі адзін з найпрыгажэйшых праспектаў беларускай сталіцы атрымаў імя двойчы ардэнаноснай газеты «Звязда».

Упэўнены, што і надалей калектыў рэдакцыі будзе трымацца абранага курсу служэння праўдзе жыцця, захавае вернасць свайму прафесійнаму і грамадзянскаму абавязку.

Жадаю супрацоўнікам газеты шчасця, здароўя і дабрабыту, шчырай удзячнасці чытачоў, новых творчых поспехаў у працы на карысць роднай Беларусі.

Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір ПЯРЦОЎ


Пасольства Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь сведчыць сваю павагу Рэдакцыі газеты "Звязда" і мае гонар павіншаваць увесь калектыў выдання са 105-й гадавінай першага выпуску.

З моманту свайго заснавання лёс газеты непарыўна звязаны з лёсам Беларусі. Усе 105 гадоў "Звязда" ўносіла важкі ўклад у летапіс айчыннай журналістыкі і заняла дастойнае месца сярод СМІ, стала адным з самых папулярных і аўтарытэтных выданняў.

На старонках газеты друкуюцца матэрыялы, якія садзейнічаюць умацаванню дружбы і супрацоўніцтва паміж Узбекістанам і Беларуссю, збліжэнню народаў дзвюх дружалюбных краін, праз азнаямленне чытачоў з багатай агульнай гістарычнай спадчынай, усталяванымі творчымі і культурнымі сувязямі, якія паспяхова развіваюцца, за што Пасольства выказвае шчырую ўдзячнасць.

Пасольства жадае камандзе рэдакцыі далейшых творчых поспехаў, даверу чытачоў, шчасця, здароўя і дабрабыту.

Пасольства карыстаецца выпадкам, каб выказаць рэдакцыі газеты "Звязда" запэўненні ў сваёй вельмі высокай павазе.


Паважаныя калегі! Сябры!

Шчыра віншуем вас са 105-годдзем з выхаду першага нумара газеты «Звязда» — галоўнага беларускамоўнага перыядычнага выдання ў нашай краіне!

Газета была заснавана ў жніўні 1917-га — пераломны гістарычны момант, час узрушэнняў і значных перамен у жыцці грамадства. І ў гады Вялікай Айчыннай вайны выданне працягвала несці адказную місію — словам абуджаць і падтрымліваць народ у кровапралітнай віхуры ліхалецця.

Вы развіваліся і мяняліся разам з краінай. Сёння «Звязда» вырасла ў буйны медыяхолдынг. І хоць стваралася газета як афіцыйная інфармацыйная крыніца, вельмі хутка яна здолела заваяваць любоў і павагу самых шырокіх чытацкіх колаў. Стала для многіх пакаленняў спагадлівым суразмоўцам і надзейным сябрам, таму што быў абраны правільны шлях — не проста інфармаваць, а расказваць, раіць, тлумачыць, палемізаваць. У вашых матэрыялах — рэальнае жыццё, пытанні і праблемы кожнага беларуса.

Нязменны поспех выдання — гэта заслуга высокапрафесійнай каманды. Людзей яркіх і таленавітых, якія штодзень робяць усё, каб чытачы атрымлівалі аб’ектыўную і актуальную інфармацыю, своечасова даведваліся аб тым, чым жыве краіна.

Жадаем вам новых поспехаў і дасягненняў, цікавых праектаў! Здароўя і дабрабыту вам і вашым блізкім! З юбілеем!

Ад імя калектыву выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» дырэктар В. Я. НАВАГРОДСКІ


«Мы заўжды са «Звяздой»!

...Некалі ўсіх камуністаў абавязвалі выпісваць партыйныя газеты — «Советскую Белоруссию», «Правду», «Известия». Я, малады камуніст (і што б цяпер ні гаварылі, у партыю прымалі не горшых), выбраў для сябе «Звязду». Было гэта, калі звольніўся з войска, у такім ужо далёкім 1961-м.

З той пары і дагэтуль усёй сям’ёй з задавальненнем чытаем, а ў апошнія часы нават цесна супрацоўнічаем з газетай. З нецярпеннем чакаем «Неасабістага суб’ектыву» і «Нефармату», «...Народу на провадзе!»... Не ведаю, як іншым, а нас вельмі цікавяць лісты чытачоў, якія па-ранейшаму друкуе газета, расказы пра лёсы людзей, подпісы да здымкаў у рубрыцы «Хто каго?»…

Ззаду — досыць доўгае жыццё. Часам, чытаючы іншых, нешта ўспамінаем і самі, але ж каб цікава расказаць, напісаць, патрэбен талент ці хоць бы здольнасці. Альбо добры рэдактар. У рэдакцыі «Звязды» якраз такія ёсць. Значыць, павінны быць і чытачы-падпісчыкі! Ва ўсякім разе, на нашу сям’ю газета можа разлічваць.

