Вы тут

Беларускія навукоўцы даследуюць рэдкі від кажаноў — еўрапейскую шыракавушку


На тэрыторыі нашай краіны ёсць мноства фартыфікацыйных збудаванняў. На першы погляд пабудовы здаюцца закінутымі, аднак унутры могуць жыць цэлыя калоніі кажаноў. Вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі рэгулярна даследуюць старыя ваенныя збудаванні ў пошуках месцаў, дзе зімуюць гэтыя жывёлы.


Сёлета супрацоўнікі лабараторыі папуляцыйнай экалогіі наземных пазваночных і кіравання біярэсурсамі НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах правялі экспедыцыю па паўднёвых і заходніх тэрыторыях Беларусі. Малодшы навуковы супрацоўнік Аляксандра Ларчанка падзялілася вынікамі паездкі.

— Мы вывучалі землі, дзе раней праходзілі лініі фронту, і наведвалі старыя ваенныя комплексы. У асноўным знаходзілі невялікія калоніі, якія складаліся з некалькіх дзясяткаў асобін. Аднак пад Бабруйскам нам удалося адкрыць адну з самых вялікіх у Беларусі калоній рэдкага віду кажаноў — еўрапейскай шыракавушкі. Яна налічвае каля 1 500 асобін, — распавядае Аляксандра. — Таксама распытваем мясцовых жыхароў, ці няма ў іх у скляпах ці падвалах кажаноў. Бывае, выяўляем адзінкавых прадстаўнікоў.

Еўрапейская шыракавушка адносіцца да сямейства гладканосых кажаноў. Від уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі і адносіцца да ІІ катэгорыі нацыянальнай прыродаахоўнай значнасці. Гэта значыць, што яго арэал скарачаецца. Крылаты звярок мае ахоўны статус у Еўропе, занесены таксама ў Чырвоныя кнігі Літвы, Латвіі і Украіны.

У еўрапейскай шыракавушкі запамінальны знешні выгляд: чорная ці чорна-бурая поўсць з серабрыстым заканчэннем валаскоў і кароткія шырокія вушкі, злучаныя на лбе зморшчынай скуры. Жыве яна ў старых лясах, селіцца пад засохлай карой хвойных дрэў. З месцам пасялення і звязана асноўная пагроза, якая вядзе да знікнення віду: колькасць такіх лясоў імкліва скарачаецца, работнікі лясной гаспадаркі прыбіраюць мёртвую драўніну з лясоў.

Другой прычынай малалікасці папуляцыі з’яўляецца размнажэнне. У адрозненне ад грызуноў, у якіх нараджаецца каля 100 асобін у год, у шыракавушкі ў ліпені-жніўні з’яўляюцца толькі 1-2 дзіцяняткі. Затое жыве яна каля 40 гадоў.

У Беларусі гэты кажан жыве і зімой, і летам. Звычайна выбірае для спячкі пячоры, штольні ці вялізныя падзямелля. Але ў нашай краіне такіх няма, таму калоніі зімуюць у закінутых вайсковых збудаваннях. Анатомія крылаў еўрапейскай шыракавушкі не дазваляе ёй пераадольваць вялікія адлегласці, таму зімуе яна паблізу летніх сховішчаў.

У 2000 годзе ў Брэсцкай крэпасці стварылі біялагічны заказнік мясцовага значэння «Барбастэла», дзе кожны год зімуюць 12 відаў рукакрылых (больш за 2 500 асобін). Дарэчы, заказнік названы ў гонар еўрапейскай шыракавушкі.

— Кажаны — важны элемент экалогіі, — падкрэслівае Аляксандра Ларчанка. — Яны рэгулююць колькасць насякомых у начны час, таму што птушкі палююць днём. А яшчэ абараняюць чалавека ад небяспечных кузурак. Калі з экасістэмы прыбраць любы элемент, яна расхістваецца, што прыводзіць да непрадбачаных наступстваў.

Паспяховая зімоўка з’яўляецца адным з асноўных фактараў здаровай жыццядзейнасці і захавання колькасці папуляцыі кажаноў. Навукоўцы на працягу года адсочваюць месцы зімовак рукакрылых, часта адпраўляюцца ў экспедыцыі.

— Мы доўга рыхтуемся да паездкі. Спачатку знаёмімся з картамі і даведачнымі матэрыяламі. Затым з дапамогай картаграфічных сэрвісаў вывучаем ваенныя збудаванні і прылеглую мясцовасць: падыходы і ўваходы, можа, нешта завалена ці раскапана, адсутнічаюць сцены ці дах, — кажа спецыяліст. — А яшчэ чытаем блогі людзей, якія падарожнічаюць па Беларусі. Так і складаем маршрут.

