Вы тут

У Мядзелі прайшла навуковая канферэнцыя, прысвечаная Максіму Танку


У Дзень народнага адзінства, які супадае, што вельмі сімвалічна, з днём нараджэння Максіма Танка, у Мядзелі адбылася Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Шчаслівы, што пяю цябе, Радзіма...». Форум быў прымеркаваны да 110-годдзя народнага паэта, які родам з Мядзельшчыны.


Дырэктар філіяла «Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы» Дзяржаўнай навуковай установы «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Саверчанка падкрэсліў, што на канферэнцыі арганічна з'ядноўваюцца дзве тэмы — юбілей паэта і Дзень народнага адзінства:

— Вызначальная рыса творчасці Максіма Танка — грамадзянскі пафас і адданасць беларускаму народу. Ужо ў ранніх вершах гэта было жыццёвае крэда паэта. «Ты чуеш, брат» — гэта 1930 год. Ён выступіў як змагар, заклікаўшы беларусаў да аб'яднання ў адзіны народ.

Сярод выступоўцаў, якія ўзялі ўдзел у пасяджэннях, былі вядомыя навукоўцы і пісьменнікі Віктар Шніп, Мікола Мікуліч, Леанід Дранько-Майсюк, Святлана Калядка, Анатоль Верабей. Прысутнічала таксама Ганна Пятроўна Кузіковіч, сваячка жонкі Максіма Танка, якая падзялілася сваймі ўспамінамі пра паэта.

У дакладах закраналіся самыя розныя тэмы: ад радаводу паэта да гісторыі падрыхтоўкі яго збору твораў. Марына Верабей закранула тэму рамантычнай традыцыі ў творчасці Танка, Мікола Мікуліч распавёў пра Максіма Танка як пра грамадска-культурны феномен, Таццяна Барысюк разглядала дзённікі паэта. Дырэктар Мядзельскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Таццяна Нырцова распавяла, як шануюць памяць паэта-земляка на Мядзельшчыне. Віктар Шніп, намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» — галоўны рэдактар часопіса «Полымя, прысвяціў свой даклад 100-годдзю часопіса «Полымя».

— Максім Танк — мой любімы паэт, у якога я вучыўся пісаць верлібры. Ён васямнаццаць гадоў, з 1948 да 1966-га, займаў пасаду галоўнага рэдактара часопіса «Полымя» і шмат каму са слынных нашых паэтаў і пісьменнікаў даў дарогу ў літаратурнае жыццё.

Удзельнікі канферэнцыі пабывалі ў Мядзельскім музеі народнай славы, дзе агульную ўвагу прыцягнуў арыгінал верша «Экспромт» Якуба Коласа, прысвечанага Максіму Танку. Сярод пунктаў экскурсіі было лецішча Танка ў к.п. Нарач, карцінная галерэя народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча. У музеі Максіма Танка ў Сваткаўскай сярэдняй школе экскурсію для ўдзельнікаў канферэнцыі бліскуча правялі школьнікі.

Зразумела, наведалі і бацькоўскую хату Максіма Танка ў вёсцы Пількаўшчына. Менавіта тут ён пісаў свае палымяныя вершы, тут яго арыштоўвала польская паліцыя: на вачах бацькоў маладога паэта, які змагаўся за правы беларусаў, збілі і павалаклі на вяроўцы ў пастарунак.

Госці сфатаграфаваліся пад дубам, які ў 1922 годзе пасадзіў бацька паэта, калі сям'я вярнулася з бежанства. Усклалі і кветкі да магілы паэта на кладах у вёсцы Новікі. З гэтай вёскі, якая раней называлася Слабадой, родам Любоў Асаевіч, верная спадарожніца жыцця Максіма Танка. Сёння ў іх — агульная магіла, над якой узвышаюцца два чорныя крыжы з надпісамі і аднолькавымі датамі: «Максім Танк. 1912—1995»; «Любоў Скурко. 1912—1995». Тут жа ляжаць бацькі ды іншыя сваякі паэта, які ў сваім запавеце пажадаў назаўсёды застацца на малой радзіме.

Людміла ІВАНОВА

Фота: газета «Нарачанская зара»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.