Сужэнцы АСТРОЎСКІЯ

г. Мінск


Арыентуюся на «Звязду»

...Больш чым 30 гадоў я адпрацавала паштальёнам — любіла сваю работу яшчэ і за тое, што была магчымасць пазнаёміцца з рознымі выданнямі. Але найбольш — і яшчэ тады — прываблівала «Звязда». Чым? Ну вядома ж мовай!

Што я ў газеце чытаю? Шчыра: усё, апроч рэкламы. У першую чаргу — Святлану Яскевіч, Алену Ляўковіч, Яўгена Пясецкага. «Простую мову» і «...Народ на провадзе!», «Ігуменскі тракт», люблю «Сямейную газету», «Хатнюю энцыклапедыю». Вельмі шмат газетных публікацый беражліва захоўваю, каб потым яшчэ раз перачытаць.

Шчасціла мне і ў «звяздоўскай» латарэі: дагэтуль карыстаюся халадзільнікам «Атлант» і наборам садовага рыштунку. Ён вельмі дарэчы ў маіх агародных справах!

Але ж гэта не адзінае захапленне. Яшчэ са школы я спрабавала нешта пісаць, потым не да таго было: сям’я, дзеці, вялікая гаспадарка...

Цяпер унукі і нават праўнукі, а я пішу — успаміны, замалёўкі, дзіцячыя вершы... Арыентуюся на «Звязду» — і ў жыцці, і ў творчасці. Для нас, падпісчыкаў, дзень нараджэння газеты — таксама свята!

Галіна НІЧЫПАРОВІЧ

Вёска Магільна, Уздзенскі раён


Віват!

На доўгі век, "Звязда"! Са святам!

Я гонар маю, што з табой!

Ты роднай моваю багата,

Найлепшай, сэрцу дарагой!

А што ўзрост?

Каго цікавіць...

Калі шануюць чытачы,

Калі штодня цябе чакаюць,

То пра гадочкі прамаўчым.

...Твой лёс — як лёс краіны роднай,

Ўжо больш стагоддзя са "Звяздой" —

Газетай мудрай, шчырай, годнай,

І што ні нумар — маладой!

Аляксандр МАТОШКА

в. Янкавічы, Расонскі раён


«...І яшчэ сто наперадзе!»

Мае віншаванні сённяшняму калектыву «Звязды»! І мой, магчыма, не лішні напамін, што папярэднікі, тыя, хто працаваў у газеце раней, прайшлі слаўны, часам нават гераічны шлях. Вы працягваеце іх традыцыі і робіце тое годна.

У нашай сям’і заўсёды чытаюцца цікавыя роздумы ў «Неасабістым суб’ектыве» Алены Ляўковіч, «Простая мова» Валянціны Доўнар, артыкулы Святланы Яскевіч і (асабліва апошнім часам) Людмілы Рублеўскай. Спадзяёмся, што і пасля Года гістарычнай памяці яна будзе працягваць у «Звяздзе» такую патрэбную тэму.

Радуе нас, чытачоў, і тое, што на змену гэтым, як мне здаецца, ветэранам («Звязду» я чытаю з канца мінулага стагоддзя) прыходзіць маладая, дастойная змена. Уважліва і з надзеяй сачу за творчым ростам Надзеі Дрындрожык, Веранікі Канюты, Аляксандры Анцэлевіч…

Так што — паводле паэта — сто гадоў вам расці ды без старасці!

Дзякуй — за працу і вернасць мове.

Мікола ДЗЯДОВІЧ

г. Мінск


Праз церні да зорак, альбо «Звязда» — любоў мая даўняя

...Чытаючы апошні пятнічны нумар з «...Народам на провадзе!», які заўсёды ўзнімае настрой, міжволі запынілася на чарговай «простай ісціне»: «Добрыя словы грэх адкладваць на потым».

Гэта быў напамін пра 105-ты дзень нараджэння «Звязды».

Так сталася, што я, некалі пастаяная падпісчыца, зрабіла перапынак: некалькі гадоў не атрымлівала газету. Сёлета аднавіла падпіску і цяпер здзіўляюся: як можна было абыходзіцца без «Звязды»?! Не раз і не два, чытаючы свежыя нумары, лавіла сябе на думцы, што трэба напісаць у рэдакцыю, падзякаваць за працу і многія адкрыцці, у тым ліку — імёнаў.