Для зімоўкі кажаноў важна некалькі параметраў: высокая вільготнасць, стабільная тэмпература, адсутнасць святла і перашкаджальных фактараў. У спячцы яны штучна заніжаюць тэмпературу цела і прачынаюцца, калі змяняецца тэмпература навакольнага асяроддзя. Спячка адбірае ў жывёл шмат энергіі, таму ранняе абуджэнне, калі няма ежы, можа закончыцца гібеллю. Кажанам неабходная тэмпература +4-5 °C. Калі яна апусціцца ніжэй за норму, звярок проста змерзне.

— Мы таксама ацэньваем ваенныя збудаванні на прыдатнасць для жыцця кажаноў у летні час. Ёсць аасаблівыя прыкметы: сляды кармлення ці збіранне памёту, — падкрэслівае Аляксандра. — Пасля агляду пабудоў складаем карты, дзе адзначаем, наколькі прыдатныя збудаванні для жыцця гэтых млекакормячых, якія віды зімуюць у тых ці іншых месцах, а таксама колькасць калоніі. Стараемся кожны год наведваць гэтыя будынкі, каб прасачыць, як там змяняюцца ўмовы на працягу зімы, павялічваецца або скарачаецца колькасць асобін.

Для агляду калоній навукоўцы выкарыстоўваюць два тыпы ліхтароў: вельмі яркія, каб асвятляць вялікія прасторы, і з чырвонымі дыёдамі, якія выпраменьваюць цьмянае святло. Важна не трывожыць кажаноў у момант спячкі, таму даследчыкі, знайшоўшы звяркоў, на 3-5 секундаў наводзяць на іх ліхтар з цьмяным святлом і фатаграфуюць. А затым ужо лічаць асобін на здымках.

— Вынікі, атрыманыя падчас нашых экспедыцый, у будучыні дапамогуць абараніць кажаноў, — упэўнена суразмоўніца. — Супрацоўнікі лабараторыі вядуць працэс перадачы знойдзеных аб’ектаў пад ахову, каб абараніць жывёл ад жывадзёраў і людзей, якія займаюцца пошукам металаў. Пасля гэтага ў ваенных збудаваннях можна ўстанавіць рашоткі, дзверы з замкамі, каб трапіць туды маглі толькі кажаны і навукоўцы.

Аляксандра расказала, што нярэдкія выпадкі, калі мясцовыя жыхары з жорсткасцю рэагавалі на навіны аб тым, што навукоўцы знайшлі калонію кажаноў. Звяркоў спальвалі, збівалі са сцен. На жаль, у заказніку «Барбастэла» таксама сутыкаюцца з выпадкамі пранікнення і знішчэння калоній. Кожны сезон супрацоўнікам заказніка даводзіцца замяняць рашоткі і замкі.

— Падчас лютаўскай экспедыцыі мы сутыкнуліся з людзьмі, якія з дапамогай мантажных піл і газавых гарэлак збіралі металічныя дэталі, каб пасля прадаць іх на металалом, — кажа вучоны. — Яны штосьці ўзарвалі ў самім будынку, з-за чаго загінула частка калоніі. Прыйшлося выклікаць супрацоўнікаў мясцовай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Акрамя таго, у зачыненых памяшканнях чалавеку не варта доўга знаходзіцца, таму, што дыханне і цяпло нашага цела могуць змяніць мікраклімат і парушыць умовы паспяховай спячкі звяркоў.

Агрэсіўнае стаўленне да кажаноў гаворыць аб неабходнасці асветніцкай дзейнасці. Навукоўцы праводзяць лекцыі для працаўнікоў лясной гаспадаркі на тэму важнасці мёртвай драўніны, раяць, калі лепш за ўсё секчы дрэвы. Улетку непажадана секчы лес, таму што ўнутры дрэў могуць жыць дзіцяняты кажаноў.

— З радасцю прымаем запрашэнні правесці лекцыі ў прафесійных установах і іншых арганізацыях. Напрыклад, нядаўна прачыталі лекцыю пра млекакормячых Беларусі ў Клубе кітайскай культуры «Цан Цзэ». А яшчэ вядзём навуковы блог theriology_by у Instagram, дзе расказваем пра будні навукоўцаў, — адзначае спецыяліст.

Спецыялісты лабараторыі таксама працуюць над кнігай аб жывёлах Беларусі.

— «Атлас млекакормячых Беларусі» будзе навукова-папулярным выданнем з цікавымі фактамі аб жывёлах. Мы простымі словамі апісваем іх жыццё ва ўмовах беларускай прыроды, — з энтузіязмам расказвае Аляксандра. — Супрацоўнікі нашай лабараторыі правялі вялікую работу па вывучэнні млекакормячых. У кнізе будуць апісаны не толькі ўжо добра вывучаныя віды, але і жывёлы, якія вядуць скрытны лад жыцця, а адкрытай інфармацыі пра іх вельмі мала.

У лабараторыі спадзяюцца, што «Атлас млекакормячых Беларусі» выйдзе зусім хутка і адкрые масаваму чытачу захапляльны свет беларускай фауны.

Анастасія АНІШЫНА

Друкуецца ў часопісе «Родная прырода»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.