Вы тут

Як біятэхналогіі спрыяюць вырошчванню элітнай бульбы


Віцебскі занальны інстытут сельскай гаспадаркі НАН Беларусі, які знаходзіцца ў аграгарадку Тулава Віцебскага раёна, адным з першых у Віцебскай вобласці пачаў уборку бульбы. Сёлета «другі хлеб» дае высокія ўраджайныя вынікі — 320 цэнтнераў з гектара.


ВЗІСГ з'яўляецца адзінай установай у паўночным рэгіёне, дзе арганізавана хуткаснае мікракланальнае размнажэнне бульбы з высокімі якасцямі смаку на аснове найноўшых дасягненняў біятэхналогіі. Іншымі словамі, яе вырошчваюць у лабараторных умовах, што мінімізуе заражэнне караняплодаў вірусамі, а потым пераносяць у цяпліцы і на палі.

Па словах дырэктара інстытута Андрэя Балыша, установа вядзе падтрымлівальную селекцыю, і адначасова вучоныя шукаюць новыя гатункі, якія падыходзяць пад кліматычныя ўмовы вобласці і спрыяюць павышэнню ўраджайнасці ў гаспадарках на 20—25 працэнтаў.

На інстытуцкае поле ў першыя вераснёўскія дні выпраўляемся разам з галоўным аграномам Іванам Чэкалавым і загадчыцай аддзела бульбаводства Святланай Ціханенкай. Сёлета пад «другі хлеб» у прадпрыемстве адведзена 75 гектараў, за два тыдні тулаўскія аграрыі ўбралі амаль чвэрць плошчаў. Старт уборцы далі гатункі ранняй групы спеласці «Уладар», «Брыз», «Лілея», а цяпер увага аддаецца ружавабокім клубням «маніфеста». Усяго ў гэтым сезоне высаджана восем гатункаў ранняй, сярэдняранняй, сярэдняспелай і сярэдняпозняй груп спеласці. Захаванне тэхналогій на кожным этапе палявых работ — прыярытэтны напрамак дзейнасці навуковай арганізацыі, якая нясе адказнасць за якасны пасадачны матэрыял не толькі для віцебскіх гаспадарак, але і для ўсёй краіны.

Інстытут сельскай гаспадаркі ў сваёй дзейнасці робіць акцэнт не на вялікім танажы, а на атрыманні якаснай насенняводчай фракцыі. У лабараторыі мікракланальнага размнажэння вучоныя вырошчваюць бульбу ў прабірках у стэрыльных умовах. Пасля расліны беражліва пераносяцца ў цяпліцы, праз пэўны прамежак часу фарміруюцца мікраклубні, іх на наступны год высаджваюць у пітомнік першага клубневага пакалення, плошча якога займае каля гектара. А пасля ўжо паўнавартасныя караняплоды пераносяцца ў пітомнік вытворчага размнажэння (9 гектараў), з яго на трэці год атрымліваюцца гатункі ўзроўню супер-суперэліты — самая чыстая лінейка, якая ідзе ў продаж. Усе эксперыментальныя маніпуляцыі праводзяць уручную — у штаце ўстановы шчыруюць 70 спецыялістаў, зараз пад пільнай увагай у пітомніку знаходзіцца гатунак «Мастак». На чацвёрты — апошні сезон — гатунак пераходзіць у катэгорыю суперэліты, і інстытут больш не паніжае рэпрадукцыю. Ва ўласнай гаспадарцы такая бульба дае багаты ўраджай ад чатырох да шасці гадоў, пасля яе трэба аднаўляць.

Цікавы факт: для вывядзення «чыстых» гатункаў не рэкамендуецца ўносіць натуральныя ўгнаенні, бо яны правакуюць развіццё вірусных інфекцый. Каб, як кажуць у народзе, «узімку палопаць», падчас палявых работ неабходна добра пратруціць клубні перад пасадкай, правесці дзве фунгіцыдныя апрацоўкі і прафілактыку ад каларацкага жука.

На ўборцы ў прадпрыемстве задзейнічаны чатыры машыны і два бульбакапальныя камбайны, на адным з якіх працуе малады механізатар Яўген Казлоў. З 21 года жыцця пяць гарадскі хлопец звязаў з сельскай гаспадаркай, а любоў да працы з тэхнікай яму прывіў бацька Віктар Генадзьевіч, які ўжо восем гадоў за рулём барозніць інстытуцкія палі.

«Тэхніка з дзяцінства выклікала ў мяне непадробны інтарэс: яшчэ хлапчуком я заўсёды быў у трактары разам з бацькам — а яго працоўны сельскагаспадарчы летапіс вылічаецца амаль 30 гадамі. Гэтае захапленне веліччу агрэгатаў і маляўнічымі краявідамі прастораў вызначылі мой прафесійны шлях», — расказвае Яўген.

З 16 гадоў ён з бацькам у складзе сямейнага экіпажа працаваў памочнікам камбайнера. У Гарадоцкім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы атрымаў спецыяльнасць тэхніка-механіка, на вытворчай практыцы адточваў атрыманыя веды. Пасля арміі вярнуўся ў Віцебскі занальны інстытут сельскай гаспадаркі і з мая цвёрда стаіць у адным страі з Віктарам Генадзьевічам і іншымі вопытнымі аграрыямі. А яны ў сваю чаргу дапамагаюць маладому спецыялісту ў складаных палявых момантах, падстаўляючы надзейнае плячо. «Адказны і не па гадах прафесійны механізатар», — так ва ўстанове характарызуюць Яўгена, таму і даверылі юнаку адзін з двух бульбакапальных камбайнаў.

Мала таго, што ён у такім маладым узросце апантана закаханы ў сельскую гаспадарку, — аб чым прызнаецца шчыра і з натхненнем, — у Жэні хапае часу на рэдкае для хлопцаў хобі — вакал. Вясёлы і шчаслівы, ён крочыць па нялёгкай сельскагаспадарчай сцяжынцы, з якой збочваць не збіраецца: кіраўніцтва прадпрыемства стварыла добрыя ўмовы працы, калектыў дружалюбны і знаёмы, а, галоўнае, прафесія прыносіць сапраўднае задавальненне. Тут, у інстытуце, ён працуе яшчэ і разам з сябрам-аднагрупнікам Мікітам — разам, з характэрным для маладосці запалам, яны ўстанаўліваюць свае асабістыя сельскія рэкорды на ўрадлівых прыдзвінскіх палях.

У гэтым сезоне ўборку «другога хлеба» плануюць завяршыць да першага кастрычніка. Насенне інстытуцкай бульбы ахвотна набываюць гаспадаркі Віцебшчыны, Гомельшчыны і Міншчыны, а вясной фірмовы магазін «Аграрны», які ў мінулым годзе адкрыўся пасля рамонту, карыстаецца папулярнасцю ў насельніцтва. Акрамя якаснага пасадачнага матэрыялу, магазін рэалізуе садавіну і агародніну, насеннае і фуражнае збожжа — прадпрыемства актыўна займаецца вытворчасцю збожжавых, зернебабовых, крыжакветных культур.

Гарачы ўборачны сезон для тулаўскіх аграрыяў не скончыўся: актыўна ўбіраюць яравы рапс і пачынаюць сяўбу азімага ячменю.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.