Першае — Яўген Пуставой. Я амаль не гляджу тэлевізар, таму не ведала яго «тэлевяршынь», яго здольнасці казаць пра палітыку звычайнай, не абцяжаранай мовай, падмацоўваць свае аргументы, зноў жа, звычайнымі жыццёвымі прыкладамі... Напэўна, таму кожнае выступленне «Па сутнасці» нашы настаўнікі могуць скарыстаць для абмеркавання на ўроках, павучыцца ў гэтага параўнальна маладога чалавека не толькі павазе да спрадвечных маральных каштоўнасцяў, але і дзейснай іх абароне... Мяне, у прыватнасці, вельмі хвалюе тэма Вялікай Айчыннай вайны, гістарычнай памяці. І тут аўтараў усіх звяздоўскіх публікацый аб’ядноўвае адно: агульны боль яны прапускаюць праз уласнае сэрца і перадаюць яго чытачам.

Па-другое, Людміла Рублеўская. Захапляюць яе гістарычныя падарожжы! Яшчэ больш кранаюць літаратурныя адкрыцці. Здаецца, і сама я многа чытала, і самой мне пашчасціла быць знаёмай з асобнымі выдатнымі паэтамі, пісьменнікамі... І тым не менш, колькі новых цікавых момантаў — у жыцці, у іх творчасці — дораць публікацыі «Звязды»!

Прыйшла да высновы, што будзе злачынствам складваць газету ў скрыню для макулатуры (пакуль непадалёк у прыватным доме жыла суседка, прэсу аддавала ёй для распальвання грубкі. Газеты — што было не так крыўдна — спрыялі святлу і цяплу...). Цяпер прачытаныя нумары з радасцю прымае адданая (ёсць жа розныя...) і любімая дзецьмі настаўніца беларускай мовы. Разумею яе ўдзячнасць і ўяўляю, наколькі цікавейшымі стануць для вучняў школьныя ўрокі.

Па-трэцяе, Надзея Дрындрожык. Яе «камунальныя пакуты» чытаю ад літары да літары, хоць сама ў будзёншчыне, як той казаў, «цярпець ненавіджу» займацца «бытоўкай». У большасці выпадкаў мне пакуль шанцуе ўзняцца над драбязой, але ж разумею, што часам яна можа ператварыцца ў праблему, падштурхнуць да звароту ў газету... Цяпер я дакладна ведаю, да каго. Аўтар з такім разуменнем выслухоўвае кожнага чалавека і так аб’ектыўна выкладае пазіцыі супрацьлеглых бакоў, што ў яе не сорамна будзе папрасіць дапамогі, нават стаць у чаргу пасля «заўзятых скаржнікаў».

Творчасцю Алены Ляўковіч захоплена з пачатку стагоддзя. Яе «Неасабісты суб’ектыў» настолькі блізкі, што над асобнымі артыкуламі часам плачу, многае выразаю і складваю ў асобную тэчку.

Мая шматгадовая верная любоў — фотакарэспандэнты газеты: і Яўген Пясецкі, і Анатоль Кляшчук. Асабліва ўдзячная ім за адлюстраванне нашых, лунінецкіх, адметнасцяў. Збіраю фотапублікацыі, зноў жа, у асобную тэчку...

Нехта можа сказаць, што ўсе мы цяпер здымаем, але ж сапраўднае фотамастацтва — на старонках «Звязды».

Хацелася б назваць іншыя імёны творцаў газеты (у Святланы Яскевіч — свой непаўторны стыль, Вольга Мядзведзева, мяркуючы па інтэрв’ю, — цудоўная суразмоўніца, Ларыса Цімошык — рэдкая знаўца культуры, Надзея Нікалаева — праблем адукацыі... Не ведаю, хто хаваецца за псеўданімам Кастусь Хацелаў-Змагелаў, але гэта — выдатны анекдотчык!..

Добрыя словы хочацца напісаць і пра іншых «звяздоўцаў», але ж баюся, што не паспею да адметнага дня.

Павінна спыніцца на кароткім прозвішчы Доўнар. Для мяне яе публікацыі — класіка (як калісьці ў «Известиях» Таццяны Тэс)... І ці ведаеце вы, дзе ў яе самыя ўважлівыя, уніклівыя чытачы? На мой погляд, у Ельску Гомельскай вобласці. Ва ўсякім разе мы, праводзячы Анцукевіцкія чытанні, адтуль і штогод (апроч апошніх двух — з-за ковіду), запрашалі ў Лунінец землякоў гэтага таленавітага лінгвіста-гісторыка. І вучні на іх прыязджалі са сваімі даследчымі работамі, у якіх неаднойчы аналізаваліся нататкі са «звяздоўскай» «Простай мовы».

Бязмерна радуюся за тамтэйшых педагогаў (у захапленні ад дырэктара Ельскай гімназіі — Любові Іванаўны Казак), якія і самі чытаюць «Звязду», і вучняў прыцягваюць да газеты, да мовы, за журналістку, якая сваімі назіраннямі і разважаннямі над жыццём, напэўна, шмат каму дапамагае «навучыцца жыць на зямлі, як людзі».

...У нашай сям’і «Звязду» чытаюць многія: мая мама (дарэчы, калі нам тэлефануюць, яна адказвае: «Алё, народ на провадзе!», а пятнічную газету дае пачытаць сяброўкам), я, дзве мае пляменніцы...

А таму дарагой імянінніцы і шаноўным «звяздоўцам» самыя шчырыя віншаванні са 105-м днём нараджэння! Вы — родныя па светаадчуванні, а значыць, багатыя на аднадумцаў. Зычу калектыву стваральнікаў на чале з галоўным рэдактарам — Аляксандрам Мікалаевічам Карлюкевічам — здароўя і аптымізму, сілы духу і ўпэўненасці ў дакладнасці свайго выбару. І апошняе.

Ваш дзень нараджэння прыпадае на свята велікамучаніка і лекара Панцеляймона. Значыць, 9 жніўня яшчэ і за вас прагучыць малітва ва ўсіх храмах Беларусі, Расіі, Украіны.

Сімвалічны ваш святы нябесны заступнік, таму што творчая работа сапраўды: праз церні — да зорак, да «Звязды»!

Жадаю, каб найстарэйшая ў краіне газета прыходзіла ў кожны дом, бо яна далучае розных людзей да адчування адзіным народам Беларусі!

Таццяна КАНАПАЦКАЯ

г. Лунінец


Паважаныя калегі!

Ад усяго сэрца віншуем калектыў рэдакцыі газеты «Звязда» са 105-годдзем з дня выхаду першага нумара!

Гісторыя вашай газеты цесна звязана з гісторыяй нашай краіны. Заснаваная яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі, газета актыўна ўключылася ў працэс сацыяльна-эканамічнага пераўтварэння Беларусі. У гады Вялікай Айчыннай вайны газета сваім вострым словам заклікала чытачоў да барацьбы з фашысцкімі акупантамі.

Голас «Звязды» не змаўкаў у акупаванай ворагам Беларусі, газета працягвала выходзіць у падполлі. Сваім подзвігам яна заслужыла павагу і любоў ўсяго беларускага народа.

І сёння газета «Звязда» захоўвае і памнажае найлепшыя традыцыі айчыннай журналістыкі, застаецца актуальным выданнем у рэспубліцы.

Жадаем усяму калектыву газеты стваральнай працы, новых ідэй і праектаў, нарошчвання тыражу, а галоўнае — заставацца заўсёды запатрабаванай!

Росквіту вам і вострага пяра.

З павагай, дырэктар ААТ «Паліграфкамбінат імя Я. Коласа» Маланяк І. М.


Паважаны спадар Карлюкевіч!

Рады накіраваць свае віншаванні Вам і ўсяму калектыву ў сувязі са 105-годдзем першага выпуску газеты «Звязда».

З’яўляючыся адной з найстарэйшых і найбольш вядомых газет у Беларусі, вы працягваеце сваю работу з поспехам. І я жадаю вам новых прафесійных дасягненняў, паспяховых праектаў і росквіту.

З глыбокай павагай,

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь

Саід Яры


Паважаныя супрацоўнікі газеты «Звязда»!

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа шчыра віншуе Вас са 105-годдзем з дня выхаду першага нумара выдання.

Пройдзеныя гады былі гадамі напружанай і самаадданай працы, творчых іспытаў і здзяйсненняў, шаноўны ўзрост сведчыць аб багатым творчым патэнцыяле, запатрабаванасці ў наш перанасычаны інфармацыяй век: для шматлікіх чытачоў за гэты перыяд «Звязда» стала не толькі аўтарытэтным шматаспектным выданнем, крыніцай навін аб палітычным, грамадскім і культурным жыцці краіны, але дарадцам і сябрам. 

У гэты ўрачысты дзень выказваем падзяку за аб’ектыўнае і прафесійнае асвятленне ўсіх бакоў развіцця нашай Радзімы, за значны ўклад у захаванне і збераганне гісторыі і традыцый і, канешне, за шматгадовую і плённую супрацу на ніве беларускай культуры. Вы, адзінае штодзённае беларускамоўнае грамадска-палітычнае выданне, здзяйсняеце ў жыцці запавет вялікіх класікаў нашай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа — шанаваць спадчыну свайго народа — родную мову.

У 1956 годзе ў лісце да выхаванцаў дзіцячага дома г. Брэста Якуб Колас пісаў: «Не трэба зневажаць мову народа, сярод якога вы жывяце, не трэба рабіць так, каб наша роднае слова не мела сабе прытулку ў сваёй роднай краіне».

Ваша газета — яркі прыклад любві і пашаны да сваёй Бацькаўшчыны.

Зычым Вам далейшых поспехаў у журналісцкай справе, прафесійнага росту, творчага даўгалецця, верных чытачоў, захапляльных інфармацыйных нагод і як мага болей пазітыўных навінаў!

Прыміце самыя цёплыя і шчырыя пажаданні моцнага здароўя Вам і Вашым блізкім, сямейнага дабрабыту, радасці і святла ў жыцці, невычэрпнай жыццёвай энергіі, поспехаў і здзяйсненняў.

Ад імя калектыву, дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Ірына МАЦЯС


Паважаны Аляксандр Мікалаевіч! 

Віншую Вас і давераны Вам калектыў газеты «Звязда» са 105-годдзем выхаду ў свет першага нумара. 

Больш за стагоддзе выданне суправаджае беларусаў па жыццёвым шляху, падзяляючы, расказваючы і адлюстроўваючы гісторыю народа, ствараючы летапіс дзяржавы, якая прайшла праз нялёгкія выпрабаванні і цяжкасці і ажыццявіла сваю вялікую мару аб Незалежнасці. 

У розныя гады аўтарамі выдання выступалі выдатныя публіцысты і літаратары не толькі Беларусі, але і іншых брацкіх краін, уключаючы Казахстан. Шчыра ўдзячныя, што выданне працягвае знаёміць сваіх чытачоў з найважнейшымі сацыяльна-эканамічнымі падзеямі нашай краіны, асноўнымі тэндэнцыямі ў культурна-гуманітарнай сферы і, у асаблівасці, у галіне літаратуры. Дзякуючы вашаму асабістаму ўкладу беларусы атрымалі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з творчасцю вялікіх казахскіх аўтараў — Абая Кунанбаева і Мухтара Ауэзава.

Шчыра жадаем Вам і калектыву рэдакцыі газеты «Звязда» вялікіх творчых поспехаў, шчасця і дабрабыту. 

З павагай, Пасол Аскар БЕЙСЕНБАЕЎ


Паважаны Аляксандр Мікалаевіч!

Ад Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі «Руска-Беларускае Братэрства 2000» і сябе асабіста шчыра і сардэчна віншую Вас і ў Вашай асобе ўвесь калектыў газеты «Звязда» з цудоўным юбілеем — 105-годдзем з дня выхаду ў свет першага нумара выдання.

Гісторыя газеты непарыўна звязана з гісторыяй беларускага народа, з нашай любімай Рэспублікай Беларусь. Больш чым векавы ўзрост не перашкаджае выданню быць сучасным, быць цікавым як маладым, так і досыць ужо дарослым чытачам.

Дарагія сябры! Вы робіце цудоўную газету, электронную версію якой заўжды чытаюць беларусы Самарскай вобласці. Мы любім «Звязду» і заўсёды чакаем свежы нумар. Матэрыялы пра самабытную беларускую культуру, традыцыі заўсёды выкарыстоўваем у сваёй дзейнасці.

Ад усёй душы жадаем газеце доўгіх гадоў жыцця, верных чытачоў, запатрабаванасці і вялікіх тыражоў. Асобныя словы падзякі і ўдзячнасці я кажу ветэранам, без якіх газета не зрабіла б свой слаўны шлях.

Вялікі дзякуй за адданасць справе, з якой падыходзіць да працы і цяперашні калектыў рэдакцыі. Жадаю Вам, паважаны Аляксандр Мікалаевіч, і ўсяму калектыву добрых навін, цікавых ідэй і вялікіх творчых поспехаў!

Здароўя, асабістага шчасця і поспехаў кожнаму, хто мае дачыненне да газеты, усім чытачам, хто любіць яе і не ўяўляе свайго жыцця без любімага выдання — газеты «Звязда».

З павагай, Ірына Міхайлаўна ГЛУСКАЯ, прэзідэнт САГА «Руска-Беларускае Братэрства 2000».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.